Кабінет па вывучэнні правіл дарожнага руху ў Бабініцкай школе стаў выдатнай базай для падрыхтоўкі юных інспектараў

- 16:08Образование

Ведаць правілы дарожнага руху і навучыць ім астатніх — мэта прафарыентацыйнага клуба прававой накіраванасці “Дарожны дазор”, які з пачатку каляндарнага года дзейнічае ў Бабініцкай сярэдняй школе Аршанскага раёна. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Каб наладзіць эфектыўны працэс навучання, у Бабініцкай школе адкрылі сучасны кабінет па вывучэнні правіл дарожнага руху. Як адзначыў дырэктар навучальнай установы Леанід Фамін, асноўнай прычынай для адкрыцця клуба і тэматычнага кабінета стала развіццё ў вучнёўскім асяроддзі культуры бяспечных паводзін на дарогах, засваенне навыкаў аказання першай дапамогі падчас дарожна-транспартных здарэнняў.

“Навучанне правілам дарожнага руху — вельмі актуальная частка выхавання дзяцей і падлеткаў, таму нашым цесным партнёрам стаў аддзел ДАІ Аршанскага РУУС. Прафілактыка дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму — адна з прыярытэтных задач дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі, таму яе супрацоўнікі — пастаянныя ўдзельнікі ўсіх нашых мерапрыемстваў”, — працягваў дырэктар школы. 

Па-сучаснаму абсталяваны клас па вывучэнні правіл дарожнага руху дапамагае зрабіць працэс навучання больш цікавым і запамінальным. На камп’ютарах можна вывучаць правілы дарожнага руху (і прайсці адпаведнае тэсціраванне), тут жа размешчаны інфармацыйныя стэнды для вывучэння дарожных знакаў і разметкі. Для замацавання атрыманых ведаў на практыцы створаны макет аўтагарадка, ёсць спецыяльныя трэнажоры.

Кабінет стаў выдатнай базай для навучання юных інспектараў руху. Дарэчы, першы атрад юных інспектараў дарожнага руху ў Бабініцкай школе быў арганізаваны ў 1985 годзе і годна прадстаўляў установу адукацыі на спаборніцтвах абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў. Сённяшнія школьнікі працягваюць закладзеныя традыцыі. 

І дапамагае ў гэтым гістарычны куток, створаны ў кабінеце. Дзеці могуць выву­чыць этапы развіцця аддзела ДАІ РУУС Аршанскага райвыканкама, паглядзець архіўныя фатаграфіі, азнаёміцца з форменным абмундзіраваннем інспектара ДПС, больш даведацца пра штодзённую працу супрацоўнікаў ДАІ. Для некаторых гэта можа ­стаць зыходным пунктам у выбары прафесіі.

На сёння ўдзельнікамі прафарыентацыйнага клуба “Дарожны дазор” з’яўляюцца каля 20 вучняў 5—10 класаў. Кіруе клубам Яўген Мікалаевіч Арлоў, кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні. Але, як заўважыў дырэктар школы Леанід Фамін, адказнасць за дзейнасць клуба калектыўная. Нездарма асноўным прынцыпам навучання з’яўляецца “роўны вучыць роўнага”.  

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА