Кадравыя пытанні з’яўляюцца асноватворнымі

У Беларусі будзе прадоўжана тэндэнцыя амаладжэння кіруючых кадраў. Аб гэтым у эфіры тэлеканала СТБ расказала кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава.

Наталля Качанава адзначыла, што кадравыя пытанні з’яўляюцца асноватворнымі, у краіне сфарміраваны адпаведныя рэзервы. “У нас ёсць Акадэмія кіравання пры прэзідэнце, дзе сёння перагледжаны праграмы. Акрамя таго, у нас ёсць кадравыя рэзервы, кадравы рэестр кіраўніка дзяржавы, які пастаянна абнаўляецца. Акрамя таго, мы маем спецыяльны рэзерв, куды ўваходзяць тыя маладыя людзі, якія ўжо выбралі для сябе такі шлях — дзяржаўную службу. Іх больш за 70 чалавек, і ўжо ёсць тыя, якія назначаны на даволі высокія пасады ў нашай краіне”, — сказала кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта.

Яна дадала, што нядаўна сустракалася ў Акадэміі кіравання з групай кіраўнікоў раённых і гарадскіх выканкамаў, якія былі назначаны ў 2018—2019 гадах. І гэта ў асноўным адносна маладыя лю­дзі. Такім чынам, тэндэнцыя амаладжэння кадраў будзе прадоўжана, падкрэсліла Наталля Качанава.

Кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта адзначыла і неабходнасць ратацыі кадраў. “Змена месца і займаемай пасады — гэта правільна. Для таго каб эфектыўна працаваць на даволі высокай пасадзе, трэба прайсці ўсе этапы”, — сказала яна.

Адказваючы на пытанне, чаму ў дзяржкіраванні, паводле даных Белстата, доля жанчын перавышае 55 працэнтаў, Наталля Качанава сказала, што жанчынам уласціва большая выканаўчасць, яны больш скрупулёзныя. Пры гэтым расце колькасць жанчын сярод кіраўнікоў. “Гэта натуральны працэс. Жанчына ўжо не хоча больш сядзець дома і проста займацца гаспадарчымі справамі, яна хоча праца­ваць. І працаваць там, дзе ёй падабаецца, — заўважыла кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта. — Сёння, паглядзіце, у Гомельскай вобласці ўжо 4 жанчыны працуюць кіраўнікамі раёнаў. А колькі жанчын займаюцца навукай, служаць ва Узброеных Сілах, працуюць у сілавых структурах! Таму я скажу, што жанчыны актыўна наступаюць на тыя пазіцыі, якія яшчэ нядаўна належалі мужчынам”.