Калі перамога зусім не сюрпрыз

Навокал зялёная прастора, спакой і — што рэдка! — поўная цішыня. Як добра, што мы трапілі сюды ў маі! Пакуль большасць навучэнцаў на практыцы, зможам як след пагутарыць з выкладчыкамі і зазірнуць у кожны куточак творчай майстэрні, якая дала “АРТ-вакацыям” 2017 года адразу трох пераможцаў! Выкладчыкі Ашмянскага дзяржаўнага прафесійнага аграрна-тэхнічнага каледжа — новыя героі рубрыкі “АРТ-вакацыі”: галерэя творцаў” (сумесны праект Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі і “Настаўніцкай газеты”).

Для намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце каледжа Галіны Іванаўны Мужыла поспехі навучэнцаў не сталі сюрпрызам. Творчая работа з вучнямі ў каледжы вядзецца сістэматычна:

— У нас 100% навучэнцаў займаюцца ў аб’яднаннях па інтарэсах — усе 427 дзяцей! Шмат увагі ўдзяляем спартыўнаму жыццю: працуе зала цяжкай атлетыкі, барцоўская зала, дзве спартыўныя залы, дзе можна займацца чым заўгодна — ад тэніса да шахмат! Усяго ў каледжы 9 спартыўных секцый, 19 факультатываў і 6 гурткоў.

Каб заахвоціць дзяцей, каледж толькі ў мінулым годзе выдзеліў на матэрыяльную падтрымку вучняў каля 10 тысяч рублёў. А дадайце сюды яшчэ выдаткі на касцюмы і дэкарацыі для творчых нумароў, паездкі на выступленні і спаборніцтвы…

— І ўсё за кошт самастойна заробленых сродкаў! — задаволена ўсміхаецца дырэктар Віктар Іванавіч Вайшнаровіч. — У каледжа вялікая гаспадарка — 800 гектараў зямлі. З іх мы маем больш за 850 т зерня і 420 т рапсу, і многія калгасы раёна могуць нам пазайздросціць. А для нас гэта найперш добры вучэбны палігон для будучых трактарыстаў, слесараў, механікаў. Ды і ў выхаванні маладых людзей праца — занятак, я лічу, неабходны.

Адзначае дырэктар і заслугі таленавітых настаўнікаў і выхавальнікаў. Шчырую зацікаўленасць і ініцыятыўнасць бачна заўсёды, а задача любога кіраўніка — падтрымаць і заахвоціць. Як працуюць самыя творчыя і ініцыятыўныя кадры каледжа — даведаемся ў іх саміх.

“Атрымліваем 1500 віншаванняў у Дзень маці”

На “АРТ-вакацыях — 2017” хор каледжа атрымаў дыплом І ступені сярод народных харавых калектываў, а танцавальны калектыў “Калейдаскоп” — дыплом ІІ ступені ў намінацыі “Масавы танец”. Але напісаць пра іх паасобку, як аказалася, немагчыма, бо запраўляюць у мясцовым клубе дзве сястры — Алена Станіславаўна Лаздзін і Тэрэса Станіславаўна Крывецкая. Роднасць бачна з першага позірку — абедзве свежыя, падцягнутыя, з блакітнымі вачыма і ледзь заўважнымі гусінымі лапкамі вакол іх — а гэта, як вядома, першая прыкмета вясёлага і адкрытага чалавека.

Лёс сясцёр складваўся па-рознаму: вучыліся паасобку, некаторы час жылі ў розных гарадах, але невядомая сіла ўсё адно злучыла іх тут, у Ашмянах. І, трэба адзначыць, для навучэнцаў каледжа гэта вялікая ўдача.

Здавалася б, заахвоціць дзяцей да нямоднай народнай творчасці ў наш час — справа складаная. У арсенале выхавальніц — адкрытасць, шчырая прамата і добрае пачуццё гумару. “Ну не ўмею я спяваць!” — збянтэжыўся неяк на праслухоўванні першакурснік. “Гэта табе Фінберг сказаў?!” — рэзка спытала ў яго Алена Станіславаўна. З тых часоў хлопец стаў нядрэнным выканаўцам у яе хоры.

— Тут усё проста: мы любім дзяцей, яны гэта адчуваюць і цягнуцца да нас! — дзеліцца яна.

Увага і любоў — што можа быць больш важным для падлетка? А калі кантакт наладжаны, на сцэне з’яўляюцца строгія і няўмольныя настаўнікі, якія спусцяць не адну скуру…

— Першы час яны ж увогуле не разумеюць народнай культуры — толькі рагочуць, чырванеюць і ўпіраюцца. Нафарбаваць ярка-чырвоным вусны? Апрануць какошнік? Ні за што! — смяецца Тэрэса Станіславаўна, кіраўнік танцавальнага калектыву і тэатральнага аб’яднання. — Большасць з іх — выпускнікі вясковых школ, дзе часта проста няма заняткаў па харэаграфіі.

