Калі педагогіка — сямейны выбар

- 12:19Якасць адукацыі

Чатырох прадстаўніц прыгожага полу сям’і  Двараковых, якая пражывае на Быхаўшчыне Магілёўскай вобласці, аб’яднаў аднолькавы прафесійны выбар. Кожная з упэўненасцю зрабіла яго на карысць настаўніцтва.

У выніку склалася педагагічная  дынастыя, у якую сёння ўваходзяць прадстаўніцы розных пакаленняў. У адных за плячамі шматгадовы стаж, у іншых жа прафесійны шлях толькі пачынаецца.

А.К.Дваракова з унучкамі Янай і Дзіянай.

Сітуацыя, якая склалася ў сям’і Двараковых, не самая распаўсюджаная. Чатырох жанчын рознага ўзросту з’ядналі не толькі сямейныя вузы, але і аднолькавая прафесія. Старэйшы настаўнік у сям’і — Аляксандра Кузьмінічна Дваракова. Яе педагагічны стаж — амаль 50 гадоў. Доўгі час яна выкладала матэматыку ва ўстановах адукацыі Быхаўскага раёна — Сядзіцкай і Макранскай базавых школах. Любімай справай працягвае займацца і сёння, хоць і знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Вопытную настаўніцу 6 гадоў назад запрасілі на работу ў сярэднюю школу № 2 Быхава, і Аляксандра Кузьмінічна, вядома ж, не магла адмовіцца ад магчымасці працяг­ваць весці ўрокі. Для педагога галоўны вынік работы — бачыць, як у выпускнікоў спраўджваюцца мары, як яны паступаюць у выбраныя ўстановы адукацыі, паспяхова вучацца і становяцца прафесіяналамі.

— Бабуляй мы заўсёды ганарыліся. Гэта педагог, якога пасля заканчэння школы вучні не забываюць і пры сустрэчы выказва­юць словы падзякі, — расказваюць унучкі Дзіяна і Яна Двараковы. — Пры гэтым варта заўважыць, што наша бабуля адносіцца да строгіх, вельмі патрабавальных настаўнікаў. Гэта той самы выпадак, калі дзецям немагчыма не падрыхтавацца да ўрока. Аднак праз гады былыя вучні разумеюць, што іх намаганні не былі дарэмнымі, асэнсоўваюць: настаўніца старалася кожнаму даць веды, якія пасля спатрэбіліся ў жыцці. Нездарма кажуць: цяжка ў вучэнні — лёгка ў баі!

Нявестка Аляксандры Кузьмінічны таксама настаўніца — выкладае матэматыку. Так у сям’і з’явіўся другі педагог. Ірына Васільеўна Дваракова родам з Быхава, скончыла сярэднюю школу № 1. Родная ўстанова адукацыі стала адзіным месцам працы на ўсё жыццё. Ужо 28 гадоў Ірына Васільеўна выкладае тут. Апошнія 5 гадоў узначальвае раённае метадычнае аб’яднанне настаўнікаў матэматыкі.

— Я скончыла школу з сярэб­раным медалём. У мяне былі два любімыя прадметы — матэматыка і англійская мова, — успамінае І.В.Дваракова. — Пасля некаторых разваг вырашыла звязаць жыццё ўсе ж з матэматыкай. А вось наконт таго, што хачу стаць менавіта педагогам, ніякіх сумненняў не ўзнікала, хаця ў маёй сям’і і не было настаўнікаў. Тата працаваў інжынерам, мама — эканамістам. Безумоўна, вялікі ўплыў на мяне аказалі школьныя педагогі, іх прыклад, адносіны да ўрокаў і вучняў. Асабліва запомнілася настаўніца матэматыкі Ніна Іванаўна Арлоўская. Здавалася б, ма­тэматыка — навука дакладная, сухая, а ўрокі заўсёды праходзілі цікава і дынамічна. Настаўніца знаходзіла моманты, дзе можна было пажартаваць і тым самым зняць працоўнае напружанне і разрадзіць атмасферу. Урокі прахо­дзілі на адным дыханні, і я з нецярпеннем чакала наступных. Ад Ніны Іванаўны я пераняла многае, а калі сама пачала працаваць, часта ўспамінала прыёмы і метады работы сваёй настаўніцы.

