Калектыў «Настаўніцкай газеты» атрымаў дыплом лаўрэата XXI Нацыянальнага конкурсу «Залатая Літара»

- 14:10Новости

Гомельшчына стала адкрытай інфармацыйнай пляцоўкай для журналістаў, медыяэкспертаў, прэс­-сакратароў дзяржаўных органаў і арганізацый, блогераў. Тут адбыўся V Форум медыйнай супольнасці Беларусі “Медыя сёння: фокус на праўду”, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Назва была выбрана невыпадкова: сёння ў свеце ідзе актыўная інфармацыйная барацьба за сэрцы і розумы людзей, менавіта таму беларускія медыя павінны стаць надзейным правадніком праўды, фарміраваць у грамадства пачуццё гордасці за сваю краіну, яе дасягненні і перамогі.

На адкрыцці форуму Ула­дзімір Пярцоў, першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, адзначыў:

— Грандыёзныя варожыя планы ў дачыненні да нашай краіны нікуды не падзеліся, заходнія дзяржавы таксама вядуць работу над памылкамі, таксама перафармаціруюць сваю працу, таксама шукаюць здраднікаў, якія звонку і знутры будуць ажыццяўляць барацьбу за розумы, сэрцы, погляды і меркаванні. Асабліва маладых людзей… Але ў нас няма іншай Радзімы. І тая самая гібрыдная інфармацыйная вайна не павінна ўвянчацца іх перамогай.

Праграма форуму была насычаная: панэльныя дыс­кусіі, пленарнае пасяджэнне, экскурсіі на вядучыя прадпрыемствы і гістарыч­ныя аб’екты рэгіёна. Удзель­нікі абмеркавалі актуальныя выклікі часу і перспектывы развіцця СМІ, у тым ліку інфармацыйную бяспеку, супрацьдзеянне ма­ніпуляцыям, выкарыстанне сучасных тэхналогій і штучнага інтэлекту, інфармацыйнае рэагаванне на крызісныя сітуацыі, новыя з’явы медыяменеджменту. Асаблівая ўвага ўдзялялася захаванню гістарычнай памяці і патрыя­тычнаму выхаванню мола­дзі праз медыя, фарміраванню грамадзянскай адказнасці.

Гаворачы аб тым, якія задачы цяпер асноўныя для інфармацыйнай палітыкі краіны, міністр інфармацыі Марат Маркаў адзначыў:

— Самая галоўная задача — забяспечыць інфармацыйную бяспеку краіны. Таму што сёння (і вы цудоўна разумееце, неаднаразова Прэзідэнт аб гэтым гаварыў), калі мы з вамі не пераможам у інфармацыйнай вайне або не будзем перамагаць у інфармацыйных бітвах, нам давя­дзецца ўвайсці ў гарачую фазу, у сапраўдную вайну. І гэта не пустыя словы.

Для перамогі на інфармацыйным фронце ў нас павінны быць абсалютна ўсе віды зброі, падкрэсліў Марат Маркаў, у тым ліку штучны інтэлект.

Патрыятызм, захаванне гістарычнай памяці, супраць­дзеянне фэйкам і дэструктыўным уплывам — гэтыя тэмы сталі асновай для абмеркавання прадстаўнікамі СМІ, экспертамі ў сферы інфармацыйнай бяспекі. Было пад­крэслена, што толькі праз адзінства, праўдзівую інфармацыю і актыўную грамадзянскую пазіцыю можна забяспечыць устойлівае развіццё грамадства, будучыню Беларусі.

Удзельнікі форуму адзначылі неабходнасць кансалідацыі намаганняў дзяржаўных і незалежных медыя для абароны інфармацыйнага суверэнітэту Беларусі. Асаблівы акцэнт быў зроблены на павышэнні прафесійных стандартаў журналістыкі і развіцці патрыятычнага кантэнту.

Завяршальным акордам форуму стала ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў XXI Нацыянальнага конкурсу “Залатая Літара”. У гэтым годзе была пададзена рэкордная колькасць заявак у 25 намінацыях, а ўзнагароды атрымалі 69 прадстаўнікоў друкаваных СМІ.

Асаблівая гордасць для калектыву “Настаўніцкай газеты” — дыплом лаўрэата ў намінацыі “Лепшыя матэрыялы грамадска-палітычнага характару”. Гэта прызнанне высокага прафесіяналізму, прынцыповасці, вернасці справе і доказ таго, што наша місія важная і патрэбная грамадству. Газета на працягу сваёй 80-гадовай гісторыі выступае не толькі як інфармацыйная пляцоўка, але і як ідэалагічны компас для педагагічнай супольнас­ці краіны. Такая ўзнагарода — вынік сумеснай працы ўсяго калектыву.

V Форум медыйнай супольнасці Беларусі стаў не толькі пляцоўкай для прафесійнага абмену вопытам, але і важным этапам у працэсе фарміравання нацыянальнай інфармацыйнай палітыкі, выхавання моладзі і ўмацавання патрыятызму. Прызнанне працы “Настаўніцкай газеты” — гэта стымул і далей заставацца вернымі прынцыпам праўды, адказнасці і любові да Радзімы.

Святлана МАЗУРЫНА
Фота БелТА