Каб выбар быў свядомым

- 14:47Адукацыйная прастора

Упэўненая будучыня маладога пакалення напрамую залежыць ад правільнага прафесійнага выбару. У гэтым перакананы педагагічны калектыў Клімавіцкай раённай гімназіі імя І.С.Нікалаева.

— Выбар прафесіі — адзін з самых складаных этапаў у жыцці падлеткаў. Менавіта ў гэты перыяд ім даводзіцца сутыкацца з цяжкасцямі, таму важнасць і значнасць праф-арыентацыйнай работы з дзецьмі відавочная. Зараз эфектыўная прафарыентацыя магчыма толькі пры ўмове выкарыстання сучасных форм і метадаў работы. Прафарыентацыя ў нашай гімназіі — гэта не толькі асобныя мерапрыемствы, а дзейсная сістэма работы, якая прыносіць адпаведныя вынікі, — адзначыла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Ларыса Трошына.

Прафарыентацыю ў гімназіі пачынаюць з 5 класа, калі толькі фарміруецца прафесійная кампетэнтнасць дзяцей. Каб зрабіць работу максімальна эфектыўнай, у ёй задзейнічаны сацыяльныя педагогі, псіхолагі, класныя кіраўнікі выпускнікоў, намеснікі дырэктара. У кожнага свае абавязкі і задачы. Так, сацыяльныя педагогі займаюцца -кантролем дзяцей адпаведных катэгорый. Класныя кіраўнікі праводзяць прафасвету навучэнцаў, наладжваюць узаемадзеянне з іх бацькамі. Псіхолагі ажыццяўляюць прафдыягностыку, кансультаванне, трэнінгі, дапамагаюць дзецям вызначыцца з іх схільнасцямі. Педагог-арганізатар праводзіць экскурсіі на прадпрыемствы, у навучальныя ўстановы, ладзіць прафарыентацыйныя мерапрыемствы. Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце арганізоўвае дапрофільнае і профільнае навучанне. Агульны кантроль за прафарыентацыяй ажыццяўляе непасрэдна дырэктар гімназіі.

Такая скаардынаванасць працы дазваляе з належнай увагай паставіцца да кожнага вучня. Зрабіць правільны жыццёвы выбар дзецям дапамагаюць рознымі метадамі. Акрамя традыцыйных прафесійнай асветы, дыягностыкі, кансультацый, у гімназіі актыўна прымяняюць прафесійныя спробы. З экскурсіямі навучэнцы наведваюць прадпрыемствы горада, дзе на справе знаёмяцца з той ці іншай прафесіяй. Адтачыць пэўныя навыкі гімназісты могуць і падчас працы ў вучнёўскіх брыгадах, лагерах працы і адпачынку.

— Станоўча на прафарыентацыю гімназістаў уплывае і тое, што работа вядзецца ў плённым узаемадзеянні з іншымі навучальнымі ўстановамі і структурамі. Спрыяе прафесійнаму самавызначэнню дзяцей таксама іх удзел у навукова-даследчай дзейнасці. Мы актыўна развіваем гэты напрамак работы, бо зараз работадаўцы ўключаюць у анкеты саіскальнікаў пытанне аб крэатыўнасці асобы, уменнях прымаць нестандартныя рашэнні. Агульнаадукацыйныя ўстановы ў працэсе навучання і выхавання абавязаны ўлічваць гэта. У прафесійным выбары нашым вучням дапамагаюць і тэматычныя аб’яднанні па інтарэсах. Займаючыся ў гуртках, многія дзеці загадзя ўсвядомлена вызначаюцца з прафесійнай будучыняй, — падкрэсліла Ларыса Мікалаеўна.

Зладжанасць дзеянняў педагагічнага калектыву гімназіі прыносіць адпаведныя вынікі. Выпускнікі ўстановы дасягаюць поспехаў у прафесійным і сацыяльным станаўленні. Штогод звыш васьмідзесяці працэнтаў вучняў становяцца студэнтамі УВА, астатнія працягваюць адукацыю ў каледжах. Выпускнікі гімназіі выбіраюць розныя прафесіі, але галоўнае — іх мэтанакіраванае імкненне да адпаведнай працы.

Ганна СІНЬКЕВІЧ. 
Фота прадастаўлена
ўстановай адукацыі.