Кадэцкае свята

На працягу верасня жыццё ў НДЦ “Зубраня”праходзіла пад знакам кадэцкага сяброўства. Марш-парадам, піратэхнічным шоу, выступленнем роты ганаровай варты Універсітэта грамадзянскай абароны МНС Рэспублікі Беларусь, канцэртам творчых калектываў, кадэцкім балем, а таксама ўзнагароджваннем пераможцаў конкурснай і ваенна-спартыўнай праграмы запомніцца ўдзельнікам ХІІ грамадзянска-патрыятычнай кадэцкай змены навучэнцаў Саюзнай дзяржавы “За гонар Айчыны” чацвер, 27 верасня. Больш за 500 кадэтаў Беларусі і Расіі ўдзельнічалі ў мерапрыемствах Дня Саюзнай дзяржавы.

Штогадовая кадэцкая змена “За гонар Айчыны” займае асаблівае месца ў жыцці “Зубраняці”, паколькі адным з асноўных напрамкаў дзейнасці Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра з’яўляецца грамадзянска-патрыятычнае выхаванне моладзі. Па добрай традыцыі, у пачатку навучальнага года з усіх рэгіёнаў Беларусі і многіх рэгіёнаў Расіі на бераг Нарачы прыязджаюць навучэнцы кадэцкіх класаў і спецыялізаваных кадэцкіх навучальных устаноў. Праводзіцца змена з мэтай папулярызацыі кадэцкага руху, наладжвання абмену вопытам у арганізацыі дзейнасці кадэцкіх навучальных устаноў, садзейнічання інтэлектуальнаму, культурнаму, фізічнаму і маральнаму развіццю хлопцаў і дзяўчат ва ўзросце 14— 16 гадоў, развіцця іх лідарскіх якасцей, выхавання любові да Радзімы.

У 12-ы раз у “Зубраня” прыехалі сапраўдныя патрыёты, лідары, будучая эліта нашай арміі ды і проста прыстойныя людзі. А з прыстойнымі людзьмі заўсёды прыемна мець стасункі. Як адзначыла выхавальніца 4-га ляснога атрада Анастасія Паўлаўна Радзевіч, кадэты значна больш дысцыплінаваныя ў параўнанні з равеснікамі. Да таго ж яны цікавыя суразмоўцы. Хоць і падлеткі, а ўжо амаль салдаты. Пры гэтым за строгай кадэцкай формай прыхоўваюцца ранімыя, тонкія натуры. Шмат хто з іх цудоўна малюе, спявае, іграе на музычных інструментах.

Кожная змена праходзіць па-зубраняцку ярка і запамінальна. Праграмай прадугледжаны ўрачыстыя цырымоніі адкрыцця і закрыцця змены, шматлікія экскурсіі (“Званы Хатыні”, “Мінск горад-герой — Брэст крэпасць-герой”, фальклорнае “Нарачанскае Наваселле”, ва ўстановы вышэйшай адукацыі і на факультэты ваеннага профілю), агляд-конкурс строю і песні, ваенна-спартыўная эстафета “Ураган”, спаборніцтвы па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, конкурсы прэзентацый дэлегацый, інсцэніраванай ваенна-патрыятычнай песні, конкурс знаўцаў ваеннай гісторыі, мерапрыемствы з нагоды Года малой радзімы (напрыклад, выстава-калаж “Музей у чамадане”). Адной з цэнтральных падзей змены з’яўляецца Дзень Саюзнай дзяржавы — свята, якое сведчыць пра даўнія сяброўскія адносіны паміж беларускімі і расійскімі кадэтамі.

Марш-парад, піратэхнічнае шоу, урачысты вынас копіі сцяга Перамогі, выступленне роты ганаровай варты Універсітэта грамадзянскай абароны МНС Рэспублікі Беларусь, ускладанне кветак да помніка-гарматы Герою Савецкага Саюза камсамольцу-гвардзейцу Пятру Панамарову, канцэрт творчых калектываў, кадэцкі баль — усё гэта было потым. А спачатку было ўрачыстае пастраенне, рознакаляровыя сцягі, якія надзвычай прыгожа развіваліся на фоне блакітнага неба і аблокаў, непрыхаванае хваляванне на тварах кадэтаў у чаканні ўрачыстага моманту. Былі яшчэ і хлеб-соль для пачэсных гасцей.

