Каго ж слухаць?!

- 8:22Погляд

Некалькі тыповых памылак, якія дапускаюць абітурыенты ў выбары прафесіі

17 гадоў здараецца толькі раз у жыцці, пры гэтым маладым людзям даводзіцца рабіць вельмі важны жыццёвы выбар — прафесійны. Складаная работа, якая патрабуе асэнсавання ўласных жаданняў і магчымасцей, аналізу велізарнага пераліку прафесій, якія прапаноўваюцца, рынку працы і ў значнай ступені прагназавання. Але наколькі па сілах для 17-гадовых хлопцаў і дзяўчат прыняць правільнае самастойнае рашэнне?
Можна колькі заўгодна гаварыць пра тое, што гэта неабавязкова выбар на ўсё жыццё і ў нашай дынамічнай сучаснасці прафесію лёгка змяніць і перайначыць. Лёгка, ды не лёгка — змене прафесіі вельмі часта папярэднічаюць многія няўдачы і расчараванні. Так ці інакш першы выбар, які маладыя людзі робяць на выхадзе са школы, аказвае сур’ёзны ўплыў на ўсё іх будучае жыццё, і таму да яго трэба ставіцца з усёй адказнасцю.
Сёння мы паспрабуем прааналізаваць найбольш тыповыя памылкі, якія дапускаюць абітурыенты ў выбары прафесіі.

Не слухаюць бацькоў

Проста так адпраўляць 17-гадовых дзяцей у вольнае плаванне, як мінімум, безадказна. Але, скажам шчыра, далёка не ўсе дзеці слухаюць бацькоў. Яны ж ужо дарослыя, самастойныя! Потым ужо, праз многія гады, яны будуць расказваць, маўляў, мама хацела, каб я быў бухгалтарам, а я стаў лётчыкам. І вельмі добра, калі гэта будзе гісторыя поспеху, а не гісторыя жыццёвых бадзянняў. На жаль, грэбаванне бацькоўскім вопытам часта прыводзіць да расчараванняў.
Напэўна, не варта ўказваць дзецям, кім быць (“гэта аплачваю, а гэта не аплачваю”). Але ім абавязкова трэба расказаць тое, што ненавідавоку. Ва ўстановах адукацыі ў каляровых буклетах і жыццесцвярджальных прэзентацыях пакажуць самыя лепшыя бакі кожнай прафесіі: раскажуць і пра сучасныя тэхналогіі, і пра выбітных выкладчыкаў, і пра найноўшае абсталяванне, і пра чэргі работадаўцаў, якія толькі і мараць прызначыць маладым выпускнікам высачэзныя зарплаты. Аднак вельмі многае застанецца “за кадрам”. Пра гэта і павінны расказваць бацькі.
Памылка многіх абітурыентаў заключаецца ў тым, што яны не разумеюць сутнасці многіх прафесій, бачаць толькі вяршкі: калі спецыяльнасць называецца “Банкаўская справа”, значыць, буду кіраваць банкам…
І тут дзяцей трэба “прызямліць”, расказаць ім, што, каб стаць кіраўніком банка, трэба пачынаць у аперацыйным аддзеле, дзе больш кліентаў, чым грошай, і крок за крокам рухацца па кар’ернай лесвіцы, вытрымліваючы магутную канкурэнцыю з тымі, хто таксама марыць пра высокае крэсла.
Хочаш паступаць на юрыдычны — калі ласка! Толькі спачатку падумай, дзе ты будзеш працаваць. Юрыдычных факультэтаў у краіне хоць адбаўляй, але з работай у выпускнікоў, скажам шчыра, нягуста (дарэчы, гэта сусветная практыка: толькі адзінкі з соцень студэнтаў юрыдычных факультэтаў становяцца паспяховымі адвакатамі). Таму, перш чым паступаць на юрыдычны, нядрэнна было б знайсці хаця б аднаго паспяховага юрыста і паразмаўляць з ім. Паверце, вы пачуеце шмат цікавага.
Ва ўстановах адукацыі ведаюць, што абітурыенты ўспрымальныя да гучных назваў спецыяльнасцей. Да любой дадай слова “міжнародны” — і попыт адразу павысіцца. Параўнайце: “Журналістыка” і “Міжнародная журналістыка”, “Права” і “Міжнароднае права”, “Эканоміка” і “Міжнародная эканоміка” — са словам “міжнародны” назвы спецыяльнасцей гучаць больш грунтоўна і прывабна. Зрэшты, на гэта і разлічана. Між тым міжнародная эканоміка — гэта прыкладна тое ж, што міжнародная матэматыка. Дзякуй богу, жывём не ў Паўночнай Карэі, у нас, як і ў іншых краінах свету, дзейнічаюць аб’ектыўныя эканамічныя законы. І міжнародная эканоміка — не дзесьці там, за мяжой, а тут, на кожным прадпрыемстве.
Тое ж можна сказаць і пра міжнароднае права, і пра міжнародную журналістыку. Вы ведаеце каго-небудзь, хто пасля журфака трапіў па размеркаванні ў Associated Press? Я таксама не ведаю.

