Каб усё задуманае здзейснілася

“Новы год — гэта свята, якое цудоўным чынам спалучае ў сабе мінулае, сучаснасць і будучыню, светлыя мары і новыя мэты, нястрымную весялосць і ціхі сум. Усе гэтыя пачуцці перапаўняюць удзельнікаў дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”, якая зараз праходзіць у кожным раёне нашай краіны”, — адзначае начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Рагачоўскага райвыканкама Гомельскай вобласці Алена Вітальеўна Клачкова.

— Сёлета навучэнцы Рагачоўшчыны актыўна прымаюць удзел не толькі ў раённых і абласных святах, тэатральных паказах, але і ў дабрачынных мерапрыемствах у Палацы Рэспублікі, Палацы Незалежнасці, Палацы культуры прафсаюзаў, — расказвае Алена Вітальеўна. — 100 нашых дзяцей пабывалі ў Нацыянальным парку “Прыпяцкі”. Падарункі для нашых дзяцей падрыхтавалі прадпрыемствы і арганізацыі раёна. Днямі дом сямейнага тыпу ў Рагачове наведалі Сяргей Ула­дзіміравіч Краўцоў, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па аграрнай палітыцы, разам з начальнікам раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму, Дзедам Марозам і Снягуркай. Госці ўручылі 8 выхаванцам сям’і Клачковых салодкія падарункі, садавіну і адзначылі разам з імі цудоўнае свята. У рамках акцыі “Нашы дзеці” прадстаўнікі Рагачоўскага РАНС і актывісты БРСМ наведалі дзіцячы дом сямейнага тыпу ў в.Востраў, дзе правялі з дзецьмі пазнавальную гульню “Бяспечны Новы год” і ўручылі ім падарункі.

— Якія ўмовы для раскрыцця творчага і інтэлектуальнага патэнцыялу дзяцей створаны ва ўстановах дашкольнай адукацыі раёна?

— Для дзяцей, якія маюць ярка выяўленыя здольнасці ў тым ці іншым ві­дзе дзейнасці, прапаноўваюцца дадатковыя адукацыйныя паслугі як на платнай, так і на бясплатнай аснове. У 2018/2019 навучальным годзе ў раёне функцыянавала 136 адукацыйных паслуг на платнай аснове, якія наведвалі 1280 дзяцей. У 2019/2020 навучальным годзе такіх паслуг 153 і наведваюць іх 1423 выхаванцы. Найбольш запатрабаванымі з’яўляюцца замежная мова (англійская, нямецкая), дзіцячае ручное ткацтва, харэаграфія, дзіцячы фітнес. Для дзяцей, якія не наведваюць установы дашкольнай адукацыі, штогод арганізуюцца групы кароткачасовага знаходжання, асабліва актыўна ўкараняюцца прагулачныя, адаптацыйныя групы, мацярынскія школы як у гарадской, так і ў сельскай мясцовасці. У жанчын, якія чакаюць свайго першынца, запатрабавана “Школа будучай мамы”, а таты актыўна аб’ядноўваюцца ў “Школу клапатлівых татаў”. Бацькі праяўляюць зацікаўленасць у духоўна-маральным выхаванні дашкольнікаў на праваслаўных традыцыях беларускага народа. Да гэтага кірунку дзейнасці далучыліся шэсць устаноў дашкольнай адукацыі.

— Які ахоп профільным навучаннем у раёне?

— У бягучым навучальным годзе профільным навучаннем у нас ахоплены 51% навучэнцаў 10-х класаў і 55% навучэнцаў 11-х класаў: 140 дзесяцікласнікаў і 160 навучэнцаў 11-х класаў вывучаюць два вучэбныя прадметы на павышаным узроўні. Дапрофільнае навучанне арганізавана ў гімназіі і сярэдняй школе № 5 Рагачова для навучэнцаў 8-х і 9-х класаў, якія вывучаюць на павышаным узроўні рускую, беларускую і англійскую мовы, матэматыку і біялогію. У раёне пачынаючы з 2018/2019 навучальнага года функцыянуюць групы аграрнай накіраванасці: спачатку былі адкрыты 3 групы, а сёлета — яшчэ 2, у якіх 27 навучэнцаў сельскіх школ раёна вывучаюць праграму факультатыўных заняткаў “Уводзіны ў аграрныя прафесіі”, а таксама два вучэбныя прадметы на павышаным узроўні.

