Каледж на Буйніцкім полі

Баі на гэтай зямлі праходзілі з усёсакрушальнай сілай — шведы, французы, немцы… Калі 20 лістапада 1944 года тут адкрыўся каледж, зямля яшчэ не астыла ад крыві і выбухаў. Сярод першых 60 навучэнцаў — учарашнія франтавікі і партызаны.

Сёння Магілёўскі дзяржаўны ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга прафесiйны агралесатэхнічны каледж носіць імя героя вайны і працы кіраўніка калгаса “Рассвет” Кірыла Арлоўскага. Памяць пра гераічнае мінулае краю тут не проста захоўваюць, а пераасэнсоўваюць у творчай форме, ды так таленавіта, што падчас “АРТ-вакацый” 2017 года атрымалі адразу 5 дыпломаў і цяпер сталі ггероямі нашай “Галерэі творцаў” — сумеснага праекта “Настаўніцкай газеты” і Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.

Экскурсію па тэрыторыі каледжа для мяне праводзіць дырэктар Георгій Мікалаевіч Маліноўскі. Уражваюць не столькі маштабы яго гаспадаркі, колькі эфектыўнае і крэатыўнае выкарыстанне вялікіх прастораў: узбоч дарогі — вёска для настаўнікаў, у напрамку горада — заасад, ля ракі — вялізная ваенная экспазіцыя пад адкрытым небам. Заасад каледжа даўно вядомы ўсёй краіне: дзе яшчэ будучыя леснікі пад наглядам вопытных калег назіраюць за сапраўднымі зубрамі? А вось дот — зусім свежы. Былое нямецкае ўмацаванне спачатку хавалі пад брэзентам, потым хацелі знішчыць, а ў выніку адрамантавалі і зрабілі цэнтрам адзінага ў Беларусі ўзноўленага агнявога пункта фашысцкіх войскаў. Аднаўлялі ўмацаванне майстры і навучэнцы каледжа.

— Захопнікам спатрэбілася 23 дні, каб узяць Магілёў, а савецкая армія змагла адбіць горад за 23 гадзіны, — расказвае Георгій Мікалаевіч. — І мы аднавілі дот, каб кожны мог убачыць, з якой сілай сутыкнуліся тыя, хто яго штурмаваў, — аўтаматчыкі пад кіраўніцтвам старшага лейтэнанта Івана Мяльнова. А пасля з’явілася ідэя рэканструяваць і само змаганне.

Штогод вучні каледжа пераапранаюцца ў форму савецкіх і нямецкіх вайскоўцаў і ўзнаўляюць падзеі 28 чэрвеня 1944 года. Перад юнымі Мяльновымі — рака, паласа перашкод, міннае поле (яго выбухі гучныя, ды бяспечныя). Ці гэта не лепшы спосаб расказаць пра вайну? Нядзіўна, што да тэмы патрыятызму і вайсковай славы падлеткі, уражаныя такім прадстаўленнем, вяртаюцца і на творчых занятках.

Таццяна Валер’еўна ГРЫШУКЕВІЧ, метадыст Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі:
— Сёння мы назіраем у маладзёжным асяроддзі мноства эксперыментальных форм правядзення адпачынку і мастацкага самавыяўлення. Але неабходна адзначыць, што ні час, ні інфармацыйныя тэхналогіі не могуць пазбавіць моладзь цікавасці да сваёй гісторыі.Эфектыўнасць выхаваўчай работы каледжа ў тым, што было знойдзена і асэнсавана тое, што зразумела навучэнцам, — подзвіг іх аднагодкаў. На працягу 15 гадоў калектывы каледжа паспяхова ўдзельнічаюць у фестывалі “АРТ-вакацыі”. Сталеюць і мяняюцца ўдзельнікі, але нязменным застаецца асаблівы стыль і творчы почырк іх выступленняў. Дзякуючы падбору цікавага рэпертуару і музычнага матэрыялу, калектывы каледжа штогод даюць больш за 50 канцэртаў, што сведчыць аб іх творчай актыўнасці.

“Трэба зняць сучасны кліп на вершы Купалы!”

“Табе будуць не страшны заломы, злыя ворагі, іх варажба”, — звяртаўся да моладзі Янка Купала. Думаецца, навучэнцам каледжа былі асабліва блізкія гэтыя радкі: у аснову сваёй рэцытацыі верша “Моладзі” яны паклалі ўражанні ад той самай рэканструкцыі подзвігу Івана Мяльнова. Конкурсная работа ўдзельнікаў творчага аб’яднання “Пазнанне свету і чалавека ў літаратуры рускага рэалізму” атрымала дыплом І ступені. Яго кіраўнікі Сняжана Уладзіміраўна Кашо і Аксана Анатольеўна Манькова сустрэлі нас у адным з музеяў каледжа.

— Доўга не маглі падысці да матэрыялу. Смяяліся: трэба зняць сучасны кліп на вершы Купалы! — згадвае Сняжана Уладзіміраўна.

