Калі гісторыя ажывае

Атрымаць прафесію жыцця, стаць спецыялістам — гэта галоўная, але не адзіная мэта навучання ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Не менш важна, каб у кожнага выпускніка разам з прафесійнымі навыкамі і ўменнямі былі сфарміраваны якасці грамадзяніна, выхаванага, сумленнага чалавека. Садзейнічае гэтаму плённая выхаваўчая работа, якая ў каледжах і ліцэях краіны праводзіцца гэтак жа маштабна, як і ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. Удзельнікаў прэс-туру ў гэтым пераканала наведванне Полацкага дзяржаўнага эканамічнага каледжа.

Аказваецца, будучыя аперацыйныя лагісты не толькі выдатна ведаюць ­асаблівасці дзейнасці арганізацый і іншых суб’ектаў гаспадарання ў галіне прамысловасці, будаўніцтва, транспарту, гандлю. Яны яшчэ і выдатна танцуюць. Ярка, бадзёра — менавіта так сустракаў журналістаў каля будынка каледжа танцавальны калектыў Viva. Танцы пад блакітным небам і сонечнымі промнямі, шчырыя вітальныя словы — гэта быў толькі пачатак. Далей — яшчэ цікавей. На інтэрактыўных пляцоўках “З глыбіні стагоддзяў”, “АЗ, БУКІ, ВЕДЗІ” — ля вытокаў”, “Альбом памяці”, “Гульнявыя тэхналогіі на аснове сэрвісу LEARNINGAPPS” выкладчыкі і навучэнцы каледжа азнаёмілі з асаблівасцямі работы па выхаванні ў юнакоў і дзяўчат любові да малой радзімы, да старажытнага Полацка, да подзвігу народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Па словах дырэктара Полацкага дзяржаўнага эканамічнага каледжа Ігара Вікенцьевіча Кунцэвіча, ужо амаль 70 гадоў установа працягвае і развівае традыцыі асветніцтва і адукацыі полацкай зямлі. Ствараўся каледж у 1951 годзе як Полацкая сярэдняя сельскагаспадарчая школа. З таго часу падрыхтавана больш за 17 тысяч спецыялістаў сярэдняга звяна ў галіне эканомікі і кіравання, права, інфармацыйных тэхналогій. Сёння каледж — сучасная ўстанова, якая ажыццяўляе падрыхтоўку па спецыяльнасцях “Бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль”, “Правазнаўст­ва”, “Праграмнае забеспячэнне ­інфармацыйных тэхналогій”, “Аперацыйная дзейнасць у лагістыцы”. Якасная практычная падрыхтоўка навучэнцаў вядзецца ў цесным ­узаемадзеянні з заказчыкамі кадраў. Вучэбную ­практыку юнакі і дзяўча­ты праходзяць на ­ба­зе больш чым 120 прадпрыемст­ваў і арганізацый, аб узаемадзеян­ні ўстановы адукацыі і арганізацый па падрыхтоўцы спецыялістаў заключана больш за 40 дагавораў.

І гэта толькі невялікая ­частка лічбаў, якія сведчаць пра высокі
ўзро­вень падрыхтоўкі кадраў, ­якасны вучэбны працэс. Пра высокі ўзровень выхаваўчай работы таксама паведамяць факты. Штогод работы, прадстаўленыя на ­рэспубліканскім аглядзе інавацыйнай і тэхнічнай творчасці навучэнцаў і работнікаў устаноў адукацыі, адзначаюцца дыпломамі. Ажыццяўленне місіі “Рыхтуем спецыя­ліста-прафесіянала. Выхоў­ваем грамадзяніна і патрыёта сваёй краіны” ў мінулым годзе каледж пацвердзіў дыпломам І ступені на рэспубліканскім конкурсе “ПАТРЫЁТ.by”. Творчы калектыў каледжа з’яўляецца пераможцам шэрага намінацый абласнога этапу рэспубліканскага фестывалю “АРТ-вакацыі — 2019”. Плённа працуе пярвічка БРСМ. У кале­джы паспяхова рэалізуецца мадэль суправаджэння прафесійнага станаўлення асобы выпускніка “Паспяховы Я — паспяховая краіна!”. Вялікае значэнне надаецца ўключэнню навучэнцаў у вучэбна-даследчую дзейнасць, дзейнасць органаў самакіравання, валанцёрскі рух.

