Каб выбар прафесіі быў свядомым

Падрыхтоўка вучняў да абгрунтаванага выбару прафесіі — важная сацыяльна-педагагічная задача школы. Работа па прафесійнай арыентацыі на самай справе неабсяжная, калі ты спрабуеш справіцца з ёй адзін. І зусім іншая карціна атрымліваецца, калі прафарыентацыяй займаецца не толькі псіхолаг, але і іншыя ўдзельнікі адукацыйнага працэсу, калі яны дзейнічаюць разам, вызначаюць агульныя задачы і імкнуцца да адной мэты. Для таго каб атрымаць станоўчыя вынікі ў гэтым напрамку, у нашай школе распрацавана пэўная сістэма прафарыентацыйнай работы.

У сувязі з укараненнем у адукацыйную практыку профільнага навучання паўстала неабходнасць у арганізацыі псіхолага-педагагічнага суправаджэння дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання. Як паказваюць шматлікія назіранні педагогаў, ва ўмовах пераходу на профільнае навучанне праблема нізкай здольнасці навучэнцаў да планавання вучэбнай і прафесійнай кар’еры, да праектавання ўласнага жыццёвага шляху застаецца вельмі актуальнай. Таму наш калектыў распрацаваў комплексную мадэль псіхолага-педагагічнага суправаджэння, накіраваную не толькі на выяўленне інтарэсаў і схільнасцей дзяцей, інфармаванне аб свеце прафесій, але і на стварэнне ўмоў для свядомага прафесійнага выбару навучэнцаў.

У аснову распрацаванай мадэлі пакладзена ідэя паэтапнай праф­арыентацыйнай падтрымкі сацыяльнага сталення асобы паводле А.А.Глінскага. Сістэмнасць праф­арыентацыйнай работы на кожным з этапаў забяспечваецца цыклічнасцю і паўтаральнасцю пэўных дзеянняў: правядзенне дыягностыкі, аналіз атры­маных вынікаў, кансультаванне навучэнцаў і іх бацькоў, карэкцыя.

Адметнай асаблівасцю псіхолага-педагагічнага суправаджэння дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання ў нашай школе з’яўляецца цеснае супрацоўніцтва з бацькамі. Пачынаючы з 5-га класа навучэнцам прад’яўляюцца першасныя карты інтарэсаў, якія даюць магчымасць выявіць схільнасці дзяцей у розных сферах дзейнасці. У старшых класах навучэнцам прапануюцца методыкі, накіраваныя на вывучэнне іх асобасных якасцей. Пасля дыягнастычнага даследавання праводзіцца групавое або індывідуальнае кансультаванне па выніках дыягностыкі. У першым паўгоддзі бацькам і вучням 9-х класаў прапануюцца індывідуальныя кансультацыі па выбары профілю навучання ў адпаведнасці з загадзя складзеным графікам. У асобных выпадках навучэнцы і бацькі маюць магчымасць атрымаць паўторную кансультацыю, калі выбар патрабуе карэкцыі.

Штогод нашым педагагічным калектывам абнаўляецца і ўдасканальваецца мадэль прафілізацыі, якая прадугледжвае арганiзацыю вывучэння прадметаў на павышаным узроўні на II і III ступенях агульнай сярэдняй адукацыі, арганізацыю факультатываў прадметнай, прафесійнай і выхаваўчай накіраванасці. На сённяшні дзень для дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання ў школе створаны неабходныя ўмовы. Так, усе настаўнікі школы маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю і стаж работы больш за 15 гадоў. У нас назапашаны эфектыўны вопыт работы па арганізацыі міжшкольных факультатываў, функцыянуе рэсурсны цэнтр па вучэбным прадмеце “Хімія”, сучасным абсталяваннем аснашчаны вучэбныя кабінеты фізікі, хіміі, біялогіі.

У бягучым навучальным годзе па абноўленай мадэлі прафілізацыі ў школе арганізавана вывучэнне на павышаным узроўні асобных вучэбных прадметаў у 6, 8, 9 класах: “Замежная мова”, “Матэматыка”, “Хімія”, “Біялогія”. У 10—11 класах функцыянуюць два профільныя класы па мадэлі, якая прадугледжвае вывучэнне на павышаным узроўні вучэбных прадметаў “Руская мова”, “Беларуская мова”, “Гісторыя Беларусі”, “Матэматыка”, “Біялогія”, “Хімія”.

У нашай навучальнай установе таксама функцыянуе профільны клас аграрнай накіраванасці. Адкрыццё гэтага класа стала невыпадковым. Круглянскі раён — сельскагаспадарчы. Нягледзячы на тое, што школа размешчана ў гарадской мясцовасці, 207 вучняў падвозяцца на вучобу з суседніх вёсак. Гэта дзеці жывёлаводаў, механізатараў, аператараў машыннага даення, якія не па чутках ведаюць вясковы ўклад жыцця і сельскагаспадарчую вытворчасць.