Як паведаміла начальнік Дэпартамента фінансаў і бюджэтнай палітыкі Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы Ірына Львоўна Паўлоўская, бюджэт Саюзнай дзяржавы на 2019 год з’яўляецца сацыяльна арыентаваным, значныя фінансавыя выдаткі будуць накіраваны на аздараўленне дзяцей, рэалізацыю сацыяльных праектаў, у тым ліку правядзенне кадэцкай змены “За гонар Айчыны”. “Мерапрыемствы, якія праходзяць па лініі Саюзнай дзяржавы і звязаны з аздараўленнем дзяцей, абменам творчымі навыкамі, маю ць велізарнае значэнне. Сённяшнія дзеці — гэта наша змена, менавіта яны будуць заўтра ўмацоўваць сяброўскія сувязі паміж народамі Беларусі і Расіі”, — адзначыла Ірына Львоўна.

За гады змены ў ёй прынялі ўд зел больш за 5 тысяч навучэнцаў з 40 рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі і ўсіх рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь. У першай кадэцкай змене, якая адбылася ў 2007 годзе, Расію прадстаўлялі кадэты са Смаленска і Арэнбурга, Беларусь — з Магілёва і Слоніма. Паступова колькасць удзельнікаў і іх геаграфія пашыраліся. У гэтым годзе адпачываць у Нарачанскі край прыехалі ў тым ліку кадэты з Якуцка (Рэспубліка Саха), а таксама Іжэўска (Удмурцкая Рэспубліка), ваенна-патрыятычных класаў Любані, Гродна, Гомеля. Усяго ў змене ўдзельнічае 42 дэлегацыя (па 21 ад Беларусі і Расіі). Атмасфера сяброўства, яднання і ўзаемаразумення, якая пануе сярод кадэтаў, мяняе іх адносіны адно да аднаго, уплывае на светапогляд, выбар жыццёвага шляху. Час, праведзены ў “Зубраняці”, застанецца ў памяці назаўсёды.

“Гэтаму яркаму патрыятычнаму праекту Саюзная дзяржава надае асаблівае значэнне, бо ва ўсе часы воіны ўвасаблялі гордасць нацыі. Упэўнены, што ўдзел у ваенна-патрыятычных і спартыўных гульнях, сяброўскія стасункі і знаёмства з культурна-гістарычнай спадчынай беларускай зямлі стануць яркай, запамінальнай старонкай вашага жыцця”, — адзначыў у прывітальным слове дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Аляксеевіч Рапота. Дарэчы, загадам дзяржаўнага сакратара за вялікі ўклад у развіццё інтэграцыйных працэсаў паміж Расіяй і Беларуссю ў сферы адукацыі, шматгадовую плённую работу па грамадзянска-патрыятычным выхаванні моладзі, падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемстваў Саюзнай дзяржавы дырэктару НДЦ “Зубраня” Надзеі Генадзьеўне Ануфрыевай была аб’яўлена падзяка.

Свае ўзнагароды ў выглядзе дыпломаў і кубкаў атрымалі прызёры і пераможцы конкурсу агляду строю і песні, а таксама ваенна-спартыўнай эстафеты “Ураган”. Лідарам па колькасці ўзнагарод сталі прадстаўнікі Спецыялізаванага ліцэя пры Універсітэце грамадзянскай абароны МНС Рэспублікі Беларусь. Каманда ўстановы заняла першыя месцы ў названых спаборніцтвах у катэгорыі кадэцкіх карпусоў і вучылішчаў, а таксама 1-е агульнакаманднае месца.

Хто ён, кадэт? Будучы ваенны? Эліта нашай арміі? Чалавек, для якога паняцце афіцэрскага гонару з’яўляецца святыняй? Безумоўна! Шчыры патрыёт? Канечне! Сапраўдны грамадзянін? Так, вядома! Не ўсе кадэты стануць прафесійнымі ваеннымі, затое годнымі людзьмі — дакладна. Дзеля гэтага і праводзіцца штогод кадэцкая змена “За гонар Айчыны”.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.