«Кадравая лесвіца», «Рабі як трэба», «Прэс-код»… У якіх праектах і конкурсах прымае ўдзел актыўная моладзь?

- 11:04Новости

Аб праектах і конкурсах з удзелам адоранай і таленавітай моладзі падчас прэс-канферэнцыі расказаў сакратар ЦК БРСМ Павел Алекса, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

— Юнакі і дзяўчаты, з якімі мы працуем, нашы актывісты, набываюць навыкі, што дазваляюць ім развівацца ў розных сферах,падкрэсліў выступовец. — Прыклад таму праект «Кадравая лесвіца». Ён рэалізуецца па ініцыятыве РГА «Белая Русь», БРСМ і БДУ. Калі гаварыць пра раскрыццё творчага патэнцыялу, то ўспомнім конкурсы «Студэнт года», «Каралева студэнцтва». Моладзь, якая займаецца навукай, інавацыямі, прымае ўдзел у конкурсе «100 ідэй для Беларусі».

БРСМ працуе з маладымі людзьмі ў рамках маладзёжных атрадаў аховы правапарадку. Тых, хто паказаў сябе ў гэтым кірунку, заахвочваюць нагруднымі знакамі, падзякамі. Адзначаюцца і тыя, хто праявіў сябе на дзяжурстве разам з Асводам, прымаў удзел у выратаванні людзей на вадзе. Моладзь, занятая ў сферы сельскай гаспадаркі, удзельнічае ў конкурсе «Уладар сяла».

У мінулым годзе на міжнародным фестывалі-конкурсе ваенна-патрыятычнай песні «Салдацкі канверт» у Стаўрапалі беларус Яўген Курчыч атрымаў гран-пры. Успомнім і пра конкурс малюнкаў «Хатынь вачыма дзяцей».

— Пачынаючых журналістаў і блогераў можа зацікавіць праект «Прэс-код», — працягвае П. Алекса. — Мы шырока асвятляем вынікі гэтай ініцыятывы, дапамагаем юнакам і дзяўчатам звязвацца з арганізацыямі і структурамі, якія могуць быць у іх зацікаўлены. Акрамя таго, выдаём рэкамендацыі для паступлення ў ВНУ. Маладым людзям, якія рэалізавалі сябе ў сферы валанцёрства, — ва ўніверсітэты педагагічнага профілю, а тым, хто праявіў сябе ў кірунку аховы правапарадку, — на паступленне ва ўстановы сілавой накіраванасці.

«Рабі як трэба» — цікавы інфармацыйна-асветніцкі праект Беларускага камітэта маладзёжных арганізацый, у які ўваходзіць БРСМ. Згодна з данымі сацапытання, праведзенага на анлайн-платформе Меркаванне.бел, яго арганізатары высветлілі, што ў маладых людзей ёсць запыт на такую форму работы, як сустрэчы, інфармацыйныя сходы, круглыя сталы. Спікеры, якіх яны хочуць бачыць, павінны быць таксама маладымі, актыўнымі, крэатыўнымі і пры гэтым мець значныя дасягненні.

Адкрывала праект першая беларуская жанчына-касманаўт Марына Васілеўская. Яна не проста выступіла перад аўдыторыяй, але і правяла майстар-клас, падчас якога рабіла касмічную зарадку, стварала арыгамі і інш. Прайшлі сустрэчы з прадстаўнікамі маладзёжнага парламента, маладымі выканаўцамі, паспяховым дызайнерам, маладым выкладчыкам Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, уладальнікам ганаровага звання «Віцяблянін года» Мікітам Захарчуком.

— Да праекта мы далучылі нават вядомы завод МАЗ («Рабі як трэба з МАЗ»), — адзначае П. Алекса. — На сустрэчу с моладдзю завітаў капітан каманды «МАЗ-СПОРТаўта» Сяргей Вязовіч — неаднаразовы прызёр «Дакара», «Шаўковага шляху» і інш. Аб Беларусі мяркуюць і па такіх людзях, як брастаўчанін Віктар Братчэня — 22-разовы чэмпіён свету па армрэслінгу, з якім таксама сустракалася наша моладзь.

Сёння ў дзяржавы ёсць усе інструменты для падтрымкі самых амбіцыйных і нестандартных ідэй. У гэтай сувязі назаву Рэспубліканскі конкурс маладзёжных ініцыятыў. Яго пераможцы атрымліваюць фінансаванне на рэалізацыю сваіх праектаў. У 2024 г. на гэтыя мэты накіравалі больш як 800 тыс. рублёў. Адзін з такіх праектаў — «Асаблівы модны паказ «Каляровыя сны» валанцёрскага клуба «СЛОН» БДУКМ. Сутнасць ініцыятывы ў тым, што юнакі і дзяўчаты з АПФР, у тым ліку дзеці-сіроты, выхаванцы дамоў і школ-інтэрнатаў атрымалі магчымасць пераўвасобіцца ў сапраўдныя мадэлі, выйсці на сцэну і прадэманстраваць калекцыі беларускіх і расійскіх дызайнераў.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота БелТА