— А пасля задалі сабе пытанні: як сёння можна расказаць гэты верш і якім ён быў бы, калі б я яго напісаў? — больш сур’ёзна працягвае Аксана Анатольеўна. — Нашы навучэнцы, нашы выкладчыкі, якія ўзнаўлялі гэты дот, звярталіся ў архівы, каб даведацца пра лёсы байцоў, ведаюць гісторыю гэтых мясцін як ніхто іншы.

— Таму мы вырашылі абапірацца на вопыт калег, назапашаны за доўгія гады. Можна сказаць, што працавалася нам вельмі лёгка, — скончыла думку Сняжана Уладзіміраўна.

Знайсці ўмелага дэкламатара з глыбокім разуменнем тэксту для выкладчыц таксама не было праблемай. Іх гурток наведвае шмат зацікаўленых дзяцей, якія з задавальненнем чытаюць не толькі рускую літаратуру, але і беларускую, замежную прозу, паэзію, паглыбляюцца ў філасофію і псіхалогію.

— Літаратура — гэта гутарка. Пачынаеш дзяліцца ўражаннямі, праводзіць аналогіі паміж лёсам персанажа і сваім жыццём — навучэнцы ўступаюць у дыскусію і раскрываюцца як асобы, — расказвае Сняжана Уладзіміраўна. — Кажуць, што сучасныя дзеці мала чытаюць, але, на мой погляд, так бывае толькі тады, калі да кнігі не цягнуцца самі дарослыя.

— А яшчэ сучасныя дзеці вельмі мэтанакіраваныя, — пагаджаецца Аксана Анатольеўна. — Просіш іх знайсці ў інтэрнэце адказ на пытанне ці зацікавіш іх біяграфіяй нейкага аўтара — і яны даходзяць да сутнасці з вялікай упартасцю.

“Калі я ўпершыню ўбачыла слова “лайфхак”…”

Выхавальніца Вольга Канстанцінаўна Бельская працуе ў інтэрнаце каледжа. Яна, напэўна, лепш за ўсіх ведае, як навучэнцы праводзяць вольны час і як змяніць іх погляд на адпачынак.

— Мы прапануем навучэнцам экскурсіі, паездкі на гарадскія мерапрыемствы, адкрытыя кінапаказы, спектаклі драматычнага і лялечнага тэатраў, — пералічвае Вольга Канстанцінаўна. — Большасць жыхароў інтэрната — з вёскі, многія ніколі не былі на прадстаўленнях. Ды і наша імкненне ім дапамагчы часта ўпіраецца ў іх страхі і комплексы: маўляў, лялечны тэатр — для дзяцей, драматычныя п’есы — сумныя і незразумелыя. Тады мы бяром на спектакль некалькі зацікаўленых гледачоў і пасля з імі гучна абмяркоўваем у пакоях, як цікава і карысна з’ездзілі! Іншыя спярша прыслухоўваюцца, потым нясмела шкадуюць, што прапусцілі, потым пагаджаюцца, што лялькі выступаюць і для дарослых. Наступны раз білеты яны разбіраюць першымі.

Яшчэ адно мерапрыемства, цікавае навучэнцам, — мітынг-рэквіем на Буйніцкім полі. Пачынаецца ён 22 чэрвеня а 4-й гадзіне, і многія вучні так баяцца праспаць, што загадзя просяць іх разбудзіць. Вольга Канстанцінаўна, зразумела, нікому не адмаўляе.

Такі ўзаемны давер і нараджае творчы кантакт выхавальніка і жыхароў інтэрната. У 2017 годзе іх відэаролік быў адзначаны дыпломам ІІ ступені ў намінацыі “Лайфхак — інтэрнат — імпульс для новых ідэй” Рэспубліканскага конкурсу “КРЭОН”.

— Калі ўпершыню ўбачыла слова “лайфхак”, адразу звярнулася да Вікіпедыі і пайшла да вучняў, — усміхаецца Вольга Канстанцінаўна, — а пасля разам абмеркавалі, прапанавалі ідэі. З цягам часу працэс нас захапіў, стала проста цікава паглядзець, што ж у рэшце рэшт атрымаецца!

Кароткія відэа з карыснымі парадамі, напрыклад, як прасушыць боты ці захоўваць пакеты ў скрыні з-пад вільготных сурвэтак, цяпер паказваюць першакурснікам пасля засялення.

— Для такога відэа трэба “нечаканачка”. Варта быць непрадказальным, але вельмі блізкім да будзённага жыцця. І хаця б крыху смешным.

“Гэта я толькі думаў, што ўсё ўмею”

І зноў гутарка пойдзе пра відэа. Кліп на песню “Мы разам са сваёй краінай” атрымаў дыплом ІІІ ступені ў конкурсе “Арт-партал”. Аўтар роліка Ілья Халупін займаецца мантажом больш за 3 гады: з любой сямейнай вандроўкі ён прывозіць гігабайты відэа з мясцовымі пейзажамі і пасля праводзіць тыдні за маніторам. А яшчэ ён захапляецца дыджэінгам.

