Калі карцінка ажывае

- 11:18Якасць адукацыі

На Х Рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” настаўнік-дэфектолаг ДЦРД № 30 Гродна Аляксандра Генадзьеўна Пашкоўская выступіла з праектам “Фарміраванне правільнага гукавымаўлення ў дашкольнікаў з агульным недаразвіццём маўлення 3-га ўзроўню праз выкарыстанне мультымедыйных гульнявых заданняў”. Яе работа была адзначана дыпломам ІІ ступені ў намінацыі “ЭАР у спецыяльнай адукацыі”.

Адрозніць норму ад парушэння

— Я ажыццявіла маміну мару. Яна заўсёды хацела, каб я стала педагогам. У прафесіі ўжо больш за 20 гадоў і ніколі не шкадавала аб сваім выбары, — расказала Аляксандра Генадзьеўна. — Пасля заканчэння БДПУ імя Максіма Танка працавала спачатку ў Слоніме ў спецыялізаваным дзіцячым садзе для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення, пасля — у Гродзенскім ЦКРНіР, а зараз — у пункце карэкцыйна-развіццёвага навучання ДЦРД № 30 Гродна.
Звычайна першымі звяртаюць увагу на маўленчыя праблемы дзіцяці бацькі. Іх непакоіць, скажам, што малыш, якому ўжо тры гады, маўчыць ці маўленне яго вельмі беднае, у ім адсутнічаюць асобныя гукі, у размове дзіця скажае сэнс слоў і г.д. Клапатлівыя бацькі звяртаюцца ў такой сітуацыі па парады да спецыялістаў. У нашай установе на працягу ўсяго навучальнага года працуе бацькоўская школа, дзе можна атрымаць падрабязныя і дакладныя кансультацыі педагогаў.
Бацькі павінны ведаць, што пры нармальным маўленчым развіцці ў дзяцей да пяці гадоў фарміруецца багаты слоўнікавы запас як асобных слоў, так і разгорнутых фраз. Яны авалодваюць навыкамі словаўтварэння і словазмянення. Да пяці гадоў, як правіла, завяршаецца фарміраванне правільнага гукавымаўлення — дзяцей можна лічыць падрыхтаванымі да правядзення аналізу і сінтэзу гукаў. Але ўсё гэта ідэальны варыянт развіцця маўлення. Часам нават пры нармальным інтэлекце і слыху запавольваецца асваенне фанетычных, лексічных ці граматычных норм. Дашкольнікаў з парушэннямі маўлення з кожным годам становіцца ўсё больш. Сталі распаўсюджанымі дыягназы дыслалія, сцёртая дызартрыя, агульнае недаразвіццё маўлення (АНМ) і нярэзка выражанае АНМ, маторная алалія. Але часцей за ўсё лагапедам даводзіцца працаваць з парушэннямі гукавымаўлення ў дзяцей з АНМ — над пастаноўкай санорных гукаў [л] і [р], шыпячых, а таксама свісцячых гукаў калі дзеці замяняюць, напрыклад, гук [р] гукам [л], [з] — гукам [ш], або калі гэтыя гукі ў іх увогуле адсутнічаюць.

Наглядныя сродкі карэкцыі

Акрамя традыцыйных метадаў навучання, лагапеды ў сваёй рабоце прымяняюць і сучасныя прыёмы, метады і сродкі, якія дапамагаюць за больш кароткі час дасягнуць значных, устойлівых вынікаў пры фарміраванні правільнага маўлення. Аляксандра Генадзьеўна спалучае на занятках наглядныя сродкі навучання з традыцыйнымі.
— Асноўныя мэты маёй дзейнасці — не проста навучыць дашкольнікаў чысціні гукавымаўлення, а зрабіць усё, каб працэс навучання быў для іх менш складаным, — адзначыла Аляксандра Генадзьеўна. — І здзяйсняю я гэта праз стварэнне для выхаванцаў дадатковага маўленчага асяроддзя. На працягу пяці гадоў выкарыстоўваю камп’ютарныя тэхналогіі. Некалькі гадоў назад мэтанакіравана ездзіла ў БДПУ імя Максіма Танка на тэматычныя курсы па выкарыстанні ў спецыяльнай адукацыі камп’ютарных тэхналогій. Заняткі праводзілі выкладчыкі кафедры дэфекталогіі Н.М.Баль і Н.В.Чамаданава. Ехала да навукоўцаў са сваімі матэрыяламі, напрацоўкамі і ідэямі, а яны паставілі ўсе кропкі над “і”, патлумачылі, як лепш складаць гульнявыя заданні і праграмы, каб усё ў іх было граматна і метадычна правільна.
Сёння лагапеды ў сваёй практыцы выкарыстоўваюць пераважна тры віды камп’ютарных праграм: вучэбныя, дыягнастычныя і развіццёвыя. У іх ліку праграма “Бачная гаворка” (IBM ЗША), якая дапамагае кантраляваць паступовае развіццё і праяўленне маўленчых навыкаў. Праграма прымяняецца ў карэкцыйнай рабоце з дзецьмі, якія маюць парушэнні слыху і маўлення. З 13 модуляў, якія ўваходзяць у яе, лагапеды могуць складаць мноства разнастайных практыкаванняў для развіцця маўлення і ажыццяўляць адначасова кантроль за эфектыўнасцю іх уздзеяння.
Спецыялізаваная камп’ютарная тэхналогія “Гульні для Тыгры” ўяўляе сабой таксама серыю практыкаванняў рознай складанасці, якія прызначаны для карэкцыі маўленчых парушэнняў у дзяцей старэйшага дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту з АНМ. Праграма “Дэльфа-130” і лагапедычны трэнажор “Дэльфа-142.1” уключае практыкаванні, накіраваныя на карэкцыю і ўдасканаленне ўсіх аспектаў маўлення дзяцей.
Пералік электронных прадуктаў, якія Аляксандра Генадзьеўна выкарыстоўвае ў рабоце, вельмі разнастайны. Тут і праграмныя комплексы “Спецыяльныя адукацыйныя сродкі”, “Вучымся гаварыць правільна”, і праграмы “Раблю сам” і “Разумнічка” — апошняя распрацавана навукоўцамі БДПУ імя Максіма Танка. Педагог стварае камп’ютарныя прэзентацыі па карэкцыйных методыках дашкольнай адукацыі. У іх ліку “Чароўныя варыяцыі ў лесе”, “Доктар Айбаліт”, “Гавары правільна”, “Падарожжа па краіне галосных”, “Прыгоды пчолкі Жужу”. Усе прэзентацыі ўключаюць гульні, якія знаёмяць з гукамі, практыкаванні па іх дыферэнцыяцыі і аўтаматызацыі ў складах, у словах і, нарэшце, у сказах. Гукі, якія дзіця навучылася вымаўляць ізалявана, пасля ў кантэксце набываюць зусім іншую і фанетычную, і эмацыянальную, і сэнсавую афарбоўку.
Выкарыстанне ў прэзентацыях відэа- і гукаматэрыялаў дазваляе праводзіць адначасова работу над правільным вымаўленнем гукаў і іх належным фанематычным успрыманнем. Акрамя таго, гульнявыя заданні Аляксандра Генадзьеўна дапаўняе дапаможнымі падказкамі.