“Дзікуноў” спачатку вучаць прыгожа рухацца, убіраць у сябе культуру сцэны. Прадмет асаблівай гордасці сясцёр — ідэальныя паводзіны іх артыстаў. Калі падчас маштабных выступленняў Алена Станіславаўна сядзіць за пультам гукарэжысёра, а Тэрэса Станіславаўна кіруе ходам канцэрта, без нагляду за сцэнай знаходзіцца да трыццаці дзяцей, але ні адна куліса не зварухнецца, ні адзін гук не даляціць да гледача ў зале.
— Нам вельмі дапамагаюць старшакурснікі. Мы стараемся, каб першы час дзеці не выступалі на сцэне, а проста прыходзілі на рэпетыцыі, гутарылі з тымі, хто займаецца ў нас даўно, — дзеліцца Тэрэса Станіславаўна.

Першае выступленне — што ў хоры, што ў танцавальным калектыве — гэта момант ісціны. Бо калі дзіця выйдзе на сцэну, адразу стане зразумела, ці будзе яно выступаць далей.

— Адно ад страху зламаецца, а другое, нават няўважлівае на рэпетыцыях, раскрыецца. А загадзя сказаць, што з вучня будзе, складана. Хіба што па вачах, — падказвае Алена Станіславаўна. — Нават калі вясковае (а ў нас такіх большасць) дзіця прыходзіць на пробы ў някідкай вопратцы, стаіць сарамліва, баіцца, па вачах усё адно заўважаеш талент. А пасля ўжо я іх вучу: “Не саромейцеся, дзеці, будзьце больш смелымі, дзесьці нават і нахабнымі. Вы гэтага заслугоўваеце”.

А вось каб сцэнічны касцюм добра сядзеў, каб макіяж выглядаў акуратна, каб вобраз адпавядаў тэме нумара — карацей, каб выхаванцы сапраўды заслугоўвалі ўвагі, для гэтага і працуюць іх кіраўніцы.

— У нас часта пытаюцца: “Дзе вы ўзялі столькі аднолькавых дзяцей?” — смяецца Тэрэса Станіславаўна. — А яны не аднолькавыя, яны правільна прыбраныя і расстаўленыя! Мы адчуваем адказнасць перад вучнямі за тое, як прыме песню ці танец зала, якія ў іх застануцца ўражанні ад выхаду на сцэну. Таму непадрыхтаваных дзяцей да гледача не выпусцім — сорамна. Бывае, стомімся і заракаемся, маўляў, больш ніякіх фіналаў, зробім акуратна, але някідка… І зноў нешта выйграём.

— Ды мы не дзеля перамог стараемся! Проста не можам сабе дазволіць ніякую неахайнасць на сцэне. Не так нас вучылі нашы выкладчыкі і не гэтаму вучым мы! — рэзюмуе яе сястра. — І дзеці гэта разумеюць. Не выйгралі? Значыць, ты не адкрываў шырока рот, ты шмат спаў замест рэпетыцый… Да таго ж на “АРТ-вакацыях” вельмі правільная атмасфера самаўдасканалення. Заўсёды пасля выступленняў глядзім відэазапіс — і ўсе самі заўважаюць свае памылкі, разам робім высновы.

Ды выдатнае выступленне — гэта не толькі дысцыпліна і адказнасць. Гэта яшчэ і правільны эмацыянальны настрой, глыбокае разуменне таго, што трэба сказаць гледачу. Асабліва гэта заўважна на тэматычных праграмах, прысвечаных памятным святам.

— Калі рабілі канцэрт да Дня Перамогі, пабачылі, што дзеці проста не разумеюць, пра што яны чытаюць ці спяваюць, — узрушана расказвае Алена Станіславаўна. — Тады адвялі іх у бібліятэку — і кожнае атрымала ў рукі кнігу: “Сын палка”, “Тры таварышы”… Пасля разам паглядзелі фільмы “Спіс Шындлера”, “А зоры тут ціхія…”. Аказалася, што большасць нічога гэтага не ведала.

— І яны выйшлі ў ролях партызан, вязняў канцлагера, жыхароў блакаднага Ленінграда, — працягвае Тэрэса Станіславаўна, — і на сцэне плакалі! А як нашага хлопца ўзрушыла выступленне са споведдзю нямецкага афіцэра! Так, праз тэатралізацыю, яны пражываюць і разумеюць значна больш, чым на ўроках гісторыі.

