Калі прафесія аб’ядноўвае і ўмацоўвае сям’ю

- 10:53Людзі адукацыі

Сяргей і Таццяна Зінкевіч — прыгожая сямейная пара. Ён дырэктар Мар’інагорскай гімназіі, яна ўзначальвае Блужскі дзіцячы сад — базавую школу імя М.Чэпіка Пухавіцкага раёна, які знаходзіцца за 15 кіламетраў ад райцэнтра. Напярэдадні Дня настаўніка мне ўдалося сустрэцца з гэтай выдатнай педагагічнай сям’ёй, даведацца аб іх сямейных і адукацыйных ініцыятывах і праектах.

— Сяргей Іванавіч, Таццяна Уладзіміраўна, раскажыце, як вы прыйшлі ў педагогіку. Дзе вы пазнаёміліся?

С.І.: — Родам я з Воранаўскага раёна, з вёскі Пагародна. Калі мне споўніўся 1 год, бацькі пераехалі ў Свіслач Гродзенскай вобласці да бацькоў мамы, дзе я скончыў 10 класаў з добрым атэстатам. Адразу быў залічаны ў політэхнічны тэхнікум Гродна. Паралельна з вучобай займаўся на падрыхтоўчых курсах у БДУ і БНТУ. Усё склалася ўдала — я паступіў у БДУ на геаграфічны факультэт. На выбар прафесіі, напэўна, паўплываў школьны настаўнік. У сям’і педагогаў не было, але пасля мяне ў педагогіку пайшлі сястра, яе муж, стрыечная сястра, старэйшая дачка. Пасля заканчэння факультэта паехаў у Любань, дзе працаваў настаўнікам геаграфіі, педагогам сацыяльным, першым сакратаром раённага камітэта БПСМ (сёння БРСМ). З 2002 па 2012 год узначальваў Обчынскую сярэднюю школу Любанскага раёна. У 2009 годзе на курсах павышэння кваліфікацыі пазнаёміўся з Таццянай. Родам яна з Мар’інай Горкі, так я і апынуўся ў гэтым горадзе. Тры гады працаваў дырэктарам у Дубраўскай сярэдняй школе Пухавіцкага раёна. Скончыў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. На працягу 4 гадоў узначальваю гімназію.

Т.У.: — Скончыўшы школу на выдатна, паступіла ў Баранавіцкі педагагічны каледж, які скончыла ў 1995 годзе па спецыяльнасці “Пачатковая школа” з дадатковай спецыялізацыяй “Беларуская мова, літаратура”. У БДПУ імя Максіма Танка атрымала спецыяль­насць “Беларуская мова і літаратура. Руская мова і літаратура”. У сям’і настаўнікаў не было. Але ў дзяцінстве часта гуляла ў школу, была ў ролі настаўніцы. Напэўна, таму і выбрала такі кірунак у жыцці. У сваёй Блужскай школе працую з 19 гадоў. Прайшла ўсе прыступкі, пачынала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, стала завучам па вучэбнай рабоце, а з 2009 года працую дырэктарам.

 — Якімі праектамі і ініцыятывамі жывуць калектывы вашых устаноў?

С.І.: — Мяне заўсёды цікавіла тэма азелянення прышкольнай тэрыторыі. Першы такі вопыт у мяне быў у Обчынскай сярэдняй школе, калі мясцовая гаспадарка выдзеліла нам грошы і ў батанічным садзе мы закупілі самыя лепшыя саджанцы. У гімназіі мы развілі гэты кірунак, заняліся ландшафтным дызайнам. Стварылі сад-дэндрарый з экзатычнымі дрэвамі, гадавальнік і аранжарэю, дзе сёння растуць лімоны, бананы, авакада, фейхоа, папая, ківі, інжыр, кавуны, гранат і многае іншае. Гэта выдатная доследная база, дзе вучні право­дзяць даследаванні, эксперыменты. Тут мы вырошчваем расаду кветкавых культур, кустоў і дрэў, сярод іх каля 25 відаў рэдкіх. У адкрытым грунце пасаджана каля 2,5—3 тысяч сеянцаў прыгожых туй, частку з якіх рэалізоўваем. Для атрымання карыснага перагною і аксідату торфу выкарыстоўваем каліфарнійскіх чарвякоў, якія перапрацоўваюць арганічныя адходы.

