Каб заўсёды было сонца і дзеці…

- 9:00Актуальна, Апошнія запісы

Напярэдадні свята ў Нацыянальным прэс-цэнтры была арганізавана прэс-канферэнцыя, прымеркаваная да адной з найважнейшых дат для кожнай сям’і — дня, калі ўся ўвага звернута на тых, з чыім з’яўленнем жыццё перакульваецца з ног на галаву і чый смех нагадвае, што самае важнае — гэта яны, дзеці, а ўсё астатняе — потым. 

Наша краіна сустракае свята актыўна і шырокафарматна. План мерапрыемстваў па святкаванні Міжнароднага дня абароны дзяцей быў зацверджаны намеснікам прэм’ер-міністра Ігарам Петрышэнкам, які з’яўляецца старшынёй Нацыянальнай камісіі па правах дзіцяці.

“На мерапрыемствы, што праходзяць па ўсёй краіне, запрошаны дзеці з ліку сірот і тых, што засталіся без апекі бацькоў, дзеці з мнагадзетных сем’яў, а таксама тыя, хто дасягнуў поспеху ў вучобе, творчасці і спорце, — расказала пра арганізацыю свята галоўны спецыяліст Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Алена Фёдараўна Сімакова. — Сёння будуць праведзены мерапрыемствы, падчас якіх дзеці прымуц­ь удзел у дыялогавых пляцоўках з прадстаўнікамі органаў дзяржаўнага кіравання і абмяркуюць актуальныя запыты, якія іх хвалююць. Напярэдадні свята ў Міністэрства адукацыі паступалі пытанні, якія дзеці хочуць задаць прадстаўнікам адпаведных органаў. Іх аналіз паказаў, што дзеці цікавяцца змяненнямі ў сістэме адукацыі, аховы здароўя і сацыяльнай сферы. Мы бачым, што падрастаючае пакаленне не застаецца раўнадушным да таго, што адбываецца ў нашай краіне, і гэта важна”.

Шэраг мерапрыемстваў да Міжнароднага дня абароны дзяцей запланаваны Беларускім дзіцячым фондам. Так, яшчэ ў пятніцу, 28 мая, адкрыўся Тыдзень дзяцінства “Няхай заўсёды будзе сонца”. Падчас яго правядзення ў многіх гарадах краіны ладзіліся святкаванні з нагоды найбольш адметнага дзіцячага дня.

“Падчас мерапрыемстваў, што праводзіліся, былі адзначаны тыя, хто выхоўвае прыёмных дзяцей, а таксама мнагадзетныя сем’і, — заўважыла А.Сімакова. — Усё гэта дазволіла зрабіць акцэнт на той рабоце, якая вядзецца ў краіне па падтрымцы, развіцці дзяцей, па стварэнні для іх магчымасцей жыць і выхоўвацца ў добрых умовах, дасягаць поспехаў”.

На працягу 10 гадоў у краіне рэалізуецца Нацыянальны план дзеянняў па паляпшэнні становішча дзяцей і ахове іх правоў. Сёлета будуць падведзены вынікі і актуалізаваны наступныя крокі, якія вызначаць спецыфіку далейшай работы ў згаданым кірунку.

“Ужо распрацоўваецца Нацыянальны план дзеянняў па паляпшэнні становішча дзяцей і ахове іх правоў” на 2022—2026 гады, — звярнула ўвагу спецыяліст Міністэрства адукацыі. — Рэспубліканскія органы дзяржаўнага кіравання, аблвыканкамы, грамадскія аб’яднанні заўважаюць значныя змяненні ў становішчы дзяцей за апошнія 5—10 гадоў, але гавораць і пра тое, што яшчэ ёсць на што звярнуць увагу”.

