Калегі дапамогуць, аднадумцы параяць

- 16:29Адукацыйная прастора

Кожны педагог, што б ён ні выкладаў, мае справу не толькі з працэсам навучання, але і з працэсам выхавання, напрамую з чалавечымі лёсамі, нярэдка вельмі няпростымі. Асабліва гэта, канечне, тычыцца сацыяльных педагогаў і педагогаў-псіхолагаў. Яны не выкладаюць вучэбных дысцыплін, але кожны дзень вырашаюць няпростыя задачы, што тычацца і навучэнцаў, і іх сем’яў. Каб лепш спраўляцца са штодзённымі праблемамі, спецыялісты з Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці вырашылі аб’яднацца ў клуб.

Адзін плюс адзін

Дакладней, некалькі гадоў назад пры мясцовым сацыяльна-педагагічным цэнтры былі створаны два клубы для педагогаў сацыяльна-педагагічнай і псіхілагічнай службы раёна: клуб “Суразмоўнік” для сацыяльных педагогаў і “Савет псіхалагічнай узаемадапамогі” для педагогаў-псіхолагаў. Члены клубаў збіраліся, дзяліліся вопытам, разглядалі складаныя, агульныя для ўсіх пытанні, шукалі шляхі вырашэння праблем.

Так, у мінулым навучальным годзе ў “Суразмоўніку” педагогі звярталіся да тэм па сістэме падтрымкі сям’і, якая апынулася ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, нетрадыцыйных форм работы па папярэджанні агрэсіўных паводзін непаўналетніх, прафілактыкі камп’ютарнай залежнасці ў дзяцей, забеспячэнні сацыяльна-педагагічнай падтрымкі сям’і ў фарміраванні асобы навучэнца і іншых. Педагогі-псіхолагі, у сваю чаргу, вылучылі для абмеркавання адаптацыю дзяцей у замяшчальных сем’ях, дыягностыку ўзаемаадносін у сям’і, развіццё памяці і ўвагі, правялі некалькі трэнінгавых заняткаў, напрыклад, па канфлікталогіі, самадапамозе ў стрэсавых сітуацыях.

Чаму я гавару пра гэтыя клубы ў мінулым часе? Таму што з новага навучальнага года два клубы аб’ядналіся ў адзін пад назвай “Савет узаемадапамогі”. Назва найлепшым чынам адлюстроўвае сутнасць клубнай дзейнасці: педагогі дапамагаюць адно аднаму.

— Ідэя стварэння клубаў узнікла з неабходнасці ў рамках нейкай суполкі дзяліцца паміж сабой напрацоўкамі, творчымі знаходкамі. Нашы клубы нарадзіліся з практыкі, — расказвае дырэктар СПЦ Ашмянскага раёна Наталля Яўгенаўна Пялецкая. — Мы стварылі іх дзеля таго, каб удасканаліць умовы і павысіць якасць работы педагогаў-псіхолагаў і сацыяльных педагогаў, для аказання метадычнай, інфармацыйна-метадычнай, прававой дапамогі гэтым спецыялістам, а таксама для паляпшэння іміджу супрацоўніка СППС, павышэння яго прафесіяналізму. Сумесная работа ў рамках аб’яднанага клуба, спадзяёмся, зробіць дзейнасць сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы раёна яшчэ больш плённай.

Між іншым у пасяджэннях двух клубаў кожны раз прымалі ўдзел калі не ўсе, то амаль усе спецыялісты СППС Ашмяншчыны, а гэта 23 сацыяльныя педагогі і 28 педагогаў-псіхолагаў, уключаючы супрацоўнікаў дзіцячых садоў і мясцовых аграрна-эканамічнага і аграрна-тэхнічнага каледжаў. Цяпер сустрэчы стануць больш масавымі і пры гэтым не менш карыснымі, упэўнены ў новым “Савеце ўзаемадапамогі”.

