Каб з’яўляліся “зорачкі”

- 11:25Спартыўныя падзеі

Футбольная дзявочая каманда “Алімпія” Першамайскага раёна Мінска тыдзень назад святкавала перамогу на спаборніцтвах для дзяцей і падлеткаў “Скураны мяч”. Пагутарылі з трэнерам каманды Андрэем Махначом і даведаліся, чаму ён хацеў трэніраваць толькі дзяўчынак, як адбірае іх у каманду і навошта вядзе YouTube-канал пра дзявочы футбол.

Доўгія пошукі

Андрэй Махнач сам займаўся футболам і на юнацкім узроўні меў поспехі. Хацеў пасля паступлення ва ўніверсітэт уліцца ў якую-небудзь сталічную каманду, але перашко­дзілі траўмы. Першы раз калена “выскачыла” ў 17 гадоў, другі — у 19. Кожная аперацыя аднімала год жыцця. Пра прафесійны футбол прыйшлося забыць, але пра футбол наогул — не. Андрэй Валер’евіч паступіў у БДПУ імя Максіма Танка на факультэт фізічнага выхавання, скончыў універсітэт з адзнакай і прыйшоў працаваць трэнерам у Фізкультурна-спартыўны цэнтр дзяцей і моладзі Першамайскага раёна Мінска.

— У 2018 годзе я атрымаў нацыянальную кваліфікацыю “трэнер па футболе”, у 2020 го­дзе — ліцэнзію “В” УЕФА. Цяпер у любой краіне свету бу­дуць бачыць пацвярджэнне таго, што я прафесійны трэнер. Але яшчэ ёсць куды расці — да ліцэнзій “А” і “PRO”. Яны дазваля­юць працаваць у прафесійных лігах, з нацыянальнымі зборнымі. Таксама, дзякуючы перамозе на “Скураным мячы”, у хуткім часе я падпішу дакументы на атрыманне вышэйшай педагагічнай катэгорыі. Лічу, што для 32 гадоў гэта добры вынік.

Чаму менавіта дзяўчынкі? Таму што ў Беларусі жаночы футбол — практычна пустая ніша. Канкурэнцыя маленькая, і калі трэнер знойдзе таленавітых дзяўчынак, укладзе ў іх душу і майстэрства, то яны абавязкова чагосьці дасягнуць. Так у Андрэя Валер’евіча і атрымалася. Яго выхаванкі першага пакалення (2005—2006 г.н.) выступаюць за нацыянальную зборную, знаходзяцца “на алоўку” ў ФК “Дынама-Мінск”. Калі ім споўніцца 16 гадоў, з імі пачнуць заклю­чаць прафесійныя кантракты. Расце і другое пакаленне — 2008—2009 г.н.

— Сваіх футбалістак я знаходжу ў асноўным самастойна. Наведваю ўрокі фізічнай культуры і здароўя, спаборніцтвы школьнага і раённага ўзроўняў, дзе бачна, як дзяўчынкі праяўляюць сябе не толькі ў футболе, але і ў лёгкай атлетыцы, у іншых гульнях. Гэта вялікая праца, якая займае шмат часу. Можна прыйсці ў школу, наведаць паралель з трох класаў і не запісаць ні аднаго чалавека. А бывае поспех: у адным класе знаходзіш адразу трох-чатырох дзяўчынак.

Часам яны прыходзяць самі. Звычайна тыя, каму падабаецца гуляць у футбол у двары з хлопчыкамі. Праўда, іх уяўленні разбіваюцца аб рэальнасць, дзе аказваецца, што футбол — гэта інтэлектуальная гульня з дысцыплінай і правіламі. Многія сыходзяць і шукаюць для сябе нешта новае. Гэта натуральны кругаварот: як да нас перахо­дзяць з розных відаў спорту, так і нашы футбалісткі ў пэўны момант могуць зразумець, што хочуць займацца чымсьці іншым.

