Калі ласка, вам усмешка!

- 14:40Нам пішуць

Пачынаць дзень з усмешкі — значыць дарыць добры настрой сабе і падзяліцца з іншымі. А яшчэ з дапамогай усмешкі можна вырашыць асобныя праблемы і непаразуменні.

Так лічаць удзельнікі клуба “Пазітыў” сярэдняй школы № 5 Навагрудка, якія на чале з кіраўнікамі педагогам-псіхолагам Аленай Шапашнікавай і сацыяльным педагогам Таццянай Кавальчук напрыканцы верасня правялі акцыю “Падары ўсмешку”. Валанцёры ранкам сустракалі навучэнцаў, дарослых усмешкамі, пажаданнямі добрага настрою і дарылі ўсім “пазітыўчыкі” — смайлікі.

На працягу дня на перапынках пад вясёлую музыку валанцёры праводзілі флэшмобы з малодшымі школьнікамі. У інфазоне школы ўсе ахвотныя мелі магчымасць пабачыць цікавы ролік “Вясёлкавы пазітыў”, а на інтэрактыўнай дошцы “Я люблю жыццё за…” — прымацаваць свае меркаванні каляровымі стыкерамі.

У фае першага паверха працавала станцыя “Адгадай свой лёс”. Усе зацікаўленыя падыходзілі да Чараўніка і ў магічным куфэрку знаходзілі толькі станоўчыя адказы на свае пытанні і пажаданні.

Ад прыветлівых усмешак і добрых слоў у гэты дзень кожны атрымаў зарад бадзёрасці і пазітыву.

Алена ШАПАШНІКАВА,
педагог-псіхолаг,
Таццяна КАВАЛЬЧУК,
педагог сацыяльны сярэдняй школы № 5 Навагрудка.