Роўны для роўнага

Кіраўніком аб’яднанага клуба стала загадчыца па асноўнай дзейнасці інфармацыйна-прававога аддзела сацыяльна-педагагічнага цэнтра Ірына Міхайлаўна Анціпіна.

— Калі мы вырашалі згуртаваць нашы аб’яднанні, то спалучылі і напрамкі іх дзейнасці, хаця і раней, канечне, не працавалі адасоблена, — гаворыць яна. — Гэта вызначэнне выхаваўчага і педагагічнага ўзроўню сем’яў, іх праблем; арганізацыя сацыяльна-педагагічнага суправаджэння сям’і; арганізацыя работы з цяжкімі дзецьмі; прафілактыка дэвіянтных, адыктыўных паводзін; дапамога нядобранадзейным сем’ям; сацыяльна-псіхалагічнае суправаджэнне адораных дзяцей і г.д. Тэмы выбіраем надзённыя, розныя.

Чым больш сацыяльныя педагогі і педагогі-псіхолагі сустракаюцца, абменьваюцца вопытам, спрачаюцца, калі трэба, тым больш паспяховай будзе іх сумесная праца, пры ўдзеле спецыялістаў іншых зацікаўленых ведамстваў, лічыць кіраўнік аб’яднання.

— Што да форм работы, то “Савет узаемадапамогі”, як раней гэта рабілі “Суразмоўнік” і “Савет псіхалагічнай узаемадапамогі”, збіраецца выкарыстоўваць групавыя кансультацыі, — дадае І.М.Анціпіна, — а таксама сацыяльна-псіхалагічныя і адукацыйныя трэнінгі, абмен вопытам па сямейным выхаванні, разбор і аналіз педагагічных сітуацый, каб аказваць непаўналетнім сучасную комплексную сацыяльна-педагагічную падтрымку і псіхалагічную дапамогу, удасканальваць сістэму абароны правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх, выконваць іншыя неабходныя задачы.

Прынцып “роўны вучыць роўнага”, пра які мы згадваем, расказваючы пра школьнкаў, што вучаць чамусьці карыснаму сваіх аднагодкаў, такім чынам нядрэнна працуе і ў адносінах да дарослых людзей, сталых спецыялістаў. Калі раней спецыялісты збіраліся не радзей, чым раз у квартал, то цяпер вырашылі, што гэтага ім мала і трэба збірацца прыкладна раз у месяц, каб больш аператыўна вырашаць узнікаючыя пытанні і прымаць рашэнні па іх. Эфект, як лічаць самі педагогі, і раней быў заўважны, цяпер жа ён стане больш яскравым.

На пачатку года кожны ўдзельнік клуба можа сам прапанаваць сваё выступленне па значнай для яго і яго калег тэме. Так што клуб — сістэма, якая сама сябе развівае і ўдасканальвае. Педагогі ў раёне, трэба сказаць, актыўныя, практычна кожны з іх прапаноўвае цікавую тэму, усе актыўна ўдзельнічаюць у абмеркаванні. Кожнае пасяджэнне заканчваецца прыняццем рашэння, якое носіць кансультацыйны, рэкамендацыйны характар. А па выніках усіх пасяджэнняў года педагогі рыхтуюць метадычны дапаможнік на розных носьбітах, што асабліва актуальна, я думаю, для маладых педагогаў: ёсць пытанні — звяртаешся да падсумаванага вопыту старэйшых калег. Хаця кожны тыдзень можна прыходзіць і на кансультацыі ў СПЦ.

Дарэчы, і спецыялістам з іншых, сумежных, ведамстваў уваход у клуб не забаронены. А як інакш абмяркоўваць праблемы нядобранадзейных сем’яў і падлеткаў без удзелу супрацоўнікаў органаў унутраных спраў або Цэнтральнай раённай бальніцы? Таму педагогі не раз ужо сустракаліся і з тымі, і з другімі, а таксама з некаторымі іншымі спецыялістамі. І, канечне, з метадыстамі ўпраўлення адукацыі райвыканкама.

