“Калектыўны Захад нацэліўся на змену ўлады ў Беларусі”

- 9:10Інфармацыйная гадзіна

Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, прымаючы кадравыя рашэнні ў сістэме дзяржаўнай бяспекі.

“Хачу звярнуць увагу: сітуацыя застаецца напружанай, і нам супакойвацца яна не дае. Вам лепш за іншых вядома, што няўдалая спроба дзяржаўнага перавароту не змяніла планаў праціўніка. Калектыўны Захад працягвае ўмешвацца ва ўнутраныя справы краіны, нацэліўшыся на змену ўлады, а самае небяспечнае для нас — знішчэнне незалежнасці нашай дзяржавы. Гэта мы павінны памятаць. Разумець і адчуваць кожны дзень і кожную гадзіну, асабліва вы”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

“Задзейнічаюцца санкцыі. Фінансуюцца пратэсты, экстрэмізм, тэрарызм. Падбіраюцца і рыхтуюцца баевікі. Мы гэта не проста ведаем, мы з гэтым працуем”, — звярнуў увагу беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў сучасных умовах на супрацоўнікаў КДБ ускладаецца задача па забеспячэнні стабільнай сацыяльна-палітычнай сітуацыі, абароне краіны ад знешняга дэструктыўнага ўздзеяння.

“Першачарговымі задачамі сёння з’яўляюцца нарошчванне намаганняў па барацьбе з тэрарызмам і экстрэмізмам, процідзеянне антыканстытуцыйным праяўленням. Прынцыповае значэнне мае кантроль сітуацыі ў працоўных калектывах прадпрыемстваў, органаў улады. Для гэтага мы стварылі адпаведныя інстытуты”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Звяртаючыся да афіцэраў і генералаў, якія прысутнічалі на мерапрыемстве, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што беларускія чэкісты ўнеслі важкі ўклад у абарону краіны і людзей ад маштабных знешніх і ўнутраных пагроз.

Асобна кіраўнік дзяржавы спыніўся на тым, што праціўнікі Беларусі і дзеючай у краіне ўлады чарговую спробу рэвалюцыі могуць прымеркаваць да рэферэндуму па Канстытуцыі. 

“У якасці адной з магчымых дат чарговай спробы рэвалюцыі (дня “Х”, як яны лічаць) разглядаецца перыяд правядзення канстытуцыйнага рэферэндуму”, — заявіў беларускі лідар.

Ён адзначыў, што выкарыстоўваюцца апрабаваныя ў іншых краінах сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі, разгорнута псіхалагічная вайна, нацэленая на фарміраванне ў насельніцтва Беларусі негатыўнага вобраза ўлады. “Гэтыя методыкі ўздзеяння накіраваны на супрацоўнікаў дзяржапарату і сілавікоў з мэтай пераканаць іх у адсутнасці падтрымкі з боку насельніцтва, зарадзіць сумненні ў правільнасці дзяржаўнага палітычнага курсу”, — сказаў Прэзідэнт.

Беларускі лідар падкрэсліў, што акцыі запалохвання і дыверсіі плануюцца па розных напрамках.

“Створаныя пад кантролем спецслужбаў палітэмігранцкія цэнтры ў Варшаве і Вільнюсе нацэльваюць радыкалаў на акцыі запалохвання ў адносінах да грамадскіх і дзяржаўных дзеячаў, прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі, сілавых органаў. Дабраліся і да судзейскага корпуса”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што дыверсіі плануюцца на аб’ектах абарончага комплексу, эканомікі, жыццезабеспячэння. “Замежныя спецслужбы і іх саўдзельнікі вывучаюць сітуацыю ў працоўных калектывах, спрабуюць інспіраваць забастоўкі”, — звярнуў увагу беларускі лідар.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што адной з ключавых гібрыдных пагроз сёння з’яўляецца складаная сітуацыя на нашай дзяржаўнай граніцы.

“Польшча і Літва мэтанакіравана абвінавачваюць Беларусь у нібыта штучным стварэнні міграцыйнага крызісу. Пры гэтым праводзяць спецаперацыі па стварэнні каналаў адбыцця мігрантаў з месцаў утрымання на тэрыторыю Германіі і Францыі, масава і цынічна парушаючы правы чалавека”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

“Я гэта гавару для таго, каб немцы нарэшце прачнуліся з французамі, ды і англічанамі, іншымі краінамі і паглядзелі, што адбываецца з гэтымі мігрантамі ў Польшчы і Літве”, — заўважыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што Польшча і Літва дэманструюць усюды, што яны нібыта ўтрымліваюць мігрантаў у пэўных месцах — у лагерах. “А на самай справе гэта толькі перасыльныя пункты. Яны спецыяльна выпускаюць з лагераў гэтых людзей, разумеючы, што яны прыйшлі не ў Польшчу і не ў Літву. Гэтак жа, як у Беларусь. Яны прыйшлі і ідуць далей. Яны ідуць у Германію, у больш “цёплыя”, як яны кажуць, краіны. Палякі і літоўцы, разумеючы гэта, іх пакрыху выпускаюць з лагераў, і немцы ўжо тысячамі іх затрымліваюць у сябе на тэрыторыі”.

Прэзідэнт падкрэсліў, што гэта абсалютна дакладная інфармацыя: “Мы валодаем гэтымі данымі. Але перш за ўсё вы валодаеце і мяне інфармуеце. Мы пераправяралі праз некалькі крыніц. Гэта сапраўды так. Дык вось няхай яны там у сябе разбяруцца, хто немцам і французам падкідвае гэтых мігрантаў. Паводле нашых даных, там гінуць людзі. І колькасць загінуўшых у разы перавышае публічныя заявы польскіх і літоўскіх палітыкаў. Нягледзячы на хвалёную еўрапейскую свабоду слова, да інфармацыі аб рэальнай сітуацыі сродкі масавай інфармацыі з іх боку не дапускаюцца”. 

З мэтай процідзеяння дэструктыўным уплывам кіраўнік дзяржавы даручыў істотна нарасціць намаганні па абароне інфармацыйнай прасторы. “Неабходна ўкараняць новыя, у тым ліку тэхнічныя, метады проціборства, садзейнічаць правядзенню наступальнай інфармацыйнай палітыкі нашых СМІ”, — сказаў беларускі лідар. 

Па матэрыялах БелТА
падрыхтавала Вераніка КЛЮТЧЭНЯ.