Выхаванне настаўніцы даюць не толькі патрыятычнае, але і жыццёвае. Стараюцца заўсёды ведаць і пра вучэбныя дасягненні (і недахопы!) сваіх вучняў, і пра справы амурныя, і пра дамашняе жыццё. Час ад часу нават заходзяць на чай да бацькоў.

— Бо ты надавіш на яго, а ў яго трагедыя ў сям’і, — тлумачыць Алена Станіславаўна, — і дзіця зламаецца, закрыецца. А іншы раз можаш зберагчы ад неабдуманага кроку. Мы натацый не чытаем. Толькі тлумачым, што таксама былі маладымі, нарабілі безліч памылак, усвядомілі іх і цяпер не хочам, каб іншыя паўтаралі.

Самае складанае — гэта калі студэнты выпускаюцца з каледжа. Тэрэса Станіславаўна дагэтуль не можа перажыць страту адразу 12 рытмічных і вопытных танцораў! Сёстры з нецярпеннем чакаюць верасня і знаёмства з новымі талентамі, а выпускнікі шлюць прывітанні з першых месцаў работы, універсітэтаў, арміі. Прыходзяць з кветкамі і просяць абавязкова сабрацца, каб паставіць яшчэ хаця б адзін нумар на вечар сустрэчы ці іншае свята.

Ды самы галоўны падарунак для нашых творчых суразмоўніц — цэлых 1500 паведамленняў з віншаваннямі, якія яны атрымліваюць… не, не ў Дзень настаўніка, а ў Дзень маці! Бо інакш як мамы, матулечкі выхаванцы іх не называюць. Што можа быць большым творчым і педагагічным прызнаннем?

Ад гандлёвай справы — да вершаў Коласа

У праекце “Рэцытацыя”, прысвечаным творчасці Якуба Коласа, навучэнец каледжа Дзмітрый Мінцюк заняў першае месца ў намінацыі “Мой дом”. Падрыхтавацца да чытання аднайменнага верша яму дапамагала педагог-арганізатар Валянціна Генадзьеўна Сівакова. Зусім нядаўна яна была проста выкладчыкам гандлёвай справы, ды імкненне да творчасці заразіла і яе.

— Усё пачынаецца, калі ты становішся куратарам групы, — пачынае свой аповед Валянціна Генадзьеўна. — Сочыш за ўдзелам дзяцей у конкурсах таленту, інтэ-лектуальных гульнях, спартыўных спаборніцтвах, пачынаеш падтрымліваць, а пасля і дапамагаць. Бачыш, колькі ў дзяцей цікавых ідэй і жадання ствараць.

Гэтая крыніца натхнення і стала апорай для Валянціны Генадзьеўны ў яе рабоце педагогам-арганізатарам, бо ніякае мерапрыемства не захопіць увагу дзяцей так, як тое, да падрыхтоўкі якога яны самі прыклалі руку.

— Спачатку фарміруецца касцяк самых актыўных дзяцей, а пасля стараемся прыцягваць і іншых, асабліва тых, што патрабуюць уважлівай выхаваўчай работы. Няхай тое дзіця хаця б свечку на сцэне патрымае ці сукенку папрасуе — ужо ў яго загарацца вочы, з’явіцца пачуццё сваёй значнасці.

Менавіта навучэнцы падказваюць самыя цікавыя формы адпачынку — дзелавыя гульні, квесты з выкарыстаннем сучасных тэхналогій. Да тэхнікі ў новага пакалення асаблівая цікавасць. Сярод студэнтаў — аматары-фатографы і відэааператары, таму падрыхтаваць відэа для “АРТ-вакацый” было нескладана.

— З мантажом нам дапамагла інжынер-праграміст каледжа Ірына Мікалаеўна Станулевіч, — з падзякай узгадвае Валянціна Генадзьеўна. — А шчырая, пранікнёная інтанацыя Дзімы — заслуга Тэрэсы Станіславаўны, з якой вы пазнаёміліся ў нашым клубе. Ён даўно займаецца ў тэатры каледжа, таму з такім жаданнем узяўся за падрыхтоўку да конкурсу.

Як бачым, перамога не стала для настаўнікаў сюрпрызам. “АРТ-вакацыі” — гэта агляд пастаяннай працы, нагода паказаць усё лепшае, што было зроблена навучэнцамі і іх кіраўнікамі. Валянціна Генадзьеўна прызналася, што хоць конкурс адбудзецца толькі ў наступным навучальным годзе, але і яна, і іншыя выхавальнікі каледжа час ад часу абмяркоўваюць і занатоўваюць слушныя ідэі для фестывалю. Не церпіцца даведацца, што ў іх атрымаецца!

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота аўтара і з архіва герояў.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *