Калі нікому нельга давяраць

- 14:45Сацыяльны ракурс

15 гадоў назад у краіне пачалі з’яўляцца цэнтры, дружалюбныя да падлеткаў. Іх стварэнне было заканамерным, невыпадковым. Зразумела, у любой сферы дзейнасці стаўкі ў першую чаргу робяцца на моладзь, але поспех будзе на баку тых, хто праявіць сябе не толькі як бездакорны спецыяліст, але і як сацыяльна адаптаваны чалавек. Здольнасць будаваць дыялог, умець згладжваць канфлікты і ісці на кампраміс часта з’яўляецца вырашальнай у правільнай адаптацыі дзіцяці ў грамадстве.

Пра тое, як дапамагчы дзецям у сацыялізацыі, навучыць іх вырашаць праблемы і выхаваць упэўненымі ў сабе, расказвае каардынатар цэнтра “Давер” Валянціна Міхайлаўна ШУКАН.

— Валянціна Міхайлаўна, чым была выклікана неабходнасць стварэння ў краіне цэнтраў, дружалюбных да падлеткаў? І з чаго пачалася гісторыя “Даверу”?

— Наш цэнтр быў створаны 15 гадоў назад. У падлеткавым асяроддзі павялічвалася колькасць захворванняў, звязаных з ужываннем наркатычных сродкаў, а таксама расла колькасць інфекцый, якія перадаюцца палавым шляхам. Але асноўнай перадумовай стала тое, што Міністэрства аховы здароўя выказала меркаванне, што было б цудоўна стварыць цэнтры, у якіх дзеці могуць атрымаць неабходную псіхалагічную дапамогу, а таксама медыцынскую кансультацыю, калі гэта неабходна.

Такім чынам, сёння ў краіне дзейнічаюць 48 адпаведных цэнтраў, 8 з іх — у Мінску. Многіх цікавіць, чым адрозніваюцца нашы цэнтры, кансультацыі спецыялістаў ад кабінетаў звычайных падлеткавых урачоў. Розніца ёсць, і яна адчувальная. У цэнтрах даверу аказваецца не проста медыцынская, але і псіхалагічная дапамога, а таксама адбываецца сацыяльнае суправаджэнне, калі дзіця ці яго сям’я маюць у гэтым патрэбу. Важна, што ў цэнтр могуць звярнуцца дзеці з любога раёна краіны. Асноўнымі прынцыпамі, на якіх будуецца работа арганізацыі, з’яўляюцца даступнасць, добразычлівасць і добраахвотнасць. Гэта значыць, што ў “Даверы” можна атрымаць поўную інфармацыю наконт любога з выбраных метадаў работы, спосабу дапамогі непаўналетнім. Акрамя гэтага, непасрэдна сам падлетак можа аддаць перавагу ўпадабанаму спосабу ўзаемадзеяння са спецыялістамі. Калі дзіця мае пэўнае захворванне, яно можа пракансультавацца наконт таго, якую дапамогу і дзе можна атрымаць. Наступным крокам з’яўляецца размова з урачом — ён зможа растлумачыць, чаму менавіта на тым ці іншым варыянце ўзаемадзеяння, лячэння неабходна засяродзіць увагу.

Безумоўна, усё залежыць ад таго, які перад намі падлетак, з якім наборам праблем. Відавочна, што ёсць звычайныя дзеці, паслухмяныя, а ёсць непаўналетнія, якія рэдка з’яўляюцца дома, амаль жывуць на вуліцы, маюць дрэнныя звычкі, ужываюць псіхатропы. Такім маладым людзям неабходна карэкцыя паводзін. Увогуле, апошні час яна патрэбна вялікай колькасці непаўналетніх. Але праводзіцца такая карэкцыя будзе толькі на згодзе і добраахвотна. Прынамсі, добраахвотнасць з’яўляецца самым важным падмуркам, на якім грунтуецца дзейнасць “Даверу”. Мы супраць прымусу. Дзеці павінны самі зразумець, ці хочуць з намі сябраваць. Як паказвае практыка, большасць непаўналетніх прыходзіць у цэнтр разам з сябрамі, каб разведаць абстаноўку. Кагосьці прыводзяць бацькі, але так бывае рэдка. Усё ж большасць навучэнцаў трапляе па рэкамендацыях равеснікаў.

— Вы назвалі сацыяльнае суправаджэнне адным з важных напрамкаў у рабоце з непаўналетнімі. У чым яго сэнс?

— Сацыяльнае суправаджэнне — гэта адна з форм сацыяльнай работы не толькі з дзецьмі, але і іх сем’ямі, якая накіравана на дапамогу ў вырашэнні актуальных для сям’і праблем.

Бываюць выпадкі, калі падлеткі прыходзяць і заяўляюць, што ім усё надакучыла, яны не хочуць хадзіць у школу і нават жыць. Зразумела, калі дзіця так гаворыць, для гэтага павінна быць прычына. І такі выпадак нядаўна быў. Размаўляючы з непаўналетнім, я зразумела, што прычына хаваецца ў цяжкім фінансавым становішчы сям’і. Мама адна гадуе 3 дзяцей і не змагла купіць сыну новыя красоўкі. Адсюль прыгнечаны настрой падлетка і нежаданне ісці ў школу. Яму было сорамна з’явіцца перад аднакласнікамі ў паношаным абутку. Часта, калі неабходна гуманітарная дапамога такога кшталту, звяртаемся ў арганізацыі, якія гэтым займаюцца. Але гэты раз я паступіла інакш. Я размясціла ў сацыяльных сетках пост, што хлопчык марыць пра новыя красоўкі. Літаральна за лічаны час з намі звязалася адна з арганізацый і прывезла ў “Давер” некалькі каробак абутку, у якіх былі не толькі красоўкі, але і туфлі.

Важным момантам, на якім неабходна засяродзіць увагу, з’яўляецца падрыхтоўка дзіцяці, якое пакутуе ад асаблівых захворванняў, да паступлення ў іншагародні ўніверсітэт ці каледж. Многія падлеткі дагэтуль лічаць, што паступіць — гэта проста прынесці дакументы ў камісію. Тым не менш, маючы пэўныя захворванні, можна не трапіць на тую ці іншую спецыяльнасць. Для таго каб непаўналетнія не сутыкнуліся з такой праблемай, мы разам з валанцёрамі аналізуем найбольш блізкія нашым дзецям спецыяльнасці, а пасля дапамагаем выбраць тую, якая лепш за ўсё пераплятаецца з тым, што хацеў бы рабіць падлетак.

Валанцёры аказваюць вялікую дапамогу і ў тым выпадку, калі неабходна завезці дзяцей да ўрачоў, што прымаюць у спецыялізаваных лячэбных установах. Ці дзіця можа трапіць у бальніцу з-за хваробы, а завезці яму садавіны няма каму. У нас ёсць дзяўчынка, якая сябруе з арганізацыяй ужо даволі працяглы час. Летась перад Новым годам яна трапіла ў бальніцу, а ў мамы дома яшчэ былі маленькія дзеці, з якімі зімой складана далёка выязджаць. Тым не менш справа нават не ў гэтым. Дарослыя лічаць, што, калі ў сям’і ёсць падлетак, яму можна не ўдзяляць столькі ўвагі, колькі маленькім дзеткам. Гэта вельмі памылковае мысленне. Падлеткі заўжды патрабуюць нашай увагі, падтрымкі і разумення, нават калі час ад часу супраціўляюцца. У гісторыі з нашай дзяўчынкай таксама было супраціўленне. Яна сказала, што нікога не хоча бачыць і лепш да яе не прыязджаць, але калі мы будзем пісаць паведамленні, размаўляць з ёй анлайн, яна будзе не супраць. Менавіта перапіска стала першым крокам да камунікацыі з падлеткам. Валанцёры “Даверу” пісалі дзяўчынцы, а праз некалькі дзён атрымалі дазвол прыехаць у бальніцу з пачастункамі. Зразумела, што пасля, калі пацыентку выпісалі, мы адвезлі яе дадому.