Напэўна, не варта ўказваць дзецям, кім быць (“гэта аплачваю, а гэта не аплачваю”). Але ім абавязкова трэба расказаць тое, што ненавідавоку.

Менавіта па гэтай прычыне ў размове з дзецьмі неабходна пэўная доля скепсісу. З прафесій, якія яны спрабуюць рамантызаваць, трэба зняць радужны флёр. Аднак пры гэтым важна быць вельмі асцярожным, каб не паламаць дзецям крылы: яны павінны ведаць, што ў любой прафесіі можна дасягнуць найвышэйшага прафесіяналізму і выйсці на міжнародны ўзровень. Але гэта адбудзецца не адразу пасля завяршэння першай ступені вышэйшай адукацыі, спатрэбяцца гады напружанай працы і, безумоўна, пэўны талент.

Слухаюцца бацькоў

Падчас уступнай кампаніі штогод у любой установе адукацыі можна бачыць бацькоў, якія наперадзе сваіх дзяцей-абітурыентаў стаяць ля інфармацыйных стэндаў, задаюць пытанні, а пра паступленне кажуць выключна так: “Мы паступаем”. А калі захочаш пагаварыць з абітурыентам, то бацькі зноў наперадзе: мы рыхтаваліся, мы здавалі ЦТ, мы падалі дакументы… На жаль, за гэтым “мы” вельмі часта не чуваць галасоў саміх абітурыентаў. А потым ва ўніверсітэтах расказваюць, што прыходзяць першакурснікі, якія нават не ведаюць, на каго будуць вучыцца.
На жаль, многія бацькі праз дзяцей спрабуюць рэалізаваць свае няспраўджаныя мары: “Я ўсё жыццё шмат працую, дык няхай мой сынок вывучыцца і будзе над усімі!” Калі, напрыклад, спытаць у абітурыентаў, якія паступаюць на спецыяльнасці, звязаныя з менеджментам, чым яны збіраюцца займацца ў будучыні, то праз адзін адкажуць: “Кіраваць”. Кім кіраваць, чым кіраваць? Ды калі б усе, хто мае ў дыпломе кваліфікацыю “менеджар”, кіравалі, то ў краіне не было б каму працаваць.
Многія выбіраюць прафесію згодна з сямейнай традыцыяй. Здавалася б, што тут доўга думаць: дзяды былі ўрачамі, бацькі былі ўрачамі… Але здараюцца ў прыродзе жарты, і нараджаюцца ў такіх сем’ях грэблівыя дзеці. Адзін такі малады чалавек, нашчадак слаўнай урачэбнай дынастыі, расказваў, што паступіў у медыцынскі ўніверсітэт, нават асабліва не задумваючыся, — сямейная традыцыя! Але потым пачалося самае жахлівае: “Аднакурснікі булачкі ядуць у анатамічцы, а мяне ванітуе. Калі пачалася спецыялізацыя, выбраў прафесію псіхатэрапеўта — далей ад чалавечых целаў. Але і там вытрымаў нядоўга. Адразу пасля адпрацоўкі размеркавання пайшоў гандляваць медыцынскім абсталяваннем. На гэтым мая ўрачэбная кар’ера паспяхова скончылася”. Зараз у нашага героя трое дзяцей, але, калі яны хварэюць, ён выклікае доктара. І амаль 10 гадоў свайго жыцця, звязанага з медыцынай, успамінае з дрыжыкамі.