— Я шукала гукарэжысёра для школьных канцэртаў, — са смехам згадвае педагог-арганізатар Жанна Аляксандраўна Люнтава, творчы кіраўнік Ільі. — Спытала: “Хто разбіраецца ў апаратуры? Патрэбен талковы хлопец”. Ён устаў і самаўпэўнена аб’явіў: “Ну я ўмею!”

— А пасля зразумеў: гэта я толькі думаю, што ўсё ўмею, — падхапіў Ілья. — Палове патрэбных навыкаў вучыўся ў працэсе.

Жанну Аляксандраўну радуе, што яна дала выхаванцу стымул да самаўдасканалення. Пастаяннае імкненне да ідэалу — вось сакрэт захапляльнай прыгажосці іх роліка.

— Толькі Ілья выведзе гатовы кліп — бачым: ракурс не той, якасць не такая і ўвогуле іншы кадр больш падыходзіць! Садзімся і пачынаем удваіх перастаўляць, каб выявы падыходзілі да мелодыі, да тэксту.

— Мы хацелі дабіцца гармоніі паміж музыкай і малюнкам, — падсумаваў Ілья.

“Паважаныя пакупнікі! Вітаем вас…”

Пазнаёміла нас Жанна Аляксандраўна і з іншымі сваімі вучнямі — Мікітам Мурачовым, Аксанай Саракула і Лізаветай Старалаўнікавай, пераможцамі ў намінацыі “Канферанс”.

— Калі б не Жанна Аляксандраўна, мы б і радка не прачыталі прыгожа, — прызнаецца Аксана. — Першы час яна станавілася побач: “Будзем чытаць разам!” Чуеш яе голас замест свайго — блытаешся, збіваешся, але адразу заўважаеш усе хібы.

Аксана на сцэну раней не выходзіла, Мікіта, наадварот, не прапускаў ні аднаго школьнага свята, але памылкі рабілі аднолькавыя: выбіралі недакладную інтанацыю і настрой, няўмела расстаўлялі акцэнты, спрабавалі прачытаць усю фразу на адным дыханні. Каб выправіць сітуацыю, Жанна Аляксандраўна распрацавала цэлую “азбуку Морзэ”: стрэлкі, коскі, кропкі, рысачкі, птушачкі… Тэкст з такой разметкай вядучыя чытаюць як па нотах.

— “Як са стула ўстаеш” — так мы павінны чытаць першую фразу, — расказвае пра прыёмы сваёй настаўніцы Ліза і задаволена смяецца, калі бачыць, што чужы чалавек нічога не разумее ў іх сакрэтных фразах.

Аднак галоўнае для педагога — навучыць не проста механічна паўтараць за выкладчыкам, а разбіраць і асэнсоўваць тэкст самастойна. Часта рэплікі канферансье мяняюцца падчас канцэрта, даводзіцца імправізаваць і выратоўваць сітуацыю.

— Вельмі важна, каб яны дайшлі да пэўнага ўзроўню выканальніцкага майстэрства: былі пісьменнымі, валодалі голасам, глыбока разумелі тэкст. Была ў мяне дзяўчына, якая ўсе 5 гадоў сваёй вучобы вяла канцэрты ў каледжы. А аднойчы я ішла ў цэнтральным універмагу і пачула яе голас: “Паважаныя пакупнікі! Мы вітаем вас…” І такую гордасць адчула за тое, што дзяўчына працягвае справу, якой я яе навучыла!

“Іх праца патрэбная і будзе ўзнагароджана”

Хор інжынерна-педагагічных супрацоўнікаў і навучэнцаў, які атрымаў перамогу ў намінацыі “Сумесная творчасць педагогаў і навучэнцаў”, існуе з 2001 года. У хор народнай песні ўваходзяць не толькі педагогі, але і майстры вытворчага навучання, выхавальнікі, бібліятэкары. Ім таксама кіруе Жанна Аляксандраўна:

— Штогод на конкурсе “Новая хваля” першакурснікі дэманструюць свае здольнасці ў танцах, музыцы, дэкламацыі… Дадаткова я праводжу праслухоўванне кожнай групы. Так у хоры з’яўляюцца новыя ўдзельнікі, а ў мяне — невялічкае дасье на кожнага навучэнца.

Пасля — тры гады няспынных рэпетыцый і выступленняў. Выпускнікі часта вяртаюцца, каб атрымаць сярэднюю спецыяльную адукацыю. Не апошняя прычына такога рашэння — жаданне працягваць выступаць у хоры. Жартуюць: не на другі ж год заставацца, каб спяваць!

— Мой галоўны сакрэцік — спачатку многа хваліць. Праспявалі не так добра, як хор імя Пятніцкага? Нічога, навучу, бо гэта мая задача — паказаць усю прыгажосць іх галасоў. А конкурсы — гэта не так важна. Нават калі б яны і не атрымалі дыплом, мы штосьці прыдумалі б: выпісалі падзякі каледжа ці арганізавалі вандроўку. Важна, каб яны разумелі, што іх справа патрэбная і праца будзе ўзнагароджана!

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота аўтара і з архіва каледжа.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *