Імя Мікалая Міронавіча Плескацэвіча добра вядома многім пакаленням беларускіх настаўнікаў. Выпускнік Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута, ён амаль усё жыццё быў звязаны са сваёй альма-матар. Працаваў выкладчыкам, загадчыкам кафедры педагогікі, дэканам музычна-педагагічнага факультэта, першым прарэктарам БДПУ імя Максіма Танка. У апошнія гады шчыраваў на радзіме — на Брэстчыне, працаваў прафесарам у Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце, узначальваў кафедру педагогікі. Зараз працягвае кіраваць аспірантамі.
Мы сустрэліся з Мікалаем Міронавічам напярэдадні яго 75-гадовага юбілею, каб пагутарыць аб надзённым: аб настаўніцкай працы, яе ролі ў жыцці грамадства і падрыхтоўцы новых пакаленняў педагогаў.
— Мікалай Міронавіч, вы больш як паўстагоддзя ў сістэме адукацыі. Пра што сведчаць вашы шматгадовыя назіранні, развагі, вопыт — як з часам мяняецца адукацыя?
— Я лічу, што адукацыя — гэта кансерватыўная грамадская з’ява, ніякіх рэвалюцый тут няма. Адукацыйная сістэма развіваецца эвалюцыйна.
У якасці прыкладу можна прывесці гутаркі Сакрата. Яны яскрава сведчаць, што ўзлёты ў педагогіцы былі нават у той час. Сакрат рабіў вельмі хітра: выходзіў на плошчу ў Афінах, прыкідваўся, што нечага не ведае, а павучаць людзі заўсёды знойдуцца. Сакрат слухаў суразмоўніка, а затым сваімі пытаннямі падводзіў яго да думкі, што ён не ведае таго, чаму збіраецца вучыць. А на другой стадыі размовы Сакрат сваімі пытаннямі прыводзіў чалавека да ісціны.
Потым прыйшло змрочнае Сярэднявечча. Царква манапалізавала ўсе пытанні, у тым ліку адукацыю, пачаліся зубрэнне і муштра, развіццё запаволілася.Пачатак ХХ стагоддзя — зноў неверагодны ўзлёт самастойнасці і актыўнасці. Фізіку, хімію, біялогію імкнуліся вывучаць праз практычны падыход: правядзі дослед, прасачы за ім — і тады рабі высновы.
Я хілю да таго, што, як толькі мяняецца гістарычная сітуацыя, адбываюцца змены і ў адукацыі. Напрыклад, мы любім гаварыць “сучасны настаўнік”, “сучасны вучань”, але і 100, і 500 гадоў назад таксама казалі “сучасны настаўнік”, “сучасны вучань”. Здаецца, адно і тое ж, але ўсё ж такі рознае. Сёння настаўнік патанае ў інфармацыі, якая захліствае і яго, і дзяцей. Усе школьнікі сядзяць за камп’ютарамі, і ніхто не прымусіць іх адмовіцца ад гэтага. Сучаснаму настаўніку трэба шукаць новыя падыходы, каб якасна выконваць сваю работу, школьніка зрабіць сутворцам у пошуку ісціны, а выхаванца — саўдзельнікам арганізацыі яго жыццядзейнасці.
— Нам, можа, і не падабаецца, што дзеці сядзяць у камп’ютарах і планшэтах, але з гэтым нічога нельга зрабіць. Трэба прызнаць, што жыццё ўжо ніколі не будзе такім, як раней…
— Абсалютна так. Навукова-тэхнічны прагрэс дае сістэме адукацыі вельмі добрыя метадычныя сродкі. Але калі хтосьці думае, што будучыня толькі за тэхнікай і асоба настаўніка адыдзе на другі план, то гэта няправільна. Камп’ютар і іншыя тэхнічныя сродкі будуць спрацоўваць толькі пры ўмове іх умелага выкарыстання. У адваротным выпадку і гэтыя камп’ютары, і моладзь, апантаная імі, хутка акажуцца на абочыне прагрэсу.
Тэхніка можа быць вельмі карыснай на этапе кантролю ведаў. Адна справа — набраць сшыткаў і правяраць іх да ночы, зусім іншая — праверыць веды вучняў за некалькі хвілін дзякуючы спецыяльным праграмам і тэстам.
Безумоўна, трэба быць вельмі асцярожнымі з выкарыстаннем камп’ютарнай тэхнікі ў выхаваўчым працэсе. Трэба памятаць, што ў ланцужку “настаўнік — вучань”, “выхавальнік — выхаванец” толькі асоба педагога можа ўздзейнічаць на іншую асобу.
