Кадэцкае сяброўства захоўваецца назаўсёды

У сярэдняй школе № 68 Мінска адбылася традыцыйная сяброўская сустрэча вучняў класаў прававой накіраванасці з навучэнцамі Тамбоўскага шматпрофільнага кадэцкага корпуса імя Героя Савецкага Саюза лётчыка-касманаўта СССР Л.С.Дзёміна.

Сярод ганаровых гасцей прысутнічалі дырэктар Тамбоўскай кадэцкай школы Мікалай Хвораў, старшы выхавальнік Андрэй Пашынін, заслужаны настаўнік Расійскай Федэрацыі настаўніца рускай мовы і літаратуры Галіна Няволіна.

Дырэктар сярэдняй школы № 68 Мінска Вікторыя Нямковіч у сваім прывітальным слове павіншавала ўсіх прысутных з працягам міжнароднага дагавора паміж 68-й школай і Тамбоўскім шматпрофільным кадэцкім корпусам, а таксама адзначыла важнасць і неабходнасць супрацоўніцтва паміж навучальнымі ўстановамі як для абмену педагагічным вопытам па пытаннях навучання і выхавання дзяцей, так і для ўмацавання дружбы паміж навучэнцамі і педагогамі.

“Кадэтам быць прэстыжна, таму што абарона Радзімы заўсёды з’яўлялася найвышэйшай мерай мужнасці, грамадзянскай адказнасці”, — адзначыў дырэктар Тамбоўскай кадэцкай школы Мікалай Хвораў. Таксама ён акцэнтаваў увагу на тое, што супрацоўніцтва паміж дзвюма ўстановамі адукацыі за гэтыя гады прынесла шмат новага, цікавага, а галоўнае, карыснага для навучэнцаў, што ў многім паспрыяла фарміраванню іх грамадзянскай пазіцыі.

Мікалай Ягоравіч уручыў падзяку за эфектыўную працу педагагічнаму калектыву школы і каштоўныя падарункі. Гаспадары школы ў сваю чаргу падарылі гасцям памятныя сувеніры ў выглядзе пернікаў з выявамі славутых мясцін Мінска.

У межах сустрэчы былі запланаваны разнастайныя мерапрыемствы: падпісанне плана работы на 2018/2019 навучальны год, майстар-клас па валенні “Народныя промыслы”, гульня-квест “Сем цудаў Беларусі, або Размаўляем па-беларуску”, святочны канцэрт “Как здорово, что все мы здесь сегодня собрались”. Скончылася сустрэча цёплымі зносінамі за чаем.

Падобныя сустрэчы заўсёды доўгачаканыя і праходзяць у асаблівай атмасферы. Кадэты з Тамбова падзяліліся з кадэтамі прававых класаў школы № 68 сваімі ўражаннямі аб вучобе, культурным вольным часе.

Гэтая сустрэча яшчэ адзін доказ таго, што кадэцкае жыццё і кадэцкае сяброўства захоўваюцца назаўсёды.

Падрыхтавала Наталля КАЛЯДЗІЧ.