Нядаўна ў Мінску стартаваў гарадскі вочна-дыстанцыйны конкурс педагагічных ідэй “Інтэрактыўны свет ведаў”. Ён праводзіцца з мэтай пашырэння практычнага выкарыстання сучасных інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій і тэхнічных сродкаў навучання ў адукацыйным працэсе. Арганізатарамі конкурсу выступілі Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі, кампанія EPSON і ААТ “ПрынтЛюкс”.
Як расказала начальнік цэнтра інфармацыйных рэсурсаў сістэмы рэгіянальнай адукацыі МГІРА Наталля Валянцінаўна Сакалова, конкурс “Інтэрактыўны свет ведаў” — гэта конкурс распрацовак вучэбных заняткаў. Ён праводзіцца ўпершыню ў межах дагавора аб супрацоўніцтве інстытута і ААТ “ПрынтЛюкс” і прымеркаваны да Года моладзі ў Беларусі. Сярод асноўных задач гэтых спаборніцтваў — развіццё прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў у галіне ІКТ па выкарыстанні інтэрактыўных сродкаў навучання ў адукацыйнай дзейнасці, удасканаленне практычных навыкаў валодання сучаснымі тэхнічнымі сродкамі навучання, стымуляванне прафесійнай педагагічнай творчасці.
Конкурс праводзіцца ў шэсць этапаў. Першы яго этап — дыстанцыйны — прайшоў з 10 па 30 лістапада. Жадаючым прыняць удзел у ім трэба было зарэгістравацца. Паўдзельнічаць у спаборніцтвах пажадалі 112 педагогаў з устаноў адукацыі розных раёнаў горада.
Другі этап — анлайн-навучанне ўдзельнікаў — арганізаваны дыстанцыйна з 1 па 21 снежня. Для праходжання анлайн-навучання педагогам неабходна было зарэгістравацца ў анлайн Акадэміі Epson (http://www.academy.epson.ru). Ім прапаноўваецца прайсці абавязковы тэарэтычны курс “Інтэрактыўны камплект Epson для адукацыі. Беларусь”, а пасля яго праходжання — адпаведны тэст для праверкі набытых ведаў. Пасля заканчэння вучобы ўдзельнікі конкурсу атрымліваюць сертыфікаты, якія ім неабходна будзе выслаць на электронны адрас арганізатараў спаборніцтваў.
Трэці этап конкурсу — удзел у вучэбных семінарах па выкарыстанні камплекта тэхнікі Epson і праграмнага забеспячэння Easiteach Next Generation у межах работы інтэрактыўнай лабараторыі МГІРА — пройдзе вочна з 22 снежня па 15 лютага. Вучэбныя семінары правядуць арганізатары конкурсу. Падчас іх педагогі будуць вывучаць функцыянальныя магчымасці абсталявання і праграмнага забеспячэння і іх прымяненне ў межах школьнай праграмы на розных прадметах, ацэньваць зручнасць і прастату работы з імі, магчымасць стварэння ўрока ў праграмным забеспячэнні і інтэграцыю комплексу ў адукацыйны працэс у межах прадмета, які выкладае настаўнік.
Чацвёрты этап (з 15 лютага па 1 красавіка) прадугледжвае падрыхтоўку конкурснай работы — плана-канспекта вучэбных заняткаў (урок па прадмеце або пазакласнае мерапрыемства) з улікам шэрага патрабаванняў. Пры падрыхтоўцы плана-канспекта педагогам рэкамендуецца звярнуць увагу на выбар тыпу ўрока і захаванне яго храналогіі і структуры, на вызначэнне аптымальнага зместу ўрока ў адпаведнасці з патрабаваннямі вучэбнай праграмы і мэтамі, на падборку найбольш рацыянальных метадаў, прыёмаў і сродкаў навучання; эфектыўнае іх выкарыстанне для актывізацыі самастойнай пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў, спалучэнне прыёмаў і метадаў пасіўнага, актыўнага і інтэрактыўнага навучання. А таксама засяродзіцца на выкананні санітарна-гігіенічных патрабаванняў да ўрока, арганізацыі кантрольна-ацэначнай дзейнасці навучэнцаў, падвядзенні вынікаў урока: дасягненні пастаўленай мэты, рэфлексіі дзейнасці навучэнцаў і настаўніка на ўроку і інш.
Па словах Н.В.Сакаловай, на розных этапах правядзення вучэбных заняткаў педагогам рэкамендуецца выкарыстоўваць праграмнае забеспячэнне Easiteach Next Generation і інтэрактыўны комплекс Epson у складзе інтэрактыўнага праектара, лічбавай дакумент-камеры, друкавальнай прылады серыі Фабрыка друку Epson. Удзельнікам неабходна таксама апісаць паслядоўнасць выкарыстання і зрабіць высновы адносна эфектыўнасці прымянення абсталявання і інструментаў праграмнага забеспячэння.
У апісанне вучэбных заняткаў рэкамендуецца ўключыць, па-першае, пералік функцый, якія будуць выкарыстоўвацца на ўроку для кожнага складніка камплекта абсталявання паасобку, па-другое, пералік інструментаў і дыдактычных матэрыялаў праграмнага забеспячэння Easiteach Next Generation, якія прымяняліся на ўроку, па-трэцяе, апісаць, як інтэрактыўны камплект тэхнікі Epson можа ўзаемадзейнічаць і дапамагаць у рабоце з праграмным забеспячэннем Easiteach Next Generation і іншымі электроннымі адукацыйнымі рэсурсамі, калі яны былі выкарыстаны; апісаць уласныя ідэі і напрацоўкі па прымяненні функцыянальных магчымасцей абсталявання ў комплексе Epson у межах прадмета, для якога распрацоўваўся ўрок. У заключнай частцы работы неабходна зрабіць выснову аб эфектыўнасці прымянення тэхнічных сродкаў навучання для стварэння інтэрактыўных урокаў.
З 1 па 30 красавіка (пяты этап спаборніцтва) адбудзецца размяшчэнне конкурсных работ у сістэме дыстанцыйнага навучання Moodle (http://moodle.minsk.edu.by). Журы конкурсу на чале з прарэктарам па міжнародным супрацоўніцтве і інфармацыйна-ідэалагічнай рабоце МГІРА Т.Я.Янушкевіч будзе ацэньваць педагагічныя распрацоўкі па наступных крытэрыях: адзінства формы і зместу конкурснай работы, арыгінальнасць ідэі, тэхніка і якасць выканання, адпаведнасць метадычным рэкамендацыям і тэхнічным патрабаванням.
На шостым (заключным) этапе журы вызначыць пераможцаў, якія будуць узнагароджаны дыпломамі і каштоўнымі падарункамі.
Як заўважыла Н.В.Сакалова, работы лаўрэатаў конкурсу будуць рэкамендаваны да публікацыі ў педагагічных выданнях. Па выніках спаборніцтваў плануецца стварыць скарбонку вучэбна-метадычных матэрыялаў педагогаў з выкарыстаннем тэхнічных сродкаў навучання, якая будзе даступная для ўсіх зацікаўленых.
Жадаем поспехаў удзельнікам конкурсу!
Наталля КАЛЯДЗІЧ.