З 2012 года ў гімназіі працуе абласны музей “Эвалюцыя энергазберажэння”. З чэрвеня 2017 года ў рамках пілотнай ініцыятывы праекта ПРААН “Садзейнічанне пераходу Рэспублікі Беларусь да “зялёнай” эканомікі” пры фінансавай падтрымцы ЕС адкрыты аб’ект “зялёны дах” плошчай каля 100 кв. метраў. Пакуль гэта адзіны ў краіне афіцыйна зарэгістраваны такі аб’ект. Дах мае не толькі дэкаратыўнае і рэкрэацыйнае прызначэнне. Дзякуючы яму, напрыклад, эканоміцца вада на паліў газона і раслін, высаджаных на даху. Калі ідзе дождж, вада не сцякае ўніз, а ўбіраецца ў грунт. Лішак паступае ў дрэнаж і пры дапамозе інавацыйнай ізраільскай сістэмы аўтаматычнага кропельнага паліву працягвае ўвільгатняць глебу. Спецыяльныя датчыкі паказваюць на неабходнасць паліву. У гарадах такі дах вырашае праблему з ліўневай каналізацыяй, якая забіваецца пасля праліўных дажджоў. “Зялёны дах” — гэта дадатковая крыніца кіслароду. Ён не гарыць, а дзякуючы матэрыялам, якія выкарыстоўваюцца ў “дахавым пірагу”, летам у памяшканні будзе прыемная прахалода, а зімой — цяпло.

Т.У.: — Установа, якую я ўзначальваю, невялікая, але мае
150-гадовую гісторыю. Сёння ў ёй працуюць 20 педагогаў, у тым ліку 2 выхавальнікі дашкольнай адукацыі, вучыцца 71 вучань і 30 выхаванцаў. Школе прысвоена званне Героя Савецкага Саюза Мікалая Чэпіка, яе выпускніка, воіна-афганца. Тут адкрыты першы ў Беларусі музей першага салдата-афганца. З 2016 года рэалізоўваецца выхаваўчая праграма “Цікавы дзень — субота!”, які ўключае ў сябе кірункі: “Узыходжанне”, “Здаровае жыццё”, “Астравок цяпла”, “Вольны час”. З 2018 года ва ўстанове дзейнічае раённы педагагічны праект “Чароўны свет батлейкі”. Яго кіраўнік — намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Іна Аляксандраўна Дулепа. Лялькі для тэатра (іх на сёння 10), вырабляе сапраўдная майстрыха — бібліятэкар выпускніца нашай школы Юлія Рыгораўна Хачатурава. Сумеснай работай настаўнікаў і вучняў сталі прадстаўленні па казках “Рэпка” і “Страшны Пых”. Работа праводзіцца як для вучняў школы, так і для выхаванцаў сацыяльна-педагагічнага прытулку. Дзейнасць тэатра батлейкі  накіравана і на дашкольнікаў — самых маленькіх удзель­нікаў адукацыйнага працэсу.

“Зялёны дах.”

— Ці абмяркоўваеце вы дома прафесійныя пытанні? Можа быць, у вас ёсць цікавыя сумесныя праекты?

Т.У.: — Вельмі рэдка дома мы гаворым пра работу, тым больш не вырашаем руцінных пытанняў. Каштоўныя парады, вядома, даём адно аднаму. Я магу папрасіць у мужа параду па нейкіх агульных пытаннях. Сяргею па многіх аспектах прасцей раіцца са спецыялістамі аналагічных гарадскіх устаноў. Але ў вузкіх кірунках я валодаю нават большай інфармацыяй, чым ён, паколькі ў сваёй школе ў адной асобе вяду і кадры, і справавод­ства, і  ахову працы, і бухгалтэрыю.

