Калі б не нарадзіўся Ньютан…

- 11:18Портфолио

Праблема развіцця каштоўнасна­сэнсавых арыенціраў асобы навучэнцаў — у цэнтры ўвагі педагогаў ліцэя № 1 Гродна.

Асоба вучонага

Сучасным навучэнцам, якія знаёмяцца на ўроках з некаторымi  законамi школьнага курса фізікі, напрыклад, законамі Ома, Гука, сусветнага прыцягнення (законам Ньютана), сёння здаецца, што яны адны з самых простых у навуцы. Вучням часам складана ў думках перанесціся ў іншую эпоху і зразумець, наколькі быў складаны і цярністы жыццёвы і навуковы шлях навукоўца.

На вялікі жаль, цяперашні вучань старэйшага школьнага ўзросту, не гаворачы ўжо пра ліцэіста, усе намаганні накіроўвае на атрыманне фармальных каштоўнасцей адукацыі, такіх як высокі сярэдні бал па вучэбным прадмеце, перамогі ў алімпіядах, бал сертыфіката на цэнтралізаваным тэсціраванні, неабходны для паступлення ва УВА. У яго ўяўленні прафесія навукоўца вельмі спакойная і непрыметная: чалавек навукі нешта даследуе ў лабараторыі, піша ў цішыні кабінета, выйграе гранты і патэнты на свае вынаход­ствы, публікуе дасягнутыя вынікі, якія потым уваходзяць у падручнікі і жыццё іншых людзей.

Аднак з поля зроку сучаснага вучня выпадаюць іншыя, не менш значныя для развіцця каштоўнасна-сэнсавай сферы асобы, пытанні. Што прымушае чалавека станавіцца вучоным? Якая роля асобы ў развіцці навукі? Якімі асобаснымі якасцямі павінен валодаць вучоны? Якія былі матывы займацца навукай у мінулых стагоддзях і якія яны на сучасным этапе? Якая ў навуцы роля сумленнасці, мужнасці, здзіўлення, азарэння, пазнавальнай цікавасці? Важныя і іншыя пытанні. Чаму ўзрастае роля этычных аспектаў навукі? Якое значэнне духоўных каштоўнасцей у навуцы і ці неабходны маральныя кодэксы вучоным? Якія кампаненты складаюць формулу поспеху генія фізічнай навукі? Ці быў бы адкрыты закон сусветнага прыцягнення, калі б не нара­дзіўся Ньютан? Адказваючы на гэтыя і многія іншыя пытанні, нашы ліцэісты, на вялікі жаль, адчуваюць значныя цяжкасці.

На працягу некалькіх гадоў на ўроках фізікі і ў пазаўрочнай рабоце мы мэтанакіравана працуем над праблемай развіцця каштоўнасна-сэнсавых арыенціраў асобы навучэнцаў праз выкарыстанне гісторыка-біяграфічнага матэрыялу аб вучоных, якія ўнеслі важкі ўклад у развіццё фізічнай навукі. 

Знаёмства з асобай выбітнага дзеяча навукі павінна адбывацца не проста як ілюстрацыя да законаў, паняццяў, навуковых тэорый, фізічных эксперыментаў, што вывучаюцца па праграме вучэбнага прадмета. Наадварот, праз асобу вучоных, іх жыццё­выя перыпетыі разам з навучэнцамі прыхо­дзім да разумення сутнасці зробленых імі адкрыццяў і дасягненняў. Дзякуючы такому фармату выкарыстання біяграфічнай інфармацыі, вучань не толькі даведваецца пра дасягненні вучонага, але і ўспрымае яго як асобу, асвойвае метады, якія прымяняў вучоны.

Праз якія формы работы з навучэнцамі можна сфарміраваць каштоўнаснае стаўленне да асобы выдатнага вучонага?

Па-першае, гэта арганізацыя дыскусійных пляцовак у межах тыдняў вучэбнага  прадмета “Фізіка”. Іх тэматыка можа і павінна быць разнастайнай: “Навука — справа маладых?”, “Формула поспеху геніяльнага вучонага”, “У свеце фізікаў і фізікі”, “Топ-10 самых значных адкрыццяў у фізіцы”, “Маральны кодэкс вучонага сучаснасці”, “Славутыя фізікі — ураджэнцы Беларусі” і інш.

Па-другое, стварэнне на саміх уроках фізікі выхаваўчых сітуацый на аснове цікавых фактаў з біяграфій вялікіх вучоных. Гэтыя факты настаўнік можа адшукаць у цэлым моры выдадзенай гісторыка-біяграфічнай літаратуры. Напрыклад, вывучаючы тэму “З’ява радыеактыўнасці” ў 11 класе, мэтазгодна з навучэнцамі абмеркаваць словы вядомай Марыі Складоўскай-Кюры: “Але якраз у гэтай кепскай старой адрыне прайшлі лепшыя і шчаслівыя гады нашага жыцця, цалкам прысвечаныя працы. Нярэдка я гатавала якую-
небудзь ежу тут жа, каб не перарываць ход асабліва важнай аперацыі. Часам увесь дзень я змешвала кіпячую масу жалезным прутом даўжынёй амаль у мой рост. Увечары я валілася з ног ад стомы”.

Шлях у навуку

Што ўсё ж такі прымушае чалавека станавіцца вучоным: бескарыслівая любоў да прыроды і праўды, простая цікаўнасць, жаданне прыносіць карысць, арэол поспеху, захапленне прыгажосцю заканамернасці, імкненне спа­знаць промысел Божы? Абмеркаванне з дзецьмі матываў вучонага займацца навукай са­дзейнічае праяўленню ў іх каштоўнасна-сэнсавага стаўлення не толькі да гэтага вучонага, але і да ўласнага прафесійнага выбару.

