Калі б не было вайны…

- 12:29Да 70-годдзя Вялікай Перамогі

Гэта ліст-роздум пра майго дзядулю, які загінуў напярэдадні Перамогі. Для ўсёй нашай сям’і свята Перамогі, як і вызваленне ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, — святыя і шчымлівыя дні. Калі б не было вайны, у маёй матулі быў бы бацька. Не, канечне, ён быў і так, але яна яго амаль не памятае. Помніць толькі, як ён бег да яе праз поле, дзе яны гулялі з сяброўкамі, падняў на рукі, доўга кружыў у паветры, высока падкідваў, а потым апусціў на зямлю і сказаў: “Бывай, Галінка”. І пабег дахаты. А яны з сяброўкамі (вядома, дзеці) працягвалі гуляць, смяяліся, качаліся па траве…

Майго дзядулю Івана Сільвестравіча Сытага прызвалі ў армію летам 1942 года. Да перамогі ён не дажыў толькі 3 месяцы і 20 дзён — загінуў 19 студзеня 1945 года пад мястэчкам Грабляўген ва Усходняй Прусіі. Быў цяжкі бой. Нашы адступалі. Яго моцна параніла. Сцёк крывёю. Жыццё маёй бабулі, якая засталася адна з малой дачушкай, было цяжкім. 10 гадоў без мужа, салдатка, яна вяла гаспадарку, арала зямлю (а было ў яе 10 гектараў), даглядала яго бацькоў, гадавала маю матулю. А потым выйшла замуж: цяжка было без гаспадара на зямлі. Айчым быў чалавек добры, сардэчны, маму не крыўдзіў, але ж меў слабасць да спіртнога. Калі б бацька вярнуўся з вайны, усё было б іначай, бо надта ж ён быў клапатлівым, ашчадным, адданым сям’і. І, як расказвалі аднавяскоўцы, якія служылі разам, вельмі любіў сваю дачушку Галінку, хацеў, каб у сям’і яшчэ былі дзеці. Ці можа быць інакш пасля Перамогі? Ды і Перамога — вось яна, блізка.
…І Перамога прыйшла. Уся ў квецені і сонечных промнях, радасных тварах вяскоўцаў, слязах шчасця ад сустрэчы з роднымі. Але гэтая радасць не завітала ў нашу хату. Яна абышла кожную трэцюю сядзібу ў вёсцы на 70 двароў (вёска Стральцы Гродзенскага раёна). Мой дзед не меў значных баявых узнагарод (у ваенкамаце нам аб іх не паведамілі). Героем не значыўся. Проста як радавы салдат два з паловай гады ішоў баявымі дарогамі вайны. Па-сялянску цярпліва, самааддана, як многія беларусы. Марыў, што, як вернецца з вайны, будзе апрацоўваць веснавую цёплую зямельку… Яго бацька — мой прадзед Сільвестр Сыты — так і не аправіўся пасля смерці сына — памёр ад сардэчнага прыступу. А прабабуля пражыла даўжэй, але плакала штодзень да самай смерці. Ад дзядулі засталося 8 лістоў, некаторае адзенне (яно ўвесь час было ў бабуліным куфары), некалькі фотаздымкаў і стары насценны гадзіннік. Ды яшчэ запіс у кнізе “Памяць. Гродзенскі раён”: “Сыты Іван Сільвестравіч, н. у 1910 г. Памёр ад ран 19.01.1945 у Германіі”.
Мне часта не хапае дзядулі. Асабліва шчымлівай адчуваецца яго страта ў святочныя дні Перамогі і Незалежнасці. Якой бы мае бабуля з дзядулем былі прыгожай парай! Калі б не было вайны…

Ала БУГЛАЕВА,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце
Навасёлкаўскай базавай школы Гродзенскага раёна.