Наш педагагічны калектыў у ліку першых у рэспубліцы ўзяў на сябе адказнасць за стварэнне профільных класаў аграрнай накіраванасці. Адукацыя па сельскагаспадарчай тэматыцы — справа вядомая, але самі аграрныя класы — з’ява адносна новая. Аднак у нас сёння ёсць усе неабходныя ўмовы для іх эфектыўнай і якаснай працы: прышкольны ўчастак, цяпліца, фруктова-ягадны сад, альпійская горка з вадаёмам. З мэтай падрыхтоўкі да работы ў аграрным класе нашы педагогі прайшлі павышэнне кваліфікацыі на базе БДСГА і Магілёўскага дзяржаўнага абласнога інстытута развіцця адукацыі. Акрамя таго, якаснай арганізацыі дадзенага профільнага класа спрыяла і тое, што нашы педагогі працуюць у інавацыйным рэжыме і не баяцца новаўвядзенняў.

Сёлета пяць навучэнцаў скончылі навучанне ў 11-м профільным класе аграрнай накіраванасці. Ім была прадастаўлена магчымасць вывучаць вучэбныя прадметы “Біялогія” і “Хімія” на павышаным узроўні, а таксама наведваць факультатыўныя заняткі “Уводзіны ў аграрныя прафесіі”. Асаблівасць гэтых заняткаў — арыентацыя на фарміраванне ўяўленняў аб будучай працоўнай дзейнасці ў адпаведнасці з патрэбамі ў кадрах непасрэдна нашага раёна.

Правядзенне факультатыўных заняткаў ажыццяўляла настаўнік біялогіі, педагог першай кваліфікацыйнай катэгорыі, кіраўнік адукацыйнага праекту “Зялёныя школы” С.В.Ценкер. Святлана Валер’еўна праводзіла факультатыўныя заняткі творча, з прымяненнем суб’ектыўна-дзейнаснага падыходу. Настаўніца выкарыстоўвала метады актыўнага і практыка-арыентаванага навучання, ужывала розныя формы арганізацыі заняткаў: спалучэнне франтальных, групавых, парных і індывідуальных форм навучання.

Для правядзення практычных заняткаў было наладжана цеснае су­працоўніцтва з ААТ “Круглянскі Рассвет”. Для замацавання атрыманых ведаў заняткі праводзіліся на базе механічных майстэрняў, насенных і фуражных складоў, на малочна-таварных комплексах, комплексах па адкорме маладняку, у палях. У арганізацыі заняткаў былі задзейнічаны галоўныя спецыялісты гаспадаркі. Такім чынам, нашы навучэнцы ўсведамлялі, што сучасная сельскагаспадарчая вытворчасць мае патрэбу ў высокакваліфікаваных спецыялістах, здольных да актыўнай вытворчай дзейнасці. Хлопцы і дзяўчаты даведаліся, што кіраўнік сельгаспрадпрыемства Д.А.Варанцоў гарантуе дадатковую падтрымку ў выглядзе стыпендыі на працягу ўсяго тэрміну навучання па мэтавым накіраванні.

Адным з кірункаў практычнай дзейнасці вучняў аграрных класаў з’яўляецца арганізацыя даследчай работы. Пад кіраўніцтвам настаўнікаў С.А.Раманьковай і С.В.Ценкер нашы навучэнцы годна прадставілі свае праекты на абласным этапе конкурсу даследчых работ школьнікаў і былі адзначаны прызавымі дыпломамі.

З мэтай павышэння прэстыжу сельскагаспадарчых прафесій праводзіцца сумесная сістэмная праф­арыентацыйная работа з галоўным спецыялістам упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Круглянскага райвыканкама Л.М.Мацюшковай. Любоў Мікалаеўна дапамагае арганізоўваць сустрэчы з прадстаўнікамі вядучых сельскагаспадарчых устаноў вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі краіны. Сумесна з аддзелам па адукацыі, спорце і турызме мы рэгулярна арганізоўваем экскурсіі ў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію, Клічаўскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж, Магілёўскі дзяржаўны прафесійны агралесатэхнічны каледж імя К.П.Арлоўскага, Коханаўскі ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці. У найбліжэйшы час запланавана наведванне Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта.

Назапашаным вопытам работы калектыў школы дзеліцца не толькі з калегамі з нашага раёна, вобласці і рэспублікі, але і з педагогамі Расійскай Федэрацыі, з якімі ў нас заключаны дагаворы аб супрацоўніцтве. Настаўнікі прадстаўляюць свае напрацоўкі на рэспубліканскіх і міжнародных канферэнцыях. На базе нашай навучальнай установы праходзіла метадычнае аб’яднанне для кіраўнікоў устаноў адукацыі раёна, на якім была прадстаўлена мадэль арганізацыі дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання, у тым ліку профільнага класа аграрнай накіраванасці.

Нашы навучэнцы атрымліваюць веды ў галіне сельскай гаспадаркі, што дазваляе ім лепш разумець сельскагаспадарчыя прафесіі і іх складанасць. Яны могуць больш упэўнена планаваць сваю прафесійную будучыню, а значыць — дакладней ацэнь­ваць перспектывы працаўладкавання і работы ў аграрнай сферы. Многія з іх ужо зрабілі свой выбар і сталі студэнтамі Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, навучэнцамі сельскагаспадарчых каледжаў і ліцэяў.

Лілія СІМАНОВІЧ,
дырэктар сярэдняй школы № 2 Круглага,
Алена КЕЙЗЕРАВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце.