Каледжы чакаюць

- 15:23Адукацыйная прастора, Прафесійна-тэхнічная адукацыя

Амаль тыдзень ідзе прыём дакументаў для атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Якія прафесіі выбіраюць абітурыенты і ці карыстаюцца папулярнасцю новыя спецыяльнасці?

Усяго ў 2022 годзе ўстановы ССА плануюць прыняць больш за 39 тысяч навучэнцаў, у тым ліку каля 26 тысяч чалавек — на бюджэт. Дзясяткі каледжаў па ўсёй Беларусі чакаюць абітурыентаў. У іх рыхтуюць добрых спецыялістаў, ствараюцца ўсе магчымасці для іх прафесійнай самарэалізацыі. Да таго ж установы адукацыі аналізу­юць змяненні на рынку працы і аператыўна рэагуюць на іх, адкрываючы новыя спецыяльнасці, так неабходныя краіне на сучасным этапе.

Сёлета ў Мінскім гарадскім педагагічным каледжы пачаты набор на спецыяльнасць “Педагагічнае суправаджэнне” на базе 9 класаў па конкурсе сярэдняга бала пасведчання аб агульнай базавай адукацыі. Упершыню ў нашай краіне пачына­юць рыхтаваць спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй для арганізацыі вольнага часу вучняў у пазавучэбны час і персанальнага суправаджэння навучэнцаў з аўтыстычнымі парушэннямі.

— Гэтая спецыяльнасць — унікальная і заслугоўвае асаблівай увагі. Па-першае, нашы выпускнікі будуць мець базавыя веды па пачатковай адукацыі і як выхавальнікі груп прадоўжанага дня змогуць з веданнем справы дапамагаць вучням у самастойнай падрыхтоўцы да ўрокаў. На сённяшні дзень праблема з выхавальнікамі актуальная, і мы пастараемся яе вырашыць. Па-другое, нашы выпускнікі змогуць дапамагаць дзеткам з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця інтэгравацца ў грамадства, бо будуць вало­даць ведамі, неабходнымі для іх індывідуальнага суправаджэння. Праз тры гады Мінск і краіна атрымаюць такіх унікальных спецыялістаў. Усе яны будуць працаўладкаваны, бо, як паказвае маркетынгавае даследаванне, такіх работнікаў востра не хапае. Таму мы чакаем матываваных абітурыентаў і зробім усё магчымае, каб выпусціць першых 25 высока­кваліфікаваных прафесіяналаў, — паведаміла дырэктар каледжа Кацярына Пятруцкая.

Новыя магчымасці

Акрамя таго, Мінскі гарадскі педагагічны каледж запрашае абітурыентаў яшчэ на дзве спецыяльнасці: “Пачатковая адукацыя” і “Дашкольная адукацыя”. Сёлета ўпершыню на гэтыя дзве спецыяльнасці адкрыты набор на базе 11 класаў.

— У першы дзень прыёмнай кампаніі наша ўстанова адукацыі выканала кантрольныя лічбы прыёму на 60%. На дзённую форму навучання мы набіраем 225 чалавек — 20 ліпеня мы прынялі 150 заяў. Другі дзень быў менш насычаным, і ўсё роўна сёння мы ўжо можам гаварыць, што кантрольныя лічбы набору пасля 9 класа на дзённае навучанне на спецыяльнасці “Пачатковая адукацыя” і “Дашкольная адукацыя” закрыты. Увогуле ў нашым каледжы заўсёды конкурс 2—2,5 чалавека на месца. Канечне, спачатку ідуць самыя матываваныя абітурыенты, якія свядома выбралі педагагічную прафесію і ніякія іншыя ўстановы ў якасці альтэрнатывы не разглядаюць, і гэта прыемна. Калі ж хтосьці чакае больш спакойнага часу для падачы дакументаў, то мы будзем рады бачыць іх кожны дзень, акрамя нядзелі, з 9 да 18 га­дзін. Аднак і апошнія два дні прыёму дакументаў будуць такім ж неспакойнымі, як і першыя, — дадала Кацярына Аляксандраўна.

Увага! Сёлета Мінскі гарадскі педагагічны каледж набірае навучэнцаў на спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя” і “Пачатковая адукацыя” на дзённае навучанне як на аснове 9 класаў (па 75 чалавек), так і на аснове 11 (па 25 чалавек).

Наталля Малашук пасля заканчэння 9 класаў сярэдняй шко­лы № 20 Мінска паступае на спецыяльнасць “Дашкольная адукацыя” і марыць стаць выхавальніцай.

