Калі мэта вядома

- 12:19Спартыўныя падзеі

Прыцягненне дзіцяці да ўпартай сістэматычнай працы заўсёды патрабуе намаганняў. Відавочна, што ў яго павінна быць матывацыя. Як дапамагчы вучню знайсці ў сабе сілы для дасягнення вызначаных мэт? Над гэтым пытаннем працавала творчая лабараторыя класных кіраўнікоў Пятрэвіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Навагрудскага раёна на пашыраным пасяджэнні “Пошук нетрадыцыйных падыходаў да матывацыі навучэнцаў”. Калі было ўзнята пытанне, як матываваць дзяцей да заняткаў фізкультурай і спортам, адказ у настаўніка фізічнай культуры і здароўя ўзнік адразу: “Патрэбны яскравы прыклад і заахвочванне за дасягнутыя вынікі”. Гэтая ідэя адразу ж была падхоплена, пачаўся пошук яе ажыццяўлення.

Варыянт рашэння быў прапанаваны школьным бібліятэкарам Н.А.Юшкевіч: арганізаваць паездку для лепшых спартсменаў установы адукацыі ў рамках рэспубліканскай акцыі “Разам з камандай!” у Нацыянальны алімпійскі камітэт Рэспублікі Беларусь. Аказаць садзейнічанне ў рэалізацыі задумы пагадзіліся начальнік упраўлення адукацыі Навагрудскага райвыканкама А.А.Анікевіч, дырэктар філіяла “Навагрудскі хлебазавод” А.М.Паркалаў, спецыяліст аддзела інфармацыі НАК Беларусі Сяргей Ганчарэнка. Сяргей Аляксандравіч прапанаваў арганізаваць сустрэчу хлопчыкаў і дзяўчынак з сельскай школы з двухразовай чэмпіёнкай свету бронзавым прызёрам Алімпіяды ў Пекіне па сучасным пяцібор’і Настассяй Пракапенка. Сапраўды яскравы прыклад! І сапраўды годнае заахвочванне за дасягнутыя вынікі!

Сюрпрыз чакаў усіх наперадзе. На сустрэчу з навучэнцамі сельскай школы чэмпіёнка свету прыйшла 20 верасня, у дзень свайго нараджэння. У юных спартсменаў была магчымасць павіншаваць Настассю Пракапенка, паспаборнічаць з ёй у стральбе, на бегавой дарожцы, выкарыстаўшы сучасныя камп’ютарныя тэхналогіі, задаць пытанні, наведаць музей алімпійскай славы. Натхнёныя, акрыленыя, дзеці вярнуліся дадому. І калі на наступны дзень ім давялося прыняць удзел у раённых спаборніцтвах па лёгкаатлетычным кросе “Дзень стаера”, каманда пятрэвіцкай школы заняла 2-е месца.

Аднак намаганні нашых педагогаў у пошуку нетрадыцыйных форм матывацыі навучэнцаў не скончаны. У гэтым кірунку яшчэ трэба прайсці доўгі шлях.

Аксана ЗАСАДЗІНСКАЯ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Пятрэвіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Навагрудскага раёна.
Фота Наталлі ЮШКЕВІЧ.