Каб вучыць, патрэбна вучыцца!

- 14:02Адукацыйная прастора

Укараненне лічбавых тэхналогій у сістэму адукацыі, метапрадметны падыход да стварэння адукацыйнага кантэнту, лічбавая і інфармацыйная дасведчанасць настаўнікаў і навучэнцаў, эфектыўныя сродкі лічбавай адукацыі — гэтыя і многія іншыя пытанні былі абмеркаваны на навукова-практычнай анлайн-канферэнцыі “Прафесійнае развіццё педагогаў у кантэксце лічбавізацыі адукацыі”, прысвечанай 80-годдзю Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі. У ёй прынялі ўдзел прадстаўнікі ўстаноў вышэйшай адукацыі, дадатковай адукацыі дарослых, кіраўнікі і педагогі ўстаноў адукацыі Мінска і ўсіх абласцей рэспублікі, а таксама Італіі і Расіі.

У кантэксце лічбавізацыі

Падчас пленарнага і 5 секцыйных пася­джэнняў удзельнікі падзяліліся вопытам работы па выкарыстанні лічбавых адукацыйных платформ і рэсурсаў, падыскутавалі аб лічбавізацыі адукацыі і актуальных праблемах дадатковай адукацыі педагогаў, а таксама аб прымяненні інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій ва ўстановах адукацыі.

Педагогі змаглі паслухаць анлайн-лекцыі спецыялістаў МАІРА. Так, аб развіцці прадметнай кампетэнтнасці педагогаў-філолагаў у працэсе павышэння кваліфікацыі ў дыстанцыйнай форме расказала дацэнт кафедры прыватных методык агульнай сярэдняй адукацыі, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Ніна Дзёміна. Намеснік начальніка цэнтра інфарматызацыі і дыстанцыйнай адукацыі Іван Лясько расказаў пра тое, якія электронныя сэрвісы найбольш эфектыўна выкарыстоўваць для аўтаматызацыі адукацыйнай дзейнасці ўстаноў дадатковай адукацыі дарослых. Старшы выкладчык кафедры прыватных методык агульнай сярэдняй адукацыі Яўгенія Уласавец прадэманстравала ўдзельнікам канферэнцыі асаблівасці і перавагі дыстанцыйных алімпіяд па хіміі. Пра тое, як эфектыўна і рацыянальна выкарыстоў­ваць лічбавыя адукацыйныя рэсурсы ў адукацыйным працэсе, калегам паведаміла старшы выкладчык кафедры прыватных методык агульнай сярэдняй адукацыі Ірына Рошчына.

“Каб вучыць, патрэбна вучыцца!” — пад такім дэвізам у рамках канферэнцыі прайшоў VII фестываль педагагічнага майстэрс­­тва абласнога клуба “Флагман”, спікерамі якога сталі пераможцы і лаўрэаты абласнога і заключнага этапаў Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” розных гадоў. У фармаце вэбінараў свае педагагічныя ідэі прадставілі настаўнік інфарматыкі і матэматыкі Лошніцкай гімназіі Барысаўскага раёна Іван Якіменка, настаўніца рускай мовы і літаратуры, мастацтва намеснік дырэктара сярэдняй школы № 5 Салігорска Алена Волкава, настаўніца музыкі Лошніцкай гімназіі Барысаўскага раёна Ірына Мітрафаненкава, настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 1 Лагойска Святлана Іванюшына, настаўніца рускай мовы і літаратуры Сноў­скай сярэдняй школы Нясвіжскага раёна Іна Віннік.

Як павысіць эфектыўнасць навучання

На секцыі “Лічбавая адукацыя ў школе” педагогі абмеркавалі асаблівасці выкарыстання ІКТ у адукацыйным працэсе, магчымасці інтэрнэт-рэсурсаў для павышэння матывацыі школьнікаў да навучання, спецыфіку арганізацыі навучання на адлегласці.

Як адзначалася, сучасныя дзеці сацыя­лізуюцца сёння не толькі ў матэрыяльным свеце і звыклым асяроддзі сацыяльных узае­мадзеянняў, але і ў лічбавым асяроддзі. Прычым з цягам часу значэнне лічбавай сацыялізацыі толькі ўзмацняецца. Адбываецца лічбавізацыя вядучых відаў дзейнасці. Лічбавыя сродкі зносін дазваляюць распрацоўваць творчыя і гульнявыя праекты, аналізаваць атрыманую інфармацыю, рэалізоўваць даследчыя праекты.