У гісторыка-біяграфічнай літаратуры прыводзіцца нямала фактаў аб хобі, захапленнях навукоўцаў, рысах і асаблівасцях іх характару. Напрыклад, вялікі Ёган Кеплер быў паэтам. Ён пісаў вершы і нават публікаваў іх. Аб яго паэмах людзі, якія разумелі латынь, адгукаліся з вялікай пахвалой. Альберт Эйнштэйн iграў на скрыпцы. Яго любімым кампазітарам быў Моцарт. Вядомы фізік-тэарэтык Нільс Бор быў захоплены філасофскімі таямніцамі прыродных з’яў. У раннім юнацтве Вернер Гейзенберг захапляўся сачыненнямі старажытных грэкаў. Славуты фізік-тэарэтык Эрвін Шрэдзiнгер здзіўляў сваім творчым дыяпазонам. Сфера яго інтарэсаў выходзіла далёка за межы фізікі. Ён быў знаўцам антычнай і ўсходняй філасофіі, выдатна ведаў сусветную літаратуру (валодаў шасцю мовамі, у тым ліку і лацінскай, і шмат чаго чытаў у арыгінале), пісаў вершы. Кабінет славутага вучонага быў падобны на студыю мастака — фізік захапляўся лепкай. У юнацкiя гады вучоны А.Р.Сталетаў з захапленнем займаўся музыкай, iграў на раялі і нават падумваў стаць прафесійным музыкантам. У далейшым музыка стала яго спадарожніцай на ўсё жыццё. Многія вялікія фізікі захапляліся спортам. У Джозэфа Джона Томсана гэта быў тэніс, у Эрнэста Рэзерфорда — гольф. Навуковец Фрэдэрык Жаліё-Кюры быў нападаючым зборнай юнацкай каманды Францыі па футболе.

Гэтыя і іншыя фрагменты біяграфічнага матэрыялу могуць стаць пунктам апоры для звароту навучэнцаў да свайго жыццёвага вопыту, сваіх асобасных якасцей і самавыхавання.

Разгляд са старшакласнікамі гісторый адкрыцця фізічных законаў дазваляе ім не толькі зразумець логіку навуковага пазнання свету, але і ўбачыць драму лёсаў канкрэтных навукоўцаў. Напрыклад, кожны дзесяцікласнік скажа, што закон узаема­дзеяння зараджаных цел па праве носіць імя французскага вучонага Шарля Кулона. Аднак мала каму з вучняў, а магчыма, і настаўнікаў фізікі, вядома пра тое, што асноўны закон электрастатыкі першым адкрыў не Кулон, а англійскі фізік і хімік Генры Кавендзiш, член Лонданскага каралеўскага таварыства. Адносіцца яго адкрыццё да 70-х гадоў XVIII стагоддзя. Але Кавен­дзiш сваіх работ па электрычнасці не публікаваў. Больш за 100 гадоў рукапісы праляжалі ў бібліятэцы Кембрыджскага ўніверсітэта ў Англіі, пакуль іх не знайшоў Джэймс Максвел і не надрукаваў у канцы свайго жыцця, у 1879 годзе, калі прайшло без малога стагоддзе пасля публічнага паведамлення Шарля Кулона аб устаноўленым законе.

Абапіраючыся на факты аб жыццёвых і навуковых перыпетыях, якія зведалі буйныя вучоныя-фізікі, нельга не пагадзіцца з меркаваннем Ганса Селье аб тым, што “ніводнаму абыякаваму і самаздаволенаму чалавеку не ўдавалася дасягнуць рэальнага прагрэсу ў навуцы”.

Абмяркоўваючы з навучэнцамі маральны партрэт вучонага, мэтазгодна зга­даць факты з жыцця Філіпа Ленарда, нямецкага фізіка-эксперыментатара, аўтара работ у галіне фізікі цвёрдага цела і атамнай фізікі, лаўрэата Нобелеўскай прэміі па фізіцы (1905 год). Гэты даследчык быў адным з нямногіх, хто актыўна падтрымліваў нацысцкі рух у гітлераўскай Германіі, а таксама рыхтаваў змовы і пісаў даносы на сваіх калег-фізікаў, якія не прызнавалі фашызм. Такім чынам, на адным прыкладзе можна разгле­дзець два дыяметральна супраць­леглыя бакі — “геній навукі” і “маральны партрэт навукоўца”.

Немалаважнае значэнне мае і арганізацыя сумесна са студэнцкай моладдзю, прафесарска-выкладчыцкім складам вышэйшых навучальных устаноў круглых сталоў па розных аспектах прафесійнай дзейнасці вучонага. Іх тэматыка мае вялікую варыятыўнасць і разнастайнасць: “Сучасны погляд на прафесію вучонага”, “Стаўленне вучонага да рэлігіі, культуры”, “Цяжкасці шляху даследчыка да свайго навуковага адкрыцця”, “Стаўленне вялікіх навукоўцаў да агульначалавечых каштоўнасцей”, “Патрыя­тызм у прафесіі вучонага” і інш.

Вядома, што з набытых навучэнцамі ведаў па фізіцы, на жаль, шмат што забываецца, нешта з часам страчвае сваю значнасць для іх. Пастаянную ж актуальнасць будуць мець тыя каштоўнасці і сэнсы, якія сфарміруюцца ў вучняў у працэсе засваення гэтых ведаў.

Перакананы, што вобраз дзеяча навукі павінен натхняць сучаснага вучня марыць і адкрываць новыя гарызонты для творчасці і самаўдасканалення!

Ігар МАСЛАЎ, 
дырэктар ліцэя № 1 Гродна, настаўнік фізікі,
член клуба “Крыштальны журавель”.