Каледжы краіны працягваюць набор навучэнцаў як на ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі — па 23 жніўня, так і на ўзровень сярэдняй спецыяльнай — па 6 жніўня на бюджэт. Самая хуткасная дарога ад прыпынку “Школа” да прыпынку “Дарослае жыццё” — прафесійна-тэхнічная адукацыя, бо па некаторых кваліфікацыях прафесію можна атрымаць менш чым за год. А яшчэ ў сучасных умовах гэтая дарога вельмі камфортная і добраўпарадкаваная: установы прафтэхадукацыі прапаноўваюць цудоўныя ўмовы не толькі для прафесійнага станаўлення, але і для асобаснага развіцця. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— Мы зараз у сярэдзіне прыёмнай кампаніі на ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Прапаноўваем сёлета каля 27 тысяч месцаў, але могуць быць карэктывы. Бо правіламі прыёму да 22 жніўня прадугледжана магчымасць карэкціроўкі кантрольных лічбаў прыёму на ўзроўні прафтэхадукацыі па запатрабаваных эканомікай спецыяльнасцях пры наяўнасці дадатковай патрэбнасці ў арганізацый — заказчыкаў кадраў. Таму ў цяперашні момант заснавальнікі каледжаў працягваюць працаваць са сваімі арганізацыямі рэальнага сектара па выяўленні дадатковай патрэбнасці, бо ў краіне ўвогуле адчуваецца сур’ёзны недахоп рабочых кадраў. Па гэтай прычыне могуць быць змяненні ў асобных установах адукацыі, — расказала намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі — начальнік упраўлення прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Аляксандра Пятрова.
Яна рэкамендуе ўсім паступаючым, нацэленым на атрыманне рабочай прафесіі ў каледжы, сачыць за ходам прыёмнай кампаніі:
— Абітурыентам варта ў прыёмнай камісіі канкрэтнай установы адукацыі заявіць пра сваё жаданне вучыцца. Зрабіць гэта трэба для таго, каб усе разумелі, што запатрабаванасць у такіх прафесіях ёсць не толькі ў заказчыкаў кадраў, але і ў патэнцыяльных абітурыентаў, якія хочуць прадоўжыць сваю адукацыю на ўзроўні ПТА.
Нагадаем, на бюджэт дакументы дзевяцікласнікі могуць падаваць па 3 жніўня, адзінаццацікласнікі — па 6 жніўня, а на платнае навучанне — па 13 жніўня.
— Згодна з тэндэнцыяй апошніх гадоў, назіраецца змяншэнне платнай долі навучэнцаў на ўзроўні ССА і колькасці паступаючых пасля 11 класа. Патэнцыяльны кантынгент ПТА — гэта ўсё ж выпускнікі базавай школы. Мы арыентуем дзевяцікласнікаў на тое, што ў каледжы яны атрымаюць не толькі прафесію, але і агульную сярэднюю адукацыю, а пасля атрымання дыплома змогуць прадоўжыць навучанне ва УВА, у тым ліку і выпускнікі УССА, у скарочанай форме. Прычым для выпускнікоў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі па адпаведных спецыяльнасцях адкрыты доступ без працоўнага стажу на дыстанцыйную і завочную формы атрымання адукацыі на ўзроўні вышэйшай адукацыі, — паведаміла Аляксандра Мікалаеўна.
Яна адзначыла, што на ўзроўні ССА самая вялікая колькасць месцаў прадугледжана па інжынерных спецыяльнасцях. Традыцыйна высокі конкурс назіраецца на спецыяльнасцях медыцынскага профілю, звязаных з інфармацыйна-камунікацыйнымі тэхналогіямі і педагагічнага профілю. Апошнія гады сталі павышацца і балы па спецыяльнасцях, звязаных з эксплуатацыяй абсталявання, аўтаматызаванай вытворчасцю, — гэта мехатронныя сістэмы, робатызаваныя комплексы.
— Прыём абітурыентаў-мэтавікаў адбываецца па асобным конкурсе. На ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў каледжах запланавана каля 5 тысяч месцаў для гэтай катэгорыі. У выпадку незапаўнення месцаў яны будуць перададзены на бюджэтны прыём. Дарэчы, у гэтым годзе ход прыёму дакументаў на сайтах каледжаў адлюстроўваецца з меншым крокам. Раней ён быў 0,5, а ў табліцах адлюстроўвалася колькасць пададзеных дакументаў, напрыклад, ад 6 да 6,5 бала. Зараз крок у адну дзясятую, а значыць, ідзе адлюстраванне колькасці паступаючых, напрыклад, з балам 6,1, затым 6,2 і г.д. Такая сістэма забяспечвае яшчэ большую празрыстасць прыёмнай кампаніі. Цяпер усе абітурыенты могуць ацэньваць свае шансы на паступленне анлайн, а не тэлефануючы ў каледж. Такім чынам, мы стараемся ўлічыць усе пытанні, якія паступаюць у Мінадукацыі, — канстатавала Аляксандра Пятрова.
Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота з архіва рэдакцыі