Кадзінскія львы

- 10:12Адукацыйная прастора, Навіны рэгіёнаў

Як прывіць маладому пакаленню любоў да спорту? Сваімі падыходамі да навучання дзеліцца настаўнік фізічнай культуры і здароўя Кадзінскай сярэдняй школы Магілёўскага раёна Леанід Камароў.

 

Галоўнае — захапіць

Выбар прафесіі ў свой час Леа­нід Камароў зрабіў свядома. Да заняткаў спортам ён далучыўся з дзяцінства.

— Усе вечары праводзіў у школьнай спартзале. І менавіта педагог Дзмітрый Іванавіч Яфімчанка шмат у чым натхніў мяне на настаўніцтва. Паступаючы ў тагачаснае Магілёўскае педагагічнае вучылішча, дакладна ведаў: буду выкладаць фізкультуру, — успамінае Леанід Апанасавіч.

Тыя юнацкія імкненні аказаліся правільнымі. У гэтым Леа­нід Камароў пераканаўся неаднойчы. А за яго плячыма ўжо 48 гадоў педагагічнага стажу.

За амаль 5 дзесяцігоддзяў Леанід Апанасавіч выпрацаваў свае падыходы да паспяховага навучання. Ён імкнецца заха­піць вучняў. Менавіта захапіць, зацікавіць, таму што ўпэўнены: калі прымушаць займацца, нічога добрага з гэтага не выйдзе.

— І зараз выкарыстоўваю тыя метадычныя прыёмы, якім мяне навучалі ў вучылішчы і пасля ва ўніверсітэце. Але стараюся гарманічна сумяшчаць іх з сучаснымі адукацыйнымі тэхналогіямі. Пастаянна займаюся самаадукацыяй, укараняю ў працэс навучання нешта новае. Часам нават адзінкавае практыкаванне можа істотна павысіць эфектыўнасць заняткаў ці трэніроўкі, — кажа Леанід Камароў.

Леанід Камароў стварыў хакейную каманду, якая сёння добра вядомая па ўсёй краіне.

На ўроках у Леаніда Апанасавіча заўсёды пануе жалезная дысцыпліна, але навучэнцы хо­дзяць на іх з задавальненнем. А ўсё таму, што педагог імк­нецца знайсці індывідуальны падыход да кожнага. Ён выкарыстоўвае метады і заданні, зыходзячы з магчымасцей і інтарэсаў таго ці іншага дзіцяці, а таксама імкнецца ра­біць заняткі сістэмнымі, крок за крокам падводзячы навучэнцаў да фізічнага самаўдаскана-
лення.

Асаблівая тэма — хакей

Матывацыю да заняткаў фізкультурай Леанід Апанасавіч павышае і асабістым прыкладам. Разам з навучэнцамі ён выконвае практыкаванні і нават на канькі ўстае. Дарэчы, канькі і хакей для яго — асаблівая тэма. З моманту адкрыцця школы ён стварыў пры ёй хакейную каманду, якая сёння добра вядомая па ўсёй краіне.

— У нашай камандзе “Кадзінскія львы” некалькі груп: “Надзея”, у якую ўваходзяць малодшыя вучні, “Юнацтва”, дзе трэніруюцца старэйшыя хлопцы, і “Легенда”, у складзе якой выпускнікі школы. Не рэдкасць, калі ў вучнёўскіх групах гуляюць сыны, а ў “Легендзе” — бацька ці дзядзька. Такая пераем­насць назіраецца і ў іншых відах спорту. Мамы і таты з дзецьмі ра­зам право­дзяць вечары ў школьнай спартзале або на стадыёне. Гэта найлепшае пацвярджэнне таго, што асновы здаровага ладу жыцця і любові да спорту закладваюцца ў сям’і. Таму ўзаемадзеянню з бацькамі навучэнцаў у сваёй рабоце ўдзяляю асаблівую ўвагу, — падкрэслівае Леанід Камароў.

Залаты фонд

Вялікае значэнне Леанід Апанасавіч надае і выхаванню вучняў. Ён упэўнены: фарміраванне асобасных якасцей неаддзельнае ад навучання. У ліку прыярытэтаў настаўніка таксама работа з адоранымі навучэнцамі. Ён не толькі выяўляе здольных дзяцей і працуе над развіццём іх талентаў, але і наладзіў цесную сувязь з дзіцяча-юнацкай спартыўнай школай. Дзякуючы асабістаму ўдзелу педагога, для далучэння да спорту ў кадзінскіх школьнікаў ёсць усе ўмовы. У навучальнай установе сучасная спартзала і стадыён, выдатная хакейная пляцоўка, футбольнае поле, лыжная база, трэнажорная зала, зона для заняткаў варкаўтам. Няма праблем і са спартыўным інвентаром.

Нядаўна настаўнік быў прадстаўлены да ўзнагароды медалём “За працоўныя заслугі”.

Усебаковая падтрымка здольных дзяцей прыносіць свае вынікі. Вучні Л.Камарова рэгулярна становяцца пераможцамі і прызёрамі фінальных этапаў рэспубліканскіх спаборніцтваў, на працягу 37 гадоў каманда школы з’яўляецца пераможцай раённай круглагадовай спартакіяды. Асабліва ганарыцца педагог абсалютнай перамогай сваіх навучэнцаў на фізкультурна-спартыўным фестывалі Саюзнай дзяржавы “Алімпійскія надзеі”, а таксама пастаяннымі перамогамі на рэспубліканскіх спаборніцтвах па хакеі “Залатая шайба”. Сем разоў каманда “Кадзінскія львы” станавілася прызёрам заключнага этапу гэтых прэстыжных стартаў. А ўвогуле гэты неардынарны настаўнік падрыхтаваў 32 навучэнцаў для вучылішча алімпійскага рэзерву, многія з якіх сталі майстрамі і кандыдатамі ў майстры спорту, прызёрамі рэспубліканскіх і міжнародных турніраў.

Плённая педагагічная дзейнасць Леаніда Камарова неаднаразова адзначалася ганаровымі граматамі рэгіянальных органаў кіравання адукацыяй, мясцовых выканаўчых улад, Міністэрства адукацыі. Настаўнік узнагаро­джаны нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі”, а нядаўна быў прадстаўлены да ўзнагароды медалём “За працоўныя заслугі”.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.