Безумоўна, выбіраючы прафесію для сваіх дзяцей, бацькі хочуць як лепш. Аднак праблема ў тым, што сёння ніхто не можа дакладна сказаць, якія прафесіі будуць найбольш запатрабаванымі і фінансава прывабнымі праз 10 і тым больш праз 20 гадоў. Я, напрыклад, думаю, што добрыя перспектывы ў прафесіі настаўніка, бо не выцягнуць нашай краіне без светлых галоў. Верагодна, вернецца цікавасць да сельскагаспадарчых прафесій. Многія ўжо стаміліся ад гарадскіх радасцей, а вясковая праца становіцца ўсё больш аўтаматызаванай, жыццё ў вёсцы — усё больш добраўладкаваным, гадаваць дзяцей на прыродзе — здаравей і весялей. Але гэта так — футурыстычныя замалёўкі.
Сённяшнія абітурыенты — тыя людзі, якія будуць задзейнічаны ў эканоміцы ў найбліжэйшыя 40—50 гадоў. Ці можам мы з вялікай верагоднасцю прагназаваць тое, якая дзейнасць будзе для іх паспяховай на працягу жыцця? Наўрад ці. Мы можам гаварыць толькі пра чалавечыя якасці, якія могуць прывесці да поспеху: крэатыўнасць і самастойнасць мыслення, уменне працаваць у камандзе, працавітасць, актыўнасць…
Зараз заканчваюць школу і актыўна паступаюць ва ўніверсітэты дзеці маіх равеснікаў, і я бачу, што ўяўленні бацькоў (якія, між іншым, скончылі ўніверсітэты прыкладна два дзесяцігоддзі назад) аб “правільных” прафесіях часта адстаюць ад рэальнага жыцця. Многія арыентуюцца на тыя прафесіі, якія былі новымі і здаваліся перспектыўнымі ў часы іх юнацтва, а каштоўнасць самога дыплома па-ранейшаму перавышае каштоўнасць ведаў.
Таму, на мой погляд, бацькоўскія парады больш важкія не ў выбары канкрэтных прафесій, а ў справе пазнання дзіцем самога сябе. Няма неталенавітых людзей, і калі ў 17-гадовага чалавека не выявіліся здольнасці ў пэўнай сферы, то ў многім гэта і бацькоўская віна. І не трэба хадзіць за сынам ці дачкой, каб падаць дакументы. Лепш пагутарыце па душах. Можа, ваша дзіця хоча паступіць у іншы горад (ці краіну), можа, на платнае навучанне, але саромеецца пра гэта сказаць і ідзе туды, дзе гарантавана пройдзе на бю-джэт. Але пачуйце яго: ці сапраўды яму патрэбна менавіта гэта?

Не зважаюць на ўласныя (ня)здольнасці

Здараецца, што маладыя людзі выбіраюць прафесію не па здольнасцях, а па нейкіх сваіх крытэрыях (прэстыжнасці, перспектыўнасці, высокааплатнасці і інш). І хоць зараз увялі ніжнюю планку пры паступленні ва ўніверсітэты і перакрылі дарогу абітурыентам з жахліва нізкімі баламі, але дзівакі ўсё роўна “пралазяць”. Бачаць, напрыклад, што прахадны бал на выбраную спецыяльнасць 350, але не саромеюцца прыходзіць са сваімі 120-цю. “Я хачу! Я плачу грошы! А вы мяне вучыце!”
Платнікі — народ для ўніверсітэтаў каштоўны, таму з імі пачынаюць цацкацца. Паўтараюць школьныя праграмы, падцягваюць, як могуць. Але калі чалавек не змог вывучыць матэматыку за 11 гадоў, хіба можа ён навярстаць упушчанае за семестр, тым больш калі група сямімільнымі крокамі ідзе наперад?

Сённяшнія абітурыенты — тыя людзі, якія будуць задзейнічаны ў эканоміцы ў найбліжэйшыя 40—50 гадоў. Ці можам мы з вялікай верагоднасцю прагназаваць тое, якая дзейнасць будзе для іх паспяховай на працягу жыцця? Наўрад ці.

