Каб уратаваць мора

- 10:23Нам пішуць

Усе ведаюць, што наша планета блакітная: водных рэсурсаў шмат. Але прэснай вады становіцца з кожным годам усё менш і менш. Прырода не паспявае аднаўляць рэсурсы прэснай вады з-за забруджванняў, павялічанай колькасці спажывання прэснай вады, у сувязі з ростам насельніцтва, колькасці прамысловых прадпрыемстваў і іншых фактараў. Праблема з прэснай вадой, якая пачалася з сярэдзіны 70-х гадоў XX стагоддзя, пагаршаецца дзень за днём. З 1993 года пры падтрымцы ААН 22 сакавіка стаў Сусветным днём водных рэсурсаў.

І таму сёння нам неабходна выхоўваць у дзяцей дашкольнага ўзросту беражлівае і эканомнае стаўленне да пітной вады, каб захаваць запасы для будучых пакаленняў. Важна навучыць выхаванцаў берагчы кожную кроплю.

У Жамчужненскім яслях-садзе прайшлі экалагічныя заняткі “Гэтая дзівосная вада”. Паглыбляліся веды дзяцей аб вадзе, яе ролі ў жыцці чалавека і жывых арганізмаў, аб формах і відах вады, замацоўваліся веды аб кругавароце вады ў прыродзе, фармаваліся ўменні аналізаваць, рабіць высновы.

Ваду можна эканоміць і пры паліве пакаёвых раслін. Мы вучым выхаванцаў паліваць расліны толькі па меры неабходнасці. Вясной у кожнай групе з’яўляюцца міні-агароды. Дзеці разам з выхавальнікамі садзяць цыбулю, сеюць кроп, насенне кветак. Мы таксама пасадзілі цыбулю ў шкляначкі з зямлёй. А ў донцах зрабілі адтуліны, каб наліваць ваду ў паддоны. Высветлілі, што для такіх пасадак вады трэба значна менш!

У завяршэнне Сусветнага дня водных рэсурсаў выхаванцы паглядзелі тэатралізаванае прадстаўленне “Казка пра тое, як Залатая рыбка ўратавала мора”.

Настасся ШЧАРБАЧЭНЯ,
выхавальнік Жамчужненскага ясляў-сада Баранавіцкага раёна.