Калі на сцэне дзеці…

- 12:57Навіны рэгіёнаў

Сцэнічныя чытанні “Школьны тэатр–19” ладзіліся на базе Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Якуба Коласа. Адразу хочацца адзначыць арыгінальнасць творчай ідэі конкурсу — ён адрозніваецца найперш тым, што, згодна з палажэннем аб яго правядзенні, у фінальны тур могуць трапіць толькі пастаўленыя па творах беларускіх пісьменнікаў спектаклі. Такім чынам, арганізатары фестывалю ставяць дзве мэты: па-першае, гэта далучэнне дзяцей і падлеткаў да сцэнічнага мастацтва, а па-другое, папулярызацыя роднай літаратуры, роднай мовы (зусім натуральна, што большасць спектакляў іграецца па-беларуску).

У дапамогу настаўнікам, якія кіруюць школьнымі драматычнымі гурткамі, літаратурная частка тэатра імя Якуба Коласа склала рэкамендацыйны спіс твораў беларускіх аўтараў — ад класікаў ХІХ стагоддзя (такіх як Дунін-Марцінкевіч, Карусь Каганец) да самых маладых сучасных драматургаў — з падрабязнымі анатацыямі. Такім чынам, тэатр ужо на першым этапе выбару арыентуе педагогаў на добрую літаратуру, высокага мастацкага і ідэйна-выхаваўчага ўзроўню . Другі этап — работа над драматургічным матэрыялам непасрэдна ў школьных калектывах. Рэжысёр фестывалю (раней гэта быў заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Грушоў, зараз — актрыса вядучы майстар сцэны Ніна Обухава) па запрашэнні кіраўнікоў выязджае ў школы і дапамагае даводзіць спектаклі да пэўнага ўзроўню. Хоць асноўная работа адбываецца напярэдадні сцэнічных чытанняў, калі гатовы твор адаптуецца да пляцоўкі коласаўскага тэатра. Вядома ж, коласаўцы складаюць і ядро журы раённых конкурсаў школьных тэатраў, дзе адбіраюць лепшыя спектаклі на гарадскі, фінальны тур.
Сёлета сцэнічныя чытанні прайшлі пры фінансавай і арганізацыйнай падтрымцы аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, а таксама ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага гарвыканкама. Узначальвала журы народная артыстка Беларусі ўладальнік прэміі “За духоўнае адраджэнне” Святлана Акружная, а ў склад яго ўвайшлі вядучыя артысты-коласаўцы, прадстаўнікі ўстаноў адукацыі і культуры.
Сем школьных тэатраў трапілі ў фінал. Паколькі конкурс праходзіў напярэдадні свяшчэннай даты для ўсіх беларусаў — 70-годдзя Вялікай Перамогі — першы блок складалі спектаклі на тэму вайны. Адкрыў праграму сцэнічных чытанняў драматычны твор “Кароткая песня” паводле аднайменнага апавядання Васіля Быкава, які ўвасобілі вучні сярэдняй школы № 28 Віцебска (гэтым калектывам нязменна на працягу 15 гадоў кіруе вопытны педагог Зоя Таранеўская). Традыцыйна героі гэтага пісьменніка трапляюць у складаную сітуацыю, якая патрабуе ад іх зрабіць маральны выбар, сцвердзіць сябе чалавекам альбо стаць вырадкам. Сапраўдным акцёрскім адкрыццём фестывалю стала вучаніца 10 класа Вольга Шпакава (прыз за лепшую жаночую ролю). Яна змагла дакладна і эмацыянальна яскрава перадаць унутраны стан сваёй гераіні — простай вясковай дзяўчыны, закаханай у камандзіра партызанскага атрада, якая гіне фактычна з-за свайго пачуцця. Толькі каханне не ў стане перамагчы нават смерць, і толькі яно процістаіць бязглуздзіцы, абсурду чалавечага існавання. Гэта даводзіць Быкаў і стваральнікі спектакля, які атрымаў дыплом і прыз за 2 месца.
Што можа быць агульнага ў палоннага нямецкага афіцэра і савецкай медсястры? Ці можа каханне стаць смяротным пакараннем за няздзейсненыя злачынствы? На гэтыя пытанні спрабуюць адказаць удзельнікі аб’яднання “Тэатр цудаў” Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі (кіраўнік Канстанцін Ганчароў) у спектаклі “Мама, не плач” па п’есе Ігара Івы. Тут вобраз і акцёр знітаваны ў нешта адно, непадзельнае. Пры пэўнай дапрацоўцы драматургічнага матэрыялу твор мог бы наблізіцца да прытчы. Але гэта пажаданне ў адрас рэжысёра, які (прыадкрыем таямніцу) з’яўляецца і аўтарам п’есы. Спектакль падзяліў 2 месца з “Кароткай песняй”, а таксама атрымаў дыплом “За лепшае музычнае афармленне” (ён ішоў пры жывым гуку, што спрыяла стварэнню шчымлівай камернай атмасферы). Выканаўца ролі Каці (якая спрычынілася да смерці галоўных герояў) Дар’я Якаўлева адзначана прызам і дыпломам “За лепшую жаночую ролю другога плана”.
