Каласістая справа

Целяханы ў большасці з нас атаясамліваюцца з лыжамі. У мяне ж цяпер — выключна са збожжам. Леанід Аляксеевіч Жыцянёў, кіраўнік навуковага таварыста “Колас” мясцовага Цэнтра дзіцячай творчасці, амаль 30 гадоў вучыць мясцовых дзяцей атрымліваць асалоду ад водару каласістага поля. Разам яны стварылі музей збожжа пад адкрытым небам, дзе можна здзейсніць батанічнае і гістарычнае падарожжа па краінах і кантынентах.

Наўздагон дзіцячым марам

У навуковым таварыстве кожны навучэнец з маленства ведае кошт хлеба, бо сам яго вырошчвае. Пад кіраўніцтвам агранома і навукоўца дзеці вырошчваюць, вывучаюць і захоўваюць генафонд зерневых і злакаў з усяго свету. У сваёй калекцыі яны сабралі больш за 1900 узораў пшаніцы, 450 — ячменю, 656 — аўса, 110 — проса, у тым ліку і ўзоры пустазельных, дзікіх і прымітыўных культурных відаў, якія ўжо даўно зніклі з мясцін іх гістарычнага распаўсюджвання.

Ураджай даўно сабраны і высушаны. Цяпер галоўная задача юных навукоўцаў — перабраць і абмалаціць сабраныя снапы, разабраць калекцыйны матэрыял і пазнаёміцца з новымі ўзорамі, дасланымі з навуковых цэнтраў дзясяткаў краін свету, вырошчванне якіх яны будуць вывучаць ва ўмовах Брэстчыны.

Сёння “коласаўцы” не толькі рыхтуюць насенне для вясновага пасеву, але і будуюць кулінарныя планы. Магчыма, яны адновяць свае былыя традыцыі па правядзенні дэгустацыі каш з вырашчанага зерня, а можа, асвояць рэканструкцыю беларускай старажытнай кухні ці паспрабуюць яе сучасныя трэнды — салаты з прарошчанага зерня.

Чаму менавіта збожжа стала галоўным інтарэсам Л.А.Жыцянёва? І чаму ён некалі вырашыў памяняць работу агранома на настаўніцтва? На гэтыя пытанні навуковец адказвае так:

“Мне з дзяцінства падабалася займацца раслінамі. У маёй школе тады існаваў толькі гурток “Юны натураліст”, дзе асноўнымі кірункамі былі феналагічныя назіранні, экскурсіі і г.д. Мне ж хацелася больш практыкі: вырошчваць расліны самому, даследаваць іх. Ды і не было ў школах таго багацця, пра якое я марыў. А мары мае мелі дакладныя абрысы з 5 класа, акурат з вывучэння тэмы “Сямейства злакаў”. Тады ў якасці раздатачнага матэрыялу настаўніца прынесла нам для азнаямлення каласы пшаніцы. І я даведаўся, што пшаніца бывае рознай: у нас адна, у Эфіопіі — другая, у Афганістане — зусім іншая. І гэтая цікаў­насць з часам перарасла ва ўстойлівы інтарэс. Адну за адной набываў і чытаў кнігі на гэтую тэму і ўжо тады сабраў багатую бібліятэку. Я быў апантаны даследаваннямі пшаніцы, хацеў убачыць яе разнастайнасць, навучыцца вырошч­ваць яе ў нашых умовах, але магчымасцей не было. І таму з 8 класа я пачаў выхо­дзіць на навуковыя цэнтры Савецкага Саюза. Іх супрацоўнікі мяне падтрымлівалі, дзяліліся парадамі, цікавымі матэрыяламі і насеннем. І толькі дзякуючы ім я стаў у большай ступені даследчыкам, чым аграномам. Гэтых даследаванняў мне якраз і не хапала, калі я працаваў аграномам. Таму прыйшоў у цэнтр творчасці да дзяцей. І, мабыць, сённяшняя работа з дзецьмі — гэта рэалізацыя той маёй дзіцячай мары: каб дзеці мелі магчымасць убачыць і даследаваць сусветную разнастайнасць збожжавых і іншых культур, займацца цікавай справай далёка ад навуковых цэнтраў”.

Цаглінкі для будучых гатункаў

Навучэнцы “Коласа” селекцыйны матэрыял вывучаюць на працягу многіх гадоў, і тыя ўзоры, якія па нейкіх прыметах зарэкамендавалі сябе станоўча, а таксама свае ўзоры, атрыманыя шляхам гібрыдызацыі, перадаюць у Нацыянальны банк генетычных рэсурсаў раслін Рэспублікі Беларусь. Там ужо больш за 300 узораў зерневых культур з Целяханаў. Вялікую калекцыю — больш за 500 узораў — перадалі і ў Нацыянальны цэнтр генетычных рэсурсаў раслін Украіны і Галоўны батанічны сад Расійскай акадэміі навук.

Плануем вясновыя пасевы: зерне з усяго свету ўжо атрымана.

“Гэта не азначае, што нашы ўзоры тут жа будуць выкарыстаны. Можа, да гэтага пройдуць гады, а можа, і дзесяцігоддзі. Гэта задзел для будучых пакаленняў, — тлумачыць Леанід Аляксеевіч і ўдакладняе: — Проста так пераносіць тыя ўзоры злакавых, якія растуць у Канадзе, ЗША, Пакістане, Егіпце, Марока і іншых краінах, нельга. Гэта толькі нібы цаглінкі, з якіх можна “будаваць” гатункі для нашых палёў, зыходны матэрыял, самыя важныя ўласцівасці якога і перададуцца новым гатункам. Вось, напрыклад, апошнія 3 гады ў Беларусі засушлівыя. З-за змен клімату вучоныя ўжо загаварылі пра пераўтварэнне поўдня Беларусі ў стэпы. А наш матэрыял, які стагоддзямі рос у Пакістане і Афганістане, якраз прыстасаваны да недахопу вільгаці і таму сёння мае асаблівую каштоўнасць для стварэння гатункаў для нашай сельскагаспадарчай вытворчасці”.

З гэтай жа мэтай навучэнцы Л.А.Жыцянёва захоўваюць і вывучаюць дзікія злакі. Напрыклад, на тэрыторыі Арменіі расце дзікая пшаніца Урарту, на тэрыторыі Ізраіля расце двухзярнянка. Яны маюць тыя ўласцівасці, якія неабходны для вывядзення сучасных гатункаў. Напрыклад, іх прыродная ўстойліваць да хвароб і шкоднікаў можа быць перададзена нашым гатункам пшаніцы, і тым самым можна знізіць пестыцыдную нагрузку на расліны, што зро­біць ураджай экалагічна чыстым. Ці, напрыклад, на аснове “дзікуноў” можна стварыць гатункі пшаніцы з павышаным утрыманнем амінакіслот.

Не хлебам адзіным…

“Каласістая” справа настолькі грунтоўная, што можна падумаць, быццам на іншыя рэчы ў дзяцей і іх педагога проста няма часу. І памыліцца! Нават каб проста агледзець тую неверагодную разнастайнасць раслін, якія вырошчваюць на вучэбна-доследным участку, цэлага дня не хо­піць. Паспрабую дапамагчы вам уявіць гэтую разнастайнасць у лічбах.

Так, сіламі юных даследчыкаў сабраны 75 узораў гароху, лубіну, вікі, фасолі, чыны, сачавіцы, нуту, бабоў, соі, па паўсотні ўзораў лёну-даўгунцу і алейнага, 20 узораў рэдкіх разнавіднасцей кукурузы. А яшчэ — сотні відаў кветак і дэкаратыўна-лісцевых раслін, якія родам з розных краін і кантынентаў.

Тут, на вучэбна-доследным участку, праводзяцца практычныя заняткі, экскурсіі для гасцей, семінары для школьнікаў, студэнтаў і настаўнікаў. Гэта месца, дзе дзеці асвойваюць экалагічнае земляробства, дапаўняюць свае школьныя веды па біялогіі, геаграфіі, гісторыі, даведваюцца пра інавацыі ў раслінаводстве, селекцыі, генетыцы. Тут жа дзейнічае дзіцячая бізнес-кампанія, якая вырошчвае і рэалізуе саджанцы дэкаратыўных хвойных раслін.

Каласы пад сярпом маім.

За гады работы навуковага таварыства тут прайшлі навучанне больш за 200 навучэнцаў. 9 з іх былі ўдастоены прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Многія выпускнікі працуюць аграномамі і кіраўнікамі гаспадарак, працягваюць навуковую дзейнасць у НАН Беларусі, Цэнтральным батанічным садзе і інш.

Яшчэ адзін клопат — вывучэнне і захаванне раслін-чырванакніжнікаў, якія растуць побач. Напрыклад, некалькі гадоў назад Леанід Аляксеевіч разам са сваімі навучэнцамі знайшоў непадалёк ад свайго пасёлка з паўсотні экзэмпляраў зверабою чатырохкрылага, які вучоныя лічылі зніклым. Тады “коласаўцы” зладзілі акцыю па аднаўленні яго беларускай папуляцыі. Акцыя аказалася настолькі паспяховай, што пасля яе правядзення Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь нават выпусціў памятную манету з выявай зверабою чатырохкрылага, якая стала першай з серыі “Адроджаныя расліны”. Прыродаахоўная акцыя працягваецца і па гэты дзень — “коласаўцы” рэгулярна выязджаюць на месцы распаўсюджвання гэтай расліны, каб збіраць і высяваць яе насенне на новыя тэрыторыі і даглядаць папуляцыю.

Другі год аб’яднанне “Колас” сумесна з Цэнтральным батанічным садам НАН Беларусі рэалізуе праект па захаванні і вывучэнні беларускай калекцыі бэзу. Ужо цяпер іх бэзавы сад — гэта калекцыя з 50 гатункаў. У гэтым садзе будуць прадстаўлены гатункі, якія вырошчваліся 85—100 гадоў назад у мясцовых маёнтках. Усе іх навучэнцы сабралі па рэштках, рэаніміравалі, бо многія з іх былі занядбаны, і спадзяюцца, што ўжо праз пару гадоў яны пышна зацвітуць. Адроджаны бэзавы сад дзеці прадставяць як частку спадчыны нашага народа.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва Л.А.Жыцянёва.