— Вы гаварылі пра лавіну ведаў, якія штогод прымнажаюцца з вялікай хуткасцю. Калі параўноўваць сённяшні час з 90-мі гадамі, то веды, верагодна, падвоіліся ці патроіліся, а школьныя праграмы практычна не мяняюцца. Можа, трэба смялей адфільтроўваць старыя веды, каб у дзіцячыя галовы змяшчалася больш сучаснай інфармацыі, патрэбнай ім у будучыні?
— Вы ўсё правільна гаворыце, і тут магчыма шмат варыянтаў. Калі ўзяць падручнікі па матэматыцы ці фізіцы, то там нельга выкінуць, напрыклад, механіку і электрадынаміку і адразу падысці да альтэрнатыўнай энергетыкі. Парушыцца лагічная лінія і будзе толькі горш, таму асноўнае ядро трэба захаваць. Але пры гэтым у настаўнікаў павінен быць дадатковы час для тлумачэння школьнікам найноўшых і важных для грамадства адкрыццяў. Дзеці павінны ведаць, што фізіка не скончылася ў 60-х гадах, а актыўна развіваецца.
Што да літаратуры, то там трэба даваць дзецям найбольш эстэтычныя творы, якія маюць добрую выхаваўчую аснову. Літаратура павінна быць цікавай для дзяцей, прыносіць ім радасць і ўмацоўваць жаданне чытаць кнігі.
— Скажыце, Мікалай Міронавіч, наколькі вас задавальняе набор студэнтаў на педагагічныя спецыяльнасці? Ці добрая, на ваш погляд, гадуецца змена?
— Штогод на першых занятках з першакурснікамі я прашу іх напісаць кароткае эсэ на адну з тэм: “Сучасны настаўнік: які ён?”, “Чаму я вырашыў стаць настаўнікам”, “Настаўнік будучыні”. У выніку я атрымліваю найбагацейшы матэрыял для разваг.
Напрыклад, цікава прааналізаваць, пад уплывам каго ці чаго студэнты выбіраюць педагагічную прафесію. І тут дамінуе тое, што юнаку ці дзяўчыне вельмі падабаўся школьны педагог, асабліва часта называюць першую настаўніцу.
Пры гэтым мяне заўсёды цікавіла пытанне, чаму студэнты паступаюць, скажам, на філалагічны факультэт, а на іх выбар прафесіі паўплывала настаўніца гісторыі ці матэматыкі. Аказваецца, педагагічную адукацыю юнакі і дзяўчаты часта выбіраюць па прыкладзе класнага кіраўніка, а спецыялізацыю — у залежнасці ад таго, які прадмет ведаюць найлепш.
Вялікае значэнне мае чалавечы фактар. Напрыклад, класны кіраўнік вадзіла дзяцей у паходы, арганізоўвала з імі цікавыя пазакласныя мерапрыемствы — менавіта гэта найбольш збліжае настаўніка з вучнямі. Пра такіх дзяўчаты часта пішуць: “Сваімі радасцямі і праблемамі я дзялілася ў першую чаргу са сваёй настаўніцай”.
Вялікі ўплыў на выбар прафесіі аказваюць таксама бацькі, асабліва калі яны самі працуюць у школе.
Я лічу, што прыцягнуць на вучобу ў педагагічны ўніверсітэт талковых дзяцей не так ужо і складана, для гэтага не трэба ніякіх дадатковых сродкаў. Было б добра, каб школы рэкамендавалі на педагагічныя спецыяльнасці не толькі медалістаў, а ўсіх выпускнікоў, якіх яны лічаць перспектыўнымі для набыцця педагагічнай прафесіі. Хто як не настаўнік ведае патэнцыял сваіх вучняў?
Пакуль жа не ўсе студэнты педагагічных спецыяльнасцей настроены на тое, каб стаць настаўнікамі. Напэўна, надышоў час, калі за бюджэтныя сродкі трэба ажыццяўляць “паштучны” падыход у падрыхтоўцы будучых педагогаў.
— З кім цікавей працаваць — са студэнтамі дзённай формы навучання ці з завочнікамі?
— З тымі і другімі. Аднак у завочнікаў ужо ёсць вопыт работы, яны глыбей “капаюць”, і стаўленне да вучобы ў іх значна больш сур’ёзнае, чым ва ўчарашніх школьнікаў. Тэарэтычныя разважанні завочнікі аргументуюць прыкладамі са свайго вопыту, выносяць на абарону цікавыя курсавыя і дыпломныя работы.
