Кожны дзень Іна Шарупіч спяшаецца на работу да 8 раніцы. У свае 87 гадоў яна поўная аптымізму і энергіі. Сумаваць няма калі. Усё жыццё Іна Міхайлаўна працавала настаўніцай музыкі ў сярэдняй школе № 5 Мінска. З 2018 года, калі ў школу прыйшоў новы дырэктар — Ніна Спельнікава, жыццё закіпела з новай сілай! Іна Міхайлаўна пачала весці чатыры гурткі эстэтычнага кірунку і працаваць цьютарам — выхавальнікам персанальнага суправаджэння дзіцяці з аўтызмам.
Характар і воля
— Адкуль у мяне столькі энергіі? Характар у мяне такі — стойкі. Я аптымістка па натуры. Ніколі нельга ўпадаць у адчай. Калі цяжка, трэба перасіліць сябе, заняцца цікавай і карыснай справай. Гэта надасць сіл, — расказвае Іна Міхайлаўна. — І яшчэ — трэба ўвесь час быць у руху. Добра, што работа ў мяне такая, не дае сядзець на месцы. Бо каб навучыць дзяцей танцаваць, педагогу трэба ой як папацець! Ды і хобі ў мяне ёсць. На дачы сапраўдны батанічны сад, толькі адных руж 40 кустоў.
Характар і воля чалавека выхоўваюцца з дзяцінства. Іна Шарупіч — дзіця вайны, засталася сіратой. Нарадзілася ў 1935 годзе ў Рэчыцы. Калі пачалася вайна, дзяўчынку эвакуіравалі ў Баку да цёткі і яе мужа. Бацькі Іны засталіся на радзіме.
— Мой тата Міхаіл Агуркоў узначальваў друкарню. Калі немцы занялі горад, ён падпольна друкаваў і перадаваў партызанам атрада Турчынскага лістоўкі, — згадвае Іна Міхайлаўна. — Сувязная камсамолка Соня Мікіцюк, наша суседка, студэнтка педінстытута, па начах насіла партызанам у лес поўны кошык лістовак. Відаць, знайшліся здраднікі або немцы высачылі, дзе друкуюцца антыфашысцкія матэрыялы. Усю нашу сям’ю павезлі на допыты ў гестапа ў будынак 6-й школы Рэчыцы. На той момант я ўжо была ў Баку. Тату да паўсмерці збівалі жалезнымі нагайкамі, але ён ні ў чым не прызнаўся. Мама мая была цяжарная другім дзіцем, нарадзіла прама ў школе.
У адзін з лістападаўскіх дзён усіх вывезлі на 6-ы кіламетр пад Рэчыцу. Там быў выкапаны велізарны катлаван. Над ім ад краю да краю ляжала шырокая плаха. Збітых і замучаных людзей у адной сподняй бялізне адпраўлялі на сярэдзіну катлавана і расстрэльвалі. Больш за 200 чалавек у той дзень ляжалі ў катлаване, прысыпаныя зямлёй. На працягу трох сутак людзі падавалі прыкметы жыцця. Не ўратаваўся ніхто. Мой нованароджаны брацік Яўген таксама апынуўся ў гэтым жудасным месцы. Немец падкінуў дзіця ў паветра і… стрэліў. Як падбіты птах, хлопчык упаў уніз. У мірны час тут з’явілася брацкая магіла, усталявалі помнік. У мясцовым краязнаўчым музеі майму тату прысвечаны вялікі стэнд. Штогод на Дзень Перамогі я прыязджаю на радзіму.
Шлях у педагогіку
Пасля вайны Іна Шарупіч вярнулася ў Рэчыцу разам са сваімі прыёмнымі бацькамі. У сям’і было яшчэ трое дзяцей.