У цэнтры ёсць пакой, у якім падлеткі ў вызначаны час могуць збірацца і абмяркоўваць свае пытанні. Тры разы на тыдзень я таксама далучаюся да іх. Кожны панядзелак, сераду і чацвер мы працуем над рэалізацыяй праекта “Тусоўка.by”, канцэпцыя якога распрацавана сумесна са школамі №№ 9 і 208. У школах, дарэчы, працуюць пакоі адпачынку, у якіх дзеці могуць праводзіць час за абмеркаваннем сваіх праблем, інтарэсаў. Менавіта дзякуючы ўзаемадзеянню са школамі, у нас павялічваецца колькасць сяброў. Прыемна назіраць, што падлеткі знаходзяць агульныя тэмы, а таксама дапамагаюць адзін аднаму. Так, часта даводзіцца чуць, як дзеці абмяркоўваюць школьныя праблемы, урокі. Здараецца, нехта скардзіцца, што мае, напрыклад, праблемы з фізікай ці матэматыкай. А тыя, хто добра арыентуецца ў гэтых прадметах, прапаноўваюць сваю дапамогу ў вырашэнні пытанняў вучобы, кансультуюць, тлумачаць асобныя тэмы.

— Наколькі актуальным для цэнтра з’яўляецца вырашэнне ўнутрысямейных канфліктаў? Ці часта падлеткі, іх паводзіны становяцца нязручнымі для бацькоў?

— Так, унутрысямейныя канфлікты часта прыводзяць падлеткаў у цэнтр. Існуе памылковая ўпэўненасць, што з дзецьмі, якім больш за 12, вельмі проста суіснаваць, галоўнае — іх не чапаць. Шкада, што людзі так думаюць. Падлеткі, як ніхто іншы, маюць патрэбу ў нашай увазе, у тым, каб побач быў дарослы, які падкажа правільнае рашэнне. Не сакрэт, што падлеткі вельмі часта хочуць быць самастойнымі, імкнуцца вырвацца з-пад апекі мамы і таты. А бацькі гэтаму ўсімі сіламі працівяцца, спрабуюць утрымаць аўтарытэт, паказваюць, што могуць уплываць на дзіця. Відавочна, што ў такой гульні — два ўдзельнікі. На адным беразе — бацькі, на другім — дзіця. Калі ў “Давер” прыходзіць падлетак, ён, як правіла, скардзіцца на гіперапеку. Дзеці расказваюць, што бацькі іх заўжды і ва ўсім кантралююць, апякаюць. Тлумачаць, што спрабавалі размаўляць з бацькамі, але дасягнуць узаемапаразумення не атрымалася. У такім выпадку мы просім, каб бацькі прыйшлі на размову. Калі дыялог адбудзецца, зможам высветліць, што не падыходзіць маме. Безумоўна, у такіх сітуацыях не заўсёды пераможцам стане дзіця, як і не заўсёды будзе мець рацыю мама. Тым не менш неабходна зразумець, хто і ў чым не мае рацыі.

Бывае, падлетак расказвае, што яго абмяжоўваюць у свабодзе. І толькі пасля размовы з мамай пачынае вымалёўвацца дакладная карціна, што ж насамрэч адбываецца. Аказваецца, падлетак адмаўляецца прыбіраць за сабой, наводзіць парадак там, дзе павінен яго прытрымлівацца. У такім выпадку пачынаем тлумачыць, што ў месцах агульнага карыстання кожны павінен даглядаць сябе сам. Напрыклад, мама папрасіла памыць свой абутак і схаваць яго, а дзіця расцэньвае такую прапанову як прымус. Але ж мама проста дапамагае дзіцяці адаптавацца да жыцця. Яна вучыць, што за парадкам неабходна сачыць, і гэта нармальная частка выхаваўчага працэсу. У пакоі дзіцяці, які лічыцца яго тэрыторыяй, бацькі могуць дазволіць увогуле не прыбіраць, праўда, калі да сына ці дачкі прыйдуць сябры, сорамна будзе не маме з татам.