Што да студэнтаў дзённай формы навучання, то ў іх атэстацыя праходзіць штомесяц. Гэта вельмі падабаецца студэнтам, бо яны не абязлічаная маса, а ўсе на вачах. Яны не нервуюцца, калі раптам атрымліваюць невысокую адзнаку. Робячы бягучую атэстацыю, я кажу студэнтцы: “Сёння “шасцёрка”, але ваш патэнцыял намнога большы”. Гэта вельмі добра стымулюе, праз месяц яна адказвае ўжо на “дзявятку”.
Іншы раз экзамен праходзіць у нефармальных умовах, за кубкам гарбаты ці кавы. Студэнты, як і патрэбна, выцягваюць білеты, але я хачу пачуць ад іх значна больш, чым на традыцыйным экзамене. Калі хтосьці адказвае, я заахвочваю падключыцца да дыялогу іншых. Часта атрымліваецца вельмі цікавая размова, якая, думаю, запамінаецца не толькі мне, але і студэнтам. Вынікі прамежкавай атэстацыі, навукова-даследчай работы ў спалучэнні з вынікамі экзаменаў спрыяюць эфектыўнаму фарміраванню прафесійных кампетэнцый.
— Прафесія настаўніка адметная тым, што ўсё жыццё даводзіцца вырашаць нестандартныя задачы. Скажыце, Мікалай Міронавіч, як вы вучыце сваіх студэнтаў: правільныя рашэнні прымаюцца розумам ці сэрцам?
— Я вучу, што настаўнік павінен валодаць педагагічнай стратэгіяй, а на яе аснове ў любой сітуацыі добра спрацуе педагагічная тактыка. Нават калі вучань не ведае ўрока, не варта нападаць на яго, можа, ёсць нейкія аб’ектыўныя прычыны. Памятаю, я быў яшчэ маладым настаўнікам, па праграме дзеці павінны былі вывучыць урывак з “Маладой гвардыі”. Там ёсць паэтычныя радкі пра матчыны рукі. І калі я пачаў правяраць дамашняе заданне, высветлілася, што адна дзяўчынка не вывучыла ўрок. А я ж малады, начытаўся педагогікі і пачаў яе дакараць: “Як вам не сорамна, святое імя — маці…” Гляджу — яна ледзь не плача. Потым даведаўся, што яе маці захварэла, а школа вясковая, на дзяўчынцы — уся гаспадарка. Мне ж не хапіла далікатнасці, палез, куды не трэба.
Гэта быў мой урок на ўсё жыццё. Таму ўвесь час кажу студэнтам, што трэба быць чулымі да дзяцей, перш чым дакараць, сто разоў узважыць, ці сапраўды перад табой лайдак або ў вучня штосьці здарылася. У адваротным выпадку паміж настаўнікам і дзіцем з’явіцца псіхалагічная сцяна, пераадолець якую вельмі складана.
Вучу студэнтаў: калі не ведаеш, як зрабіць, зрабі па-чалавечы. Тыя, хто звязвае сваё жыццё з дзецьмі, абавязаны выхоўваць у сабе педагагічны такт і шукаць адэкватнае рашэнне ў кожнай сітуацыі. Гэтымі якасцямі якраз і характарызуюцца таленавітыя педагогі.
— Мікалай Міронавіч, вы ўсё жыццё ў педагогіцы. Выкладалі ў школе, ва ўніверсітэце, вучылі студэнтаў педагагічнаму майстэрству. Скажыце, што вам асабліва падабаецца ў прафесіі настаўніка?
— Мне не проста падабаецца прафесія настаўніка, я нават не змог бы без яе жыць. І гэта не высокія словы: за многія гады я не расчараваўся ў любімай справе.
Многія зайздросцяць, маўляў, Наталля Пятроўна кінула школу і пайшла працаваць рыэлтарам ці страхавым агентам, добра зарабляе і ўвогуле малайчына. А іншыя кажуць, што ніколі не пойдуць са школы. Адны не пойдуць, бо не адважацца, а другія — бо не ўяўляюць жыцця без педагагічнай працы. І ўсе мы ведаем такіх адданых сваёй справе настаўнікаў. Пераважная большасць з іх любяць сваю работу, дбаюць пра яе, любяць дзяцей і школу. Зрэшты, іншыя ў адукацыі не затрымліваюцца.
Гутарыла Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.