На думку намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 3 Стоўбцаў Святланы Грыгаровіч, пры ўмове сістэматычнага выкарыстання інфармацыйных тэхналогій у адукацыйным працэсе ў спалучэнні з традыцыйнымі метадамі можна значна павысіць эфектыўнасць навучання. У межах інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання лічбавай кампетэнцыі ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу”, які рэалізуецца ў школе, педагогі максімальна імкнуцца задзейнічаць ІКТ у працэсе навучання. Так, настаўніца англійскай мовы Наталля Наркевіч прайшла стажыроўку ў амерыканскай школе, вывучыла работу адукацыйных платформ Google Classroom і Blackboard, навучылася працаваць з лічбавымі інструментамі, якія дазваляюць атрымліваць хуткую зваротную сувязь ад навучэнцаў: Poll Everywhere, AnswerGarden, Plickers, Kahoot, Padlet, набыла навыкі стварэння вучэбных відэа для навучэнцаў у праграмах Voicethread і Screencastify. Настаўніца таксама прайшла інтэнсіўны курс “Гатовы да ДН”, арганізаваны ў анлайн-рэжыме асацыяцыяй “Адукацыя для будучыні” і праграмай “Настаўнік для Беларусі”, падчас якога ўдасканаліла навыкі работы ў праграме для відэа­канферэнцый Zoom, у праграме для правядзення вэбінараў Mirapolis, з віртуальнай дошкай і сэрвісамі Web 2.0. Так, з дапамогай інструмента ChatterPix педагог матывуе навучэнцаў на вуснае выказванне, атрымлівае якасны прадукт дзейнасці з мінімальнымі выдаткамі і павышае зацікаўленасць дзяцей да вывучэння замежнай мовы.

Настаўніца англійскай мовы Іна Лаўрыновіч выкарыстоўвае на сваіх занятках у профільных групах мабільны дадатак Randall’s ESL Cyber Listening Lab, які забяспечвае анлайн-навучанне ўспрыманню і разуменню іншамоўнага маўлення, развіццё кампенсаторных уменняў навучэнцаў і дае ім магчымасць актывізаваць лексічныя і граматычныя ўменні ў рознаўзроўневых тэстах і віктарынах, дзе новы моўны матэрыял замацоўваецца шляхам паўтарэння. Гэты мабільны дадатак прапануе шырокі выбар відэасюжэтаў рознага тэматычнага зместу і проста тэксты для праслухоўвання.

Сэрвіс для правядзення відэаканферэнцый, анлайн-сустрэч і навучання на адлегласці Zoom Наталля Сінянкова выкарыстоўвае для індывідуальных і групавых заняткаў. Педагогі Наталля Петачэнка, Вераніка Суднік, Ядзвіга Богуш на вучэбных занятках прымяняюць фота- і відэаматэрыялы па пэўных тэмах з выкарыстаннем тэлевізара, мультымедыйнай устаноўкі, інтэрактыўнай дошкі. Праграму для камп’ютарнага тэсціравання MyTestX па матэматыцы ў пачатковых класах прымяняе Жанна Якжык. Праграма дазваляе выконваць наступныя віды заданняў: адзіночны выбар, множны выбар, выбар месца малюнка і г.д. Педагогі Таццяна Палуева, Марына Карніцкая, Анжаліка Смірнова, Валянціна Сідаровіч выкарыстоўваюць на вучэбных занятках і пазакласных мерапрыемствах праграму MS PowerPoint для стварэння прэзентацый, якія служаць для павышэння эмацыянальнасці ўрока, падтрымання цікавасці дзяцей да навучання, фарміравання патрэбы набываць новыя веды, стымулявання пазнавальнага мыслення. Работу з QR-кодамі практыкуюць у сваёй дзейнасці Святлана Самахвал, Наталля Рачко.

— Прымяненне ІКТ у выкладанні вучэбных прадметаў станоўча адбіваецца на выніковасці адукацыйнага працэсу, а таксама прыводзіць да шэрага станоўчых вынікаў: псіхалагічна аблягчае працэс засваення матэрыялу навучэнцамі, абуджае жывую цікавасць да прадмета пазнання, пашырае агульны кругагляд навучэнцаў. Акрамя таго, павялічваецца ўзровень выкарыстання нагляднасці на ўроку, павышаецца прадукцыйнасць работы настаўніка і навучэнцаў, — адзна­чыла Святлана Грыгаровіч.