Канфлікты з бацькамі здараюцца і на фоне адзнак. Мамы хочуць, каб дзеці прыносілі дадому толькі добрыя балы. І калі ў дзённіку стаіць “васьмёрка”, гэта ўжо дрэнна. Шкада толькі, што мамы часта не ўлічваюць, які рэсурс закладзены ў дзіцяці. У нас існуе праграма размеркавання нагрузак у школьныя дні. Разлічваецца яна зыходзячы з колькасці ўрокаў, іншых фактараў. Аналізуючы адпаведную шкалу, мы ўбачылі, што на дзяцей ускладзена высокая нагрузка. Бывае, падлеткі не паспяваюць аднавіць свае рэсурсы нават за выхадныя дні.

Падлеткавы ўзрост — гэта вельмі сур’ёзны этап развіцця, станаўлення асобы. Нават з медыцынскага пункту гледжання такі ўзрост з’яўляецца вельмі важным. У гэты час у дзяцей расце сэрца, хуткімі тэмпамі растуць косці, эндакрынная сістэма развіваецца, становіцца дарослай. Адсюль і перапады ў настроі. Гармоны “сталеюць”, псіхіка дзіцяці імкнецца паспець за імі, а на гэта трацяцца значныя рэсурсы. Таму з пункту гледжання фізіялогіі заканамерна і нядзіўна, што ў 7—8 класе паспяховасць дзяцей зніжаецца. Калі ў падлетка не заклалі яшчэ ў дзяцінстве цікавасць да вучобы, калі ён не заматываваны і яго захапленне тымі ці іншымі прадметамі не падтрымлівалася, паспяховасць можа зніжацца хуткімі тэмпамі. Ведаеце, чаму падлеткі любяць быць у цэнтры і дапамагаць адзін аднаму? Таму што мы іх хвалім. Нават калі дзіця зрабіла, здавалася б, зусім нешта дробнае, але карыснае, яго заўважаць, яму скажуць “дзякуй”. Часта памылка бацькоў у тым, што яны гэтага не робяць. А хваліць трэба. Падлетак павінен бачыць, што ён карысны, што ім ганарацца.

Дзеці ніколі не будуць такімі, як мы. І да гэтага неабходна прывыкнуць. У нас быў хлопчык, у якога крызіс самапазнання супаў з перыядам хваробы. Падлетак якраз трапіў у бальніцу, у яго было дастаткова часу, каб пабыць сам-насам. Мама, калі забрала сына дадому, вельмі здзівілася: перад ёй быў абсалютна іншы хлопчык, не такі, якога яна адвозіла ў бальніцу месяц назад. Цяпер гэта быў дарослы чалавек з дарослымі думкамі. Зразумела, што сын проста пасталеў. І пакуль ён знаходзіўся ў чатырох сценах, паспеў абдумаць усё, што мог. Мама, размаўляючы са мной, сказала, што хоча толькі аднаго: бачыць перад сабой тое дзіця, якое месяц назад захварэла. Яна ўвогуле лічыла, што сын звар’яцеў. І, канечне, памылялася. Яе 16-гадовы сын у псіхалагічным плане быў абсалютна здаровым. І, на жаль, у паводзінах нічога ўжо не зменіцца. Падлетак пасталеў бы і дома, толькі гэта магло б адбывацца паступова. Тыя абставіны, у якія трапіў непаўналетні, паспрыялі больш хуткаму сталенню асобы. Жанчыне давялося прыняць мае словы і зразумець, што тое, якім стаў сын, — варыянт нормы. Так, цяжка прымаць, што адзінае дзіця ў сям’і, якога песцілі, любілі, якое прыносіла добрыя адзнакі, стала інакш мысліць, па-іншаму размаўляць. Дарэчы, сам хлопчык апісваў сітуацыю нармальна, спакойна. Мама ж не чакала такога хуткага развіцця падзей, таму яе псіхіка была ўзрушана. Дарэчы, тое, што дзіця сталее, хаваючыся ў сябе, у свой унутраны свет, нармальна. Да падлеткавага ўзросту энергія дзяцей, іх камунікацыя накіравана на знешні свет. Пасля, дасягаючы пэўнага перыяду, дзіця засяроджваецца на сабе. Дзяўчынкі і хлопчыкі трапляюць у перыяд самавызначэння і пачынаюць шукаць адказ на важнае для іх пытанне, хто яны і што ім з сабой рабіць.