Найбольш красамоўнымі і пе­­раканаўчымі, чым лічбы, з’яў­ляюцца шчырыя, душэўныя словы, з якімі выкладчыкі і навучэнцы каледжа распавядалі журналістам пра родную полацкую зямлю, разважалі пра важнасць выхаваўчай работы, знаёмілі з праектамі, якія рэалізуюцца на ўзроўні як установы адукацыі, так і горада.

— З усвядомленага адказу на пытанне “З чаго пачынаецца Ра­дзіма?” мы становімся на шлях станаўлення сябе як грамадзяніна, патрыёта. Задача ўстановы адукацыі — зрабіць так, каб гэты шлях быў усвядомленым. Менавіта любоў да малой радзімы з’яўляецца той крыніцай, з якой пачынаюцца ўчынкі на карысць Бацькаўшчыны. Спалучэнне прафесійных і грама­дзянскіх кампетэнцый у нашых выпускнікоў сведчыць пра эфектыўнасць адукацыйнага працэсу. Каб сфарміраваць у навучэнцаў разуменне сваёй нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці, ­неабходна забяспечыць веданне мінулага роднага краю, сваіх вытокаў, а потым сфарміраваць павагу да гераічнага мінулага. Шлях да гэтага ляжыць праз дзейнасць. Уключэнне ў масавую дзейнасць — аснова нашай работы, — паведаміла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Ала Мікалаеўна Рыхлова.

Не забываюць выкладчыкі і пра эмацыянальную сферу. Толькі калі паставіць навучэнцаў ва ўмовы суперажывання, яны прый­дуць да разумення неабходнасці здзяйснення карысных учынкаў. На думку Алы Мікалаеўны, нельга ажыццяў­ляць выхаванне з пазіцыі павучання. Супрацоўніцтва, сутвор­часць пе­дагогаў і навучэнцаў, бацькоў — вось асаблівасці адукацыйнай прасторы каледжа. Толькі ў такіх умовах нараджаецца поспех. Асноўным прынцыпам работы выкладчыкаў з’яўляецца дзейнасны падыход, масавасць, выкарыстанне эмацыянальнай сферы, супрацоўніцтва. Важны педагагічны набытак калектыву — пабудова асаблівай сістэмы адносін паміж педагогамі і навучэнцамі, педагогамі і бацькамі, соцыумам, у аснове якой пакладзены прынцыпы педагогікі супрацоўніцтва.

— У пошуку розных форм грамадзянска-патрыятычнага выхавання мы прыйшлі да неабходнасці стварэння адукацыйных асветніцкіх краязнаўчых праектаў. Гэтаму садзейнічае і полацкая зямля, на якой мы жывём. Прыклады жыцця розных гістарычных асоб, іх лёсы, асветніцкі ўклад у развіццё нашай краіны — усё гэта пры правільным падыходзе аказвае станоўчае ­ўздзеянне і дае свой плён. Такія праекты выходзяць на грамад­скасць, горад. Сярод унутраных праектаў каледжа можна выдзеліць праект-пагружэнне “Прымі па­клон, святая Ефрасіння”. Гэта масавы праект, у якім задзейнічаны ўвесь каледж. 5 чэрвеня, у дзень па­мяці святой Ефрасінні Полацкай, усе навучэнцы ­каледжа зна­ёмі­ліся з гісторыка-падзей­нымі пля­цоў­камі ­рознага напрамку. Яны ­на­ведвалі імправізаваны манастырскі падворак, майстэрню Лазара ­Богшы і г.д. Кожная пляцоўка — гэта пагружэнне ў пэўную гістарычную эпоху. Дзеці стваралі разам з педагогамі касцюмы, ла­дзілі сапраўднае дзейства, знаёміліся з гісторыяй кнігадрукавання, пісьменнасці, — паведаміла Ала Мікалаеўна.

Падобных краязнаўчых праектаў некалькі. Напрыклад, праект “Ажыўшыя старонкі гісторыі. Усяслаў Брачыслававіч” рэалізоўваўся ў рамках раённага праекта “Гісторыя Полацка вачыма маладых”. Да Дня пісьменства і 500-годдзя беларускага кнігадрукавання быў рэалізаваны праект “З глыбіні стагоддзяў”, які заключаўся ў вывучэнні сярэдневякоўя, стварэнні касцюмаў той эпохі, тэатралізацыі на пляцоўках горада, стварэнні макета фрагмента полацкага ніжняга замка. У аснове праекта “Ад пра­дзедаў спакон вякоў нам застала­ся спадчына” таксама стварэнне інтэр­актыўных пляцовак на вуліцах горада. Сцэнарыі згаданых праектаў атрымалі дыплом І ступені на абласным этапе “Арт-вакацый”.

