Кадэцкае братэрства

- 10:00Адукацыйная прастора

Гродзенскае абласное кадэцкае вучылішча адзначыла 10-годдзе. Урачыстае мерапрыемства з нагоды юбілею сабрала не толькі сённяшніх навучэнцаў кадэцкага вучылішча і іх бацькоў, але і выпускнікоў, кіраўнікоў сілавых структур, прадстаўнікоў мясцовых органаў улады, устаноў і прадпрыемстваў рэгіёна, грамадскіх арганізацый.

Кадэтаў віншуе Юрый Караеў.

Дзесяцігоддзе стала для ўстановы адукацыі перыядам станаўлення, калі зарадзіліся свае традыцыі, вучылішча ўмацавала імідж у рэгіёне, набыло сяброў і партнёраў. За 10 гадоў 169 юнакоў і дзяўчат сталі выпускнікамі вучылішча. Большасць з іх паступілі ва ўстановы вышэйшай адукацыі, якія рыхтуюць кадры для дзяржаўных органаў, што гарантуюць нацыянальную бяспеку Рэспублікі Беларусь.

Павіншаваць кадэтаў з іх святам, уручыць граматы і падарункі прыехаў памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў. Ён падкрэсліў, што роля кадэцкага вучылішча ў выхаванні падрастаючага пакалення — бясцэнная.

“Сённяшнія кадэты — будучыя абаронцы Радзімы, 80 працэнтаў выпускнікоў паступаюць ва ўстановы вышэйшай адукацыі МНС, МУС, ваенныя вучылішчы, — адзначыў Юрый Караеў. — Дысцыпліна, распарадак дня, грунтоўныя веды і фізічная падрыхтоўка, — складнікі выхавання, якіх не хапае ў некаторых сем’ях. Кадэцкае вучылішча выхоўвае сапраўдных патрыётаў сваёй Радзімы”. 

Установе адукацыі Юрыў Караеў уручыў сертыфікат на набыццё спартыўнага інвентару, а выпускнікам, імёны якіх занесены ў Кнігу гонару вучылішча, і лепшым кадэтам — юбілейныя медалі і падарункі.

Павіншаваў кадэтаў са святам і начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслан Абрамчык: “Гэта толькі першы юбілей, у кадэцкага вучылішча ўсё наперадзе. За апошнія гады ўдалося ўкласці значныя сродкі ў развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы, стварэнне ўмоў дла падрыхтоўкі курсантаў: абсталяваны новы пляц, пабудаваны стадыён. Рыхтуецца праектнае рашэнне будаўніцтва новых карпусоў на тэрыторыі вучылішча, спартыўнай залы, інтэрната, харчаблока. Я ўпэўнены, што дзякуючы падтрымцы Гродзенскага аблвыканкама гэтыя праекты будуць рэалізаваны. Нават калі не кожны з сённяшніх кадэтаў стане ваеннаслужачым, супрацоўнікам органаў правапарадку, веды, навыкі дысцыплінаванага жыцця, зносін у калектыве, калі ад кожнага залежыць поспех агульнай справы, прынясуць ім нямала карысці”. 

За 10 гадоў 169 юнакоў і дзяўчат сталі выпускнікамі вучылішча. Большасць з іх паступілі ва ўстановы вышэйшай адукацыі, якія рыхтуюць кадры для дзяржаўных органаў, што гарантуюць нацыянальную бяспеку Рэспублікі Беларусь.

Выказаўшы падзяку адміністрацыі, педагогам і выхавальнікам установы адукацыі, Руслан Абрамчык падкрэсліў, што наперадзе ў педагагічнага калектыву шмат адказных спраў: “Вучылішча павінна стаць цэнтрам патрыятычнага выхавання ў Гродзенскай вобласці, ядром павышэння кваліфікацыі і ўдасканалення метадычнай работы ўсіх кіраўнікоў ваенна-патрыятычнага выхавання рэгіёна”. Ужо ў хуткім часе на базе кадэцкага вучылішча пройдуць першыя курсы павышэння кваліфікацыі гэтых спецыялістаў сістэмы адукацыі.

Ад імя ўсяго беларускага кадэцтва да юбіляраў звярнуўся старшыня Рэспубліканскага савета грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз сувораўцаў і кадэтаў” Сяргей Жыціхін. Ён падкрэсліў, што пройдзены 10-гадовы шлях станаўлення, і цяпер час рухацца наперад, развівацца, каб стаць адной з вядучых устаноў сістэмы кадэцкай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь.

Дырэктар Гродзенскага кадэцкага вучылішча Сяргей Якубовіч не толькі падзякаваў за ўвагу і падарункі з нагоды юбілею, але і падкрэсліў: “Мы штодзённа адчуваем падтрымку і ўвагу з боку кіраўніцтва Гродзенскага аблвыканкама, галоўнага ўпраўлення адукацыі, сілавых структур, грамадскіх аб’яднанняў, прадпрыемстваў і арганізацый. Гэта для нас не толькі істотная дапамога, але і стымул не падвесці вас і рухацца наперад. У нас ёсць мэты, задачы па дасягненні азначаных вышынь”. 

Вялікую падзяку кіраўнік кадэцкага вучылішча выказаў бацькам курсантаў за выхаванне дзяцей і дапамогу ў вырашэнні арганізацыйных пытанняў.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.