Спектакль “Зіма 43…” — таксама з шэрага аўтарскіх. Гэтая драматычная фантазія створана ў самім калектыве “Прэм’ера” (кіраўнік і рэжысёр Таццяна Быкава) паводле пісем дзяцей блакаднага Ленінграда. Тут праўдзівы драматычны матэрыял дапаўняецца яркай харэаграфіяй. Юныя артысты пераканаўча змаглі перадаць атмасферу жудаснага часу, зразумець душэўны стан сваіх равеснікаў, якія змагаліся за жыццё — сваё і родных, блізкіх людзей у тых нечалавечых варунках. Спектакль заняў 1 месца.
Творы класікаў беларускай літаратуры Міхася Чарота і Францішка Аляхновіча былі прадстаўлены школьнымі тэатрамі “Пігмаліён” сярэдняй школы № 35 (кіраўнік Лілія Пятрова) і “Фавор” сярэдняй школы № 10 (кіраўнік Жанета Рамановіч). Блізкім аказаўся не толькі час напісання апавядання “Чалавек, які не нарадзіўся” і камедыі-фарса “Пан міністр” (у прачытанні юных артыстаў яна гучыць пад назвай “З вялікага грому…”), але і сатырычная накіраванасць літаратурнага матэрыялу, які не страціў актуальнай злабадзённасці і ў нашы дні. Хіба ж вынішчана дашчэнту бяздушная чыноўніцкая бюракратыя, якую бязлітасна высмеяў Міхась Чарот? Альбо зніклі невукі і прыстасаванцы накшталт пана “міністра”, нікчэмныя пасрэднасці, якія пруцца да ўлады? Журы прыемна ўразіла, што кіраўнікі школьных драмкалектываў абралі для пастановак творы, якія не маюць багатай сцэнічнай гісторыі. Яны падзялілі паміж сабой 3 месца. Былі адзначаны і асобныя акцёрскія работы.
Ці можна зрабіць паўнацэнны спектакль паводле… аднаго верша? Чаму б і не, калі падысці да гэтай справы вынаходліва, з творчым поглядам! Мабыць, так і вырашыла Настасся Чыстабаева разам са сваімі выхаванкамі з віцебскай сярэдняй школы № 21. Пастаноўка “Сувязь” заяўлена ёю як сцэнічны водгук на верш Рыгора Барадуліна “Мяккія рукі”. Спектакль-роздум — свайго роду прытча аб той тонкай, нябачнай духоўнай сувязі, якая злучае блізкіх людзей. У аснове нескладанага сюжэта — гісторыя сяброўства дзвюх сясцёр, жыццёвы лёс якіх склаўся па-рознаму. Адна нарадзіла шасцёра дзяцей, другую абдзяліў бязлітасны лёс. Не стрываўшы цяжкасцей, першая ахвяруе родным дзіцем, аддае яго сястры. Але потым не вытрымлівае, яе цягне да дачкі, якая па мяккіх руках, сама таго не ведаючы, вызначае родную маці. Аў тар спектакля значна пашырыла філасофскі змест, аб’ём твора, увёўшы вобраз Лёсу, закінутага аднекуль з космасу. Але вельмі ўжо ён, ды не — яна нагадвае беларуску: і знешнім выглядам, і ўнутранай чысцінёй, і духоўнай цнатлівасцю. Яна як адбітак жаночай душы, у яе, як у люстэрка, узіраецца маці — галоўная гераіня твора. Спектакль “Сувязь” атрымаў ганаровае 1 месца, а яго аўтар (дарэчы, актрыса коласаўскага тэатра Настасся Чыстабаева) — дыплом “За лепшую рэжысёрскую работу”. Выканаўца ролі Лёсу Аляксандра Гусак атрымала прыз за лепшую жаночую ролю.
За што і дзеці, і дарослыя любяць цырк? Мабыць, за тое, што гэтае мастацтва ў большай ступені, чым іншыя, робіць людзей дабрэйшымі, бо вяртае ім веру ў цуды, дапамагае ім хоць на кароткі час забыцца пра сумныя праблемы. Але ж і цыркавыя артысты не антычныя багі, хоць і вельмі да іх падобныя. Яны, як і іншыя людзі, у нечым недасканалыя: таксама залежаць ад дрэннага настрою, пакутуюць ад нешчаслівага кахання, зайздрасці і самаўлюбёнасці калег, абыякавасці і эгаізму родных і сяброў. Менавіта пра гэта аўтарскі спектакль “Ідэальныя людзі” ўзорнай тэатральнай студыі “Дарослыя дзеці” гімназіі № 8 (кіраўнік Аляксандра Раманава), які атрымаў гран-пры фестывалю. Яго галоўны герой — хлопчык з хворымі нагамі (Анатоль Сухаў; прыз за лепшую мужчынскую ролю), які бавіць свой час за кулісамі цырка. Ён, быццам у замочную адтуліну, падглядвае за жыццём сваіх куміраў, становіцца іх сябрам. Такім чынам дзіця збягае ад жорсткасці гэтага свету, будзённай рэальнасці, жорсткасці сваіх равеснікаў, якія здзекуюцца і крыўдзяць яго. І ён упэўнены, што некалі абавязкова пазбавіцца сваёй хваробы, будзе такі ж моцны, як Асілак, такі ж спрытны, як Гімнаст, такі ж вынаходлівы, як Фокуснік (Станіслаў Туркоўскі, прыз за лепшую мужчынскую ролю другога плана). Потым прыходзіць нейкае расчараванне, бо на блізкай адлегласці ўсё бачыцца крыху інакш. Але вера ў цуды не знікае. Спектакль атрымаўся такім шчырым, прасякнутым святлом, душэўнай цеплынёй, што не змог ні журы, ні гледача пакінуць абыякавым.

Юрый ІВАНОЎСКІ,
літаратурны рэдактар Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Якуба Коласа,
сакратар журы сцэнічных чытанняў, тэатразнавец.
Фота Наталлі ЯРМОЛАВАЙ.