Каб пераканацца, наколькі цікава навучэнцам каледжа і жыхарам горада ўдзельнічаць у названых праектах, наколькі ­эмацыянальна яны пагружаліся ў гістарычныя эпохі, варта адкрыць на сайце ўстановы адпаведную фотагалерэю і пагля­дзець на захопленыя твары ўдзельнікаў інтэрактыўных пляцовак. У прынцыпе, зрабіць гэта можна і цяпер, паглядзеўшы вось на гэтыя фотаздымкі, на якіх бачна, як захоплена ўдзельнікі прэс-туру задзейнічаны ў рабоце інтэрактыўных пляцовак.

— Апошнія гады ў вывучэнні малой радзімы прыярытэтным з’яўляецца работа над праектамі, прысвечанымі Вялікай Айчыннай вайне. Самы значны — “Маё дакрананне да Перамогі”. У 2015 годзе яблыневыя кветачкі толькі-толькі сталі сімвалам Перамогі. Бутаньеркі яшчэ не былі ў шырокім продажы, а наш калектыў пачаў ужо рабіць іх, кожная група па-свойму, у каго як атрымлівалася. “Поговори со мною о войне, ведь вспомнить мы с тобой о ней не в силах. Нас просто не было, когда в кромешной тьме она жестоко жизни уносила”, — гэтыя словы цяпер гучаць на кожным мерапрыемстве праекта. А яшчэ папулярным з’яўляецца выкананне ваенных песень. Уявіце, 25 праграмістаў, далёка не ўсе добрыя вакалісты, пры гэтым яны настолькі шчыра выконваюць вядомыя многім пакаленням песні! Для сцэнічнага праекта мы выбралі паэму Роберта Раждзественскага “Рэквіум”, якую ставілі ўсім каледжам. У 2017 годзе, калі Полацк з’яўляўся маладзёжнай сталіцай, мы прысвяцілі праект гораду. Нашы навучэнцы даследавалі інфармацыю пра палачан, якія ваявалі ў гады Вялікай Айчыннай ­вайны, чыімі імёнамі названы вуліцы, хто абараняў і вызваляў Полацк. У сувязі з  правядзеннем у краіне Года малой радзімы і рэспубліканскай акцыі “Беларусь памятае” мы стваралі альбомы памяці. Кожная група — свой альбом з інфармацыяй пра родных, землякоў. Падобная работа працягваецца і ў 75-ю гадавіну вызвалення Беларусі, працягнецца яна і ў наступным годзе, калі будзем святкаваць 75-годдзе Перамогі, — падзялілася Ала Мікалаеўна.

Дзейсным сродкам грамадзян­ска-патрыятычнага выхавання ў наш час з’яўляецца выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій, у прыватнасці, сэрвісу Web 2.0. Выдатны прыклад — рэалізацыя праекта “Помнікі Віцебскай вобласці”. Такая ідэя нарадзілася ў інжынера-электроніка сённяшняй выкладчыцы інфармацыйных тэхналогій Ірыны Рыгораўны Курносавай, калі яна яшчэ была навучэнкай кале­джа. “Інфармацыю пра шырока вядомыя помнікі гісторыі, прыроды знайсці ў інтэрнэце лёгка. Але калі мы збіраемся знайсці інфармацыю пра помнікі, якія знаходзяцца ў глыбінцы, сельскай мясцовасці, то тут узнікаюць цяжкасці. Каб вырашыць гэтую праблему, мы і пачалі рэалізоўваць масавы праект, які б утрымліваў звесткі пра малавядомыя адметнасці Віцебшчыны. Асноўная перавага праекта ў тым, што прыняць удзел у ім можа любы ахвочы. На цяперашні момант на нашым партале больш за 300 артыкулаў пра помнікі, і гэты спіс рэгулярна папаўняецца. Ствараючы такі ін­фар­мацыйны прадукт, навучэнцы ўмацоўваюць сваю любоў да малой радзімы. Ствараем мы і мабільныя дадаткі, напрыклад, гід па Полацку. Варта адзначыць, што і праект, прысвечаны помнікам, і мабільны дадатак маюць дыпломы за ўдзел у конкурсе “ПАТРЫЁТ.BY”, — падзялілася Ірына Рыгораўна.

Інфармацыйныя тэхналогіі шырока выкарыстоўваюцца не толькі ў выхаваўчай рабоце, але і ў вучэбным працэсе. З гэтым вопытам Полацкага дзяржаўнага эканамічнага каледжа “Настаўніцкая газета” яшчэ пазнаёміць сваіх чытачоў.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.