Калі настаўнік — блогер

- 8:00Адукацыйная прастора, Навіны рэгіёнаў

Персанальны блог настаўніка — гэта інструмент для самаразвіцця навучэнцаў любога ўзросту. Якасны медыякантэнт дазваляе выкарыстоўваць вялікія аб’ёмы інфармацыі зручна, лёгка і даступна.

Лічбавае пакаленне дзяцей актыўна выкарыстоўвае розныя медыярэсурсы і таму чакае ад настаўніка шырокага прымянення інфармацыйных тэхналогій на ўроках.

Педагогі становяцца больш інфармацыйна эрудзіраванымі, штодня прымяняючы ў рабоце гаджэты, відэа, анлайн-трэнажоры і гульні. Выдатны інструмент для зносін і абмену вопытам — блог настаўніка. Гэта своеасаблівы інтэрактыўны дзённік ці анлайн-нататнік, у які дабаўляецца розная інфармацыя і заданні. Выкладчыку такая форма дазваляе пашыраць вучэбны працэс, арганізоўваць абмен інфармацыяй. І, вядома ж, гэта ўзаемадзеянне ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу ў сістэме “настаўнік — вучань — бацькі”.

Для стварэння блога не трэба быць праграмістам, дастаткова толькі з дапамогай сэрвісу Blogger.com стварыць сваю старонку. У сваёй прафесійнай дзейнасці выкарыстоўваю блог як вучэбную пляцоўку для арганізацыі адукацыйнага працэсу і дыстанцыйнай падтрымкі навучэнцаў пры выкананні дамашніх заданняў. Дзецям прапануюцца розныя інтэрактыўныя заданні, карысныя відэа для паўтарэння і замацавання вучэбнага матэрыялу. Іх можна праглядаць шматразова. На маім асабістым інтэрнэт-рэсурсе створаны раздзелы з назвамі вучэбных прадметаў. У кожным раздзеле размешчаны заданні і дадатковая інфармацыя па пройдзенай тэме. Вучні ведаюць, як з гэтым працаваць, і заўсёды з радасцю ўсё выконваюць.

Магчымасці блога бязмежныя. Пры падрыхтоўцы да ўрокаў пазакласнага чытання гімназісты загадзя на старонцы па чытанні знаёмяцца з тэмай заняткаў. Гэта дае магчымасць зняць відэаводгук аб прачытанай кнізе і размясціць яго на старонцы блога. Калі прапануецца гульня “Літаратурны футбол”, дзеці могуць самастойна размяшчаць на маёй інтэрнэт-старонцы пытанні па прачытаных творах для каманды сапернікаў.

Выкарыстанне блога дапамагае з лёгкасцю арганізаваць урокі ў фармаце змешанага навучання. Вучні самастойна могуць вывучаць матэрыял, выконваць практычныя заданні як індывідуальна, так і ў групавой форме.

На платформе блога зручна ствараць анлайнпраекты. У гэтым навучальным годзе па прадмеце “Чалавек і свет” мы распрацавалі праект на тэму “Зямля — наш агульны дом”. Яго кантэнт прадстаўлены рознымі інтэрактыўнымі рэсурсамі для вывучэння тэмы. Матэрыялы суправаджаюцца віртуальнымі экскурсіямі, пазнавальнымі відэаўрокамі, рознымі тэстамі і анлайн-гульнямі. У зручным фармаце дзеці знаёмяцца з нашай планетай, вучацца арыентавацца на мясцовасці, больш глыбока раскрываюць узаемасувязі ў прыродзе, фарміруюць уяўленне аб формах зямной паверхні на тэрыторыі Беларусі, даведваюцца аб карысных выкапнях і іх уласцівасцях. А яшчэ атрымліваюць уяўленне аб прыродных супольнасцях і разнастайнасці жывёл і раслін на Зямлі.

На платформе блога зручна ствараць анлайн-праекты. У гэтым навучальным годзе па прадмеце “Чалавек і свет” мы распрацавалі праект на тэму “Зямля — наш агульны дом”.

Як і ў кожнага пачынання, у блога будуць як прыхільнікі, так і праціўнікі. Прымаючы рашэнне аб стварэнні блога, карысна адказаць сабе на тры простыя пытанні. Ці хачу я стаць сучасным? Ці хачу я стаць функцыянальна пісьменным? Ці хачу я быць уладальнікам уласнасці ў інтэрнэце? І калі вашы адказы “так”, то хутка ваш блог зойме дастойнае месца на прасторах інтэрнэту ў адукацыйнай супольнасці педагогаў-блогераў.

Ніна МЕЛЬНІК,
настаўніца пачатковых класаў Лошніцкай гімназіі
Барысаўскага раёна.