Зрэшты, я дапускаю, што ёсць нейкія выключэнні і здараюцца выпадкі, калі не вельмі паспяховыя абітурыенты ўключаюцца ў працэс і прагрэсіруюць. Але я не веру, што такіх выпадкаў шмат. Універсітэцкія выкладчыкі, калі пытаешся ў іх пра такіх гора-студэнтаў, нават не хочуць гаварыць, так яны іх дапяклі.
У выніку абітурыенцкая саманадзейнасць вылазіць бокам ім самім. Нават калі іх не выганяць за непаспяховасць (лагодны дэкан, грамадская работа, якая вітаецца, да таго ж грошы ў бюджэт універсітэта), то разлічваць на ашаламляльную кар’еру ўсё роўна не даводзіцца. 4—5 гадоў кожную сесію праўдамі і няпраўдамі вымольваць адзнакі, быць пастаянным аўтсайдарам у паспяховай групе і ў выніку атрымаць пасрэдную работу ў якой-небудзь маленькай канторы або ўвогуле пайсці працаваць не па спецыяльнасці… Па шчырасці, вы пра гэта марылі?

Ідуць насуперак уласным жаданням

Вельмі часта можна пачуць: “Здам тэсты, тады і буду вырашаць, куды паступаць”. Пэўная логіка ў гэтым ёсць, бо калі тэсты здаць дрэнна, то прафесійны выбар істотна зменшыцца. Хаця, на мой погляд, больш канструктыўная пазіцыя — выбраць прафесію (як мага раней), паставіць мэту і тады ўжо рыхтавацца так, каб абавязкова паступіць.
Ідэальная сітуацыя, калі абітурыент дакладна ведае, што ён хоча. Тады яму ўсё роўна, прэстыжная выбраная ім прафесія ці непрэстыжная, высокааплатная ці так сабе, у сярэднім дыяпазоне, у родным горадзе трэба вучыцца ці ехаць далёка.
На жаль, многія абітурыенты здраджваюць сваёй мары, баючыся падаваць дакументы на жаданыя факультэты. На першае месца ў выбары прафесіі выходзіць такі крытэрый, як бюджэтнае навучанне. Вось часта і атрымліваецца: марылі пра медыцынскі, паступілі ў педагагічны!
Здараюцца і іншыя сітуацыі, у якія трапляюць добра падрыхтаваныя абітурыенты. Напрыклад, пераможцы алімпіяд часцей за ўсё паступаюць ва ўніверсітэт згодна з профілем, атаясамліваючы вучэбны прадмет з пэўнай спецыяльнасцю. Пры гэтым яны забываюцца, што біялогія — гэта не медыцына, а матэматыка — не ІТ… Згаданыя прадметы, безумоўна, дапамогуць асвоіць і медыцыну, і інфармацыйныя тэхналогіі, але ці гэтым хацелі займацца маладыя людзі, глыбока ўнікаючы ў адпаведныя прадметы?
Пры гэтым калі, напрыклад, пераможца алімпіяды па фізіцы ці матэматыцы, насуперак ужо наяўнай традыцыі, выбірае не ІТ-спецыяльнасць, а фізфак, то сутыкаецца з вялікім непаразуменнем: “Як можна адмовіцца ад ІТ, дзе слава і грошы, і ісці на фізфак, куды практычна няма конкурсу?!”
У грамадстве сапраўды існуе меркаванне, што ўсе матэматыкі павінны хацець стаць праграмістамі. Можна падумаць, што камп’ютарныя праграмы накормяць нас, адвязуць на работу, сканструююць для нас той жа смартфон ці планшэт! На шчасце, ёсць матэматычна здольныя маладыя людзі, якія выбіраюць не толькі ІТ, але і кан-структарскія, тэхналагічныя, навуковыя спецыяльнасці.
Мяне вельмі парадавала гісторыя пра дзяўчынку, якая, атрымаўшы каля 350 балаў, паступіла ў ветэрынарную акадэмію. Ёй усе, нават у прыёмнай камісіі акадэміі, гаварылі: “Дзяўчо, з такімі баламі ты можаш прайсці ў любы медыцынскі ўніверсітэт!” А яна адказвала, што не хоча ў медыцынскі, бо ўсё жыццё марыла дапамагаць жывёлам.
Напэўна, з такіх апантаных людзей і атрымліваюцца сапраўдныя прафесіяналы. Яны рана знаходзяць сябе, разумеюць сваё прызванне і смела ідуць да яго ажыццяўлення.

Галіна СІДАРОВІЧ.