Каб вучні сталі паспяховымі ў жыцці

- 11:40Планёрка ў рэгіёне

Адну з галоўных задач педагогі Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці бачаць у тым, каб дапамагчы кожнаму навучэнцу зрабіць усвядомлены прафесійны выбар і стаць паспяховымі і запатрабаванымі ў жыцці, таму асаблівая ўвага тут удзяляецца дапрофільнай падрыхтоўцы і профільнаму навучанню. Пра гэта расказаў госць нашай “Суботняй планёркі” начальнік аддзела па адукацыі Баранавіцкага райвыканкама Сяргей Міхайлавіч ВІНАГРАД.

— Вырашэнне праблемы прафілізацыі на ІІІ ступені навучання спрыяе больш якаснай падрыхтоўцы навучэнцаў выпускных класаў па профільных прадметах і паляпшэнню вынікаў цэнтралізаванага тэсціравання, а такім чынам, і больш якаснаму вырашэнню пытання прафесійнага самавызначэння.

Профільнае навучанне па трэцяй мадэлі ў 2018/2019 навучальным годзе арганізавана ў 9 установах агульнай сярэдняй адукацыі (47%). У 10-х класах профільнае навучанне наладжана ў 6 установах адукацыі: Гарадзішчанскай сярэдняй школе імя М.А.Скіпара, Крошынскай сярэдняй школе, Ляснянскай сярэдняй школе, Карчэўскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе, Моўчадскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе, Жамчужненскай сярэдняй школе. У бягучым навучальным годзе ў Жамчужненскай сярэдняй школе адкрыта педагагічная група з абавязковым вывучэннем факультатыўнага курса “Уводзіны ў педагагічную прафесію”. Працягваюць навучанне ў педагагічных групах навучэнцы 11-х класаў у Гарадзішчанскай (5 чалавек), Жамчужненскай (5 чалавек), Ляснянскай (4 чалавекі) сярэдніх школах. У гэтым навучальным годзе адкрыта аграрная група ў Гарадзішчанскай сярэдняй школе (5 чалавек).

Вынікі паступлення навучэнцаў профільных груп паказалі, што 95% выпускнікоў выбралі ўстановы адукацыі ў адпаведнасці з профілем навучання. Навучэнцы вынікова здалі цэнтралізаванае тэсціраванне: максімальныя балы па замежнай мове — 96, па біялогіі — 95, па матэматыцы — 92, па хіміі — 91.

— Сяргей Міхайлавіч, як арганізавана ў раёне дапрофільная падрыхтоўка школьнікаў?

— У Жамчужненскай сярэдняй школе ў сёлетнім навучальным годзе завяршаецца работа па эксперыментальным праекце “Апрабацыя мадэлі дапрофільнай педагагічнай падрыхтоўкі вучняў на II ступені агульнай сярэдняй адукацыі”. Мэтай эксперыментальнай дзейнасці з’яўляецца падрыхтоўка навучэнцаў да ўсвядомленага выбару педагагічнага профілю і адаптацыя да навучання ў профільных класах педагагічнай накіраванасці на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі. У школе шмат увагі ўдзяляецца рабоце па выхаванні ў вучняў паважлівага стаўлення да прафесіі настаўніка. Дарэчы, каля 40% педагогаў установы адукацыі — гэта яе былыя выпускнікі. Каардынацыйным саветам па пытаннях бесперапыннай педагагічнай адукацыі ў 2015 годзе школе быў прысвоены статус “Школа-лабараторыя вучэбна-навукова-інавацыйнага кластара бесперапыннай педагагічнай адукацыі”.

У рамках работы над праектам былі вызначаны эксперыментальныя класы, вяліся факультатыўныя заняткі, а таксама ажыццяўлялася дыягностыка камунікатыўных і арганізатарскіх уменняў навучэнцаў. 80% выпускнікоў педагагічнай групы 2018 года сталі студэнтамі педагагічных УВА. А адна з выпускніц, Кацярына Палуянчык, паступіла ў БДПУ імя Максіма Танка, абараніўшы педагагічнае партфоліа.

