«Калі гавораць вочы». Аб альтэрнатыўнай камунікацыі з дапамогай айтрэкінгу расказалі ў Столінскім ЦКРНіР

- 14:28Образование

Тэхналогію адсочвання руху вачэй (айтрэкінг) у рабоце з выхаванцам з ДЦП выкарыстоўвае настаўніца Столінскага раённага ЦКРНіР Ілона Літвінка. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Да альтэрнатыўнай камунікацыі я звярнулася тры гады назад, калі ў мяне з’явіўся вучань з ДЦП Сцяпан Арсяновіч. З-за цяжкіх множных парушэнняў, спастыкі мышцаў рук і цела, парушэння артыкуляцыі і каардынацыі рухаў ён не мог размаўляць, яму цяжка было выказваць свае эмоцыі, — адзначае Ілона Сяргееўна. — Тады дырэктар нашага ­ЦКРНіР Іна Шаламіцкая прапанавала паспраба­ваць інавацыйны спосаб навучання з дапамогай тэхналогіі адсочвання руху вачэй (айтрэкінгу). Дзякуючы спонсарскай дапамозе, мы набылі айтрэкер Tobii 4 і адаптавалі яго пад магчымасці і патрэбы майго вучня.

Айтрэкер з трох розных пазіцый адсоч­вае накіраванасць позірку на экран. У яго ўбудавана камера, якая бескантактна сочыць за рухамі вачэй: асвятляльнікі ў ім ствараюць водбліскі на рагавіцы, а камера ўлоўлівае гэтыя адлюстраванні і робіць здымкі. Праграма настроена так, што затрымка позірку ў адным месцы на 1—2 секунды ўспрымаецца як клік мышкай. На экране з’яўляюцца сінія кропкі, на кожную па чарзе неабходна гля­дзець. Пасля таго як дзіця зафіксавала позірк на адной з кропак, тая разлятаецца на кавалачкі, адбываецца каліброўка вачэй.

Далей запускаецца гульня, у якой неабходна рухаць вачыма прыцэл касмічнага карабля, а затым страляць па астэроідах. Вучань усведамляе, што перамяшчэнне яго вачэй уплывае на тое, што адбываецца на дысплэі. На этапе выкарыстання праграмы ідзе навучанне камунікатыўным навыкам у рэжыме табліцы айтрэкера, якая складаецца з 16 малюнкаў-клавіш, што абазначаюць прадметы і дзеянні: “Вярнуцца назад”, “Так”, “Не”, “Званок”, “Піць”, “Есці”, “Баліць”, “Туалет”, “Купацца”, “Глядзець тэлевізар”, “Займацца”, “Адпачываць”, “Спаць”, “Гуляць”, “Прагулка”.

— Першапачаткова мы вывучалі і выкарыстоўвалі са Сцяпанам у практыкаваннях і заданнях першы рад малюнкаў-клавіш (чатыры выявы): “Вярнуцца назад”, “Так”, “Не”, “Званок” (падыдзі або я цябе клічу), — расказвае педагог. — Затым карцінкі ўскладняліся і дабаўляліся. Наступны этап работы — дапаўненне ячэек наступнага ўзроўню, дзе карцінкі канкрэтызуюцца. Малюнкі-клавішы “Вярнуцца назад”, “Так”, “Не”, “Званок” не ма­юць дадатковых ячэек наступнага ўзроўню, яны запраграмаваны без змяненняў. Астатнія 12 малюнкаў-клавіш я мяняла, падладжвала пад асаблівасці дзіцяці, яго інтэлектуальны ўзровень і магчымасці. Выбірала канкрэтныя і простыя для разумення карцінкі, якія азначаюць элементарныя жаданні і патрэбы. Гукавы сігнал суправаджаўся іх паказам. Малюнкі ўводзіліся ў штодзённых сітуацыях.

Напрыклад, пятая карцінка-клавіша “Піць” адкрывае ячэйкі “Чай”, “Вада”, “Малако”, “Сок”, сёмая “Баліць” — ячэйкі “Жывот”, “Галава”, “Нага”, “Рука”, дванаццатая “Адпачываць” — ячэйкі “Пуфік”, “Канапа”, “Каляска”, “Ложак” і г.д. Адказваць на пытанні, сцвярджаць і адмаўляць, выконваць заданні і практыкаванні, просьбы — усё гэта Сцяпан навучыўся рабіць з дапамогай камунікатара. Ён рухаў позіркам курсор, факусіраваўся на патрэбнай частцы экрана і выбіраў канкрэтную карцінку ў табліцы.

Айтрэкер Ілона Сяргееўна прымяняла на вучэбных занятках па камунікацыі, практычнай матэматыцы, асновах жыццядзейнасці і карэкцыйных занятках па фарміраванні сацыяльных паводзін і гульнявой дзейнасці. З гэтым устройствам нават практычна нерухомае дзіця можа здзейсніць дзеянне, якое будзе ўспрымацца як канкрэтны сігнал.

Педагог параўнала даныя аб узроўні сфарміраванасці ўменняў і навыкаў камунікацыі, атрыманыя са Сцёпам у розных сітуацыях на пачатковым і выніковым этапах дыягностыкі. Уменні і навыкі, якія параўноўваліся, вызначаліся праграмай па вучэбным прадмеце “Камунікацыя” для 1—10 класаў ­ЦКРНіР. Так, вывучалася рэакцыя Сцяпана на ўласнае імя, разуменне ім простых патрабаванняў (інструкцый) і побытавых пытанняў, пазнаванне названых аб’ектаў, знаходжанне прадметаў або малюнкаў, а таксама тое, наколькі хлопчык можа ініцыіраваць кантакт, папра­сіць аб нечым, выказаць сваю згоду або нязгоду, паведаміць, што ён адчувае. Калі ў верасні 2021 года да выкарыстання праграмы камунікатара-айтрэкера названыя навыкі ў Сцяпана адсутнічалі або былі сфарміраваны часткова, то ў маі 2024 года паказчыкі значна палепшыліся: вучань стаў паводзіць сябе больш упэўнена, кантактаваў з навакольнымі, паведамляў пра свае патрэбы.

— Тэхналогія айтрэкінгу — гэта не толькі эфектыўны сродак фарміравання альтэрнатыўных навыкаў зносін, але і спосаб сацыялізацыі, самавыяўлення, — гаво­рыць Ілона Літвінка. — У перспектыве планую ўдасканаліць праграму праз дапаўненне ячэек наступнага ўзроўню складанасці карцінкамі, распрацаваць серыю вучэбных і карэкцыйных заняткаў па выкарыстанні гэтага ўстройства. У маіх планах таксама правесці майстар-клас для настаўнікаў-дэфектолагаў і настаўнікаў, якія працуюць з дзецьмі з ДЦП, па выкарыстанні айтрэкера. Гэты вопыт можа прымяняцца не толькі ў педагагічнай практыцы, але і бацькамі дзяцей з ДЦП.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота з архіва ўстановы адукацыі