— Педагагічны каледж я выбрала самастойна і ўзважана. Яшчэ ў дзяцінстве зразумела, што хачу працаваць з дзецьмі. Я з мнага­дзетнай сям’і, мне цікава тлумачыць малышам усё на свеце. Спадзяюся, што не расчаруюся ў выбранай прафесіі, — сказала абітурыентка.

На гэтую ж спецыяльнасць дакументы падала і выпускніца ­Уз­дзенскай раённай гімназіі Айгюнь Аліева.

— Педагог — вельмі важная прафесія. Кожны павінен ра­зумець, куды паступае і чым будзе займацца пасля каледжа, — лі­чыць дзяўчына. — Мне хочацца дзяліцца сваімі ведамі з дзецьмі, размаўляць з імі, падтрымлі­ваць іх, быць добразычлівай і справядлівай, бо толькі ў такім выпадку яны будуць цягнуцца да мне як да педагога.

Дарэчы, маладыя людзі таксама прыходзяць паступаць у педагагічны каледж. Як расказала адказны сакратар прыёмнай камісіі ўстановы Святлана Шклярава, мэтанакіравана некалькі юнакоў прыйшлі на новую спецыяльнасць “Педагагічнае суправаджэнне” і на “Пачатковую адукацыю”.

— Хлопцы свядома выбіра­юць наш каледж, разумеючы перспектыву свайго прафесійнага станаўлення. Многія з іх пасля застаюцца працаваць у пачатковай школе і, як правіла, становяцца добрымі дырэктарамі, — патлумачыла Святлана Сяргееўна.

На пытанне, ці можна гаварыць аб тым, што педагагічная прафесія карыстаецца прызнаннем і павагай сярод моладзі, дырэктар каледжа адказала так:

— Наш конкурс сведчыць пра тое, што прафесія педагога папулярная і маладыя людзі бачаць яе перспектывы. Звычайна траекторыя развіцця нашых навучэнцаў у прафесіі такая: пасля 9 класаў яны паступаюць да нас, вучацца 2 гады 10 месяцаў, а пасля ў рамках канцэпцыі бесперапыннай педагагічнай адукацыі паступа­юць у педуніверсітэт. Часцей за ўсё на завочнае аддзяленне, бо, маючы дыплом, ім хочацца паспрабаваць сябе на практыцы. Увогуле я пераканана, што тыя навучэнцы, якія выбіраюць педагагічную прафесію, заслугоўваюць павагі. Я бяс­конца веру ў іх і ўжо на першай сустрэчы з першакурснікамі заўсёды гавару, што яны лепшыя і паступілі ў лепшы каледж. Усе нашы выкладчыкі ставяцца з павагай да кожнага навучэнца і ўпэўнены, што яны стануць тым пакаленнем беларускіх педагогаў, якія ў будучыні сваёй працай зробяць нашу краіну лепшай і больш моц-
най.

Знайсці прафесійную сцяжыну

У Мінскім дзяржаўным ар­хі­тэктурна-будаўнічым каледжы (фі­ліяле БНТУ) таксама адкрыта новая спецыяльнасць — “Архітэктурны дызайн гарадскога асяро­д­дзя”.

— Гэта інтэграваная спецыяльнасць, якая аб’ядноўвае архітэктуру і дызайн. Навучанне будзе весціся за кошт сродкаў бюджэту. Пры паступленні абітурыентам трэба вытрымаць не толькі конкурс атэстатаў, але і два ўступныя іспыты: малюнак і кампазіцыю. Архітэктурны дызайн гарадскога асяроддзя — шматвектарны метад работы з прасторай. Ён дазваляе сфармуляваць агульныя заканамернасці, мадэль мастацкага асваення і ўспрымання прадметна-прасторавага асяроддзя як цэласнай экалагічна мэтазгоднай прасторы жыцця­­дзейнасці людзей, што абапіраецца на традыцыйныя сродкі і інавацыйныя метады архітэктуры і дызайну, — падкрэсліла адказны сакратар прыёмнай камісіі кале­джа Юлія Козырава.

Прыём дакументаў на аснове агульнай базавай адукацыі на бюджэтную форму навучання завершыцца 3 жніўня, на платную — 14 жніўня.

На аснове агульнай сярэдняй адукацыі або прафесійна-тэхнічнай з агульнай сярэдняй адукацыяй прыём дакументаў на бюджэт будзе ажыццяўляцца да 12 жніўня, на платнае навучанне без уступных іспытаў — да 17 жніўня.