Што тычыцца сумесных праектаў, то ён у нас, па вялікім рахунку, адзін — выхаванне нашай дачкі Машы. З дзіцячага сада яна маленькі даследчык. Летась Маша перамагла ў Абласным фестывалі работ даследчага характару дашкольнікаў і малодшых школьнікаў “Я — даследчык”. Разам з выхавальніцай Мар’інагорскага дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці “Расток” Ірынай Мікалаеўнай Воўчанка дачка вывучала сакрэты “цветика-семицветика”. Да эксперымента была далучана ўся іх рознаўзроставая група, а кіравала работай Ірына Мікалаеўна. Маша фарбавала ружы і хрызантэмы рознымі спосабамі з выкарыстаннем розных відаў фарбавальнікаў. У пошуках “цветика-семицветика” мы ездзілі ў батанічны сад. У прыродзе такой кветкі няма, але ёсць семачок еўрапейскі, які так называюць за яго сем пялёсткаў. Дарэчы, выхавальніца Машы летась падрыхтавала з выхаванцамі сваёй групы тры даследчыя работы, і ўсе яны перамаглі на вобласці. Годам раней яе выхаванка заняла 1-е месца на рэспубліканскім этапе конкурсу “Я — даследчык”.

Сёння Маша прывыкае да новых для сябе ўмоў навучання ў 1 класе Мар’інагорскай гімназіі. З педагогам і тут пашчасціла. Алена Мікалаеўна Лаўрык сёлета стала лаўрэатам абласнога конкурсу “Настаўнік года”. Дадаткова Маша займаецца робататэхнікай, лепкай з гліны, англійскай мовай, наведвае гурток “Умелыя ручкі”, тэатральны гурток, скалалажанне і танцы. А яшчэ любіць ездзіць з татам на рыбалку і ў грыбы. Сумаваць нам няма калі.

— Сяргей Іванавіч, статус гімназіі абавязвае ісці ў нагу з часам, асабліва ў прымяненні ІТ-тэхналогій…

— Мы гатовы прыняць сучасныя выклікі. Да 30 працэнтаў нашых выпускнікоў паступаюць на ІТ-спецыяльнасці. З мінулага навучальнага года ў рамках рэалізацыі рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі міждысцыплінарнай інтэграцыі пры вывучэнні прадметаў прыродазнаўчага і сацыяльна-гуманітарнага цыклаў” адкрылі STEAM-лабараторыю, для чаго закупілі і ўсталявалі абсталяванне на суму 25 000 рублёў. Гімназісты пачалі асвойваць 3D-мадэляванне (гульняў, з прынтарам і 3D-ручкамі) і робататэхніку WeDo 1.0, 2.0 і EV3. Сумесна з ЧСПУО “SOS — Дзіцячая вёска Мар’іна Горка” функцыянуе адукацыйны праект “Лабараторыя вучнёўскага праектавання”. Не так важна, што вучні будуць друка­ваць на 3D-прынтары, важна тое, што яны навучацца мадэляваць пэўны аб’ект у 3D-праграме, развіваючы свае інжынерныя навыкі. Усе метадычныя аб’яднанні гімназіі сёння займаюцца распрацоўкай сумесных STEAM-урокаў, ствараюць скарбонку з заданнямі. Плануем выкарыстоўваць STEAM-падыход у даследчай дзейнасці. У аснове такога падыходу — міждысцыплінарнасць, арыентацыя на практыку, на прымяненне дзіцем сваіх ведаў у розных сітуацыях. Плануем звязацца з калегамі з сярэдняй школы № 10 Маладзечна і гімназіі Дзяржынска, дзе ўжо ёсць вопыт работы ў кірунку STEAM. Ёсць ідэя арганізаваць для вучняў летні лагер, дзе жыццё будзе арганізавана згодна з такім падыходам. Дзеці стануць удзельнікамі свое­асаблівага квеста. Апынуўшыся на “востраве”, яны атрымаюць цікавыя заданні, пры вырашэнні якіх ім спатрэбяцца веды з розных дысцыплін.