Сёння Ірыне Васільеўне не верыцца, што з пачатку яе прафесійнай дзейнасці, яе першых нясмелых крокаў у школе прайшло ажно 28 гадоў. Яна заўсёды працавала з цікавасцю і задавальненнем. Адзначае, што хоць і выкладае шмат гадоў ­адзін прадмет, але толькі з боку можа здацца, што гэта аднастайна. З часам працаваць стала больш цікава, асабліва зараз, калі шмат новых магчымасцей даюць інтэрактыўныя тэхналогіі. Работа ў школе тым і адметная, што кожны год даво­дзіцца адкрываць для сябе штосьці новае. Настаўніца робіць стаўку на самаадукацыю. І гэты бясконцы працэс прафесійнага самаўдасканалення ёй вельмі падабаецца.

Свае адносіны да прадмета Ірына Васільеўна стараецца перадаць і вучням. Безумоўна, нельга забы­ваць: для адных матэматыка — блізкі і зразумелы прадмет, іншым жа вучням, гуманітарыям, яна даецца нашмат больш складана. Аднак настаўніцы важна ўсім без выключэння паказаць прыгажосць і важнасць гэтай навукі, яе сувязь са штодзённым жыццём. Для гэтага часта прапануе практыка-арыентаваныя задачы.

— У савецкія часы, калі я была школьніцай і студэнткай, нам час­та паўтаралі заклік “Вучыцца, вучыцца і яшчэ раз вучыцца”. Сёння ж з маіх вуснаў дзеці таксама чу­юць падобныя словы, толькі ў іншай інтэрпрэтацыі: “Рашаць, ра­шаць і яшчэ раз рашаць”, — дзеліцца І.В.Дваракова. — Мой шматгадовы вопыт пацвярджае: чым больш дзіця рашае, тым хутчэй і лепш у яго фарміруюцца правільная матэматычная мова і ўменне спраўляцца з рознымі заданнямі. Асаблівую ўвагу ўдзяляю практыка-арыентаваным задачам. Яны пацвярджаюць: ма­тэматыка — навука не абстрактная, а патрэбная, непасрэдна звязаная з рэальным жыццём. Веды па ёй неабходны ў тым ліку для таго, каб вучань змог паспяхова сацыялізавацца і спраўляцца з любымі жыццёвымі задачамі.

У вучняў практыка-арыентаваныя задачы выклікаюць нязменную цікавасць. Ім падабаецца выліч­ваць працэнты крэдытаў, якія можна ­ўзяць у банку, ці працэнты ўкладаў, пад якія можна палажыць грошы. Настаўніца падкрэслівае: хоць сёння і ёсць магчымасць усё палічыць анлайн, атрымаць кансультацыю, аднак такое ўменне дапаможа чалавеку не памыліцца і зрабіць выбар на карысць таго банка, дзе ўмовы будуць самымі выгаднымі і прымальнымі. Таксама школьнікі робяць разлікі колькасці будаўнічых матэрыялаў для рамонту, сабекошту рэчаў уласнай вытворчасці, хэнд-мэйду…

Пад кіраўніцтвам Ірыны Васільеўны вучні паспяхова займаюцца даследчай дзейнасцю па матэматыцы. Свае работы штогод годна прадстаўляюць на раённых і абласных канферэнцыях. З цікавасцю прымаюць удзел у міжнароднай гульні “Кенгуру”, дзе атрымліваюць каштоўны вопыт і прызы.

— Я пераканана: настаўніку важна самому любіць свой прадмет, тады і рыхтавацца да ўрокаў, і дзяліцца ведамі з вучнямі будзе цікава, хоць часам і складана, — разважае Ірына Васільеўна. — Для мяне самая вялікая радасць, калі бачу нейкі прагрэс у сваіх вучняў, няхай гэта і невялікія поспехі. Шчыра люблю сваю работу, дзяцей, школу. Дарэчы, я не адзіны педагог, які ў свой час скончыў гэтую ўстанову адукацыі і зараз тут працуе. Наш дырэктар і некаторыя калегі таксама выпускнікі сярэдняй школы № 1. Мяркую, дзякуючы гэтаму, адчуваюцца асаблівыя, цёплыя, адказныя адносіны да ўстановы, з якой звязана ўсё жыццё. У нас цудоўны калектыў і спрыяльная для плённай работы і творчасці атмасфера.

