Каб ведалі… Каб памяталі…

- 12:28Да 70-годдзя Вялікай Перамогі

70 гадоў прайшло з таго памятнага майскага дня, калі па ўсёй нашай вялікай краіне разнеслася доўгачаканае слова “Перамога”. 70 гадоў… Многа гэта ці мала? Многа, калі гаварыць пра чалавечае жыццё, мала, калі думаць у сусветным маштабе. З кожным годам усё менш на нашай зямлі застаецца ветэранаў той страшнай вайны, усё менш тых, хто памятае яе не па чутках, а таму, што перажыў яе сам, усё менш тых, хто можа расказаць пра яе як пра асабістае перажытае гора. Апошнім часам нават нехта спрабуе перапісаць гісторыю і ацаніць гэтую вайну па-свойму. І балюча становіцца ад таго, што ўсё менш ведае пра тую вайну падрастаючае пакаленне.
“Памятаць можна толькі тое, што ведаеш. Калі расказаць дзецям пра вайну, ім будзе што ўспомніць”… Я не ведаю, хто аўтар гэтых слоў. Прачытала іх, даследуючы прасторы сусветнай павуціны. Але які ж глыбокі сэнс закладзены ў гэтай кароценькай фразе! Трэба расказаць, паказаць, паўтарыць яшчэ раз, каб памяталі… Абавязкова, каб памяталі… А потым расказалі самі, паўтарылі яшчэ раз, каб і наступныя пакаленні памяталі, каб не перарвалася гэтая тоненькая нітка памяці…

Два апошнія гады ў школе мы як ніколі многа гаворым пра Вялікую Айчынную вайну. Звяртаемся да гэтай тэмы на ўроках літаратуры і гісторыі, падчас пазакласных мерапрыемстваў, падчас шматлікіх экскурсій і паходаў па родным краі. Акцыі “Чытаем дзецям пра вайну”, “Салдаты Перамогі” і “Бессмяротны полк”, мемарыял і музей “Дзеці ліхалецця”, Лінія Сталіна, Хатынь, помнікі Дзятлаўшчыны, прысвечаныя вайне і загінуўшым у ёй… Гэта не поўны пералік таго, што мы зрабілі і дзе пабывалі. І толькі дзеля адной мэты: каб памяталі, каб неслі гэта ў сваёй памяці далей.
А нядаўна адбылася яшчэ адна экскурсія. Экскурсія, якая перавярнула ўнутраны свет усіх, хто на ёй пабываў. Экскурсія ў былы канцлагер “Аўшвіц-Біркенау” ў польскім гарадку Асвенцім.
Што ведае наша маладое пакаленне пра канцлагеры? Думаю, не многа, нават вельмі мала. Сухія радкі з падручніка па гісторыі, магчыма, кадры з мастацкіх фільмаў. Не больш за тое. І як гэта важна, каб хоць нейкая частка дакранулася да гэтай старонкі чалавечай гісторыі. А, дакрануўшыся, падзялілася ўбачаным і пачутым са сваімі равеснікамі. Таму, сабраўшы групу дзяцей, мы і адправіліся ў Польшчу. Каб пад’ехаць да стаянкі ля галоўнага ўвахода ў музей, трэба абмінуць рады цагельных баракаў за калючым дротам. Пакуль ніхто нават і не здагадваецца, што будзе там, унутры…
У музеі наша група той раніцай апынулася першай. Таму экскурсія праходзіла ў поўнай, нават панурай цішыні і без усялякай мітусні, якая здараецца пры вялікай колькасці шматлікіх турыстаў. Раніца была шэрая, злёгку імжыў дождж.
Падыходзім да галоўных варот лагера. Над уваходам фраза, знаёмая ўсяму свету: “Arbeit macht frei” (“Праца робіць свабодным”). Цынічная фраза як здзек з тысяч вязняў, якіх штодзень праганялі пад варотамі лагера.
Можна тысячу разоў бачыць гэтую карцінку ў кнізе або па відэа і не адчуць тых дрыжыкаў, якія прабягаюць па спіне, калі ты праходзіш пад гэтым надпісам.
За 70 гадоў, якія прайшлі пасля вызвалення лагера савецкімі войскамі, нічога не змянілася: рады цагельных баракаў, калючы дрот, шэрыя нямошчаныя сцежкі… Хаця не, змянілася: тут няма больш вязняў. Пра іх нагадваюць музейныя вітрыны. Мы праходзім міма вітрын з гарой дзіцячага і жаночага абутку, чамаданаў, валасоў…
У навушніках гучыць голас экскурсавода, якая расказвае пра афіцыйныя лічбы: у лагеры загінулі 1 400 000 чалавек (у тым ліку і шмат беларусаў), але ёсць яшчэ і неафіцыйныя лічбы… Тых, хто на думку кіраўніцтва лагера не мог працаваць, адпраўлялі ў газавыя камеры адразу, без рэгістрацыі. Ацаніць гэтыя страты ўжо ніхто і ніколі не зможа…
На тэрыторыі музея захаваліся дзве газавыя камеры. З дрыжаннем і ўнутраным напружаннем зайшлі ўсярэдзіну: шэрыя закураныя сцены, паабдзіраныя людзьмі, якія задыхаліся ў газе.
Тут ужо і расказваць нічога не трэба было, тут усё было і ўбачана, і адчута…
Адразу за газавай камерай знаходзіцца будынак з топкамі, у якіх спальвалі целы. Усё зроблена добра, грунтоўна, быццам будавалі нацысты гэта ўсё на вякі. У галаве маланкай бліскае думка: “Што ж было б, калі б не адолелі гэтую карычневую чуму, калі б не перамаглі?”
Міжвольна азіраюся на дзяцей, дарослых і разумею, што ўсе зараз думаюць пра адно. Прыціхлі і засяродзіліся нават самыя шумныя і непаседлівыя. Ніхто не размаўляе. Кожны з нас спрабуе ў сваёй душы ўсвядоміць усё ўбачанае і пачутае за гэтыя дзве гадзіны экскурсіі. Пакідалі тэрыторыю музея моўчкі, спрабуючы ўмясціць у сябе той боль, які да гэтай пары жыве ў мураваных сценах баракаў, газавых камер і карцараў…
Потым пераехалі на адкрытую частку музея. Некалі на гэтай шырокай прасторы стаяла 300 дашчаных і цагельных баракаў. Драўляныя баракі не захаваліся. Пра іх нагадваюць толькі бетонныя фундаменты.
Яшчэ паўгадзінная экскурсія. І яшчэ аповед экскурсавода пра жахі, якія чынілі нацысты пад гукі марша легендарнага аркестра.
Экскурсія скончылася. Дзеці прыціхлі і занепакоеныя заходзілі ў аўтобус. Мы не адразу пачалі абмяркоўваць убачанае. Нам спатрэбіўся яшчэ нейкі час, каб перадыхнуць, супакоіцца і знайсці ў сабе сілы падзяліцца ўражаннямі.
Некаторымі з іх я хацела б падзяліцца і з чытачамі “Настаўніцкай газеты”.

