Калі мяжа побач. Чым жыве ваенна-патрыятычны клас «Багіра» міёрскай школы № 2

- 10:02Витебская область, Новости

Чым жыве ваенна-патрыятычны клас “Багіра” міёрскай сярэдняй школы № 2 імя М.Р.Ізварына, які адкрыўся ў пачатку гэтага навучальнага года, — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Юныя пагранічнікі

Як вядома, Міёрскі раён на поўначы мяжуе з Латвіяй. А жыццё на прыграніччы азначае, што кожны чалавек асабліва неабыякава ставіцца да важнай справы недатыкальнасці нашых рубяжоў. Таму справядліва і лагічна, што першы ў раёне ваенна-патрыятычны клас атрымаў пагранічную накіраванасць.

— Мы загадзя расказалі бацькам вучняў аднаго з нашых 6-х класаў аб намеры ў 7-м стварыць на яго базе ваенна-патрыятычны клас. І з тым, што гэта патрэбная справа, пагадзіліся ўсе. На пачатку бягучага навучальнага года ў юныя пагранічнікі былі прыняты 30 вучняў — 28 ранейшых навучэнцаў класа, а таксама дзве новыя дзяў­чыны, якія разам з сям’ёй пераехалі жыць на Міёршчыну з Латвіі, — расказвае класны кіраўнік класа і кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Вера Сушко.

Пасля абмеркавання спыніліся на назве “Багіра”, формай адзення выбралі чорныя камізэлькі з эмблемамі ваенна-патрыятычнага класа і школы. Гэта адрознівае іх ад іншых вучняў, у якіх адзіным элементам адзення з’яўляюцца камізэлькі сіняга колеру.

У вучэбнай праграме класа з’явіліся факультатыўныя заняткі “Юны пагранічнік”, якія вядзе настаўнік фізічнай культуры і дапрызыўнай падрыхтоўкі Дзмітрый Алегавіч Байчук. Гэта малады педагог, не так даўно адслужыў тэрміновую службу ў беларускай арміі, прычым менавіта ў пагранічных войсках. Настаўнік змог выбудаваць з дзецьмі добрыя і шчырыя адносіны, на яго заняткі яны ходзяць з задавальненнем. У старшых класах “багіраўцы”, згодна з існуючай практыкай, пачнуць вывучаць на павышаным узроўні пэўныя вучэбныя прадметы. Якія дакладна — вызначацца, калі прыйдзе час.  

Па словах Веры Іванаўны, пазакласнае жыццё вучняў таксама ўзбагацілася дадатковымі цікавымі актыўнасцямі. Каб больш даведацца пра армейскае жыццё, пагранічную службу, супрацоўнічаюць з пагранзаставамі. Так, кадравыя афіцэры былі на ўрачыстай цырымоніі прысвячэння школьнікаў у юныя пагранічнікі, удзельнічаюць у сустрэчах прафарыентацыйнай тэматыкі, іншых мерапрыемствах.

Навучэнцы ваенна-патрыятычнага класа пабывалі ўжо на экскурсіі на адной з пагранзастаў, размешчанай у суседнім Браслаўскім раёне. Пагранічнікі расказалі дзецям аб сваёй службе, прадэманстравалі сапраўдную зброю і ваенную тэхніку, далі прымераць бронекамізэлькі і каскі, паказалі гадавальнік для службовых сабак. Уражанняў у хлопцаў і дзяўчат было праз край. Вясной збіраюцца на экс­курсію на яшчэ адну заставу, у Полацкім раёне.

Закладзена традыцыя запрашаць у школу яе былых выпускнікоў, якія вучацца ва УВА ваеннага профілю ці пасля іх заканчэння служаць у беларускай арміі. Так, у студзені адбылася сустрэча “багіраўцаў” з курсантам айчыннага Інстытута пагра­нічнай службы, у пачатку лютага — з курсантам Ваеннай акадэміі Беларусі. 