— Мяне заўсёды захапляла мастацтва, — гаворыць Іна Міхайлаўна. — Бывае, сяджу за сталом і ўяўляю, што перада мной фартэпіяна, іграю і спяваю сваім звонкім голасам. Музычнай школы ў Рэчыцы не было. Я ж марыла паступіць у тэатральны інстытут. Але прыёмны тата меў цвёрдыя перакананні, што я павінна
стаць медыкам. Сабралі мне чамадан са сціплымі пажыткамі і адвезлі ў Ленінград. Нягледзячы на вялікі конкурс (13 чалавек на месца), я стала студэнткай медінстытута. Першы курс добра вучылася. Але ў часы Сталіна пенсію за бацьку, які загінуў, можна было атрымліваць толькі да 18 гадоў. Гэтых грошай не стала. Ды і за экзамен па анатоміі ў першым семестры атрымала тройку, і мяне пазбавілі стыпендыі. Жыла я ў інтэрнаце, 18 дзяўчынак у пакоі, яны пачалі мяне падкормліваць. Я ж уладкавалася на работу па начах у сухотнае аддзяленне бальніцы. Сумяшчаць з вучобай не атрымалася, і я вярнулася дадому.
Рэчыцкі райвыканкам камсамола адправіў мяне працаваць старшай піянерважатай у спецыяльны дзіцячы дом, дзе жылі круглыя сіроты. Там мяне вельмі добра прынялі. Упершыню я ўзяла ў рукі акардэон. Пачала падбіраць мелодыі, і ўсё пайшло як па масле. Самастойна асвоіла фартэпіяна. У вольныя хвіліны заўсёды іграла, а дзеці збіраліся вакол мяне і танцавалі.

Арганізатарскія здольнасці Іны Шарупіч заўважылі і рэкамендавалі паступаць у педінстытут. Пасля заканчэння факультэта пачатковых класаў, будучы замужам, у 28 гадоў яна нарадзіла сына і ўжо праз месяц уладкавалася ў сярэднюю школу № 5 Мінска. Музыка і спевы тады выкладаліся з 1 па 9 клас. У кожным раёне сталіцы ладзіліся конкурсы харавых калектываў. Іна Міхайлаўна сабрала два хоры — на 80 і на 120 чалавек. Яе хор хлопчыкаў выступаў на ўрадавых канцэртах. Педагог стварыла вакальную групу і танцавальны фальклорны ансамбль. Сама шыла касцюмы. Калектывы пад яе кіраўніцтвам атрымлівалі граматы і дыпломы.
Іна Шарупіч атрымала тры вышэйшыя катэгорыі — настаўніка музыкі, педагога дадатковай адукацыі і цьютара. Сёння вядзе заняткі па танцах і рытміцы, а таксама вакальны, харавы і музычны гурткі. Піша музыку. Склала песню пра школу і свой паланэз. У мінулым годзе педагог заняла 2-е месца ў гарадскім творчым конкурсе “Беларускі народны танец”, які праводзіўся МГІРА ў межах гарадскога фестывалю мастацкай і інтэлектуальнай творчасці “Мой Мінск — мая сталіца — творчасці і таленту крыніца!”. На суд журы Іна Міхайлаўна прадставіла ўрок, прысвечаны выкарыстанню беларускай музыкі ў народных абрадах, і відэа з выступленнем танцавальнага фальклорнага ансамбля школы.
З сэрцам і душой
Кожнаму вучню хочацца паказаць свае здольнасці і таленты. Працавітасць і энергія настаўніка, памножаныя на майстэрства, абавязкова дадуць вынік.
— Да ўрокаў падбіраю матэрыял, які выкліча ў дзяцей радасць, натхненне. Бо спяваць і танцаваць трэба з сэрцам і душой, — упэўнена педагог. — У мяне шмат музычных запісаў. Сярод любімых дзецьмі — вальс, паланэз і полька. Так, мае вучні выконваюць класічныя творы, часам вельмі складаныя. Спяваюць урыўкі з опер і аперэт, напрыклад, з “Карнэвільскіх званоў” дуэт “Пастушкі і рыбака” ці арыю “Містэра Ікс”. Развучваюць класічныя і народныя танцы — рускія і беларускія (“Мікіта”, “Бульба”, “Юрачка”, “Лявоніха”), для якіх уласцівы сюжэтнасць з жыцця народа, карагоды (“Ох, і сеяла Ульяніца лянок”) і танцы, якія праслаўляюць працу. Выконваючы паланэз, дзеці робяць музычна-рытмічныя практыкаванні ў парах і групай — запрашэнне да танца, паклон. Усе танцы ўключаюць рухі для развіцця мышцаў шыі, нахілы, кругавыя павароты.