Адказная роля кіраўніка раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў матэматыкі Ірыне Васіль­еўне таксама прыйшлася даспадобы. Гэта выдатная матывацыя быць на крок наперадзе, не ўпускаць нічога, што пойдзе на карысць прафесійнаму росту. Кожнае пасяджэнне для яе — доўгачаканая сустрэча з калегамі, магчымасць абмеркаваць тое, што хвалюе. Толькі засмучае, што ў цяперашні час склалася не вельмі пазітыўная тэндэнцыя: на жаль, сярод настаўнікаў матэматыкі раёна мала моладзі.

А радуе тое, што многія калегі працуюць з вялікай аддачай, не ўяўляюць сябе ў іншай прафесіі. Адной з любімых форм абмену вопытам на пасяджэннях стала дзелавая гульня. Па традыцыі асаблівая ўвага ­ўдзяляецца маладым спецыялістам, якім важна дапамагчы з правільным выстаўленнем адзнак, метадычнай пабудовай урока і інш.

Ірына Васільеўна не застаецца ўбаку ад кожнай падзеі ў раёне, якая датычыцца матэматыкі. З’яўляецца пастаянным членам камісіі па праверцы экзаменацыйных работ медалістаў, старшынёй камісіі раённага этапу Рэспубліканскай алімпіяды  па матэматыцы. Сёлета новым цікавым вопытам для яе стала пад­рыхтоўка ўрокаў для сайта Адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурса (іх можна паглядзець па спасылках https://bit.ly/3rGvDja і https://bit.ly/2PH4LSu).

Работу ў школе Ірына Васільеўна не ўяўляе без класнага кіраўніцтва. Для яе адзін з самых складаных і кранальных момантаў, да якога немагчыма падрыхтавацца, — развітанне са сваімі выхаванцамі-выпускнікамі. Кожны раз здаецца, што такіх блізкіх па духу, непаўторных дзяцей ужо не будзе. Але жыццё не стаіць на месцы. У новым класе яна зноў прыкіпае душой да вучняў, і яны таксама становяцца дарагімі і блізкімі ёй.

— Для мяне важна навучыць дзяцей быць сябрамі, даць ім устаноўку на ўсё жыццё: аднакласнік — важны чалавек у жыцці, амаль сваяк, яму і сёння, і праз гады трэба працягнуць руку дапамогі, — разважае І.В.Дваракова. — Мне вельмі радасна, калі бачу, што выхаванцы з маіх класаў сябруюць. Дарэчы, адзін з доб­рых сродкаў, які дапамагае з’яднаць вучняў, — танцы. Магчыма, некаму здасца, што яны не сумяшчальныя з матэматыкай, але гэта не так.

З дзяцінства Ірына Васільеўна займаецца танцамі. Пад яе кіраўніцтвам вучні класаў, у якіх яна з’яўляецца класным кіраўніком, вучацца танцаваць у пазаўрочны час і прымаюць удзел у разнастайных мерапрыемствах. Традыцыйна выступаюць на балі, прымеркаваным да Каляд, на апошнім званку і іншых школьных святах.

Ірына Васільеўна рада, што не стала апошнім педагогам у сям’і. Добрымі навінамі для яе былі рашэнні абедзвюх дачок стаць настаўніцамі. Прычым так склалася, што дзяўчаты выбралі менавіта два маміны любімыя прадметы — ма­тэматыку і англійскую мову.

Старэйшая, Дзіяна, ужо скончыла факультэт замежных моў Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова і стала дыпламаваным педагогам. Яна першы год выкладае англійскую мову ў Чырвонаслабодскім дзіцячым садзе — базавай школе Быхаўскага раёна. Сярод маладых спецыялістаў адразу ж вылучылася актыўнасцю, крэатыўнасцю, адказнымі адносінамі да працы. Дзіяна — чалавек творчы. Ёй падабаецца весці розныя мерапрыемствы, спяваць.

Для Ірыны Васільеўны самае галоўнае, што дачка хутка знайшла агульную мову з вучнямі і іх бацькамі, працуе з задавальненнем. Дзіяна хутка прывыкла да ўстановы адукацыі. На работу дзяўчына штодня ездзіць з горада з бацькоўскага дома, у адзін бок прыходзіцца пераадольваць больш за 30 кіламетраў. Яе гэта не засмучае, але ў будучыні маладая настаўніца спадзяецца ўсё ж працаваць у гарадской установе адукацыі, бліжэй да дому.

