Калі навучанне прыносіць задавальненне

Нашы дзеці жывуць у час гаджэтаў, якія акружаюць іх з ранняга дзяцінства, таму і ўспрымаюцца як сродак забавы. І задача дарослых — зрабіць так, каб дзеці як мага раней даведаліся пра карысныя магчымасці такіх знаёмых прылад і пачалі выкарыстоўваць іх як рабочы інструмент, а не як цацкі. Гэтую задачу дазваляюць вырашыць факультатыўныя заняткі “Творчая дзейнасць у асяроддзі праграмавання Scratch”.

На працягу двух гадоў, з верасня 2016 года па жнівень 2018 года, наша школа ўдзельнічала ў рэалізацыі інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі арганізацыі пазаўрочнай праектнай дзейнасці навучэнцаў на І і ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі з выкарыстаннем асяроддзя праграмавання Scratch”.

Для паспяховай рэалізацыі інавацыйнага праекта неабходна было падабраць і навучыць кадравы склад. Знаёмства педагогаў з праграмай Scratch прайшло на трэнінгах і семінарах у Оршы, быў асвоены навучальны курс “Праграмаванне ў асяроддзі Scratch” на базе ГрАІРА.

Праграма Scratch вельмі спадабалася. Яна зацікавіла сваёй даступнасцю, уяўнай прастатой, нагляднасцю: праграмаванне адбываецца шляхам перамяшчэння рознакаляровых блокаў-каманд і злучэння іх паміж сабой. Праграма выглядае як маляўнічы і прыгожы алгарытм.

Перш чым арганізаваць факультатыўныя заняткі ва ўстанове адукацыі, мы правялі бацькоўскі сход, на якім бацькі навучэнцаў пазнаёміліся з магчымасцямі і вынікамі вывучэння асяроддзя праграмавання Scratch. Для дзяцей быў арганізаваны ўрок-знаёмства разам з навучэнцамі старшых класаў. Навучэнцы другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі паказалі малодшым дзецям свае работы, створаныя ў праграме Scratch: гульні, мультфільмы, паштоўкі, навучылі ствараць самы просты праект — са спрайтам-катом, які рухаецца. Пасля такой прэзентацыі факультатыў хацелі наведваць усе.

Праграма факультатыўных заняткаў накіравана на развіццё алгарытмічнага мыслення, творчых здольнасцей, фарміраванне аперацыйнага стылю мыслення, які ўяўляе сабой сукупнасць такіх навыкаў і ўменняў, як планаванне структуры дзеянняў і пошук інфармацыі, пабудова інфармацыйных мадэлей. Яна грунтуецца на практыка-арыентаваным метадзе навучання па прынцыпе “ад практыкі — да тэорыі”, які заключаецца ў тым, што інструменты асяроддзя праграмавання Scratch, а таксама асновы алга-рытмізацыі, праграмавання і тэхналогіі распрацоўкі гульняў на занятках вывучаюцца на практычных прыкладах рэалізацыі асобных функцыянальных магчымасцей праграмы без падрабязных тэарэтычных тлумачэнняў. Такім чынам, у навучэнцаў фарміруюцца практычныя навыкі і даступныя для разумення ўяўленні пра чаканы вынік. На наступных занятках у якасці замацавання вывучаныя інструменты, тэхнічныя і іншыя моманты вызначаюцца і замацоўваюцца тэарэтычна, з неабходнымі тлумачэннямі настаўніка. Пры гэтым фарміруецца абстрактнае і лагічнае мысленне навучэнцаў.

З першых хвілін заняткаў факультатыву дзеці трапілі ў чароўны свет спрайтаў (герояў), якія дапамагаюць асвойваць цяжкасці праграмавання. Праз стварэнне ўласных праектаў (мультфільмаў, гульняў і інш.) дзеці ўвасаблялі свае думкі, ідэі, пазнавалі навакольны свет. У канцы заняткаў кожнае дзіця расказвала пра свой праект, дзялілася сваімі адкрыццямі. Магчымасці праграмы Scratch такія, што ўжо з першых урокаў знаёмства з праграмай атрымліваюцца невялікія, але свае праекты.

