Каб ведалі ўнукі пра вайну

- 13:59Да 70-годдзя Вялікай Перамогі

Тамара Цімафееўна і Уладзімір Іванавіч Гуліда многія гады свайго жыцця аддалі адукацыі. Яны і сёння частыя госці ў школах, гімназіі, сельскагаспадарчым ліцэі Скідзеля Гродзенскага раёна. Ветэраны прыходзяць, каб расказаць моладзі аб тым, што давялося ім перажыць у гады Вялікай Айчыннай вайны.
Тамара Цімафееўна ў 1944 годзе ў чатырохгадовым узросце разам з маці была прымусова вывезена фашыстамі ў Германію. Змясцілі іх у лагер Аўэ пад Дрэздэнам. Дзіцячая памяць Тамары Цімафееўны захавала жахі знаходжання ў лагеры. Жылі сагнаныя ў рабства жанчыны і каля 30 дзяцей у бараку, спалі на нарах. Было вельмі холадна, але страшней за холад быў голад. З голадам клаліся спаць, з голадам прачыналіся. Жанчыны працавалі на заводзе, а мама Тамары была прызначана глядзець за дзецьмі. Кармілі малых заціркай з адходаў рэдзькі, бручкі, капусты кальрабі — дзеці звалі гэтую ежу “каралябай”. Каб хоць як падтрымаць галодных дзяцей, маці навучыла Тамару гаварыць па-нямецку “дайце паесці” і праз невялікую дзірку ў плоце выпускала дачку за тэрыторыю лагера ў паселішча, дзе жылі немцы, каб дзіця прасіла міласціну. Вядома, маці моцна рызыкавала, але пытанне стаяла аб выжыванні. Тамара вярталася назад, мама дзяліла прынесены дзяўчынкай хлеб на маленькія кавалачкі і раздавала дзецям.
Фронт набліжаўся. Фашысты ўначы пагрузілі ў машыны жанчын і дзяцей. Калі павезлі да лесу, то ўсе зразумелі: на расстрэл! А потым раздаўся гул самалётаў, калону пачалі бамбіць і абстрэльваць. Крыкі, плач, стогны… Машыны спыніліся, фашысты ў паніцы кінуліся ўрассыпную. І вязні зразумелі, што гэта іх шанс на выратаванне. Людзі беглі, беглі з усіх сіл, ратуючыся ад смерці. Маці Тамары бегла з дачкой на руках, прыкрываючы яе падушкай. Гэта было 8 мая 1945 года… Перамога! З якім шчасцем яны вярталіся дадому!
У Магілёве Тамара скончыла 10 класаў. Яна добра спявала, чытала вершы і вельмі хацела стаць артысткай. Але пасляваеннае жыццё было цяжкім, прыйшлося ісці працаваць кандуктарам, затым ткачыхай. Тамара ўсё ж ажыццявіла сваю мару — паступіла на тэатральнае аддзяленне Магілёўскага культасветвучылішча. У Горках у сельскагаспадарчай акадэміі кіравала мастацкай самадзейнасцю. Там сустрэла Уладзіміра Гуліду. Сям’я ў 1962 годзе пераехала ў Скідзель, дзе Тамара Цімафееўна працавала піянерважатай у сярэдняй школе № 2, мастацкім кіраўніком Дома культуры, метадыстам у абласным Доме народнай творчасці ў Гродне. У 1981 годзе паехала з мужам у Манголію, дзе займала пасаду дырэктара Дома піянераў пры Пасольстве СССР. У 1984 годзе вярнуліся на радзіму. Тамара Цімафееўна працавала выхавальнікам, кіраўніком тэатральнага гуртка ў школах Скідзеля.
Уладзімір Іванавіч Гуліда аб сваім апаленым вайной дзяцінстве так расказвае вучням: “Чацвёрты — пяты дзень вайны… Уначы ў наша акно пагрукалі. Гэта два танкісты ў прасмоленых саляркай камбінезонах даганялі фронт. Гаварылі, што ідуць па начах, днём у такой форме небяспечна: немцы заўважаць. Прасілі пераапрануцца ў цывільнае. Вопратку ім знайшлі, накармілі, далі клуначак у дарогу. Камбінезоны вырашылі спаліць. На вуліцы паліць небяспечна, кінулі ў печку. Пах быў невыносны. Вось з гэтым пахам і ўвайшла ў маё дзяцінства вайна”.
Добра памятае педагог ліпень 1944 года. “Пачалі прыбываць нашы войскі. Дзень стаяў сонечны, гарачы. Салдаты з нашага калодзежа набіралі ваду для кухні, мыліся. Я паліваў ім на спіны з кубка. Адзін салдат падарыў мне драўляную скрыначку. Потым елі салдацкую кашу з тушонкай. Гэтую цішыню ліпеньскага дня раптам парушылі нямецкія самалёты. Яны ляцелі на невялікай вышыні з боку Гродна. Каля вёскі Пясчанкі развярнуліся, скінулі некалькі бомб, потым праляцелі ўздоўж дарогі, паліваючы агнём нашы войскі. Раптам адзін самалёт загарэўся і зваліўся на зямлю. Хто герой, які збіў яго? Я ўсё бачыў, але не ведаю прозвішча салдата. Ён стаяў каля нашай хаты, прыхіліўшыся да дубовага слупа, і вёў агонь па самалётах. Калі ўбачыў чорны шлейф за самалётам, пераможна ўскінуў рукі і, трасучы карабінам, радасна закрычаў”, — узгадвае педагог.
Уладзімір Іванавіч Гуліда — сын салдата, які загінуў на вайне. Працаваў на заводзе, тры гады служыў у Германіі, выйшаў у адстаўку ў званні лейтэнанта. Скончыў агра-педагагічны факультэт Горскай сельскагаспадарчай акадэміі. Выкладаў ваенную справу ў сярэдняй школе № 2 Скідзеля, Скідзельскім сельскагаспадарчым ліцэі. У 1981—1984 гадах працаваў ваенруком у Манголіі. Слухаючы аповеды пра вайну, сённяшнія школьнікі атрымліваюць неацэнныя ўрокі гісторыі. Моладзь павінна памятаць пра тое, што давялося перажыць іх дзядам і прадзедам у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Наталля ЧАРКЕС,
настаўніца рускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 1 Скідзеля Гродзенскага раёна.