Сярод самых значных падзей апошніх дзесяцігоддзяў, па словах Алены Сімаковай, можна назваць развіццё прававой адукацыі дзяцей. Сёння дзеткі — актыўныя ў­дзельнікі нашага грамадскага жыцця, а значыць, яны таксама маюць патрэбу ў актуальнай прававой інфармацыі. Для гэтага ў краіне функцыянуе дзіцячы прававы сайт, а таксама створана сістэма кансультавання дзяцей і бацькоў па пытаннях абароны правоў непаўналетніх.

“Працягвае развівацца сістэма аховы дзяцінства, сямейнага ўладкавання дзяцей, што засталіся без апекі бацькоў, а таксама сістэма адукацыі. Гэты працэс у­ключае ў сябе развіццё адукацыйных праграм, іх удасканаленне, павышэнне даступнасці і якасці адукацыі, развіццё сістэмы выхавання дзяцей і моладзі ў сістэме адукацыі і ў грамадстве ў цэлым. У нашых дзяцей ёсць магчымасць вызначыцца з будучай прафесіяй яшчэ падчас навучання ў школе. Інфармацыйна-адукацыйны праект “ШАГ” дазваляе навучэнцам сустракацца з прадстаўнікамі дзяржаўных органаў і атрымліваць адказы на пытанні, што іх цікавяць. Таксама развіваецца сістэма прафілактыкі безнагляднасці і павапарушэнняў. У гэтым кірунку штогод удасканальваецца заканадаўства. Так, у мінулым годзе Міністэрствам адукацыі сумесна з іншымі кампетэнтнымі органамі быў праве­дзены прававы маніторынг, прааналізаваны механізмы абароны правоў і законных інтарэсаў дзяцей, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы”, — адзначыла галоўны спецыяліст Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі.

У краіне вялікая ўвага ўдзяляецца развіццю фізічнай культуры і спорту сярод дзяцей. Справаздача Нацыянальнага плана па паляпшэнні становішча дзяцей і ахове іх правоў за мінулы год паказвае, што летась заняткамі спортам было ахоплена больш чым 2 мільёны дзяцей.

Важным дасягненнем у сістэ­ме аховы дзяцей з’яўляецца ўдасканаленне механізма аказання псіхалагічнай дапамогі. Сучаснае грамадства востра рэагуе на праяўленне булінгу і іншых негатыўных з’яў у дзіцячым асяроддзі, а значыц­ь, трэба ведаць і знаходзіць шляхі не толькі эфектыўнай, але і імгненнай дапамогі. Так, ужо на працягу двух гадоў працуе Рэспубліканскі цэнтр псіхалагічнай дапамогі, а ў кожным раёне краіны ёсць службы псіхалагічнай дапамогі. Зрабіць гэтую сістэму яшчэ больш даступнай — агульная задача і педагогаў, і баць­коў. Яна накіравана на тое, каб у нашай краіне дзеці адчувалі сябе абароненымі.

“Сёння развіваецца сітэма а­здараўлення і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, — адзначыла А.Сімакова. — У гэтым кірунку вядзецца работа па ўвядзенні інавацыйных форм дадатковай адукацыі. Не так даўно пачаў функцыянаваць Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк, які працуе на выяўленне і падтрымку адораных дзяцей і дазваляе ім паспрабаваць сябе ў даследчай дзейнасці. 

Нацыянальны план дзеянняў па абароне дзяцей на наступныя пяць гадоў будзе ўключаць план па ўдасканаленні і развіцці ўсынаўлення. Функцыянаванне Нацыянальнай камісіі па правах дзіцяці, работа па рэалізацыі краінавых праектаў, такіх як Нацыянальны план па паляпшэнні становішча дзяцей, дазваляюць сачыць за дынамікай развіцця механізмаў падтрымкі дзяцей, паляпшаць іх становішча, забяспечваць абарону іх правоў і законных інтарэсаў.

Сёння, у Міжнародны дзень абароны дзяцей, віншую ўсіх, хто датычны да выхавання дзяцей, і саміх дзетак з іх святам, бо менавіта інтарэсы дзяцей для нас, дарослых, заўсёды будуць у прыя­рытэце”.

Наталля САХНО.
Фота Вольгі ДУБІК.