Гуляйце разам з дзецьмі

А.Г.Пашкоўская распрацавала цэлы комплекс мультымедыйных гульнявых заданняў (у праграме PowerPoint ці Qt Creator). На сёння ў яго ўваходзіць больш за 40 гульняў-трэнажораў, якія педагог прапаноўвае выкарыстоўваць пры індывідуальнай рабоце з дзецьмі. Наглядны матэрыял у заданнях прадстаўлены як сістэма апорных вобразаў, інфармацыя выкладзена ў строгім алгарытмічным парадку, малюнкі на экранах манітораў паяўляюцца ў пэўнай паслядоўнасці. Эфекты анімацыі і гукавога афармлення разнявольваюць дзяцей, павышаюць матывацыю да заняткаў. Дзецям нескладана за адведзены час выконваць заданне.
На Рэспубліканскі конкурс “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” Аляксандра Генадзьеўна прадстаўляла трэнажоры па аўтаматызацыі гукаў у словах — сістэму гульняў для свісцячых гукаў, а таксама гукаў [л], [р]. Менавіта гэтыя матэрыялы былі адзначаны на конкурсе дыпломам ІІ ступені.
Пры стварэнні мультымедыйнага прадукту Аляксандра Генадзьеўна імкнулася захаваць пэўную паслядоўнасць: спачатку прапаноўвала заданні на аўтаматызацыю гукаў (у пачатку слова, у сярэдзіне і ў канцы слова), пасля — на аўтаматызацыю гукаў у словах са збегам зычных і ў словах, дзе аўтаматызаваны гук сустракаецца двойчы.
Структура кожнага гульнявога задання абавязкова ўключае дакладна акрэсленую мэту ці задачу (з дапамогай гіперспасылак пазначаецца пераход да патрэбнага раздзела), практыкаванні на аўтаматызацыю гукаў, дапаможную падказку для таго дзіцяці, якое не справілася з асноўным заданнем, і заключны слайд, які змяшчае ў сабе сюрпрыз або заахвочванне.
Напрыклад, у комплексе-гульні “Гэтыя цяжкія гукі…” па аўтаматызацыі гукаў [л], [р] педагог прапаноўвала гульні “Будзільнік”, “Вясёлая матэматыка”, “Вечары загадак”, “Пакліч слова”, “Хто ў церамку жыве?”, “Цацкі”, “Паравозік”, “Знайдзі гук”.
Заданне “Знайдзі гук”, напрыклад, замацоўвае ўменне знаходзіць гук [р] у канцы слова. Дзіцяці неабходна выбраць на слайдах сярод некалькіх малюнкаў з выявай розных прадметаў (або кветак, жывёл) адзін, назва якога заканчваецца на [р], навесці курсор на гэты малюнак і шчоўкнуць мышкай. Калі малыш здагадаўся правільна, малюнак займае сваё пачэснае месца на гукавой дарожцы каля Нязнайкі. Калі карцінка выбрана не тая, дзіця пачуе “Не-не”. Падказкі правільнага выбару зноў жа варта прапаноўваць лагічна і паслядоўна. Калі на гукавой дарожцы апынецца шмат малюнкаў, дзіця называе прадметы, якія намаляваны, пры гэтым голасам вылучае гук [р]. Прадугледжаны і падказкі для гэтага задання.
Дапамога № 1. Настаўнік-дэфектолаг называе тое, што на карцінцы (кефір), інтанацыйна вылучае [р], наводзіць курсор і націскае мышкай на выяву малочнага напітку, якая перамяшчаецца ў канец графічнай схемы. Над наступнай карцінкай (самавар) дзіця разважае ўжо само або сумесна з педагогам і выконвае заданне самастойна.
Дапамога № 2. Педагог вымаўляе назву (інжыр) і вылучае [р]. Адначасова ўказвае на сінюю фішку ў канцы графічнай схемы — цвёрды зычны ў канцы слова.
Выканаўшы заданні, па спасылцы дзеці вяртаюцца на слайд з асноўным заданнем. Пасля завяршэння ўсёй работы яны выходзяць на заключны слайд, які змяшчае сюрпрыз або заахвочванне: дастаткова падвесці курсор да Нязнайкі і націснуць клавішу мышкі — пачуецца вясёлае “Малайчына!”.
Работу па аўтаматызацыі гукаў можна лічыць паспяховай, калі ў ёй выкарыстаны (ва ўсякім разе Аляксандра Генадзьеўна стараецца так рабіць) каля сотні малюнкаў. Важную ролю адыгрывае і разнастайнасць форм падачы матэрыялу — як нагляднага, так і гукавога.
Дзеці працуюць за камп’ютарамі 2—3 разы на тыдзень у першай палове дня. Працягласць заняткаў для выхаванцаў 5 гадоў складае 10 хвілін, 6—7 гадоў — 15 хвілін. Пасля кожнага этапу бесперапыннай работы — абавязковая зрокавая гімнастыка.
Да карэкцыйнай работы Аляксандра Генадзьеўна падключае і бацькоў. Настойліва рэкамендуе ім займацца з малышамі дома, дасылае на электронную пошту кансультацыі і заданні. Бацькі дапамагаюць сваім дзецям замацоўваць той матэрыял, які быў імі асвоены на занятках у садзе.
Аб эфектыўнасці прымянення камп’ютарных тэхналогій сведчаць вынікі дыягнастычнага абследавання выхаванцаў Аляксандры Генадзьеўны Пашкоўскай, а менавіта ўстойлівая станоўчая дынаміка ў авалоданні імі правільным гукавымаўленнем.

Надзея ЦЕРАХАВА.