“Нам патрэбны дзяўчынкі з сілай волі, у якіх трапяць мячом, а яны паплачуць і пабягуць далей. Тыя, хто можа падтрымаць, хто не спрабуе шукаць вінаватых, а імкнецца паказаць на сваім прыкладзе:
“Я зрабіла добра — паспрабуй, паўтары за мной”.

На пачатковым узроўні, 6—8 гадоў, у дзяўчынак прахо­дзяць дзве трэніроўкі на тыдзень. Гадзіна — на актыўнасць, яшчэ паўгадзіны — на размовы, таму што работа трэнера звязана як з фізіялогіяй, анатоміяй, так і са сталеннем, псіхалагічным развіццём дзіцяці. Для старэйшых выхаванак (15—16 гадоў) норма — пяць трэніровак, з якіх адна можа быць таварыскім матчам.

Лаяльны падыход

На старце складана вы­значыць, на якой палявой пазіцыі замацуецца спартсменка. Палова з тых, каго Андрэй Валер’евіч пяць гадоў назад бачыў на пэўным месцы, потым раскрыліся па-іншаму. Толькі варатары засталіся ранейшымі: іх відаць лепш за ўсё. Гэта тыя, хто не баіцца сутыкненняў, па­дзенняў, іншых небяспек, хто ў двары часта падае з дрэў і можа даць здачы крыўдзіцелю. На пазіцыі абаронцаў звычайна гуля­юць дзяўчынкі высокага росту, з добрай фактурай, якім падабаецца адбіраць мяч і якія змогуць яго выбіць, паставіць корпус. Нападаючыя не хочуць дзяліцца мячом, яны любяць важдацца з ім і забіваць галы, іх трэба ставіць бліжэй да варот. На краі — каштоўныя гульцы, якія ма­юць добрыя хуткасныя якасці. Іх задача — максімальна хутка перавесці мяч з аднаго месца ў іншае і далей зрабіць прастрэл або забіць самастойна. Калі заняткі толькі пачынаюцца, дзяўчынкі могуць пабыць і нападаючымі, і варатарамі, і абаронцамі, каб прачуць кожную пазіцыю.

— Стыль паводзін з выхаванкамі ў мяне дэмакратычны, бо калі б я быў вельмі строгім, то ў 2021 годзе застаўся б адзін. З дзяўчынкамі бывае цяжка мець зносіны: яны ранімыя, блізка прымаюць да сэрца заўвагі і крытыку. З маіх цяперашніх выхаванак практычна няма такіх, якія не хацелі ў пэўны момант сысці. Ты лаяльна ставішся да іх капрызаў, жаданняў, бо ведаеш: іншых дзяўчынак у мяне не будзе. Усё дзеля таго, каб у нашым відзе спорту з’яўляліся “зорачкі”.

З-за невялікай колькасці фут­балістак унутры краіны не хапае канкурэнцыі. Тыя, хто набліжаецца да стадыі прафесіяналаў, не разумеюць, што на іх месца могуць прыйсці іншыя. Спартсменка ведае: хутка ёй прапануюць спартыўны кантракт, і ў нейкай меры патрабаванні па далейшым удасканаленні зніжаюцца, хоць звычайна з узростам трэба дадаваць правільнае харчаванне, прагляд футбольных матчаў, самастойныя трэніроўкі. Таксама ў дзявочым футболе задзейнічана мала кадраў. Некалькі трэнераў працуюць у абласных цэнтрах, а ў невялікіх гарадах рэдка сустрэнеш хаця б адну групу дзяўчынак.

“Спадзяюся, мае выхаванкі будуць узвышаць мяне як трэнера сваімі дасягненнямі. Тыя, каго знайшоў у 2 класе маленькімі, хто нават не ведаў, што футбол — гэта не проста бег за мячом, а яшчэ і работа розумам”.