— Час ад часу даводзіцца чуць пра такую сацыяльную праблему, як булінг. Прычым скаргі ў бацькоў і на тое, што відавочнае цкаванне назіраецца ў адносінах да навучэнцаў, а ініцыятарамі з’яўляюцца педагогі. Чаму існуе такая праблема? Што, на ваш погляд, кіруе тымі, хто грэбуе нормамі прафесійнай этыкі?

— У нас ёсць дзяўчынка, лідар класа, якая заўсёды і ва ўсім першая, з’яўляецца прадстаўніком школы ў клубе ЮНЕСКА. Быў перыяд, калі яна запусціла вучобу, але за кароткі час паспела нагнаць праграму. Толькі пасля гэтага яна стала ахвярай булінгу з боку аднаго з настаўнікаў. Заканамерным з’яўляецца пытанне, чаму бацькі не прымаюць адпаведных мер. Вядома, дарослыя не павінны ў такіх сітуацыях сядзець склаўшы рукі. Ёсць класны кіраўнік, дырэктар, да якіх можна пайсці і паразмаўляць. Як варыянт — можна перавесці дачку ў іншую школу. Але ўзнікне новая праблема, якая будзе заключацца ў адаптацыі, у тым, ці знойдзе дзяўчынка сваё месца сярод чужых дзяцей. Аднак навошта гэта рабіць, калі можна паспрабаваць пабудаваць дыялог са школай? Бацькі і настаўнікі павінны сябраваць, таму што дзеці, іх выхаванне, адаптацыя — наш агульны абавязак.

Акрамя канфліктаў у школе, сур’ёзнай праблемай з’яўляецца інтэрнэт, мноства даступнай разнастайнай інфармацыі. Бацькі даюць дзецям у рукі тэлефон апошняй мадэлі і не кантралююць, чым дачка ці сын займаюцца, седзячы ў інтэрнэце. У адным з выпадкаў мама адабрала ў дачкі смартфон, таму што тая шмат часу праводзіла ў сацыяльных сетках. Пасля гэтага дачка пачала вечарамі прападаць у сяброўкі. Мама думала, што дзяўчынкі разам вучаць урокі. Але ўсё было інакш: дачка сядзела ў сацыяльных сетках і знаёмілася з хлопцамі. Адзін з такіх маладых людзей запрасіў дзяўчынку на спатканне. І добра, што яна паехала на сустрэчу не адна, а з сяброўкай. Калі яны прыехалі на вызначанае месца, то ўбачылі зусім іншага чалавека. Гэта быў не той сімпатычны хлопец, ад якога было так прыемна атрымліваць паведамленні. Перад сяброўкамі стаяў дарослы мужчына. Толькі зірнуўшы на яго, падлеткі кінуліся ўцякаць. І добра, што сустрэча праходзіла днём, а не ў позні час. Дзяўчынкі самі не разумелі, як не пабаяліся паехаць на такую сляпую сустрэчу, і нават думаць не хацелі, што магло здарыцца, калі б гэта была ноч і вакол не было людзей.

Такім чынам, каб абараніць дзяцей ад канфліктаў і сітуацый, якія наносяць траўму, неабходна загадзя клапаціцца пра бяспеку. Абараняючы дзяцей, бацькі абараняюць і сябе, сваю псіхіку ад сур’ёзных узрушэнняў. А дасягнуць правільнага выхаваўчага балансу можна толькі ў тым выпадку, калі ў сям’і будзе панаваць давер.

Гутарыла Наталля САХНО.
Фота аўтара.