Каб цела і дух былі здаровымі

- 22:54Навіны рэгіёнаў

У аснове здаровага ладу жыцця — фізічная актыўнасць, якая павінна закладвацца з дзяцінства. Ці дапамагаюць сучасныя ўрокі фізкультуры гэтаму? Адказ ведае настаўнік фізічнай культуры і здароўя Ігар Міхайлавіч Бародка з Кукаўскай сярэдняй школы Ганцавіцкага раёна.

Кумірам будучага педагога ў дзяцінстве з’яўляўся вядомы хакейны варатар Ула­дзіслаў Траццяк. Юнак хацеў быць падобным да яго, таму доўга шукаў спартыўную ўстанову, дзе вучылі б на хакеістаў. Так Ігар аказаўся ў Гро­дзенскім тэхнікуме фізічнай культуры, дзе працавалі вопытныя выкладчыкі, якія шчодра дзяліліся сакрэтамі майстэрства з выхаванцамі.

Падчас вучобы юнак захапляўся хакеем на траве і гандболам. Стаў сярэбраным прызёрам II Маладзёжных гульняў Беларусі і бронзавым прызёрам VII Спартакіяды Беларусі, атрымаў першы разрад. Затым захапіўся спартыўнай хадзьбой і выканаў нарматыў кандыдата ў майстры спорту па ёй на дыстанцыі 10 км. Але з-за траўм давялося кінуць любімы занятак, каб набыць новы — вучыць дзяцей, фарміраваць у іх здаровыя звычкі і пазітыўныя адносіны да фізічнага здароўя.

— Палюбяць вучні фізкультуру ці будуць сумаваць на лаўцы, залежыць ад педагога, яго ўмення арганізаваць заняткі цікава і займальна, — лічыц­ь Ігар Міхайлавіч. — Якасць урока залежыць ад узаемадзеяння настаўніка і яго выхаванцаў. Калі дзеці адчуваюць зацікаўленасць педагога ў выніках сваёй працы, то імкнуцца займацца лепш. Без жадання вучняў і майстэрства настаўніка нічога не атрымаецца. Назіраю за кожным школьнікам, а­дзначаю нават маленькія дасягненні. Менавіта з невялікіх вынікаў і пастаяннай падтрымкі нараджаюцца вялікія перамогі.

Шмат ўвагі на занятках І.М.Бародка ўдзяляе бяспецы. І гэта нядзіўна, бо фізкультура — адзін з самых траўманебяспечных урокаў. 

— Інструкцыі, якія рэгламентуюць меры бяспекі на занятках, ніколі не засцерагуць дзяцей ад траўм, — упэўнены педагог. — У аснове парадку — давер. Арганізоўваю ўрокі такім чынам, што дзеці вельмі рэдка свядома парушаюць дысцыпліну. Важна, каб у іх не было вольнага часу на свавольствы. На маіх уроках вучні пастаянна заняты карыснымі справамі. Я дакладна даводжу да дзяцей патрабаванні да паводзін, уважліва сачу за іх выкананнем, прычым без крыку і запалохванняў.  

Па словах І.М.Бародкі, прапаноўваць што-небудзь вучням для выканання можна толькі пасля таго, як яны асэнсавалі, навошта і для чаго ім гэта трэба. Гэта вельмі важна, бо дзеці могуць зразумець, што ад іх хочуць, але не прыняць заданне як неабходнае. А для паспяховай работы трэба якраз прыняць заданне. У настаўніцкіх патрабаваннях вучні павінны знайсці сваё. Толькі тады зменіцца рэжым дзейнасці: ад неўсвядомленага выканання да супрацоўніцтва з педагогам. У гэтым плане ў І.М.Бародкі ёсць пэўныя метадычныя сакрэты.

— Калі прапаноўваю заданне, заўсёды імкнуся зрабіць яго максімальна зразумелым, — тлумачыць Ігар Міхайлавіч. — Ніколі не пачынаю зносіны з дзецьмі з заўвагі, нават калі яны заслужылі яе. Праводжу ўрокі ў аптымальным псіхалагічным рэжыме: ствараю ў класе настрой, з якім вучні ахвотна, энергічна і весела працуюць на працягу ўсіх заняткаў. Задача настаўніка — быць добразычлівым і цярплівым.

І.М.Бародка прызнаецца, што цяжэй за ўсё працаваць з дзяўчатамі. Калі па сваёй прыродзе юнакі павінны быць атлетычна развітымі і моцнымі, каб паспяхова спраўляцца з фізічнымі нагрузкамі, абараняць Радзіму, то прадстаўніцам жаночага полу ўласцівы мяккасць, дабрыня, пяшчота… На развіццё гэтых якасцей і адпаведных ім фізічных здольнасцей (пластыкі, грацыёзнасці, вытанчанасці, высокай ступені каардынацыі рухаў) і павінны быць накіраваны фізкультурна-спартыўныя заняткі ў школе.

У сваёй рабоце Ігар Міхайлавіч абавязкова дыферэнцыруе фізічныя практыкаванні ў залежнасці ад палавой прыналежнасці і фізіялагічных асаблівасцей выхаванцаў, каб дасягнуць найбольш эфектыўнага адукацыйнага эфекту.

Сваю галоўную задачу педагог бачыць у тым, каб захапіць вучняў фізкультурай для падтрымання ўласнага здароўя, развіцця карысных звычак. Вялікі спорт патрабуе большай аддачы сіл і нават самаахвяравання.

— Радуюся, калі прапанаваны комплекс практыкаванняў і сумесная работа дапамагаюць пазбавіцца скаліёзу, умацаваць спіну, выправіць паставу, — гаворыць Ігар Міхайлавіч. — Асабліва прыемна, калі хтосьці паказвае высокія вынікі на спартыўных спаборніцтвах. Сёння ў мяне падрастаюць дзве зорачкі — прызёр адкрытага першынства ДЮСШ па лёгкай атлетыцы Ангеліна Корань і неаднаразовы пераможца раённых і прызёр абласных спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы Арсень Дулік.

У педагагічнай дзейнасці І.М.Бародка кіруецца словамі Гіпакрата: “Гімнастыка, фізічныя практыкаванні, хадзьба павінны трывала ўвайсці ў штодзённы побыт кожнага, хто хоча захаваць працаздольнасць, здароўе, паўнацэннае і радаснае жыццё”.

Марына КЛІМАВЕЦ,
настаўніца англійскай мовы Кукаўскай сярэдняй школы Ганцавіцкага раёна.