Калейдаскоп талентаў і творчасці

- 16:57Навіны рэгіёнаў, Рознае
Менавіта так можна ахарактарызаваць фінал абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства “Педагог дадатковай адукацыі”, які на мінулым тыдні адбыўся ў Магілёве. Падчас фінальных спаборніцтваў у прафесіяналізме перад гледачамі і журы выступілі неверагодна актыўныя, мэтанакіраваныя і творчыя педагогі дадатковай адукацыі, якія на справе даказалі, што таленавітыя выкладчыкі гэтага профілю ў вобласці не ў дэфіцыце.

Як паведаміла метадыст абласнога Цэнтра творчасці Таццяна Паказаньева, такія спаборніцтвы ў майстэрстве праводзяцца на Магілёўшчыне штогод. Іх асноўная мэта — абагульненне і распаўсюджванне перадавога педагагічнага вопыту ў сістэме дадатковай адукацыі, пошук новых педагагічных ідэй па абнаўленні зместу адукацыйнага працэсу і, вядома, выяўленне таленавітых педагогаў.
— Не магу не адзначыць, што наш конкурс павышае прэстыжнасць работы педагога і стымулюе на развіццё майстэрства. Ды і колькасць удзельнікаў (а іх сёлета было 33) пацвярджае — педагогам дадатковай адукацыі вобласці ёсць што паказаць і чым падзяліцца з калегамі, — падкрэсліла Таццяна Аляксандраўна.
Конкурс складаўся з некалькіх этапаў. Першапачаткова найбольш годнага выбралі ўнутры кожнай установы. Затым канкурсантаў чакаў адборачны тур, для праходжання якога неабходна было прадаставіць на суд журы партфоліа асабістых прафесійных дасягненняў і метадычных распрацовак. Гэты конкурсны этап вызначыў пятнаццаць удзельнікаў, якія прынялі ўдзел у наступным, фінальным туры.
Першым заданнем для фіналістаў была прэзентацыя візітных картак “Знаёмцеся — гэта я!”. Кожны паказаў сябе як яркая неардынарная асоба, творчы, актыўны, упэўнены ў сабе педагог, які ўмее ставіць перад сабой мэту і дасягаць выніку. Напрыклад, выступленне педагога аб’яднання па інтарэсах “Народны танец” Мсціслаўскага цэнтра дзіцячай творчасці Наталлі Лук’янавай было напоўнена нацыянальным беларускім каларытам. Педагог аб’яднання па інтарэсах “Тэатр лялек” Надзея Кузняцова з Бялыніцкага шматпрофільнага цэнтра “Ветразь” паказала на сцэне сапраўдны міні-спектакль. Кіраўнік клуба вясёлых і знаходлівых Магілёўскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Крынічка” Максім Клімаўцоў парадаваў прысутных бліскучым гумарам, а кіраўнік узорнай студыі славянскай моды “Отрада” Бабруйскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Алена Канойка здзівіла калекцыямі непераўзыдзеных сукенак. Педагог аб’яднання па інтарэсах “Авацыя” Чэрыкаўскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Ірына Зарычка пагрузіла гледачоў у атмасферу чараўніцтва і цудаў, педагог школы развіцця “Прыступкі” Горацкага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Святлана Піскіжова пераўвасобіліся на сцэне ў Мэры Попінс, а кіраўнік узорнай студыі “Цуд” Асіповіцкага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Святлана Пацкевіч у сваім выступленні сустрэлася з героямі вядомага мультфільма пра дамавічка Кузю.
Усе выступленні канкурсантаў былі абсалютна рознымі, аднак у той жа час было і тое, што іх аб’ядноўвала. Гэта прынцып работы, якім кіруюцца ўдзельнікі. Усе яны бачаць сваёй асноўнай задачай выяўленне талентаў вучняў, а таксама дапамогу ў іх раскрыцці і развіцці.
Візітныя карткі канкурсанты прадставілі на “выдатна”, але не горш праявілі сябе і ў двух іншых заданнях фінальнага тура. Так, падчас правядзення адкрытых заняткаў з групай незнаёмых навучэнцаў члены журы адзначылі прафесійнае майстэрства ўдзельнікаў, іх уменне хутка авалодаць увагай дзяцей, знайсці падыход ды кожнага навучэнца. Не разгубіліся канкурсанты і на псіхолага-педагагічным тэсціраванні “Ад тэорыі да практыкі”, паказаўшы цвёрдыя тэарэтычныя веды.
У выніку ў суперфінал выйшлі кіраўнік клуба вясёлых і знаходлівых Магілёўскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Крынічка” Максім Клімаўцоў; педагог аб’яднання па інтарэсах “Вецер перамен” Магілёўскага шматпрофільнага цэнтра па рабоце з дзецьмі і моладдзю “Юнацтва” Ангеліна Баранава; кіраўнік узорнай студыі славянскай моды “Отрада” Бабруйскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Алена Канойка; кіраўнік узорнага ансамбля танца “Васілёк” Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Росквіт” Бабруйска Ірына Зінавенка і кіраўнік узорнай студыі “Цуд” Асіповіцкага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Святлана Пацкевіч.
Для перамогі суперфіналістам трэба было выканаць яшчэ адно заданне — даць майстар-клас па сваім кірунку дзейнасці. І зноў прысутныя на конкурсе акунуліся ў чароўны свет творчасці.
З невялікім адрывам пераможцай конкурсу стала кіраўнік узорнай студыі славянскай моды “Отрада” Бабруйскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Алена Канойка. Лаўрэатамі конкурсу і ўладальнікамі дыпломаў ІІ і ІІІ ступені адпаведна былі названы педагог аб’яднання па інтарэсах “Вецер перамен” Магілёўскага шматпрофільнага цэнтра па рабоце з дзецьмі і моладдзю “Юнацтва” Ангеліна Баранава і кіраўнік клуба вясёлых і знаходлівых Магілёўскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Крынічка” Максім Клімаўцоў.
Прызавых месцаў у любым конкурсе ўсяго тры. Аднак, нягледзячы на гэта, ніхто з удзельнікаў не адчуваў сябе пераможаным, бо ўсе маюць магчымасць рознабакова развіваць сваіх выхаванцаў, прыводзіць іх да розных вышынь і дасягненняў, што ўжо з’яўляецца вялікай перамогай кожнага з педагогаў.

НА ЗДЫМКАХ: пераможца конкурсу кіраўнік узорнай студыі славянскай моды “Отрада” Бабруйскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Алена Канойка; яскравае выступленне кіраўніка ўзорнага ансамбля танца “Васілёк” Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Росквіт” Бабруйска Ірыны Зінавенка; фіналісты конкурсу.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара і з архіва абласнога Цэнтра творчасці.