Каб вучыцца адно ў аднаго

- 11:37Навіны рэгіёнаў

“Моладзь і творчасць — наша будучыня” — міжраённы сацыяльна-творчы праект, ініцыіраваны раённым саветам старшакласнікаў цэнтра маладзёжных ініцыятыў, які дзейнічае на базе Уваравіцкага цэнтра дзіцячай творчасці.

Цэнтру маладзёжных ініцыятыў два гады. Узрост зусім маленькі, але ж, калі вымяраць справамі і дзейнасцю, то можна доўга пералічваць ідэі і мерапрыемствы, народжаныя і арганізаваныя школьнікамі. І вось новая задумка, у аснове якой — сяброўства і сумесная дзейнасць. Цікава, што праект міжраённы. Яго ўдзельнікамі сталі раённыя саветы старшакласнікаў чатырох рэгіёнаў Гомельскай вобласці: Буда-Кашалёўскага, Веткаўскага, Чачэрскага і Гомельскага. Так, праз больш цесныя зносіны, магчымасць разам абмяркоўваць тыя ці іншыя праблемы і праз сумесную творчую самарэалізацыю маладыя людзі хацелі актывізаваць дзейнасць раённых саветаў старшакласніка.

Пачатак сацыяльна-творчаму праекту быў пакладзены пры першай сустрэчы ў сценах Уваравіцкага цэнтра дзіцячай творчасці Буда-Кашалёўскага раёна. У гэты дзень юнакі і дзяўчаты былі нацэлены на стварэнне сацыяльнай рэкламы пад дэвізам “Скажам “не” падлеткавай злачыннасці!”. Актывісты гуртам прыдумалі і знялі відэаролік — так у сацсетках з’явілася сацыяльная рэклама, якая заклікае задумацца над наступствамі сваіх дзеянняў і не дапускаць падлеткавых правапарушэнняў.

Вельмі цікавай і змястоўнай атрымалася сустрэча ў Веткаўскім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, тэма якой гучала так: “Моладзь — за здаровы лад жыцця: мода новага пакалення!”. Лідары з трох раёнаў Гомельшчыны паспрабавалі сябе ў ролі педагога, трэнера па прапагандзе здаровага ладу жыцця і разам правялі для самых маленькіх дзетак мерапрыемства пад назвай “Падарожжа па шляхах здароўя”.

Эфектыўна правялі час дзеці ў гасцях у чачэрскіх равеснікаў. Тэматыку гэтай сустрэчы тлумачыў лозунг “ТАМ-ТБ — час маладых!”. ТАМ-ТБ расшыфроўваецца як тэлебачанне актыўнай моладзі — месца, дзе чачэрскія школьнікі спрабуюць сябе ў журналістыцы і імкнуцца даносіць праз свае праграмы важныя сацыяльныя праблемы. Чачэрскі раённы савет старшакласнікаў падрыхтаваў добрую адукацыйна-забаўляльную праграму. Дзяўчаты і хлопцы навучыліся рыхтаваць і здымаць тэлепраграмы, паспрабавалі сябе ў ролі тэлевядучых. Вынікам сумеснай дзейнасці стала праграма навін Чачэрска на ТАМ-ТБ, якую размясцілі на канале YouTube.

Сустрэча на тэрыторыі Гомельскага раёна была прысвечана Году малой радзімы. Актыўная моладзь Гомельскай вобласці прыняла ўдзел у акцыі “#Ekolife: будучыня пачынаецца сёння”, у рамках якой была закладзена памятная алея каля помніка воінам-пераможцам у вёсцы Пакалюбічы.

Пасля завяршэння праекта ўдзельнікі сабраліся ў Цэнтры маладзёжных ініцыятыў Уваравіцкага цэнтра дзіцячай творчасці, каб падвесці вынікі. Абмяркоўвалі, успаміналі, аналізавалі. Па водзывах і эмоцыях было зразумела, наколькі ўдалым аказаўся міжраённы сацыяльна-творчы праект “Моладзь і творчасць — наша будучыня”. І перш за ўсё таму, што дзеці змаглі дзейнічаць па-за межамі сваіх рэгіёнаў, змаглі паглядзець, чым займаюцца іх равеснікі.

— У рамках праекта старшакласнікі пабывалі ў гасцях адно ў аднаго, дзяліліся вопытам, удзельнічалі ў розных мерапрыемствах, сацыяльназначных справах у кожным раёне, ператварылі ў жыццё цікавыя ідэі, знайшлі новых сяброў, — гаворыць метадыст Уваравіцкага цэнтра дзіцячай творчасці Ірына Камарова. — Адным словам, яшчэ раз даказалі, што моладзь Гомельскай вобласці актыўная, творчая і ініцыятыўная.

Наталля ЛУТЧАНКА.