— Любому трэнеру хочацца паляпшэнняў у сваім відзе спорту. Я, напрыклад, хачу, каб было больш палёў са штучным пакрыццём. У нас многія школы пабудаваны па старых праектах з маленькімі заламі, прыкладна 22×11 метраў. Там немагчыма адпрацаваць усе прыёмы, якія ты хочаш паказаць на спаборніцтвах. У новых школах залы будуюць большыя. Адзін з прыкладаў — сярэдняя школа № 61, дзе мы займаемся па суботах. Я на гэтыя суботы заўсёды гляджу з вялікім натхненнем. Федэрацыя зараз спрабуе ўзводзіць больш крытых футбольных пляцовак — манежаў, але было б лепш, каб гэтая работа пачалася яшчэ гадоў 10—15 назад.

Скарбонка ўспамінаў

Недахопу ў спаборніцтвах Андрэй Махнач і яго выхаванкі не адчуваюць. Сустракаюцца з камандамі з абласных цэнтраў, з хлопчыкамі, да пандэміі ездзілі за мяжу. Міжнародныя выезды самыя запамінальныя. Калі ты на чужой тэрыторыі без сваіх балельшчыкаў абыгрываеш сапернікаў, якія каціраваліся вышэй за цябе, — гэта дадае эмоцый. Часцей за ўсё каманда Андрэя Валер’евіча выязджала ў Эстонію (зімой), Францыю, Данію і Швецыю (летам). Часам паездкі займалі 20—25 дзён. Для трэнера гэта велізарны вопыт і адказнасць. Планаванне, фінансавыя пытанні, захаванне дысцыпліны — усё ляжыць на ім. Для дзяўчынак гэта магчымасць паглядзець, як жывуць у іншых краінах, азнаёміцца з новай культурай і зразумець, на якім узроўні там знаходзіцца дзявочы футбол.

Каб самому ўбачыць пад­рыхтоўку да спаборніцтваў, эмоцыі ад падарожжаў, можна зайсці на YouTube-канал Girls Soccer in Minsk. Андрэй Валер’евіч стварыў яго ў 2014 годзе і дагэтуль напаўняе кантэнтам.

— Гэта будзе велізарнай скарбонкай успамінаў, якія зноў захочацца перажыць, калі дзяўчынкі выйдуць з узросту на відэа. Мы здымаем грамадскае і футбольнае жыццё, па відэазапісах адгледжваем нашы памылкі, разбіраем іх. YouTube у нашым выпадку выконвае дзве функцыі: каб дзяўчынка магла дома паглядзець на сваю гульню з боку і каб засталася па­мяць аб гэтым часе.

У кожнай дзяўчынкі свой характар, таму яны па-рознаму рэагуюць на здымкі. Некаторыя закрываюцца, бо ў іх эмоцыі цераз край або яны хо­чуць такім чынам вылучыцца сярод астатніх. Нехта, наадварот, лезе ў камеру, каб пазначыць сваю прысутнасць, выкарыстоўвае рэплікі, якія прыцягнуць увагу. Андрэй Махнач улічвае такія моманты: па іх можна зразумець, хто з дзяцей будзе паводзіць сябе адпаведным чынам на полі.

— У нас практычна 4 тысячы падпісчыкаў. Для канала дзявочай футбольнай каманды, якой яшчэ няма 18 гадоў, — гэта сур’ёзнае дасягненне нават па мерках нашага прафесійнага мужчынскага футбола. Мы робім гэта з любоўю і для сябе, а гэта часта прыцягвае. У нас нават ёсць ролік-мільённік, дзе дзяўчынкі танцуюць у лагеры на дыскатэцы з хлопцамі. Я проста здымаў твары выхаванак, як яны паводзяць сябе ў такі адказны момант. Відэа не футбольнае, але яно чамусьці ­стрэліла.

У лепшых традыцыях YouTube: падпісвайцеся на канал, стаўце званочкі і сачыце за дзявочым і жаночым футболам, гэта цікава.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з архіва А.Махнача.