Перавагі і для вучня, і для настаўніка

Па меркаванні настаўніцы англійскай мовы сярэдняй школы № 4 Салігорска Веранікі Бебех, адукацыйны блог ці сайт можа быць эфектыўна выкарыстаны ва ўсіх відах навучання, бо з’яўляецца інструментам не толькі перадачы ведаў, але і педагагічнага ўзаемадзеяння як калектываў настаўнікаў школ (сайты школ), так і асобных настаўнікаў і навучэнцаў. Сеткавае ўзаемадзеянне тоіць у сабе велізарны патэнцыял. Вядзенне педагагічнага сайта або блога дазваляе стварыць адзіную інфармацыйна-адукацыйную прастору, даступную ў любым пункце зямнога шара пры ўмове доступу да сеткі.

Адукацыйны блог педагога (https://superenglishwithveronika.blogspot.com), створаны з дапамогай сэрвісу Blogger на платформе Google, за апошні год набыў 49 пастаянных чытачоў, мае зваротную сувязь і ўжо налічвае больш за 125 публікацый аўтарскіх матэрыялаў: аўтарскіх тэстаў, мультымедыйных заданняў, аўдыя- і відэаматэрыялаў, планаў ўрокаў, анонсаў міжнародных канферэнцый, каментарыяў, метадычных рэкамендацый па выкладанні англійскай мовы.

Структурна блог складаецца са старонак (Home, My Teaching Philosophy, CPD, Online Video Conferencing, 5th grade. Resources, the English Language Olympiad) і пастоў (10th grade, 11th grade, 4th grade, 5th grade, Confusing words, English Traditions&Amazing Facts, ExamTopics, For Teachers, Functional English, Grammar, Holidays, Listening A1, Speaking), якія пастаянна абнаўляюцца і выкарыстоўваюцца і на вучэбных занятках у фармаце змешанага навучання, і для паўтарэння дома ў рамках навучання на адлегласці.

— Для вывучэння новай лексікі і моўных адзінак выкарыстоўваюцца карткі, створаныя на адукацыйнай платформе Quizlet і ўбудаваныя ў блог, таму навучэнцам няма неабходнасці рэгістравацца на іншай платформе. Убудаваныя відэаматэрыялы з тлумачэннем складанага граматычнага матэрыялу дапамагаюць засвоіць матэрыял дома ў спакойнай абстаноўцы. У такім выпадку ўжываецца падыход flipped classroom (перавернуты клас), калі навучэнцы вывучаюць новы граматычны або моўны матэрыял дома з дапамогай файлаў мультымедыя, убудаваных у блог, і на вучэбных занятках ужо гатовы выкарыстоўваць і замацоўваць вывучаны матэрыял, — расказала Вераніка Аляксандраўна. — Магчымасць убудоўваць тэсты (Microsoft Forms, Quizlet, GoConqr, Google Forms, LearningАpps) дазваляе замацоў­ваць матэрыял і правяраць яго дыстанцыйна ў займальным фармаце. Загрузіўшы дадатковыя крыніцы для чытання на Google Disk з дапамогай гіперспасылкі, убудаванай у блог (5th grade. Resources), навучэнцы маюць магчымасць развіваць навыкі чытання і пашыраць свой кругагляд. Функцыя каментарыяў выкарыстоўваецца для развіцця навыкаў пісьмовага маўлення, дае навучэнцам рэальную аўдыторыю, якой яны могуць пісаць, і, пры аптымізацыі, асяроддзе для сумеснай работы (убудаваная дошка Padlet для абмену тэкставымі паведамленнямі, фотаздымкамі, спасылкамі), дзе яны мо­гуць даваць і атрымліваць зваротную сувязь. Варта пры­знаць, аднак, што існу­юць некаторыя цяжкасці ў ацэньванні каментарыяў. Даводзіцца ствараць свае крытэрыі іх ацэнкі ў блогу з дапамогай крытэрыяў выстаўлення адзнак, распрацаваных Міністэрствам адукацыі.