Сёлета Гарадзішчанская сярэдняя школа, Вольнаўская сярэдняя школа, Мірноўскі дзіцячы сад — сярэдняя школа завяршаюць рэалізацыю інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі рэгіянальнага адукацыйнага кластара як умова прафесійнага самавызначэння навучэнцаў”.

Асноўная ідэя праекта заключаецца ў забеспячэнні бесперапыннасці і пераемнасці адукацыйнага працэсу, развіцці і ўкараненні перадавых дасягненняў у галіне адукацыі, аказанні дапамогі навучэнцам у іх прафесійным самавызначэнні.

У адукацыйным кластары ўстановы адукацыі забяспечваюць асяроддзе, у якім новыя рашэнні могуць быць распрацаваны з удзелам школьнікаў, студэнтаў і выкладчыкаў. Установы нібы з’яўляюцца першапачатковымі правайдарамі навучання, якія дапамагаюць хутка распрацоўваць, тэсціраваць і збіраць даныя аб новых падыходах і адукацыйных прадуктах. У рамках праекта ў школах створаны вучнёўскія бізнес-кампаніі, для навучэнцаў арганізаваны факультатыўныя заняткі “Асновы эканамічных ведаў”.
Акрамя таго, з гэтага навучальнага года для навучэнцаў II ступені агульнай сярэдняй адукацыі арганізавана вывучэнне прадметаў на павышаным узроўні ў Жамчужнен-скай сярэдняй школе ў 5—8 класах (англійская мова) і ў 8 класе (матэматыка) і ў Крошынскай сярэдняй школе ў 6 класе (англійская мова).

— Як наладжана прафесійная падрыхтоўка школьнікаў у рамках прадмета “Працоўнае навучанне”?

— Сёлета ў 17 установах агульнай сярэдняй адукацыі раёна (у Мілавідскай і Русінаўскай сярэдніх школах адсутнічаюць 10-я класы) для 98 дзесяцікласнікаў, якія вывучаюць усе прадметы на базавым узроўні, уведзена “Працоўнае навучанне” ў аб’ёме 6 гадзін на тыдзень.

Прафесійная падрыхтоўка вучняў ажыццяўляецца па прафесіях: швачка 2 разраду (43 навучэнцы), цясляр 2 разраду (38 навучэнцаў), аператар электронна-вылічальных машын (17 навучэнцаў). 15 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі рэалізоўваюць вучэбныя праграмы прафесійнай падрыхтоўкі рабочых для навучэнцаў 10 класа па першай мадэлі, а ў Паланецкім дзіцячым садзе — сярэдняй школе і Карчэўскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе — па другой мадэлі.

З мэтай арганізацыі прафесійнай падрыхтоўкі летась 22 настаўнікі прайшлі навучанне на атрыманне рабочых спецыяльнасцей “Швачка” (13 настаўнікаў абслуговай працы на базе Баранавіцкага дзяржаўнага ПТК сферы абслугоўвання) і “Токар” (9 настаўнікаў тэхнічнай працы на базе Баранавіцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя машынабудавання).

— Якія праблемы хвалююць вас як кіраўніка сёння і якія задачы ставіце на перспектыву?

— Сёння мяне найперш хвалююць праблемы бяспекі ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу, павышэння ролі сям’і ў пытаннях выхавання непаўналетніх, а таксама кібербяспека дзяцей.

Якія задачы ставім на перспектыву? Па-першае, прыцягненне сродкаў для рэалізацыі мясцовых ініцыятыў і на паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі, па-другое, павышэнне матывацыі ўдзелу дзяцей у навукова-даследчай дзейнасці, па-трэцяе, павышэнне ўзроўню кваліфікацыі педагогаў устаноў адукацыі.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.