На маю думку, асноўны сэнс жыцця кожнага чалавека заключаецца ў яго сям’і. На жаль, не ўсе сем’і добранадзейныя. Мая задача як сацыяльнага педагога — стварыць у сям’і адчуванне бяспекі.
Праблемныя сем’і — гэта сем’і з нізкім сацыяльным статусам у якой-небудзь сферы жыццядзейнасці або некалькіх адначасова, яны не спраўляюцца з ускладзенымі на іх функцыямі, іх адаптыўныя здольнасці істотна зніжаны, працэс сямейнага выхавання дзіцяці працякае з вялікімі цяжкасцямі, павольна, малавынікова.
Папрацаваўшы некаторы час у сацыяльна-педагагічным цэнтры, я для сябе вызначыла, што нядобранадзейнасць у сям’і можна выправіць. Мэта работы з такой сям’ёй — стварэнне спрыяльных умоў для асобаснага развіцця дзіцяці, аказанне яму комплекснай сацыяльна-псіхалагічнай дапамогі, а таксама абарона дзіцяці ў яго жыццёвай прасторы. Вырашэнне праблемы сацыялізацыі дзіцяці з нядобранадзейнай сям’і магчыма пры ўмове ажыццяўлення комплексу мерапрыемстваў, накіраваных на ранняе выяўленне непаўналетніх, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, і своечасовую пастаноўку іх на ўлік; вызначэнне прычын нядобранадзейнасці сям’і; аказанне ёй інфармацыйнай дапамогі; арганізацыю прафілактыкі парушэнняў выхавання ў сем’ях групы рызыкі.
У сваёй практычнай дзейнасці пры рабоце з нядобранадзейнымі сем’ямі я выкарыстоўваю розныя формы і метады работы. Напрыклад, назіранне — метад пазнання і даследавання, які выкарыстоўваецца пры вывучэнні знешніх праяў паводзін чалавека і без умяшання ў яго дзейнасць. Наступны метад — апытанне (інтэрв’ю) па загадзя складзеным плане. Тэсціраванне — гэта адзін з метадаў даследавання, дыягностыка асобы, псіхічнага стану функцый, наяўных і зноў набытых ведаў. Анкетаванне — метад множнага збору статыстычнага матэрыялу шляхам апытання.
Формы работы: індывідуальная, групавая і франтальная (прыкладамі гэтых форм могуць быць сацыяльны патранаж, кансультаванне, дыскусійны дыялог, лекцыя, семінар, псіхатэрапія, трэнінг, псіхакарэкцыя, сацыяльна-педагагічны маніторынг сям’і).
Таксама я выкарыстоўваю пэўны алгарытм работы з нядобранадзейнай сям’ёй. Ён мае на ўвазе вывучэнне сям’і і ўсведамленне існуючых у ёй праблем, вывучэнне зваротаў сем’яў па дапамогу; першаснае абследаванне жыллёвых умоў; знаёмства з членамі сям’і і яе асяроддзем, гутарка з дзецьмі, ацэнка ўмоў іх жыцця; знаёмства з тымі службамі, якія ўжо аказвалі дапамогу сям’і, вывучэнне іх дзеянняў, вывад; вывучэнне прычын нядобранадзейнасці сям’і, яе асаблівасцей, мэт, каштоўнасных арыентацый; вывучэнне асобасных якасцей членаў сям’і, складанне карты сям’і; каардынацыйная дзейнасць з усімі зацікаўленымі арганізацыямі (навучальная, дашкольная ўстановы, інспекцыя па справах непаўналетніх і г.д.); складанне плана работы з сям’ёй; бягучыя і кантрольныя наведванні сям’і; вывады аб выніках работы.
Тэхналогія маёй работы з нядобранадзейнай сям’ёй па гэтых блоках уключае тры ўзроўні: дыягнастычны, прафілактычны, рэабілітацыйны.
Пры правядзенні дыягностыкі прытрымліваюся пэўных прынцыпаў. Метадалагічныя прынцыпы — гэта аб’ектыўнасць у зборы фактаў і іх інтэрпрэтацыі; множнасць крыніц інфармацыі і яе дакладнасць. Этычныя прынцыпы: канфідэнцыяльнасць, захаванне этычных норм.