Мы ўкладваем сродкі ў матэрыяльную базу. Набылі каля 40 камп’ютараў, 15 ноўтбукаў, 27 смарт-тэлевізараў, 4 інтэрактыўныя дошкі і 3 інтэрактыўныя панэлі. Арганізавалі шырокапалосны выхад у інтэрнэт, усе кабінеты ўстановы пакрыты сеткай wi-fi. Працуе электронная школа, развіваецца дыстанцыйнае навучанне. Нашы выпускнікі імкнуцца не толькі ў ІТ-сферу. Выбіраюць спецыяльнасці тэхнічнага профілю, медыцын­скія, паступаюць у лінгвістычны і педагагічны ўніверсітэты. У гімназіі ёсць эксперыментальная група, дзе вучні пачынаючы з 4 класа, акрамя англійскай мовы, у якасці асноўнай вывучаюць і нямецкую мову. З 1 класа 3 гадзіны на тыдзень праходзіць курс ІТ-English. На працягу 12 гадоў рэалізуецца міжнародны праект “Беларусь — Германія” паміж Мар’інагорскай гімназіяй і нямецкай дзяржаўнай гімназіяй Марцінеум (Хальберштат, зямля Саксонія-Анхальт). Нашы партнёрскія адносіны заснаваны на сумеснай рабоце над рознымі даследчымі праектамі. 

— Таццяна Уладзіміраўна, а ў вашай школе можна было б укараніць STEAM-падыход ці іншы інавацыйны праект?

— У сельскай школе STEAM-падыход будзе нават прасцей укараніць, бо ў нас значна менш вучняў і настаўнік фактычна бачыць кожнага. Але ёсць адна ўмова: у вялікім праекце павінен быць зацікаўлены ўвесь калектыў. Даволі складана аб’яднаць усіх настаўнікаў, вучняў і іх бацькоў у межах адной ідэі. Для рэалізацыі праекта не знойдзецца патрэбнай колькасці жадаючых. Школа ў нас базавая, вучні пасля 9 класа альбо працягваюць навучанне ў гарадскіх школах, альбо паступаюць у каледжы, у асноўным сельскагаспадарчага і будаўнічага профілю. Ёсць, канечне, высокапрафесійныя педагогі і вучні-“зорачкі”. Напрыклад, наша вучаніца Юлія Пальчык, якая за 5-6 клас асвоіла праграму па хіміі 8 класа. Рыхтуецца паступаць у медыцынскі ўніверсітэт, удзельнічае ў даследчых конкурсах. Працуе з вучаніцай Галіна Сяргееўна Сумнікава, настаўніца вышэйшай катэгорыі, чалавек, які любіць сваю работу і знаходзіць “зорачак”, з якімі працуе сур’ёзна і на вынік. Школа маленькая, але таленавітыя настаўнікі ў нас ёсць. Гэта настаўніца біялогіі Галіна Валер’еўна Бітус і настаўніца фізкультуры і здароўя Галіна Мікалаеўна Сушчанка, дзякуючы якой тры гады запар у раённай спартакіядзе школьнікаў наша ўстанова займае прызавыя месцы.

— Падзяліцеся, калі ласка, сакрэтамі свайго прафесійнага і сямейнага шчасця.

С.І.: — Ува многім гэтыя сакрэты падобныя. І ў калектыве, і ў сям’і трэба шукаць кампраміс, давя­раць, паважаць, імкнуцца да ўзаемаразумення. Трэба абапірацца на вопыт і майстэрства, даваць магчымасць раскрыць свае магчымасці, заахвочваць ініцыятыву і крэатыў. 

Т.У.: — А ў сям’і? У сям’і шчасце любіць цішыню. Мы шчаслівыя, а гэта галоўнае!

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.