— Падчас педагагічнай прак­тыкі я спачатку адчувала сябе вельмі насцярожана, — успамінае Д.У.Дваракова. — Напэўна, у многіх практыкантаў ёсць страх не ве­даць адказу на нейкае пытанне вучняў, нешта забыць ці разгубіцца. Аднак, на шчасце, нічога падобнага са мной не здаралася. Вучоба ва ўніверсітэце не толькі дала мне доб­рую базу ведаў, неабходных для работы, але і навучыла стрэсаўстойлівасці, хуткай рэакцыі, самастойнасці. Я зразумела, што можна са многім справіцца, быць цікавай, яркай асобай — варта толькі сапраўды хацець гэтага, не сядзець на месцы і не забываць пра самаразвіццё.

Напярэдадні працоўнай дзейнасці Дзіяна больш за ўсё перажывала наконт таго, як успрымуць яе дзеці, ці ўдасца, нягледзячы на малады ўзрост і адсутнасць вопыту, заваяваць у іх аўтарытэт і павагу. Вучні, асабліва 3—4 класаў, адразу даверыліся маладой, добразычлівай настаўніцы. Як яна і чакала, ёй работа з дзецьмі адразу прыйшлася да­спадобы і захапіла, хоць і аказалася больш складанай, чым думалася раней. Вучні даюць стымул пастаянна працаваць над сабой, павышаць сваё прафесійнае майстэрства, каб урокі і пазакласныя мерапрыемствы былі сучаснымі, цікавымі і неаднастайнымі. І гэта ў маладой настаўніцы атрымліваецца.

І.В.Два­ракова з вучнямі.

— Хутка пераканалася ў тым, што  не памылілася ў выбары як прафесіі, так і прадмета, — дзеліцца Дзіяна Уладзіміраўна. — Унікальнасць і вялікі плюс майго прадмета ў тым, што на ўроках я не абмежавана ў творчасці. У адносінах з вучнямі імкнуся да ўзаемнай шчырасці, адкрытасці і ўмення дамаўляцца. Маё прафесійнае крэда простае — правільнае выхаванне і глыбокія веды. Імкнуся быць патрабавальнай, але не прыдзірлівай, не выклікаць у вучняў адчужанасці, умець іх заахвочваць.

Малодшая прадстаўніца сям’і Двараковых, Яна, студэнтка 4 курса, без пяці хвілін выпускніца факультэта матэматыкі і прыродазнаўства Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова. У якасці прадметаў для выкладання выбрала матэматыку і інфарматыку. Сёлета сваю другую педагагічную практыку дзяўчына прахо­дзіла ў роднай школе, дзе вучылася сама і дзе працуе мама. За Янай былі замацаваны два 8-я класы. Шэсць тыдняў педагагічнай практыкі праляцелі непрыметна і для прак­тыканткі, і для вучняў. Шкада было развітвацца, прычым гэтыя пачуцці былі ўзаемнымі.

— Калі знайсці агульную мову з дзецьмі, то дрэнных уражанняў ад педагагічнай практыкі быць не можа, — падкрэслівае, Яна, Дваракова. — Калі б у мяне была магчымасць застацца на большы прамежак часу, я б адназначна гэта зрабіла. У канцы практыкі суцяшала думка: з вучнямі мы не развітваемся назаўсёды. У наступным навучальным годзе я спадзяюся вярнуцца ў сваю школу ўжо ў ролі маладога спецыяліста. Рада, што мама будзе побач і дапаможа мне набрацца вопыту. Менавіта яна натхніла мяне на выбар педагагічнага шляху. Так што неўзабаве ў нашай сям’і будзе ажно чатыры настаўніцы.

Бабулі Аляксандры Кузьмінічне і маці Ірыне Васільеўне важна, каб дзяўчаты не проста прыйшлі працаваць у школу, а замацаваліся тут і знайшлі справу свайго жыцця. На сямейным педагагічным савеце яны дапамогуць ім пераадолець любыя цяжкасці, каб малодшыя прадстаўніцы педагагічнай дынастыі сталі не проста ўрокадавальнікамі, а педагогамі, якіх любяць дзеці і паважаюць калегі і бацькі вучняў.

Таццяна ШЫМКО.