Залічэнне тых, хто паступае на бюджэт пасля 9 класаў, завершыцца 10 жніўня, пасля 11 класа — 16 жніўня. На платную форму навучання абітурыенты з агульнай базавай адукацыяй будуць залічвацца да 16 жніўня, з агульнай сярэдняй (прафесійна-тэхнічнай з агульнай сярэдняй адукацыяй) — да 18 жніўня.

Выпускнікі новай спецыяльнасці змогуць працаваць на прадпрыемствах, якія займаюцца горадабудаўнічым і архітэктурным праектаваннем, планіроўкай ін­тэр’ераў, унутраных і адкрытых урбанізаваных прастораў, а таксама архітэктурнай каларыстыкай малых ландшафтна-архітэктурных форм і інш.

Маргарыта Пархімовіч, скончыўшы 9 класаў сталічнай сярэдняй школы № 161, якраз спрабуе паступіць на новую спцыяль­насць:

— Мне вельмі падабаецца архітэктура, гэта тое, чым я хацела б займацца ў жыцці. Мне здаецца, калі чалавека не заўсёды запамінаюць, то будынак, месца, у якім пабываў, запомняць абавязкова.

— На спецыяльнасць “Ар­хітэктурны дызайн гарадскога асяроддзя” конкурс ужо складае паўтара чалавека на месца. Паступаючых заўсёды прываб­лівае нешта новае, яны разумеюць, што ў любым выпадку гэты напрамак будзе развівацца, тым больш што зараз на горадабудаўніцтва звяртаецца большая ўвага, — пераканана Юлія Вячаславаўна.

Архітэктурна-будаўнічы каледж запрашае абітурыентаў яшчэ на шэсць спецыяльнасцей: “Архітэктура”, “Дызайн”, “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва”, “Водазабеспячэнне, водаадвядзенне і ахова вод­ных рэсурсаў”, “Санітарна-тэхнічнае абсталяванне будынкаў і збудаванняў” і “Абслугоўванне і эксплуа­тацыя жылых дамоў”.

Так, Арсеній Курдзека — выпускнік Глыбоцкай сярэдняй школы № 2 — падаў дакументы на спецыяльнасць “Архітэктура”. І хоць у яго не вельмі высокі сярэдні бал пасведчання аб агульнай базавай адукацыі, ён спадзяецца атрымаць добрыя адзнакі на творчых іспытах, бо чатыры гады займаўся ў мастацкай школе.

— Я мару пайсці па слядах бацькі-будаўніка, пры гэтым навучыцца не толькі будаваць, але і праектаваць. Усім, хто, як і я, паступае, жадаю ўпэўненасці ў сабе, каб ніякія сумненні не перашко­дзі­лі на экзаменах, — сказаў юнак.

Дарэчы, навучанне на спецыяльнасці “Архітэктура” выключна на платнай аснове. І тым не менш на 90 месцаў ужо прэтэндуе каля 120 абітурыентаў.

— На такія спецыяльнасці, як “Архітэктура” і “Дызайн”, заўсёды кантрольныя лічбы набору закрываюцца ў першыя дні прыёму дакументаў. На “Прамысловае і грама­дзянскае будаўніцтва” (бюджэт) на 90 месцаў ужо падалі заяўкі звыш 70 чалавек. Менш актыўна пакуль ідуць на “Водазабеспячэнне, вода­адвядзенне і ахову водных рэсурсаў”, бо на гэтую спецыяльнасць мы набіраем пасля 11 класаў, і, напэўна, пакуль выпускнікі спрабу­юць паступіць ва УВА. На завочную форму сёлета мы набіраем толькі на спецыяльнасць “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва” — па 40 бюджэтнікаў і платнікаў. На “Абслугоўванне і эксплуатацыю жылых дамоў” і “Санітарна-тэхнічнае абсталяванне будынкаў і збудаванняў” звычайна паступа­юць усе жадаючыя. Хацелася б, каб да нас прыйшлі ініцыятыўныя навучэнцы, гатовыя ўспры­маць новую інфармацыю, якія будуць гарэць абранай прафесіяй і якім цікава праца­ваць у тандэме з на-
шымі выкладчыкамі, — рэзюмавала Ю.В.Козырава.

Ну што ж, сёння мы зазірнулі толькі ў два каледжы, хоць іх больш за сотню па ўсёй краіне. Таму можна смела гаварыць, што шырокі выбар спецыяльнасцей, якія прапануюць установы ССА, дазволіць кожнаму знайсці сваю прафесійную сцяжыну.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота аўтара.