Шляхі і перакрыжаванні

Штомесяц навучэнцы ваенна-патрыятычнага класа разам з педагогамі ездзяць на экскурсіі, падчас якіх больш знаёмяцца з гісторыяй краіны, у першую чаргу яе ваеннымі старонкамі. Так, незабыўныя ўражанні пакінула наведванне мемарыяльнага комплексу “Прарыў” пад Ушачамі, помнікаў загі­нуўшым у канцлагеры савецкім ваен­напалонным і ахвярам яўрэйскага гета ў Глыбокім, Віцебскага абласнога музея Героя Савецкага Саюза Міная Піліпавіча Шмырова, музеяў Полацка.  

— Пасля экскурсій абавязкова распрацоўваю і прапаноўваю дзецям гульні, якія дазваляюць замацаваць у памяці тую інфармацыю, якую мы пачулі на мемарыя­лах і ў музеях. Гэта можа быць віктарына ці гульня з выкарыстаннем QR-кодаў, па якіх можна праве­рыць, ці правільна ты адказаў на пытанне, — расказвае Вера Сушко. — Разам з дзецьмі ствараем гульнявыя лэпбукі па тэматыцы Вялікай Айчыннай вайны. А яшчэ матывую навучэнцаў цікавіцца ваеннымі старонкамі гісторыі сваіх сем’яў, і многія з іх сёння з гордасцю расказваюць пра сваіх гераічных продкаў — адны былі на фронце, другія ў партызанах. Адзін хлопец даведаўся ад бацькоў, што яго прабабуля пад носам у ворагаў усю вайну пякла для народных мсціўцаў хлеб, рызыкуючы сваім жыццём, — і гэта таксама подзвіг, якім можна ганарыцца!

Па словах педагога, навучэнцы ваенна-патрыятычнага класа годна праяўля­юць сябе ў розных справах. Так, яны складаюць касцяк школьнага харэаграфічнага аб’яднання па інта­рэсах — яго наведвае 14 “багіраўцаў”, з іх 6 хлопцаў. З’яўляюцца юнымі экскурсаводамі ў школьным музейным пакоі, экспазіцыя якога прысвечана падзеям Вялікай Айчыннай вайны на Міёршчыне. Першыя гэтыя дзеці і ў карысных валанцёрскіх справах. 

— Мы не ставім перад сабой мэты зрабіць з навучэнцаў салдат, разумеем, што кожны на перакрыжаваннях выбару знойдзе свой прафесійны шлях. Але тыя веды, якія яны атрымаюць падчас навучання ў ваенна-патрыятычным класе, дапамогуць сфарміраваць правільную грамадзянскую пазіцыю. Мы вучым дзяцей любіць сваю Радзі­му, быць верным ёй, імкнуцца прыносіць карысць грамадству. А гэта важна для чалавека любой прафесіі. Калі ж дзякуючы нашай праф­арыентацыйнай рабоце навучэнец захоча звя­заць жыццё з ваеннай службай, ён будзе да гэтага падрыхтаваны, зробіць асэнсаваны выбар, — адзначае мая суразмоўніца.

Нельга не сказаць некалькі слоў і пра класнага кіраўніка ваенна-патрыятычнага класа. Вера Іванаўна — філолаг, настаўніца беларускай мовы і літаратуры. Але пры гэтым прызнаецца, што ў школьныя гады адным з яе любімых прадметаў была пачатковая ваенная падрыхтоўка. Выконвала нават некаторыя нарматывы хлопцаў і да гэтага часу лёгка можа сабраць і ра­забраць аўтамат. А яшчэ яна ўваходзіла ў склад юнармейскага атрада. Два стрыечныя браты педагога — афіцэры, адзін з іх прайшоў Афганістан, мае баявыя ўзнагароды. Так што з такім кіраўніком выхаванне юных патрыётаў у надзейных руках.

Аксана МЫЦЬКО
Фота аўтара і з архіва ўстановы адукацыі