Каледжы чакаюць сваіх абітурыентаў

- 10:17Рознае, Якасць адукацыі

15 чэрвеня адразу 158 устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі пачалі прыём дакументаў ад абітурыентаў, тым самым даўшы старт уступнай кампаніі. Юнакам і дзяўчатам на выбар прапаноўваецца навучанне па 262 прафесіях, сярод якіх ёсць і новыя. Разам з тым на прафесіі, якія сталі незапатрабаванымі, набор спынены.

Улічваючы патрэбы сучаснага рынку працы, сёлета плануецца спыніць набор на 183 незапатрабаваныя прафесіі і пачаць падрыхтоўку па 142 новых прафесіях для асобных устаноў прафтэхадукацыі, паведамілі ў прэс-цэнтры Міністэрства адукацыі. Так, упершыню ў гэтым годзе будзе весціся набор на новую прафесію — манціроўшчыка шын і шынапнеўматычных муфт у Гомельскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы машынабудавання.

Акрамя ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі, набор на навучанне па рабочых прафесіях у гэтым годзе вядуць 45 устаноў адукацыі іншых узроўняў, якія прапаноўваюць у тым ліку прафесійна-тэхнічную адукацыю.


Напрыклад, у сярэдняй спецыяльнай установе адукацыі “Пінскі дзяржаўны індустрыяльна-педагагічны каледж” адкрыта падрыхтоўка слесараў па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання, трактарыстаў-машыністаў сельскагаспадарчай вытворчасці, а таксама вадзіцеляў аўтамабіля.

У сёлетнюю ўступную кампанію на ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі плануецца прыняць 32,6 тысячы чалавек. З іх 32,4 тысячы будуць вучыцца за кошт бюджэту. Пры гэтым, згодна з планам прыёму, вучыцца на дзённай форме будуць 30,3 тысячы чалавек. З іх 19,1 тысячы — на аснове агульнай базавай, 10,5 тысячы — на аснове агульнай сярэдняй і 700 чалавек — на аснове спецыяльнай адукацыі. Таксама 1 тысяча чалавек зможа атрымаць адукацыю ў завочнай форме і 1,3 тысячы — у вячэрняй.

Каб на свае вочы ўбачыць, як прахозіць сёлетняя ўступная кампанія ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі, “Настаўніцкая газета” завітала ў адзін са сталічных каледжаў — Мінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж швейнай вытворчасці. У гэтым годзе тут адкрылася новая спецыяльнасць “Цырульніцкае мастацтва і дэкаратыўная касметыка”, па якой будуць рыхтаваць візажыстаў. Пры гэтым навучэнцы гэтай жа спецыяльнасці атрымаюць прафесію закройшчыка і краўца.

На новую спецыяльнасць плануюць набраць 30 чалавек, і ўсіх — на бюджэтныя месцы, як, дарэчы, і на іншыя спецыяльнасці. Навучанне на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі ў каледжы прапаноўваецца толькі за кошт бюджэту.

“Выпускнікі нашага каледжа, адвучыўшыся на адной спецыяльнасці, атрымліваюць па 2—3 прафесіі. Сярод іх — прафесія краўца, закройшчыка, візажыста, вышывальшчыцы, аператара ЭВМ, рэкламнага агента”, — расказала Ірына Чарнільшчыкава, намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа швейнай вытворчасці.

Як адзначыла прадстаўнік прафесійна-тэхнічнай установы адукацыі, каледж прапаноўвае навучанне па творчых прафесіях, якія фарміруюць стыль сучаснага чалавека, уменне неардынарна і з густам выглядаць. Атрыманыя ўменні пры любым раскладзе спатрэбяцца ў жыцці, нават калі ў будучыні чалавек зменіць свой прафесійны шлях.

“Тыя маладыя людзі, якія захочуць працягнуць навучанне ва ўстановах вышэйшай адукацыі, будуць мець магчымасць зрабіць гэта ў скарочаны тэрмін. Наш каледж заключыў пагадненне аб інтэграванай форме навучання з Віцебскім тэхналагічным універсітэтам”, — падкрэсліла намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа швейнай вытворчасці.

Святлана ШЫЯН.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.