«Каласок», «Полымя», «Чыгуначнікі»… У Жлобінскім раёне ў жніўні працуюць 7 студатрадаў

- 12:03Новости

“Каласок”, “Полымя”, “Чыгуначнікі”… У Жлобінскім раёне ў жніўні працуюць 7 студэнцкіх атрадаў. Як расказала карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” першы сакратар Жлобінскага райкама БРСМ Настасся Якавенка, у гэтым годзе работа студэнцкіх атрадаў набыла асаблівую актыў­насць. З пачатку года іх адпрацавала ўжо 23 — столькі ж, як за ўвесь мінулы год.

— Першы наш студ­атрад быў сфарміраваны ў студзені, яго ўдзельнікі працавалі ў Мінску на ААТ “МАЗ”. Зразумела, што асноўная актыўнасць прыпадае на летні перыяд. Студ­атрадаўскую байцоўку ап-
ранаюць у асноўным навучэнцы каледжаў Жлобіншчыны — металургічнага, тэхналагічнага, аграрнага, сферы абслугоўвання, але да іх далучаюцца і вучні старшых класаў школ, — паведаміла яна.

Сёлета ў Жлобінскім раёне ў рамках студатрадаў плануецца арганізаваць занятасць 480 чалавек.

Менавіта на тэрыторыі Жлобінскага раёна сёлета знаходзіцца сацыяльна значны аб’ект, які аб’яўлены абласной маладзёжнай будоўляй Гомельшчыны. Гэта мемарыяльны комплекс, прысвечаны дзецям — ахвярам Вялікай Айчыннай вайны, у аграгарадку Чырвоны Бераг. Існуючы тут будынак бытавога прызначэння і інфармацыйнага абслугоўвання рэканструюецца, дабудоўваецца памяшканне пад музей. У жніўні на мемарыяле працуе ўжо трэці з пачатку лета будаўнічы студэнцкі атрад “Полымя” імя ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны Мікалая Васільевіча Рудэнкі. Такім чынам моладзь актыўна дапамагае прафесійным будаўнікам. 

— У гады вайны ў Чыр­воным Беразе акупанты стварылі дзіцячы донарскі канцлагер, у якім загінула шмат дзяцей. Мемарыял — важнае для нашай гістарычнай памяці месца, працуем над яго рэканструкцыяй з асаблівым пачуццём, — адзначыў камісар атрада Кірыл Маторны. — У складзе атрада 30 хлопцаў, усе навучэнцы каледжаў. Сярод нас няма будучых будаўнікоў, але лічу, што атрыманне будаўнічых навыкаў кожнаму пойдзе на карысць.

На Беларускім металургічным заводзе працуюць два студатрады вытворчага кірунку. Дарэчы, прадпрыемства ўпершыню выкарыстоўвае патэнцыял моладзі ў такім фармаце. Маладыя людзі атрымліваюць навыкі слесара-рамонтніка, машыніста па навіванні канатаў, валачыльшчыка дроту, лабаранта па фізіка-механічных іспытах.

У дзіцячым рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтры “Пралеска” таксама працуюць два атрады, толькі ўжо педагагічнага профілю. Іх удзельнікі ў якасці важатых робяць усё магчымае, каб дзеці, якія тут адпачываюць, не толькі паправілі сваё здароўе, але і правялі час цікава і з карысцю.

На працоўную вахту на Жлобінскай дыстанцыі пуці РУП “Гомельскае аддзяленне Беларускай чыгункі” заступіў студэнцкі атрад “Чыгуначнікі” імя Героя Савецкага Саюза Васіля Іванавіча Казлова. Хлопцы працуюць у якасці манцёраў пуцей, прычым па завяршэнні работы яны будуць мець дакумент аб атрыманні адпаведнай рабочай спецыяльнасці. А на зернетаку ААТ “Бабоўскі” свой уклад у важную справу ўборкі ўраджаю робіць сельскагаспадарчы атрад “Каласок” ўдзель­ніка імя Вялікай Айчыннай вайны Міхаіла Герасімавіча Маршына. У яго складзе працуюць навучэнцы Чырвонабярэжскага дзяржаўнага аграрнага каледжа і Бабоўскай сярэдняй школы.

Аксана МЫЦЬКО
Фота прадастаўлены Жлобiнскім райкамам БРСМ