Цікавасць да заняткаў не астывала на працягу ўсяго вучэбнага часу. Вывучэнне новых блокаў-каманд дазволіла дзецям ствараць больш новыя і дасканалыя работы. Хочацца адзначыць, што стварэнне праектаў даступна навучэнцам з розным узроўнем засваення ведаў. Дзеці, якія сутыкаюцца з цяжкасцямі ў засваенні вучэбнага матэрыялу, стваралі свае праекты па ўзоры, выкарыстоўваючы гатовыя блокі каманд. Высокаматываваныя навучэнцы маюць больш магчымасцей для творчасці, вывучэння новых каманд, пасляпшэння кода свайго праекта.

Цесная сувязь факультатыву з вучэбнымі прадметамі “Матэматыка”, “Літаратурнае чытанне”, “Руская мова”, “Беларуская мова” спрыяла лепшаму разуменню і засваенню прадметных ведаў.

Канечне, пры стварэнні праектаў у навучэнцаў узнікалі цяжкасці: былі памылкі ў кодах, не заўсёды запускаўся праект, прыходзілася траціць час на пошук неабходных касцюмаў і спрайтаў (герояў праектаў) у інтэрнэце, не заўсёды ўдаваўся сюжэт праекта. Часам дзецям хацелася стварыць тое, чаго яны яшчэ не ўмелі і не маглі зрабіць. Усе праблемы, якія ўзнікалі, мы стараліся вырашаць разам. На дапамогу прыходзілі арганізатары праекта, на форуме партала http://scratch.by, дзе заўсёды можна атрымаць адказы на пытанні, абмеркаваць з калегамі праблемы выкладання і тэхнічныя цяжкасці.

З мэтай павышэння цікавасці навучэнцаў да вывучэння асяроддзя праграмавання Sсratch, а таксама развіцця іх інтэлектуальнага і творчага патэнцыялу быў праведзены тыдзень Sсratch. Навучэнцы першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі, не знаёмыя з асяроддзем праграмавання Sсratch, прынялі ўдзел у майстар-класах “Мой першы праект у праграме Sсratch”. Дзеці-навічкі з радасцю пачалі выконваць практычныя заданні, з захапленнем прадстаўлялі свае праекты ў час абмеркавання. Усе жадаючыя прынялі ўдзел у конкурсе малюнкаў і скрыншотаў “Мой праект у асяроддзі праграмавання Sсratch”. Для навучэнцаў, якія наведваюць факультатыў, было прапанавана апытанне “Навошта мне Sсratch” і праведзены фестываль “Мой лепшы праект”.

Работы нашых навучэнцаў, створаныя ў праграме Sсratch, адзначаны раённымі і абласнымі граматамі і занялі прызавыя месцы ў сваіх намінацыях. Sсratch з’яўляецца стымулам для рэалізацыі творчага патэнцыялу не толькі навучэнцаў, але і педагогаў. Штогод Паркам высокіх тэхналогій разам з Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь арганізоўваюцца конкурсы для педагогаў.

Не толькі навучэнцы з задавальненнем працуюць у асяроддзі Sсratch. Педагогі таксама могуць ствараць свае дыдактычныя гульні па розных прадметах. Напрыклад, па матэматыцы можна стварыць трэнажоры для вуснага лічэння. Прыклад трэнажора для навучэнцаў 1—2 класаў https://goo.gl/6VcPG4. У праекце казачныя героі просяць у дзяцей дапамогі і разам рашаюць прыклады на складанне і вылічэнне. Лёгка ілюстраваць лагічныя задачы — https://goo.gl/nWZGMC. Для ўрока рускай мовы спатрэбіцца трэнажор-праверка вывучаных слоўнікавых слоў, паўтарэнне склонаў, на ўрок літаратурнага чытання — маляўнічы тэст з героямі-памочнікамі.

Назіранні за навучэнцамі, якія наведваюць факультатыў, дазволілі зрабіць высновы, што Sсratch — выдатны сродак развіцця навыкаў ХХІ стагоддзя. Павышэнню інфармацыйнай і медыяпісьменнасці навучэнцаў спрыяе работа з рознымі відамі інфармацыі: тэкстам, выявамі, анімацыяй, гукам. Дзеці, ствараючы свае праекты, вучацца крытычна думаць і разважаць, таму што ў работах неабходна ўзгадняць паводзіны герояў, іх рэакцыі на падзеі. Работа ў праграме Sсratch выхоўвае ў дзецях настойлівасць у дасягненні мэт, стварае ўнутраныя матывы для пераадолення праблем, бо кожны праект ідзе ад самога дзіцяці.

Ірына КАРПІЧЭНКА,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы Краснасельскага Ваўкавыскага раёна.