У 2016/2017 навучальным годзе на базе сярэдняй школы № 4 Рагачова імя У.С.Вялічкі быў адкрыты першы профільны клас (група) педагагічнай накіраванасці — 13 навучэнцаў. У наступным навучальным годзе педагагічныя класы былі адкрыты ў дзвюх гарадскіх і адной сельскай установах адукацыі, дзе вучылася 20 навучэнцаў, 16 з якіх паступілі на педагагічныя спецыяльнасці. У бягучым навучальным годзе ў раёне функцыянуюць дзве педагагічныя групы: у сярэдняй школе № 5 Рагачова і Ільічоўскай сярэдняй школе (па 5 навучэнцаў).

— Раскажыце, калі ласка, аб вопыце работы з дзецьмі з АПФР.

— Сёння такія дзеці вучацца ў класах і групах інтэграванага навучання і выхавання, заняткі з імі праводзяць настаўнікі-дэфектолагі. Можна сказаць, што гэта і ёсць першыя, але ўпэўненыя крокі да адукацыйнай інклюзіі. Выхаванцы ЦКРНіР, Гарадзецкай школы-інтэрната, інтэграваных класаў, спецыяльных груп школ і ўстаноў дашкольнай адукацыі прымаюць удзел у штогадовай спартландыі “Дружная краіна”, у марафоне дабра і радасці, дзе валанцёры ўстаноў адукацыі і грамадскіх аб’яднанняў актыўна ўзаемадзейнічаюць з дзецьмі з інваліднасцю. Выніковым з’яўляецца штогадовы ўдзел выхаванцаў раённага ЦКРНіР і школы-інтэрната ў абласных конкурсах “Зялёны вітамін” (у 2019 годзе атрымалі дыплом І і ІІІ ступені), “Мой утульны дом” (дыплом І ступені).

— Якая ўвага ўдзяляецца пытанням прафілактыкі і ўрэгулявання канфліктаў, якія ўзнікаюць у хо­дзе адукацыйнага працэсу?

— Своечасова “пагасіць” канфлікт, знайсці кампраміс у любой сітуацыі — няпростая задача. Для вырашэння гэтага пытання ў 2019/2020 навучальным годзе ва ўсіх 32 установах агульнай сярэдняй адукацыі раёна пачала дзейнічаць школьная служба медыяцыі. У кастрычніку — лістападзе 2019 года прадстаўнікі ўсіх устаноў змаглі павысіць свой прафесійны ўзровень у пытаннях школьнай медыяцыі і медыятыўнага падыходу на базе Гомельскага абласнога ІРА. Спецыялісты службы выступаюць у якасці пасрэднікаў-медыятараў, якія праводзяць размовы сам-насам з кожным удзель­нікам канфлікту. Такі падыход дае магчымасць мінімізаваць верагоднасць неабгрунтаванага выкарыстання сілы ў дарослым жыцці і не дазволіць стаць ахвярай жорсткіх адносін.

— Дзякуй, Алена Вітальеўна. Дазвольце павіншаваць вас з  надыхо­дзячым святам. Няхай у новым го­дзе ўсе канфлікты вас абмі­наюць, а ў цэнтры ўвагі будуць новыя праекты, цікавыя ідэі і нечаканыя адкрыцці! Няхай нараджаецца пабольш маленькіх жыхароў у Рагачоўскім раёне!

— Дзякуй вялікі! Мы таксама марым аб павелічэнні колькасці навучэнцаў і выхаванцаў. У апошнія 5 гадоў такая тэндэнцыя намецілася, і нас гэта радуе: сёння ва ўстановах дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі Рагачоўскага раёна вучыцца 8390 дзяцей.

 Дазвольце і мне праз вашу газету павіншаваць сваіх сяброў і паважаных калег з надыходзячым Новым годам! Ад усёй душы жадаю поспехаў у нашай агульнай справе, каб усё задуманае здзейснілася! Няхай 2020 год будзе годам творчасці і ажыццяўлення самых патаемных жаданняў. Няхай вам заўсёды спадарожнічае поспех, а самыя смелыя задумы стануць рэальнасцю! Няхай побач будуць родныя і блізкія сэрцу лю­дзі, а ў сем’ях пануюць узаемаразуменне і любоў! Моцнага здароўя, вялікага асабістага шчасця, дабрабыту, рэалізацыі ўсіх прафесійных планаў!

Надзея ЦЕРАХАВА.