Заняткі Іны Шарупіч наведваюць вучні 1—4 класаў. У апошнія гады ў яе займаюцца і дзеці з аўтызмам з інтэграваных класаў. Звычайныя дзеці з’яўляюцца для іх памочнікамі і інструктарамі.
— Аднойчы настаўнік-дэфектолаг Наталля Ваўчок прапанавал мне пазаймацца вакалам з вучнямі з аўтыстычнымі парушэннямі. Чаму б не, вырашыла я. З дзяўчынкай мы развучылі “Калыханку Мядзведзіхі” з мультфільма “Умка”, а з хлопчыкамі — песню “Зіма” і паспяхова выступілі на школьным канцэрце і адным з семінараў, — адзначыла Іна Шарупіч. — Падчас танцаў у пары разам з дзіцем з асаблівасцямі я стаўлю звычайнага вучня. Ад усіх патрабую трымаць паставу — прамую спіну, галаву, глядзець адно на аднаго і ўсміхацца, ісці прыгожым крокам. Ёсць дзеці, у якіх даволі цяжкія парушэнні. З імі ў пары танцуюць іх мамы. А некаторыя вучні з аўтызмам проста прысутнічаюць на занятках у суправаджэнні цьютара і ў лепшым выпадку робяць адзін-два элементы. Але гэта вельмі важна для іх развіцця.
Танцавальныя заняткі Іна Міхайлаўна заканчвае ігрой на дзіцячых шумавых інструментах. Гучаць румбы, маракасы, кастаньеты, трохвугольнікі, званочкі, флейты, бубны, барабаны, лыжкі. Выбіраецца дырыжор, вучні знаёмяцца з паняццем “аркестр”. Яны вызначаюць на слых гучанне розных музычных інструментаў, асвойваюць прыёмы ігры і паняцці “ціха”, “гучна”, нюансы дынамічных адценняў, абменьваюцца інструментамі. Пад музычнае суправаджэнне на фартэпіяна выконваюцца рытмічныя практыкаванні. Пры гэтым выкарыстоўваюцца пэўныя жэсты (воплескі, плясканні, пстрыканні пальцамі, прытопты). Галоўнае — выразна і рытмічна дапаўняць мелодыю.
Іна Шарупіч атрымала тры вышэйшыя катэгорыі — настаўніка музыкі, педагога дадатковай адукацыі і цьютара.
Педагог ладзіць карагодныя і музычныя гульні. Напрыклад, гульню “Ішоў стары дарогаю” (спяваем і танцуем адначасова). Або завадную гульню з крэсламі, якія стаяць кругам, іх колькасць на адно меншая, чым колькасць гульцоў. Гучыць музыка, дзеці бегаюць вакол крэслаў. Музыка змаўкае, і ў гэты момант дзеці павінны паспець сесці. Лішні пакідае гульню. Пераможца атрымлівае прыз ад Іны Міхайлаўны — штосьці смачнае.
— Музыка вядзе нас у чароўны свет мастацтва, робіць дабрэйшымі, — падкрэслівае Іна Міхайлаўна. — Падчас нашых заняткаў пануе цёплая атмасфера. Для звычайных дзяцей зносіны з аднагодкамі з асаблівасцямі ў развіцці прыносяць толькі карысць, выхоўваюць у іх спагадлівасць. А для мяне гэта задавальненне, і разам з тым вялікая адказнасць і цярпенне. Сёлета ў школе адкрыты спецыяльны клас, дзе вучыцца 10 дзяцей з асаблівасцямі. І з імі тры разы на тыдзень я таксама займаюся рытмікай і танцамі.
Вынікі нашай сумеснай дзейнасці бачны падчас канцэртаў. Душа радуецца, калі дзіця, якое ўчора не ўмела правільна хадзіць, сёння выконвае доўгі танец з мноствам складаных элементаў. Хіба гэта не цуд, які нам дорыць музыка і які мы ўсе разам ствараем сваёй працай! У гэтым мая асноўная крыніца прафесійнага аптымізму і натхнення.
Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.