Настаўніца падкрэсліла, што пры такой рабоце англійская мова навучэнцаў паляпшаецца. Адукацыйны блог дапамагае наладжваць сувязі паміж вучнямі з рознымі думкамі і інтарэсамі, што заахвочвае крытычнае мысленне і паважаць пункт гледжання іншых. Ён спрашчае абмен ведамі і інфармацыяй, падтрымлівае камандную работу і групавое навучанне, заахвочвае нефармальныя зносіны, твор­часць і самавыяўленне. Канчатковая ацэнка адбываецца хутчэй і прасцей: настаўнік можа ацаніць, як навучэнцы ўдзельнічалі і развіваліся ў ходзе курса. Больш за тое, вядзенне ўласнага блога стала спосабам самавыяўлення і адным з прыёмаў усве­дамлення ўласнай прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў.

Метадычная работа на адлегласці

З выкарыстаннем дыстанцыйных форм у рабоце метадычных фарміраванняў педагогаў пазнаёміла ўдзельнікаў канферэнцыі намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 1 Любані Наталля Філеня. З мэтай стымулявання эфектыўнага выкарыстання інфармацыйных рэсурсаў і сродкаў інфармацыйных камунікацый у гімназіі з 2015 года праводзяцца тэматычныя інтэрнэт-педсаветы. Пасяджэнню педсаветаў папярэднічае работа форумаў, на якіх педагогі гімназіі дзеляцца вопытам работы, абмяркоўваюць праблемныя пытанні. Чатыры гады назад ва ўстанове сталі актыўна выкарыстоўваць дыстанцыйныя формы і ў рабоце метадычных аб’яднанняў.

— Чым для нас прымальная такая форма? Па-першае, гэта магчымасць для педагогаў звяртацца да прапрацаваных нарматыўных дакументаў, інструктыўна-метадычных пісьмаў, атрымліваць доступ да інфармацыйных метадычных рэсурсаў. Па-другое, прываблівае разнастайнасць фарматаў узаемадзеяння: форум, анкеты, мадэляванне вучэбных сітуацый і г.д. Па-трэцяе, гэта рэалізацыя патрэбы ў саманавучанні і пастаянным прафесійным самаўдасканаленні. Акрамя таго, работа ў дыстанцыйным адукацыйным асяроддзі, як правіла, з’яўляецца матывуючым стымулам і выклікае цікавасць з прычыны сваёй інавацыйнасці, ды і такая адукацыя дазваляе выкарыстоўваць аддаленыя высокапрафесіянальныя педагагічныя рэсурсы, — адзначыла Наталля Віктараўна.

На сёння ўсе гімназічныя МА распрацавалі інфармацыйныя дыстанцыйныя курсы. У іх размяшчаюцца план работы на навучальны год, аналіз яе за папярэдні, інструктыўна-метадычныя пісьмы, нарматыўныя дакументы, метадычныя рэкамендацыі, важная інфармацыя для педагогаў, распрацоўкі адкрытых вучэбных заняткаў, навінавы форум, абагульняецца педагагічны вопыт настаўнікаў. Іншымі словамі, кожны дыстанцыйны інфармацыйны курс ўяўляе сабой адукацыйную структуру, якая акумулюе розныя віды рэсурсаў і стварае ўласныя, неабходныя для забеспячэння педагагічных практык. Усе кіраўнікі ў поўнай меры валодаюць тэарэтычнымі і практычнымі навыкамі стварэння і падтрымкі такіх курсаў.

— Прымяненне дыстанцыйных форм не з’яўляецца заменай пасяджэнняў метадычных аб’яднанняў, а ўяўляе сабой дадатковы інфармацыйны інструмент. Па-першае, педагогі маюць магчымасць самастойна вывучаць метадычныя матэрыялы, па-другое, на пасяджэннях метадычных аб’яднанняў скарачаецца час на разгляд тэарэтычных пытанняў. Напрыклад, калі педагогам неабходна прааналізаваць тэхналагічную карту (або праект) вучэбных заняткаў, то спачатку тэхналагічная карта гэтых заняткаў размяшчаецца ў інфармацыйным дыстанцыйным курсе па тэме пасяджэння МА. Кожны настаўнік у зручны для яго час можа загадзя азнаёміцца з мэтамі і задачамі заняткаў, формай правядзення, метадамі і прыёмамі, а на пася­джэнне МА прыйсці з канкрэтнымі заўвагамі і прапановамі. Такая форма дазваляе кожнаму педагогу больш адказна падысці да праблемы, якая абмяркоўваецца. Акрамя таго, дыстанцыйны фармат дазваляе настаўнікам навучыцца эфектыўна плана­ваць свой час, ставіць індывідуальную адукацыйную задачу і рэалізоўваць яе, — заўважыла Н.В.Філеня.

Наталлля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.