Алеся Васільеўна Захарчэня, кіраўнік групы: “Я многа чытала і глядзела пра Асвенцім. Не ўпершыню прыязджаючы з групай школьнікаў у Кракаў на экскурсію, ніколі раней не была ў Асвенціме. Шчыра прызнаюся, не была таму, што не была гатова маральна. Хачу сказаць, што ўсё прачытанае мной нішто ў параўнанні з убачаным. Гэтая звонкая цішыня, чорна-белыя фотаздымкі, лаканічныя звесткі экспазіцый, а самае галоўнае — разуменне таго, што ты ідзеш па зямлі, фактычна насычанай крывёю мільёнаў чалавек… Гэта страшна. Я ведала, ШТО я пачую і ўбачу ў музеі, і трымалася да апошняга, але не змагла стрымаць слёз перад вялікай гарой дзіцячага абутку: чаравічкі, сандалікі, туфлікі… Дзяліліся ўражаннямі мы не толькі па дарозе ў Кракаў, але і на наступны дзень, ды і пасля гэтага. Экскурсія была для многіх дзяцей эмацыянальным узрушэннем. Страшна ўявіць, што ў нашы дні ёсць паслядоўнікі фашызму.
Я лічу, што такія экскурсіі праводзіць трэба. Галоўным чынам таму, што само паняцце пра вайну ў большасці школьнікаў нешта накшталт камп’ютарнай гульні. І толькі пабываўшы ў Асвенціме, большасць пачынае разумець, што вайна — гэта не стралялкі ў камп’ютары, вайна — гэта вельмі страшна…”

Андрэй Савасцюк, навучэнец 9 класа: “Нечакана было ўбачыць рэчы, якія належалі былым вязням. Дагэтуль я чуў слова “канцлагер”, але дрэнна сабе ўяўляў, што ўсё гэта значыць. Я вельмі рад, што паехаў на гэтую экскурсію. Яна дапамагла мне зразумець жах вайны”.

Яна Касцюкевіч, навучэнка 6 “А” класа: “У нейкі момант я была гатова расплакацца. Да гэтай экскурсіі я і не здагадвалася, што ў камерах спальвалі і дзяцей. Убачанае і пачутае не забудзецца ніколі”.

Тры гадзіны, праведзеныя ў Асвенціме, нікога не пакінулі абыякавым: ні нас, дарослых, хто многа ведаў пра жахі Асвенціма да паездкі, ні нашых дзяцей, якія ўпершыню дакрануліся да болю і пакут, што пасяліліся там навекі. Самае галоўнае, дзеці, я ўпэўнена, не забудуць. Такое не забываецца. Нітка памяці не абарвецца…

Вольга СТАРЫКАВА,
класны кіраўнік 6 “А” класа сярэдняй школы № 1 Дзятлава.