Падказаць і расказаць

Першы месяц новага навучальнага года прайшоў для “Савета ўзаемадапамогі” пад знакам тыдня псіхічнага здароўя. Прапрацоўвалі гэтую тэму. Цяпер рыхтуюцца да абмеркавання новых тэм, іх спектр, як я ўжо адзначала, вельмі шырокі.

Напрыклад, не так даўно яшчэ на пасяджэнні клуба “Суразмоўнік” тэму ўзаемадзеяння СППС школы і сям’і ў арганізацыі вольнага часу падлеткаў з дэвіянтнымі паводзінамі раскрывала спецыяліст з сярэдняй школы № 2 Ашмян Ірына Міхайлаўна Здзярская. Тэма школы і сям’і, пагадзіцеся, вечная і пры гэтым заўсёды актуальная. Школа, як справядліва заўважыла педагог, ва ўсе часы імкнулася ўмацаваць свой уплыў на сям’ю, каб разам з ёй максімальна рэалізаваць усе здольнасці навучэнца. “Педагогі заўсёды разумелі, што нармальная сям’я па сваіх выхаваўчых магчымасцях пераўзыходзіць любы сацыяльны інстытут — ніхто не здольны скласці канкурэнцыю сям’і ні ў перадачы сацыяльнай інфармацыі, ні ў развіцці інтэлектуальных і сацыяльных магчымасцей чалавека”, — заўважыла І.М.Здзярская.

Таму і рэкамендацыі, якія вопытны педагог прапанавала, тычацца і работы школы з соцыумам, і дзейнасці класных кіраўнікоў, і бацькоў, як паасобку, так і ў супрацоўніцтве. Каардынацыйную ролю работнікаў СППС тут нельга пераацаніць. Бацькам, напрыклад, спецыяліст раіць знаёміцца са спецыяльнай псіхолага-педагагічнай літаратурай, уключаць сваіх непаўналетніх дзяцей у грамадска карысную дзейнасць. Школам — падчас канікул, абавязкова працаўладкоўваць падлеткаў з груп рызыкі прыцягваць іх да заняткаў у гуртках і секцыях. Дае таксама іншыя рэкамендацыі. Так, для ўмацавання ўзаемадзеяння ў рабоце з цяжкімі падлеткамі варта праводзіць класныя бацькоўска-навучэнскія сходы, а таксама сумесныя канферэнцыі педагогаў, бацькоў і навучэнцаў, вечары пытанняў і адказаў “Закон і адказнасць”, індывідуальныя кансультацыі, трэнінгі бацькоўскага ўзаемадзеяння і г.д.

“У пэўных выпадках адмоўныя, цяжкія паводзіны падлеткаў толькі спосаб звярнуць на сябе ўвагу. У сваёй рабоце сацыяльны педагог выкарыстоўвае прыёмы педагагічнага ўздзеяння, што заснаваны на наступных прынцыпах: педагагічны аптымізм, павага да выхаванца, разуменне яго душэўнага стану, раскрыццё матываў і знешніх прычын учынкаў выхаванца, зацікаўленасць у яго лёсе”, — нагадала калегам Ірына Міхайлаўна.

У такой дружалюбнай, творчай, адкрытай атмасферы і праходзяць пасяджэнні клуба. Зразумела, што маладым спецыялістам, якія прыязджаюць у раён і прыходзяць у “Савет узаемадапамогі”, такая атмасфера дапамагае камфортна ўліцца ў работу, а сталым спецыялістам лягчэй адшукаць агульную мову з калегамі па розных праблемах.

Паразважаць на прапанаваную тэму члены клуба могуць і з педагогамі з іншых раёнаў. Тут спадзяюцца бачыць у сябе калег з суседніх раёнаў (Смаргонскага, Астравецкага, магчыма, з іншых) не радзей чым раз у квартал. Чакаюць таксама спецыяліста з Гродна. Вось так клуб пашырае гарызонты і паглыбляе сваю дзейнасць. Застаецца толькі пажадаць яму поспехаў у добрай справе.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва СПЦ і школы № 2.