Каб вучні палюбілі фізіку і матэматыку

У мінулым навучальным годзе ў Пажэжынскай базавай школе Маларыцкага раёна атрымлівалі веды ўсяго 30 вучняў. 1 верасня самым “густанаселеным” стаў 9 клас, у якім за парты селі 7 хлопчыкаў і дзяўчынак. Па дарозе ведаў іх вядуць 12 педагогаў.

— Наш калектыў вель­мі дружны і згуртаваны, — гаворыць дырэктар установы Н.П.Сірота. — Нам многае па плячы, цяжкасцей не баімся. Паспяхова пераадольваем іх разам. Актыўна дапамагае ў гэтым прафкам, які з 2011 года ўзначальвае Алена Паўлаўна Нікалаюк. Адказнасць, прынцыповасць, нераўнадушнасць, іні­цыятыўнасць, актыўнасць, шчырасць ва ўзаемаадносінах з калегамі — якасці, якія вылучаюць педагога. Яе руплівая праца на прафсаюзнай ніве адзначана шматлікімі ўзнагародамі раённага і абласнога ўзроўню.

— Мой шлях у педагогіку быў заканамерным, — расказвае А.П.Нікалаюк. — Маці ўсё жыццё выкладала ў школе нямецкую мову. Я з дзяцінства бачыла, як мама штовечар пісала планы ўрокаў, чытала дадатковую літаратуру, правярала сшыткі і радавалася, калі вучні атрымлівалі “пяцёркі”. У такія моманты яе вочы свяціліся радасцю, а з вуснаў не сыхо­дзіла ўсмешка. Запомнілася, як некалькі разоў на год мама вярталася са школы дамоў з вялікім ахапкам кветак. Такім чынам вучні дзякавалі ёй за шчырасць, дабрыню, чуласць, сардэчнасц­ь. А заслужыць любоў вучняў можна толькі карпатлівай штодзённай працай. Мне хацелася стаць настаўніцай, прычым абавязкова такой, як маці.

Пасля заканчэння школы будучы педагог паступіла на фізіка-матэматычны факультэт тагачаснага Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А.С.Пушкіна. На выбар факультэта паўплывала настаўніца фізікі М.В.Страйчук, ад урокаў якой дзяўчына была ў захапленні.

— Як ні дзіўна, першай маёй адзнакай па фізіцы была “двойка”, — усміхаецца А.П.Нікалаюк. — Дрэнную адзнаку атрымала за нявывучаны дамашні матэрыял. Пасля гэтага паабяцала сабе, што ніколі больш “двоек” па фізіцы не бу­дзе. Сваё слова стрымала. Фізіка стала любімым урокам, які заўсёды чакала з нецярпеннем і да якога сур’ёзна і грунтоўна рыхтавалася.

На першае рабочае месца А.П.Нікалаюк была накіравана 29 гадоў назад — у Пажэжынскую сярэднюю школу, дзе адразу заняла пасаду намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце. На ёй шчыравала 10 гадоў. Акрамя матэматыкі, выкладала музыку і спевы.

— Я добра іграла на акардэоне, бо скончыла музычную школу, — гаворыць Алена Паўлаўна. — Ды і спявала ня­дрэнна. Гэта вельмі дапамагала пры планаванні і правя­дзенні пазакласных школьных мерапрыемстваў. Пісала сцэнарыі, рэпеціравала з вучнямі, нават выступала на сцэне. Я і цяпер адказваю за выхаваўчую работу ў школе, бо з-за малой колькасці вучняў у ёй няма профільнай пасады намесніка дырэктара.

Алену Паўлаўну ва ўсім падтрымлівае муж Уладзімір Фёдаравіч, які выкладае ў гэтай жа ўстанове адукацыі фізкультуру. Ён з паўслова разумее жонку. Калі яна затрымліваецца па школьных справах, значыць, так трэба.

Вучні кажуць, што А.П.Ніка­лаюк — педагог строгі, прынцыповы, патрабавальны і справядлівы. Алена Паўлаўна не любіць хлусні і няшчырасці. Імкнецца быць мудрым настаўнікам. Сярод выхаванцаў нікога не вылучае. Любімчыкаў у яе няма. Усе вучні роўныя. Але педагог заўсёды памятае, што кожны з іх — асоба з правам на ўласныя меркаванні і думкі.

— З-за невялікай напаўняльнасці класаў усе вучні навідавоку, — адзначае настаўніца. — Гэта дазваляе знайсці індывідуальны падыход да кожнага. Педагог павінен ісці побач з вучнем, але быць на прыступку вышэй за яго. У сваёй дзейнасці прытрымліваюся прынцыпу: спачатку навучы, замацуй на практыцы і толькі пасля правярай набытыя веды. Каб дасягнуць іх якасці і трываласці, неабходна сумесная творчасць педагога і вучня, узаемаразуменне і давер, жаданне не спыняцца на дасягнутым, паступова ісці да новых вяршынь. Трэба вучыцца і самаўдасканальвацца ўсё жыццё.

Алена Паўлаўна аднолькава любіць выкладаць і фізіку, і матэматыку, але фізіка ўсё ж такі больш блізкая і прыцягальная для яе, бо дае больш прасторы для эксперыментаў і доследаў. На сваіх уроках педагог можа прачытаць вершы на памяць, якія вучыла яшчэ ў школе, ці расказаць павучальную гісторыю.

— Імкнуся, каб вучні палюбілі фізіку і матэматыку, як я, каб умелі прымяняць набытыя веды на практыцы, — заўважае А.П.Нікалаюк.

Дзве дачкі Алены Паўлаўны таксама пайшлі па матчыных слядах і атрымалі педагагічную адукацыю. Цяпер агульны стаж настаўніцкай дынастыі складае больш за 100 гадоў. У прафсаюзнай рабоце А.П.Нікалаюк бярэ прыклад з бацькі, які 20 гадоў узначальваў калгасную прафсаюзную арганізацыю. У яго Алена Паўлаўна вучылася працавац­ь з людзьмі, слухаць і чуць іх, выбудоўваць адносіны ў розных жыццёвых сітуацыях.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.