На гэтым этапе абавязкова выкарыстоўваю наступныя дыягнастычныя метады: назіранне; гутаркі і раўнапраўны дыялог ці інтэрв’ю, вуснае апытанне па загадзя абдуманым плане; анкеты (пісьмовае апытанне); тэсты (стандартызаваны набор заданняў, які дазваляе вызначыць пэўныя параметры). Таксама выкарыстоўваю ў дыягностыцы асацыятыўныя праектыўныя методыкі, пабудаваныя на слоўных асацыяцыях, сістэме няскончаных сказаў; аналіз дакументацыі.
Бываюць сітуацыі, калі праблемы ў сям’і старанна хаваюцца, і тады можа дапамагчы апытанне суседзяў, школьных настаўнікаў, размова з самім дзіцем.
Прафілактычны ўзровень мае на ўвазе, напрыклад, што пры рабоце з сям’ёй, дзе ў выхаванні дзіцяці прымяняюць насілле, стараюся растлумачыць згубныя наступствы фізічных пакаранняў дзяцей і паказаць гуманістычныя метады выхавання. Я вяду прапаганду негвалтоўнага выхавання, растлумачваю бацькам, што існуе мноства метадаў, з дапамогай якіх можна выхаваць у дзецях паслухмянасць, адказнасць, не звяртаючыся да цялесных пакаранняў. Напрыклад, хваліць дзяцей за добрыя ўчынкі, заахвочваць за любое змяненне да лепшага, нават калі яно нязначнае, бо гэта спрыяе ўзмацненню ўпэўненасці дзіцяці ў сабе; старацца навучыць дзіця выпраўляць няправільны ўчынак; размаўляць з малымі ў тоне павагі і супрацоўніцтва і г.д.
Вядома, бацькі павінны валодаць і прымальнымі метадамі пакарання. Некаторыя з прынцыпаў я назаву: нельга пазбаўляць дзіця магчымасці задавальняць асноўныя чалавечыя патрэбы. Напрыклад, калі яно дрэнна паводзіць сябе за сталом, можна папрасіць яго сесці асобна, тым самым пазбавіўшы радасці агульнага застолля ў коле сям’і; можна забараніць язду на веласіпедзе, калі сын ці дачка парушае правілы дарожнага руху; маленькіх дзяцей, якія запэцкалі сцены, можна прымусіць вымыць іх і пахваліць за работу і г.д.
Эфектыўнасць прафілактычнай дзейнасці залежыць ад правільнага выбару спосабу зносін з сям’ёй. Недапушчальным з’яўляецца нядбайнае, паблажлівае або занадта афіцыйнае стаўленне пры сустрэчы, а таксама папрокі, запалохванні, ультыматумы. Да любой сустрэчы з бацькамі неабходна дбайная падрыхтоўка. Для гэтага імкнуся сабраць як мага больш інфармацыі пра сям’ю, абдумаць змест і форму гутаркі з яе сябрамі. Перад бацькамі, якія прад’яўляюць да дзіцяці завышаныя патрабаванні, стараюся раскрыць як мага больш рэальных станоўчых рыс дзіцяці. Рэкамендую бацькам больш назіраць за сваімі дзецьмі, бо назіранне павышае адчувальнасць бацькоў да розных відаў дзіцячых паводзін, вядзе да іх разумення.
Рэабілітацыйны ўзровень найважнейшы ў сістэме работы з сям’ёй, бо праводзіцца на ўсіх этапах зносін. На індывідуальным узроўні рэабілітацыйнай работы з бацькамі ці з дзіцем выкарыстоўваю некалькі тэхналогій: кансультаванне, тэлефоннае кансультаванне, сацыяльны патранаж. У ходзе патранажу можна ажыццяўляць розныя віды дапамогі — матэрыяльную, псіхалагічную, адукацыйную і інш.
Я таксама праводжу пасяджэнні клуба “Сямейны ачаг”, бацькоўскія сходы з выкарыстаннем нагляднага матэрыялу, заўсёды ўручаю бацькам буклеты, памяткі, рэкамендацыі, інфармацыйныя лістоўкі.
Лічу, што, аказваючы дапамогу людзям, мы павінны адрознівацца ад іншых прафесіяналаў не толькі адмысловымі ведамі, але і асаблівым стаўленнем да навакольных. Для ўстанаўлення кантакту сацыяльныя педагогі павінны навучыцца глядзець на свет вачыма іншых людзей.
Наталля МАЛЮК,
сацыяльны педагог Нараўлянскага СПЦ Гомельскай вобласці.